Каліноўскі быў беларусам. Даказаць адваротнае немагчыма

Сёння дзень памяці Кастуся Каліноўскага: 22 сакавіка 1864 года ў Вільні на Лукішскім пляцы кіраўнік паўстання быў пакараны смерцю. У апошнія месяцы зноў пачуліся заявы маскоўскіх прыхільнікаў заходнерусізму пра тое, што Кастусь Каліноўскі быў палякам і нават тэрарыстам. Чаму такія выказванні не маюць пад сабой аніякага абгрунтавання, тлумачыць журналіст «Радыё Свабода» Сяргей Абламейка.
Наіўныя або злахітрыя людзі кажуць, што нацыянальны герой Беларусі размаўляў і пісаў на польскай мове, таму быў палякам. Кажуць так, нібыта не ведаюць розніцы паміж нацыянальным самаўсведамленнем і мовай побыту і нічога не чулі пра шматузроўневую нацыянальную свядомасць жыхароў былога ВКЛ у ХІХ стагоддзі. Мільёны беларусаў сёння размаўляюць па-руску, але чамусьці не лічаць сябе рускімі і застаюцца палымянымі патрыётамі сваёй Бацькаўшчыны-Беларусі.

У 157-ю гадавіну смерці заснавальніка мадэрнай беларускай нацыі дастаткова нагадаць усяго некалькі гістарычных фактаў, якія сведчаць пра нацыянальны выбар Кастуся Каліноўскага.

Гэта паўстанцкі пароль «Каго любіш — Люблю Беларусь — То ўзаемна», якім карысталася найперш блізкае кола Каліноўскага, у тым ліку сям’я Ямантаў, з якой паходзілі яго каханая дзяўчына, нарачоная Марыя Ямант, і яго асабісты сакратар Язэп Ямант.

Гэта выданне газеты «Мужыцкая праўда», пракламацый і ўлётак на беларускай мове перад і падчас паўстання.

Гэта стварэнне 1 лістапада 1863 года Часовага правінцыйнага ўрада Літвы і Беларусі, які вельмі хутка быў распушчаны палякамі. Галоўнай прычынай роспуску былі сепаратызм і патрабаванне роўнасці ў дачыненнях паміж Вільняй і Варшавай з боку кіраўніка гэтага ўрада — Кастуся Каліноўскага.

Гэта вяртанне беларускай мовы ва ўрадавае справаводства, а менавіта факт выдання Каліноўскім дзяржаўных дакументаў (загадаў) на беларускай мове ў часы, калі ён займаў пасаду Урадавага камісара Гродзенскага ваяводства ў сакавіку 1863 года і кіраўніка другога паўстанцкага ўрада ў Вільні — «Чырвонага жонда» ў чэрвені 1863 года.

Гэта прызнанне гістарычнай суб’ектнасці беларусаў Нацыянальным урадам у Варшаве 3 траўня 1863 года ў форме прыняцця адозвы «Да братоў-беларусаў», што адбылося ў выніку палітычнай дзейнасці Кастуся Каліноўскага.

Гэта яго нацыянальны маніфест і запавет будучым пакаленням, выкладзены ў «Мужыцкай праўдзе» і «Лістах з-пад шыбеніцы», дзе Каліноўскі цалкам атаясамлівае сябе з беларускім народам, фактычна называе сябе беларусам і сцвярджае суб’ектнасць беларускага народа:

«...Каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае».

«...Енарал Касцюшка, што то, кажуць, каля Слоніма радзіўся і а каторым народ наш спявае».

«... Нам пад рондам польскім не заўсёды было добра».

У назве і тэкстах «Мужыцкай праўды», а таксама ў «Лістах з-пад шыбеніцы» Каліноўскі выкарыстоўвае ўведзенае ім паняцце народнай (мужыцкай) праўды — праўды беларусаў або беларускай праўды:

«...Ты, народзе вялікі і чэсны, праўдай ім [замежным народам] адкажы».

«Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці...»

«...Но ня жаль згінуць за тваю праўду».

Беларуская праўда (ідэя, рацыя, права, справядлівасць) выступае ў «Лістах» пад трыма фармулёўкамі — «праўда», «твая праўда», «наша праўда». Суседства прыналежных займеннікаў «твая-наша» паказвае, што Каліноўскі назаўсёды залучыў сябе да ліку беларусаў, ад імя якіх і да якіх ён піша лісты.

Пасля гэтага маніфеста абвясціць Каліноўскага некім іншым проста немагчыма. Гэта поўнае нацыянальнае ўсведамленне і атаясамленне сябе з беларускім народам. Ён піша ад імя мужыка-беларуса і на яго мове — па-беларуску.

І нарэшце, інтымнае. Няўжо паляк стаў бы перад смерцю пісаць верш на беларускай мове да каханай дзяўчыны-полькі і да свайго польскага народа?

«Марыська чарнаброва, галубка мая,
Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля твая?..
...Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,
Но прыймі цяжкую кару — Прадвечнага волю,
А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся...

...Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго».

І ці напісаў бы паляк у апошнім лісце да свайго польскага народу па-беларуску:

«Горка пакінуць зямельку родную і Цябе, дарагі
мой народзе...»

Адказ на гэтыя пытанні мы ведаем. Аж непамысна робіцца ад бездапаможных спроб нашых непрыяцеляў сцвярджаць адваротнае.

Каліноўскага ў беларусаў ужо ніхто не зможа адабраць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: