Юзаф Пілсудскі. «Ён з народам, народ з ім»

Што агульнага паміж Польшчай Пілсудскага і Беларуссю Лукашэнкі? «Апошняга дыктатара» (разумеем, вызначэнне яўна састарэла) у нас найчасцей параўноўваюць то з Гітлерам, то са Сталіным, то з Чаўшэску… Усе гэтыя прыклады недарэчныя. І размах не той, і рэгіёны іншыя, і стыль не той. А што наконт Пілсудскага?

Юзаф Пілсудскі ў 1916 годзе як камандзір І Брыгады легіёнаў у складзе аўстрыйскай арміі

Калі ў нас кажуць пра сучасную Беларусь, дык часцяком апелююць крайнімі катэгорыямі: «дыктатура», «дэмакратыя, якая не склалася», «парушэнні правоў чалавека» і гэтак далей. Адначасна аўтары падобных вердыктаў, асабліва з Заходняй Беларусі, часта ідэалізуюць часы панавання тут Польшчы да 1939 года, якая была нібыта «страчаным раем». Усё гэта — толькі палова праўды.

Ёсць пэўныя стадыі сталення краіны як дзяржаўнага арганізму і народа як адзінай крыніцы ўлады ў гэтай краіне. Ніводная краіна Усходняй Еўропы (можа, за выключэннем Чэхаславакіі) у 1920-я годы не склалася як дэмакратыя. Усё аднолькава пачыналася з дэмакратычных спробаў, але нязменна заканчвалася прыходам «моцнай рукі». Сметона ў Літве, Ульманіс у Латвіі, Пілсудскі ў Рэчы Паспалітай.

І гаворка не пра тое, каб зараз персанальна параўноўваць Пілсудскага і Лукашэнку — асабіста яны, хутчэй, супрацьлегласці. Пілсудскі прайшоў падполле, катаргу, вайну. Мог месяцамі не з’яўляцца на публіцы, ігнараваць журналістаў. Урэшце, Пілсудскі не сачыў за сваім здароўем, шмат паліў і пражыў усяго 67 гадоў… А вось створаныя сістэмы і стылі кіравання атрымаліся вельмі падобнымі. Зрэшты, рабіце высновы самі.

Бюст правадыра (фота pixabay.com)

Арганізм, змацаваны асобай маршалка

Польская дзяржава, што з’явілася ў 1918 годзе, складалася з парэштак трох арганізмаў, кожны з якіх меў сваю палітычную традыцыю. Гэта былыя аўстрыйскія тэрыторыі, дзе палякі і раней былі прадстаўленыя ў парламенце. Гэта былыя прускія землі, дзе меліся асобныя польскія дэпутаты, якія далучаліся да нямецкіх фракцыяў. Гэта былая тэрыторыя Расіі, дзе цяжка казаць пра хоць нейкае палітычнае жыццё, апроч удзелу ў працы Думы, якая так і не стала сапраўдным органам улады.

Польскае грамадства зрабіла фантастычную рэч, бо змагло аб’яднацца, нягледзячы на розныя палітычныя традыцыі ды вялікую сацыяльную розніцу. Багатыя і бедныя, рабочыя і абсалютна не дасведчаныя ў палітычным сэнсе сяляне… Акурат на сялян ды рабочых рабілі стаўку бальшавікі — і разглядалі іх як саюзнікаў у барацьбе з маладой польскай «буржуазнай дзяржавай». Але Польшча выстаяла.

У 1919 годзе была прынятая першая Канстытуцыя, а ў 1922-м абраны дэмакратычны парламент. Варта адзначыць, што выбары ў парламент незалежнай Польшчы ў 1922 годзе для жыхароў Заходняй Беларусі сталіся першымі сапраўды дэмакратычнымі выбарамі за ўсю гісторыю (наступныя адбыліся ажно ў 1994 годзе).

Важна адзначыць, што незалежная Польшча на пачатку свайго існавання была парламенцкай дэмакратыяй. Гэта была даніна традыцыі Рэчы Паспалітай. Сейм і Сенат абіраліся паводле партыйных спісаў, туды трапілі цалкам розныя плыні. Гэта і «эндэкі» (нацыянал-дэмакраты), і хадэкі, і цэнтрысты разам з «сялянскімі партыямі», і прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў (немцы, яўрэі, беларусы, украінцы), і камуністы.

Стракатая ва ўсіх сэнсах дзяржава апынулася змацаванай асобай Пілсудскага, які пераўтварыўся ў адназначнага нацыянальнага лідара. Цікава, што неўзабаве пасля вайны і «Цуду над Віслай» — легендарнага разгрому бальшавікоў на подступах да Варшавы ў 1920 годзе, Пілсудскі аб’явіў, што… сыходзіць, хоць меў, фактычна, надпалітычны статус «начальніка дзяржавы». На бліжэйшыя пару гадоў ён пераўтварыўся ў пустэльніка ў маёнтку Суліювэк пад Варшавай.

Задуменны Юзаф Пілсудскі злёгку нагадвае Ніцшэ


Забойства Нарутовіча і «хаос дэмакратыі»

А ў Польшчы тым часам віравалі жарсці. Букет палітычных сілаў ва ўладзе апынуўся настолькі розным, што без канфлікту абысціся не магло… Пунктам незвароту стала забойства прэзідэнта Габрыэля Нарутовіча баевіком-«эндэкам». Паводле польскіх правых, Нарутовіч быў «абраны галасамі нацыянальных меншасцяў», і наогул «быў яўрэем» (гэта няпраўда). Забойства зрабіла моцнае ўражанне на Пілсудскага і паспрыяла ягонаму пераўтварэнню ў паслядоўнага праціўніка парламенцкай дэмакратыі, за якой ён бачыў хаос.

На фоне палітычных жарсцяў, зменаў кіруючых кааліцыяў, забойства прэзідэнта, грымнуў яшчэ і эканамічны крызіс, разам са страшэннай інфляцыяй 1923 года. На знешнепалітычным накірунку таксама было неспакойна: канфлікты ў Сілезіі, дыверсіі з боку СССР ды Літвы, перманентная пагроза ўварвання бальшавікоў…

Увесь гэты час Пілсудскі праводзіў у Суляюўцы, зарабляючы палітычныя балы адно на тым, што не ўлазіў у разборкі партыяў і кааліцыяў. Спарадычна ён даваў жорсткія інтэрв’ю, дзе пляжыў палітыкаў направа і налева, бо тыя «здзекуюцца з яго Польшчы». Усё гэта, як у добрай п’есе, патрэбна для завязкі сюжэту і наступнай кульмінацыі.

Гэтым часам фармавалася супольнасць людзей, якія ў далейшым пачнуць называцца «пілсудчыкамі». Гэта найперш былыя і дзейсныя вайскоўцы, для якіх Пілсудскі быў адназначным лідарам, былыя чальцы ягоных легіёнаў у часы Першай сусветнай вайны ды масы незадаволеных крызісам палякаў. У той сітуацыі маршалак стаўся для іх іконай і надзеяй на лепшае заўтра.

Прэзідэнтам Польшчы пасля забітага Нарутовіча, які кіраваў усяго пару дзён, стаў Станіслаў Вайцэхоўскі. Інтэлігент, які сам некалі быў чальцом падпольнай арганізацыі, як і маршалак, сябар Пілсудскага. На гэтым фоне пачала наспяваць ідэя вайсковага перавароту, якая паставіла сентыментальныя моманты, накшталт сяброўства, на пяты ці дзясяты план.

