Кобрынскія замалёўкі: па слядох Рамуальда Траўгута. Частка 1

Спрабую абыйсці месцы, звязаныя з лёсам нашага выбітнага земляка, нацыянальнага героя Польшчы Рамуальда Траўгута – камандзіра Кобрынскага паўстанцкага атраду падчас нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-64 гадоў супраць расійскага самаўладззя. Цікава, як захаваліся гэтыя падзеі больш за 150-гадовай даўніны ў людской памяці і на мясцовасці.
Рамуальд Траўгут. Фота: wikipedia.org 

Рамуальд Траўгут. Фота: wikipedia.org 

Першы маршрут прайшоў праз Старую Цемру-Новую Цемру- Ражок-Дзеткавічы — скрайні паўночна-ўсходні куточак Кобрыншчыны і памежную з ім частку Драгічыншчыны.

Чаму скіраваўся менавіта сюды? Бо ў першай палове траўня 1863 года ў лесе Цемра, што тады быў часткай Кобрынскай пушчы, сабраўся Кобрынскі паўстанцкі атрад пад кіраўніцтвам Рамуальда Траўгута. У першым сваім лагеры паўстанцы прысягнулі на змаганне за волю і распачалі падрыхтоўку да барацьбы. Адсюль пазней яны рушаць на паўднёвы ўсход Кобрынскага павета (зараз на тэрыторыі Валынскай вобласці Украіны і Іванаўскага раёна Беларусі), дзе і адбудуцца вырашальныя сутычкі з рэгулярнымі часткамі расійскага войска.

Апроч таго, каля вёскі Дзеткавічы ў час паўстання знаходзілася сядзіба бліжэйшага паплечніка Рамуальда Траўгута, 23-гадовага памешчыка Густава Радавіцкага, які ў паўстанцкім атрадзе выконваў абавязкі ад’ютанта, а фактычна – намесніка камандзіра. Вось чаму Дзеткавічы таксама ўвайшлі ў маршрут маёй першай вандроўкі.

Вандроўка


Да невялічкай вёскі Старая Цемра (мясцовая назва Старая Тэмра), дзе стала пражывае ўсяго пяць паджылых жанчын і мужчын, раніцай даехаў рэйсавым аўтобусам Кобрын-Зосіна. Было відаць, што некаторыя хаты жылыя, аднак на мае гучныя звароты ніхто так і не адгукнуўся. І гэта натуральна для насельнікаў выміраючай вёскі, што жывуць каля вялікага лесу.
Далей давялося ісці пехам. Сам лес, засмечаны галлём і сухастоем, абязводжаны меліярацыяй і засушлівым летам, патроху дзічэе. Так што ўсе мае спробы збочыць з лясной дарогі і знайсці грыбы-ягады анічога не далі. Старую Цемру ад Новай Цемры, што месціцца ўжо на Драгічыншчыне, аддзяляе занядбаная лясная дарога, па якой праедзе не кожны трактар.

Пра тое, што выйшаў у Драгічынскі раён, абвясціла падсыпаная і выраўненая грунтоўка, што пачалася ў Новай Цемры. І тут ніхто нідзе не адгукнуўся, хоць у гэтай вёсцы стала жыве каля 10 чалавек. Калі ж увайшоў у вёску Ражок, ззаду пачуў гул легкавіка і ўбачыў старэнькі «Фальксваген-Пасат». На ўсялякі выпадак “прагаласаваў” і нямарна, бо машына прыпынілася.
Аляксандра і Уладзімір Шымчукі ля свайго легкавіка «Фальксваген-Пасат».

Аляксандра і Уладзімір Шымчукі ля свайго легкавіка «Фальксваген-Пасат».

У ёй былі берасцейцы Аляксандра і Уладзімір Шымчукі, якія ехалі ў Бярозу, каб адсвяткаваць 50-годдзе свайго вяселля. Сужэнцы палічылі маё з’яўленне своеасаблівым падарункам да свайго “залатога” вяселля, вырашылі мне дапамагчы і паказаць у лесе Цемра стары калодзеж паўстанцаў, які да гэтай пары носіць імя камандзіра інсургентаў Куца. Цяжка сказаць, да якога паўстання – 1794, 1830 ці 1863 гадоў – адносіцца гэтая памятная мясціна, аднак з пакалення ў пакаленне сярод вяскоўцаў парадаецца легенда пра гэты калодзеж, які зрабілі паўстанцы пад кіраўніцтвам свайго палымянага камандзіра. Ад калодзежа да сядзібы Шымчукоў зусім неалёка – можа з кіламетар, не болей. І каля Новай Цемры лес такі ж занядбаны, як і ля Цемры Старой. Адно бабры спраўна вядуць сваю спадвечную гаспадарку – валяць лес, робяць запруды, каб жыць-выжываць у сваім натуральным асяродку…
Куточак старога лесу Цемра, апрацаваны бабрамі.

Куточак старога лесу Цемра, апрацаваны бабрамі.

На краю леса захаваўся калодзеж паўстанцаў, праз які за Саветамі праклалі меліярацыйны канал.  

Потым Шымчукі паказалі сваю сядзібу, пачаставалі слівамі, сланечнікам і таматамі, распавялі пра свой лёс. Яны сябруюць са школьных гадоў: спадарыня Аляксандра родам з Новай Цемры, а спадар Уладзімір -- з вёскі Міхалкі Бярозаўскага раёну. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі географ Аляксандра і вайсковец Уладзімір стварылі сям’ю, нарадзілі і выхавалі дзяцей. Шмат гадоў жылі ў расійскай Мардовіі, але ў пенсійным узросце вярнуліся на Бацькаўшчыну. І хоць стала жывуць у Берасці, але штогод з вясны да восені не пакідаюць бацькоўскую сядзібу спадарыні Аляксандры. Мне было вельмі прыемна бачыць гэтых людзей, у вачах якіх -- замілаванне адно адным і гатоўнасць дзяліцца сваім шчасцем з іншымі…
Сужэнцы ля парога бацькоўскай хаты спадарыні Аляксандры.

Сужэнцы ля парога бацькоўскай хаты спадарыні Аляксандры.

Дзякуй гэтым людзям, што за 50 гадоў сумеснага жыцця змаглі захаваць цеплыню адносінаў.

Шымчукі адвезлі мяне ў Дзеткавічы на месца былой сядзібы Густава Радавіцкага, а самі з’ехалі ў Бярозу. У пісьмовых крыніцах маёнтак Дзеткавічы ўзгадваецца з 1785 года. Яго гаспадарамі ў розныя часы былі Ельцы, Рушчыцы, Радавіцкія і Богушы. Верагодней за ўсё, што пры Ельцах напрыканцы XVIII стагоддзя ў Дзеткавічах быў збудаваны з дрэва аднапавярховы палац з чатырохскатным гладкім гонтавым дахам і невысокім ганкам у цэнтры параднага фасаду. Сцены палаца былі абшаляваныя дошкамі, а вокны пафарбаваныя ў белы колер. Каля будынка месціліся лямус і свіран, а вакол палаца – пейзажны парк. Пасля паўстання 1863 года сядзіба Густава Радавіцкага была канфіскаваная і распрададзеная.
Так зараз выглядае месца ў Дзеткавічах, дзе некалі месцілася сядзіба Густава Радавіцкага.

Да Другой сусветнай вайны ў парку захоўвалася капліца-пахавальня гаспадароў, разбураная ў паваенныя гады. Яшчэ на пачатку 2000-х гадоў на месцы былой сядзібы былі добра бачныя рэшткі пейзажнага парку, склеп (піўніца) і абмялелыя сажалкі. Сёння пра парк нагадваюць толькі адзінкавыя клёны, ліпы і ясені, а таксама сляды ўшчэнт забруджаных сажалак. 

Калі вяртаўся лесам у Старую Цемру, сустрэў мужчыну сярэдніх гадоў з роварам. Ён быў вельмі здзіўлены незнаёмцу ў сваім краі: «Хто такі і адкуль? Чаму не ведаю?» Пасля знаёмства ён, як і іншыя мясцовыя жыхары, так і не змог нічога ўзгадаць пра падзеі, што адбываліся ў лесе ў 1863 годзе. Нашую кароткую сустрэчу вясковец завяршыў з горыччу: «Хутка ў Старой Цемры застануцца адны буслы…».
Вяртаўся ў Старую Цемру знаёмым шляхам праз былую Кобрынскую пушчу.

Вяртаўся ў Старую Цемру знаёмым шляхам праз былую Кобрынскую пушчу.

Што сведчыць гісторыя


Сярод даследаванняў пра падзеі 155-гадовай даўніны ў Кобрынскім павеце вылучаецца артыкул рэдактара інтэрнэт-часопіса «Гістарычная брама» Алеся Ільіна з Пінска, надрукаваны ў зборніку «Паўстанне 1863 года на Беларусі і Кастусь Каліноўскі» (Рыга, Інстытут беларускай гісторыі і культуры, 2013). Даследаванне прысвечана паплечнікам Рамуальда Траўгута ў Кобрынскім павеце – Густаву Радавіцкаму і Феліксу Ягміну.

Род Радавіцкіх герба Гржымала паходзіць з Ваўкавыскага павета. У XIX стагоддзі прадстаўнікі роду прыдбалі зямлю ў Слонімскім і Кобрынскім паветах Гарадзенскай губерні. Бацька Густава, старшыня Гарадзенскай грамадзянскай палаты Міхаіл Радавіцкі валодаў багатым маёнткам Дзеткавічы (з 224 прыгоннымі ў 1840 годзе) у Зелаўскай воласці Кобрынскага павета. Са сваёю жонкай Марыяй Радавіцкай (у дзявоцтве Чаховіч) бацькі гадавалі двух сыноў (Густава і Апалінара) і дзвюх дачок (Міхаліну і Феліцыю).

Густаў, якога сучаснікі называлі польскім Гарыбальдзі, нарадзіўся ў Дзеткавічах у 1840 годзе, а ахрышчаны быў, верагодней за ўсё, у касцёле вёскі Брашэвічы. На меркаванне Алеся Ільіна, Густаў атрымаў хатнюю адукацыю і скончыў Аляксандраўскі кадэцкі корпус, заснаваны Мікалаем I у 1842 годзе ў Брэст-Літоўскай фартэцыі для выхавання дзяцей мясцовай шляхты ў праімперскім духу. Але служба Густава ў Расійскай арміі была кароткай – за іншадумства маладога паручыка хутка разжалавалі ў салдаты і накіравалі служыць у расійскую глыбінку. Выратавала заступніцтва ўплывовых сваякоў, і хутка Густаў сыйшоў з войска і пасяліўся ў родным маёнтку.
План сядзібы Густава Радавіцкага.  

План сядзібы Густава Радавіцкага.  

Калі ў красавіку 1863 года да Кобрына з Варшавы дайшоў загад Цэнтральнага рэвалюцыйнага камітэту ўсім нежанатым мужчынам веку ад 18 да 40 гадоў выступіць са зброяй супраць расійскага ўраду, патрыятычная мясцовая шляхта сабралася ў маёнтку Божы Дар Яна Мітрашэўскага і прапанавала ўзначаліць паўстанцаў уладальніку маёнтку Востраў (зараз вёска Астроўе ў Маларыцкім раёне), падпалкоўніку расійскай арміі ў адстаўцы 38-гадоваму Рамуальду Траўгуту, які меў маральнае права адмовіцца, бо быў жанаты.

Нягледзячы на свой сямейны стан, Траўгут пагадзіўся стаць камандзірам Кобрынскага паўстанцкага атраду з 192-х маладзёнаў (23 гады складаў сярэдні ўзрост паўстанцаў, сярод якіх было шмат падлеткаў 15-17 гадоў), з большага ўзброеных паляўнічымі стрэльбамі і косамі, хоць, як баявы афіцэр, цудоўна разумеў, што ў інсургентаў няма аніякіх шанцаў. Аднак Траўгут пайшоў на яўную пагібель, бо «абавязаны быў не берагчы сябе, калі іншыя ахвяруюць усім».

У атрад разам з нежанатымі нашчадкамі ўплывовых родаў (графоў Чапскіх, Радзевічаў, Ажэшкаў, Бохвіцаў, Ягмінаў і Пуслоўскіх) увайшла маладая мясцовая шляхта са сваёй службай, уключаючы ўпраўляючых і лясных стражнікаў, адстаўныя афіцэры расійскай арміі, сяляне, дробныя чыноўнікі, гімназісты і мяшчане, а таксама жанчыны, у тым ліку памешчыцы Амелія Радзевіч і Магдалена Волкава. Прычым паўстанцам дапамагалі ўсе буйныя мясцовыя памешчыкі, у тым ліку графы Ажароўскія, Ажэшкі, Анджэйкавічы, Ягміны, Орды і Кужанецкія.
 
Актыўны ўдзел у стварэнні атраду прынялі і прадстаўнікі роду Радавіцкіх – Густаў і яго родны брат Апалінар (1842-1863), іх траюрадны брат Пётра (1824- ?), а таксама сусед Радавіцкіх, штаб-ротмістр расійскай арміі ў адстаўцы Фелікс Ягмін (1834-1864).

Збор атрада быў прызначаны на 22 красавіка (па ст.стылі) у глухім лесе Цемра, што ў наваколлі Дзеткавічаў.

Усе былыя вайскоўцы (Густаў і Пётра Радавіцкія, Фелікс Ягмін, Антон Сямашка, Казімір Асоўскі і Браніслаў Парчэўскі) увайшлі ў кіраўніцтва атраду: Густаў Радавіцкі быў прызначаны намеснікам камандзіра, Фелікс Ягмін – начальнікам кавалерыі, а Антон Сямашка – начальнікам касінераў. На шэраг афіцэрскіх пасадаў прызначылі лясных стражнікаў.

Праз тыдзень Рамуальд Траўгут вывеў свой атрад ва ўрочышча Цюцькава ў Адрыжынскім лесе на паўднёвым усходзе Кобрынскага павету, дзе ва ўмацаваным лагеры ішла напружаная вучоба – цывільныя юнакі вучыліся стральбе і вядзенню бою ў страі. Затым былі цяжкія баі з вопытнымі вайскоўцамі адной з лепшых армій тагачаснага свету, першыя перамогі і паразы…

У баі 25 траўня 1863 года Густаў Радавіцкі быў паранены ў нагу, змог дабрацца да вёскі Кужэлічын у Пінскім павеце, дзе 29 траўня мясцовыя сяляне затрымалі яго і выдалі ўладам. А праз два месяцы ваенны начальнік Кобрына палкоўнік Брынкен саслаў Густава Радавіцкага ў Сібір. Былі канфіскаваныя маёнткі братоў-паўстанцаў — Дзеткавічы Густава і Рачкі загінулага Апалінара. 

А праз восем гадоў – 17 траўня 1871 году Густаў быў вызвалены ад паліцэйскага нагляду з правам жыхарства ў Расійскай імперыі за выключэннем яе сталіц і сталічных губерняў, Царства Польскага і Заходняга краю, а таксама з забаронай займаць дзяржаўныя і грамадскія пасады. Напрыканцы жыцця наш герой жыў у Варшаве, дзе ў 1900 годзе адыйшоў у лепшы свет.

Яго сястра Міхаліна стала жонкай кобрынскага памешчыка Станіслава Відацкага. У 1930-я гады ўнук Міхаліны Станіслаў Відацкі спрабаваў праз суд вярнуць роду маёнтак свайго дваюраднага дзеда Густава Радавіцкага ў Дзеткавічах, але безвынікова.

Працяг падарожжа чытайце тут

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!