Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Пакараныя за супраціў калектывізацыі

Пятро Сухадольскі быў кавалём. Віна яго заключалася ў тым, што пры «самдумным» (так у судовым прысудзе) выхадзе з калгасу імя ДПУ «самаўпраўна забраў кузнечнае начынне належачае калгасу. І тады толькі звярнуў, калі запатрабавала міліцыя». Яго пакаралі двума месяцамі зняволення, а маглі і расстраляць...

Сталінскія рэпрэсіі былі вельмі разнастайнымі і шматмернымі. Яны заключаліся не толькі ў масавых расстрэлах і дэпартацыях на Урал ці ў Сібір. Дзясяткі, а мо і сотні тысяч людзей былі асуджаныя не па адназначна «палітычных», а па ўмоўна «агульнакрымінальных» артыкулах.

Адным з такіх быў артыкул 131 Крымінальнага кодэксу БССР, які гучаў наступным чынам: «Самавольнае ажыццяўленне свайго сапраўднага або прадпалагаемага права, з парушэннем такога-ж права іншай асобы (самаўпраўства), выклікае — штраф да трохсот рублёў або папраўча-працоўныя работы да трох месяцаў» (цытата паводле афіцыйнага беларускага тэксту кодэкса, асаблівасці правапісу захаваныя).

Здавалася б, дзе тое самаўпраўства і дзе калектывізацыя... Але давайце зірнём на некалькі прыкладаў асуджаных па гэтым артыкуле.

11 красавіка 1935 года «народны» суд 3-га ўчастку горада Мінска ў складзе суддзі Манько і членаў-засядацеляў Бяляўскага і Дукор разглядаў крымінальную справу па абвінавачанні Пятра Усцінавіча Сухадольскага, 54-гадовага беспартыйнага малапісьменнага калгасніка калгасу імя Варашылава Ратамскага сельсавета. Пятро Сухадольскі паходзіў з сялян-сераднякоў, не быў раней судзімы, быў жанаты і меў 6 утрыманцаў.

Пятро Сухадольскі быў кавалём. Віна яго заключалася ў тым, што пры «самдумным» (так у судовым прысудзе) выхадзе з калгасу імя ДПУ «самаўпраўна забраў кузнечнае начынне належачае калгасу. І тады толькі звярнуў, калі запатрабавала міліцыя».

Відаць, каваля не задавальнялі ў адным калгасе ўмовы аплаты працы, і ён вырашыў перайсці ў іншы, дзе ўмовы здаваліся лепшымі. Ці спрабаваў наогул сысці з калгасу і стаць вольнанаёмным работнікам, але вымушаны быў вярнуцца ў калгас, хай сабе і іншы — мы можам толькі здагадвацца. І тут Пятра Сухадольскага чакала пастка. Калі ён прыйшоў у калгас, то «абагуліў» кузню і ўсё кавальскае начынне. Але пры выхадзе з калгасу вярнуць сваю былую ўласнасць ужо не мог — гэткая форма дзяржаўнага рабунку сялян. Сухадольскага пакаралі двума месяцамі прымусовай працы па месцы работы з вылічэннем 15 працэнтаў заробку.

9 сакавіка 1935 года той самы суд у складзе суддзі Шклярмана і членаў-засядацеляў Куцені і Ляндахера разглядаў крымінальную справу двух калгаснікаў калгасу «17-ы партыйны з’езд» пасёлку Полеўцы (Паляўцы?) Абчацкага сельсавета. Антон Апанасавіч Валент меў 30 гадоў, да калгасу валодаў 2,5 гектарамі зямлі, у час правядзення суду вучыўся па накіраванні калгаса на курсах трактарыстаў. 75-гадовы Сяргей Антонавіч Філіповіч меў да калгасу 4 гектары зямлі.

Абое падсудных былі малапісьменнымі, беспартыйнымі, несудзімымі і жанатымі. Была ўстаноўленая «віноўнасць абодвух падвіноўных у тым, што ў ліпені месяцы 1934 года» яны «скасілі сваю быўшую на сваёй паласе канюшыну, якую ў іх калгас забраў. Сам калгас арганізаваўся ўвесну 1934 года і рашэнне агульнага сходу было, што жыта азімага кліна кожны косіць паасобку, а канюшына абагуліваецца, аб апошнім падвіноўным было добра ведама».

Першапачаткова Антона Валента і Сяргея Філіповіча абвінавачвалі па артыкуле 241 КК БССР («Крадзеж маёмасці з дзяржаўных, грамадскіх або кааперацыйных устаноў і складаў»), санкцыяй па якім было пазбаўленне свабоды да двух гадоў. Але, на іх шчасце, па артыкуле 241 суд іх апраўдаў, замест чаго асудзіў па артыкуле 131. Антон Валент атрымаў пакаранне ў адзін месяц папраўчых прац па месцы работы ў калгасе з вылічэннем 15 працэнтаў заробку (атрыманага за працадні). Сяргея Філіповіча асудзілі на адзін месяц папраўчых прац умоўна.


Валенту і Філіповічу пашанцавала, што суд перакваліфікаваў іх дзеянні з артыкула «крадзеж» на артыкул «самаўпраўства». Яшчэ больш ім пашанцавала, што іх судзілі ў 1935-м, а не ў 1933 годзе, калі актыўна прымяняўся так званы «закон пра тры каласкі» (Пастанова ЦВК СССР ад 7 жніўня 1932 года «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці»).

Згодна з гэтай драконаўскай пастановай, за крадзеж калгаснай маёмасці (незалежна ад памераў крадзяжу) можна было атрымаць вышэйшую меру «сацыяльнай абароны» (расстрэл). Расстрэл мог быць заменены пазбаўленнем свабоды на тэрмін не менш за 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Варта адзначыць, што новы калгасны лад у 1930-я гады ў Беларусі насаджаўся «са скрыпам». Сяляне ўсяляк імкнуліся пазбегнуць калгасаў, многія заставаліся аднаасобнікамі. Нават у 1937 годзе ў БССР яшчэ налічвалася больш за 100 тысяч гаспадарак аднаасобнікаў. Гэтых аднаасобнікаў абклалі непасільнымі падаткамі, і частка іх вымушаная была ўступіць у калгасы, але іншая частка пакінула сельскую гаспадарку і падалася ў рабочыя (асабліва гэта характэрна для прыгарадных сельсаветаў, справы якіх акурат разбіраў суд 3 участка Мінска).

15 лютага 1935 года «народны» суд гэтага ўчастку праводзіў выязную сесію ў Папярнянскім сельсавеце — у складзе суддзі Манько і членаў-засядацеляў па прозвішчах Дубовік і Грыб. Абвінавачаных было двое, і абодва былі пісьменнымі, беспартыйнымі і несудзімымі.

Былы серадняк Антось Адамавіч Шахлай меў 54 гады, быў жанаты, працаваў кавалём калгасу «Адраджэнне» з месячным заробкам 120 рублёў, апошні падатак да ўступлення ў калгас склаў 19 рублёў. Нежанаты Іван Антонавіч Шахлай 1915 года нараджэння быў выключаны з калгасу і працаваў рабочым прыгараднай гаспадаркі выдавецтва «Звязда» з месячным заробкам 63 рублі. Суд палічыў Шахлаяў вінаватымі ў тым, што «Шахлай Антон Адамаў ушоў з калгаса «Адраджэння» ў 1932 годзе і ўступіў у калгас «Новы свет» і абагуліў сваю маёмасць. У чэрвені месяцы, парушаючы статут калгаса, прадаў калгасны свіран за 275 руб. і грошы ўзяў у сваю карысць.

Шахлай Іван Антонаў, выключаны з калгасу «Новы свет», самаўпраўна прадаў калгасны ток за 370 рублёў, грошы ўзяў у сваю карысць. Тлумачэнні падвіноўных, што яны не зналі, калі прадавалі, што будынкі належаць калгасу «Новы свет», не грунтоўны і абвергнуты сведкамі». Як бачым, пры добраахвотным выхадзе, і нават пры выключэнні з калгасу, сяляне ўжо не маглі забраць назад свае будынкі. Тым не менш, яны спрабавалі супраціўляцца і ў апошні раз распараджаліся будынкамі як сваёй уласнасцю — прадавалі для разборкі і перавозкі.

Абодвух пакаралі прымусовымі працамі тэрмінам на тры месяцы: Антона Шахлая — па месцы работы з вылічэннем 20 працэнтаў заробку, Івана Шахлая — з адбыццём у калоніі масавых работ.

Калоніі масавых работ (КМР) ствараліся там, дзе была патрэбная рабочая сіла — пры будаўніцтве дарог, заводаў, на лесанарыхтоўках. У БССР у такіх калоніях утрымлівалі людзей з кароткімі тэрмінамі зняволення.

Фактычна ўсе пяцёра сялян з прыведзеных прыкладаў былі пакараныя за супраціў калектывізацыі. Гэта дазваляе лічыць іх палітычна асуджанымі. А спосабы пакарання сялян за ціхі супраціў калектывізацыі ў СССР былі самымі разнастайнымі.

Калі ў 1990-я гады ў Беларусі праводзілася рэабілітацыя, то рэабілітавалі асуджаных за так званыя «контррэвалюцыйныя злачынствы» па артыкулах 63–76 Крымінальнага кодэкса БССР 1928 года. Артыкул 131 успрымаўся як «проста крымінальны». Ніхто і не спрабаваў ставіць пытанне аб рэабілітацыі асуджаных па ім.

Таму і да сёння цэлыя катэгорыі асуджаных нават не лічыцца ахвярамі рэпрэсій. Гэты прабел неабходна ліквідаваць і перагледзець справы людзей, асуджаных па артыкуле 131 КК БССР 1928 года ў 1930-я гады ва Усходняй і ў 1940-я гады ў Заходняй Беларусі. Зразумела, што працэс гэты — складаны і працяглы. Каб яго распачаць, патрэбнае не толькі жаданне грамадскасці, але і палітычная воля ўладаў.

«Новы Час» просіць звязацца з рэдакцыяй сваякоў згаданых у гэтым артыкуле рэпрэсаваных ці іншых людзей, якія што-небудзь ведаюць пра іх лёс.


Каментаваць