Юзаф Пілсудскі і афіцэры легіёнаў падчас кампаніі на Валыні, 1916 (фота са збораў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве)


Травеньскі пераварот і памылка камуністаў

У траўні 1926 года група афіцэраў абвясціла, што ўлада не дзейсная, ім на дапамогу прайшлі былыя легіянеры, у Варшаве збіралася ўсё больш вайсковых злучэнняў. Зразумела, усё рабілася з ведама Пілсудскага. Іншыя вайскоўцы стаялі на баку дзейснага прэзідэнта, напрыклад, часткі з Пазнаньшчыны, дзе моцныя пазіцыі мелі «эндэкі». Некалькі дзён у польскай сталіцы і ваколіцах ішла сапраўдная вайна: з артылерыяй, авіяцыяй, параненымі і забітымі.

Сустрэча Вайцэхоўскага з Пілсудскім не дала плёну, бо прэзідэнт сустрэў маршалка пытаннем: «А хто вы такі?..». Урэшце, аднак, законны прэзідэнт саступіў. У краіне была дзіўная сітуацыя: сотні загінулых, больш за тысячу параненых, прэзідэнт склаў паўнамоцтвы, але легітымнасці Пілсудскага як кіраўніка дзяржавы не прызнаў.

Найбольш парадаксальна выглядала пазіцыя сацыялістаў і камуністаў, якія палічылі, што «ў барацьбе супраць рэакцыйнага ўраду варта падтрымаць Пілсудскага». У далейшым гэта будзе названа «травеньскай памылкай». Памылка, зрэшты, каштавала левым дорага, бо акурат іх лідары і актывісты найбольш пацярпелі цягам кіраўніцтва маршалка.

«Цуд над Віслай» і «цуд над скрыняй»…

Так стартавала эпоха Пілсудскага, пачатак якой цяжка назваць легітымным прыходам да ўлады. Быў распушчаны стары ўрад ды абраны новы. Сам Юзаф то ўзначальваў гэты ўрад, то з’яўляўся ваенным міністрам, то наогул нікім не з’яўляўся — наўпрост кіраваў краінай, ён быў вышэй за палітыку. Разам з ім вайскоўцы-пілсудчыкі альбо «палкоўнікі» (нават не генералы): Сладкоўскі, Славэк, Бэк, Рыдз-Сміглы — афіцэры легіёнаў, верныя сябры лідара.

Прэзідэнтам Пілсудскі прызначыў прафесара Ігнацыя Масціцкага, які ствараў хімічную прамысловасць і ў прэзідэнты ісці не планаваў. Менавіта «прызначыў», бо на наступныя 10 гадоў той ператварыўся ў марыянеткавую фігуру: перад чарговымі выбарамі Масціцкі праз «палкоўнікаў» цікавіўся ў Пілсудскага, ці трэба яму ісці, ці хоча той яго бачыць прэзідэнтам.

Пілсудскі тым часам паставіў польскаму грамадству глабальную задачу: аздараўленне, альбо «санацыя». Па факце гэта быў набор патрыятычных, часам вельмі папулісцкіх, лозунгаў, за якімі не стаяла аніякай эканамічнай праграмы. Затое былі элементы, характэрныя для большасці еўрапейскіх аўтарытарызмаў учора і сёння: напрыклад, будоўля дарог.

Тэму дарог, дарэчы, на той момант ужо эксплуатаваў Мусаліні. Беларускі пасол у Сойме Адам Станкевіч адным з першых з трыбуны заявіў: маўляў, Пілсудскі захацеў лаўраў італьянскага лідара. Зрэшты, парламенту заставалася існаваць нядоўга: да 1928 года. З пераабраннем кіруючага органу дзяржавы ў закон дадаўся важны момант: парламент пазбавіўся выключнага права на самароспук. З гэтага часу яго мог распускаць сам маршалак.

''Ён з народам, народ з ім'', міжваенны польскі плакат

А яшчэ пад выбары 1928 года стварыўся Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам (ББСУ). Фактычна, гэта партыя Пілсудскага. На перамогу блока кінулі фантастычны рэсурс: і грашовы (мільёны злотых), і адміністрацыйны (настаўнікі, чыноўнікі, вайскоўцы). З таго часу палякі жартуюць пра два цуды Пілсудскага: адзін над Віслай і другі — над выбарчай скрыняй.


Кастэты і кроў у парламенце

ББСУ выйграла выбары, але пакуль не стварыла рашучай большасці ў парламенце. Але і гэта не бяда. Калі трэба, у парламент уваходзілі вайскоўцы, якія на закіды адказвалі, накшталт: «Мы тут каву п’ем, гуляем». Шабляў і пісталетаў з сабой яны не бралі, а вось кастэты — наўпрост. Таму любая нязручная сітуацыя, асабліва пратэсты паслоў-камуністаў, магла скончыцца крывавай бойкай.

Роспуск Сойма адбыўся акурат у такой атмасферы. Калі ў чарговы раз, у 1930-м, натоўп вайскоўцаў сабраўся перад уваходам, спікер Дашынскі заявіў, што не адкрые пасяджэння. Так ён паламаў план маршалка: пратэст камуністаў, бойка, урачысты ўваход самога кіраўніка ў залю, дзе застаецца адно патрэбная частка паслоў, галасаванне… Пілсудскі тады абазваў спікера (таксама свайго былога паплечніка) ідыётам і распусціў парламент.

Так 1930 год стаў яшчэ адной вяхой у павароце ад дэмакратыі да аўтарытарызму. Гэта і шматмільённыя пазабюджэтныя фонды кіраўніка, расследаваннем справы якіх займаўся папярэдні парламент, пакуль не быў распушчаны. Гэта і палітычны гвалт: ад турмаў да знікнення людзей (без следу знік, напрыклад, генерал авіяцыі Уладзімір Загурскі, які не падтрымаў травеньскага перавароту 1926 года). Збіццё апанентаў самімі пілсудчыкамі стала нормай.

Гэта і ігнараванне правоў нацыянальных меншасцяў, у тым ліку беларусаў, якія паступова цалкам выціскаліся з мясцовай улады і грамадскага жыцця, і, як вынік, штурхаліся ў абдымкі маскоўскага ўплыву. Гэта і правалы ў знешняй палітыцы: у 1930-х Польшча ўмудрылася пасварыцца і з Францыяй, і з Чэхаславакіяй, хоць гістарычным ворагам усіх традыцыйна была Германія. Хто ведае, магчыма, і падзеі 1938–1939 гадоў выглядалі б па-іншаму, каб Варшава сябравала з Прагай.


Запозненая канстытуцыя і «хітрая смерць»

Асабіста Пілсудскі вёў даволі сціплае жыццё, але адначасна паслядоўна будаваў міф пра сябе. Напрыклад, няпросты сцэнар свайго пахавання (асобна цела, сэрца і мозг) Пілсудскі прапісаў самастойна, будучы ўпэўненым, што палякі зробяць яго нацыянальным героем, накшталт Касцюшкі. Як і Касцюшка, ён лічыў сябе літвінам, а да палякаў часам ставіўся відавочна пагардліва, як да носьбітаў сварак і разладу. Цікава, што Пілсудскі назваў аднойчы сябе беларусам, падчас затрымання царскай паліцыяй яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя.

Як выглядалі зносіны старэючага Пілсудскага і «палкоўнікаў», якія фактычна кіравалі краінай? Маршалак сядзеў у палацы ў Бельведэры пад Варшавай, раскладаў пасьянсы, а да яго прыходзілі «палкоўнікі» з рознымі прапановамі, атрымліваючы даручэнні — часцяком абстрактныя і таямнічыя. Адной з такіх прапаноў была Канстытуцыя, напісаная Валерыем Славэкам, былым падпольшчыкам і сябрам маршалка, які некалі страціў вока падчас вырабу бомбы.

Канстытуцыя Славэка была далёкасяжным праектам, скроеным пад Пілсудскага і асобаў яго маштабу, моцных лідараў. Галоўны яе момант — максімальнае звужэнне кола выбаршчыкаў да 30 тысяч «заслужаных» палякаў, якія мелі высокія ўзнагароды ці іншыя сведчанні свайго ўнёску ў дзяржаўную справу. У 1935 годзе Польшча атрымала недэмакратычную Канстытуцыю, нібы сімвал піку праўлення свайго лідара. Бяда ў тым, што ўвесну 1935-га памёр сам Пілсудскі.

Палякі разглядаюць цела правадыра ў труне, травень 1935

Максім Танк некалі пісаў: Пілсудскі памёр вельмі «хітра», не дажыўшы да 1939 года. Па смерці маршалка Польшча засталася краінай з разбуранай парламенцкай дэмакратыяй, дзе правы чалавека паважаліся адно да таго моманту, пакуль ты не лез у палітыку. Лагер «адасаблення» ў Бярозе-Картузскай быў нашпігаваны, ясна, не пілсудчыкамі, а прадстаўнікамі «левых» ды нацыянальных меншасцяў.


Кошт памылак — катастрофа 1939-га

Пасля смерці маршалка надышоў чаканы перадзел улады паміж «палкоўнікамі». Кіраваць пачаў трыумвірат: прэзідэнт Масціцкі, міністр замежных справаў Бэк ды міністр абароны Рыдз-Сміглы. Цікава, што Славэк, колішні ідэолаг сістэмы Пілсудскага, ад кіраўніцтва быў адсунуты і ўвесну 1939-га здзейсніў самагубства.

Дзяржава, якая засталася пасля Пілсудскага, мела прыгожае знешняе аздабленне ў выглядзе лозунгаў пра патрыятызм, моц і еднасць, пад якой віравалі сацыяльныя і палітычныя праблемы. Усё гэта стрэліла ў 1939-м, калі ўрад разам з прэзідэнтам… уцёк у Румынію.

Менавіта ўцёкі кіраўніцтва былі фармальнай падставай для Масквы, якая заявіла тады, што Польшча «больш не існуе як дзяржава», таму самы час вызваляць братоў-беларусаў ды ўкраінцаў (цікава, што ў 2014-м світа Пуціна агучвала падобныя думкі да Украіны, пасля Майдану і ўцёкаў Януковіча). Урад Польшчы ў эміграцыі, які сфармаваўся крыху пазней, рашуча крытыкаваў папярэднія ўрады, на якія ўсклаў адказнасць за паразы ў знешняй і ўнутранай палітыцы, што прывяло да катастрофы 1939 года.

Пілсудскі на срэбранай манеце ў 10 злотых, даваенная Польшча


Этапы сталення, або Ці магла Польшча быць іншай?

Ці магла б Польшча быць іншай у 1920–1930-х гадах, больш лагоднай і дэмакратычнай? Ці магчыма гэта было, маючы пад бокам СССР Сталіна, а пасля яшчэ і Германію Гітлера? А можа, праблема нават не ў знешняй сітуацыі, але ў этапах сталення: усярэдзіне самой Польшчы не было яшчэ добра сфармаванай палітычнай сістэмы, працэдуры перадачы ўлады, традыцыі дыялогу. Кожная дзяржава, мабыць, павінна прайсці праз гэта.

Магчыма, калі б незалежная Беларусь існавала яшчэ ў 1920-х гадах пад кіраўніцтвам спачатку Ураду БНР, а пасля, напрыклад, Булак-Балаховіча, усе пытанні з жорсткім стылем кіравання, усе «памылкі сталення», былі б перажытыя яшчэ ў той перыяд. Сітуацыя развівалася б па вельмі падобным да польскага сцэнары. Зрэшты, гэта толькі фантазіі.

І тое, што мы працягваем «сталець» сёння, — зусім не нагода да самазнішчальных рэфлексіяў. Вопыт старой «перадвераснёўскай» Польшчы паказвае беларусам: калі над краінай павісае здань катастрофы — яе ратуюць не вялікія лідары і «патрыятычныя» чыноўнікі. Яе ратуе сам народ. І ўжо народ потым сам вырашыць, ставіць свайму даўно памерламу «правадыру» помнікі або не ставіць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: