Кобрынскія замалёўкі: па слядох Рамуальда Траўгута. Частка 7

У вёсцы Яромічы Кобрынскага раёну захаваўся былы сядзібны дом шляхецкага роду Мітрашэўскіх з маёнтку Божы Дар. Тут 25 красавіка 1863 года на патаемным сходзе павятовай шляхты Рамуальд Траўгут пагадзіўся ўзначаліць мясцовы атрад інсургентаў і прысягаў на вернасць нацыянальна-вызвольнаму паўстанню супраць расійскага самаўладдзя.

Галоўны фасад сядзібнага дому Мітрашэўскіх у міжваенны перыяд


Працяг. Папярэдняя частка


Пачатак паўстання ў Кобрынскім павеце


У красавіку 1863 года Кобрынская павятовая рэвалюцыйная арганізацыя на чале з гарадскімі лекарамі Паўлам Паўлоўскім і Шпакоўскім атрымала з Варшавы ад Часовага Нацыянальнага ўраду на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай «Маніфэст» з аб’яўленнем паўстання і яго аграрныя дакументы.

Усе нежанатыя мужчыны ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў падлягалі абавязковай мабілізацыі ў паўстанцкія атрады і мусілі збройна выступіць супраць Расійскай імперыі.

Праз колькі дзён у Новай Папіне (зараз у Драгічынскім раёне), у маёнтку сябра Дваранскага камітэту ў губернскай Горадні Яна Жука і ягонай жонкі Стэфаніі сабралася мясцовая шляхта. Яна абрала кіраўніком Кобрынскага паўстанцкага атраду 37-гадовага падпалкоўніка сапёраў расійскай арміі ў адстаўцы Рамуальда Траўгута, які ў той час жыў з сям’ёй у сваім спадчынным маёнтку Востраў у Кобрынскім павеце (зараз вёска Астроўе ў Маларыцкім раёне),  

Траўгут меў маральнае права адмовіцца ад удзелу ў паўстанні і прапанаванай пасады, бо быў жанаты — праз паўгады пасля сыходу ў лепшы свет сваёй першай жоначкі Ганны пабраўся шлюбам з прадстаўніцай роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх Антанінай. Але Рамуальд сышоў у адстаўку не толькі дзеля вырашэння асабістых справаў — спадчыны і выхавання двух малалетніх дачок, якія пасля смерці маці засталіся сам-насам з бацькам. Не меншую ролю ў адстаўцы вопытнага афіцэра-ўдзельніка Венгерскай кампаніі і Крымскай вайны адыграла нежаданне выконваць загады па задушэнні вызвольнага чыну свайго народу, імкненне Траўгута падтрымаць суайчыннікаў у барацьбе за свабоду і незалежнасць роднага краю.

Менавіта пра гэта заявіў схоплены царскімі жандарамі Рамуальд Траўгут на допыце ў астрогу: «Будучы перакананы, што незалежнасць з’яўляецца неабходнай умовай сапраўднага шчасця кожнага народа, я заўсёды марыў аб ёй для сваёй радзімы...»

Вось чаму, калі лекар Павел Паўлоўскі і дваранін Элерт ад імя патрыятычнай шляхты павету прапанавалі ўладальніку Вострава ўзначаліць Кобрынскі паўстанцкі атрад, Траўгут крыху павагаўся і даў згоду са словамі: «Я не ведаю, ці ёсць сэнс. Ведаю толькі, што мушу». У гэтых словах адважнага і вопытнага мужчыны глыбокае разуменне, што калі ён не ўзначаліць атрад у асноўным з рамантычных цывільных юнакоў, узброеных паляўнічымі стрэльбамі, пісталетамі і косамі, яны загінуць у першым баі з рэгулярнай вайсковай часткай адной з наймагутнейшых армій свету. У сваім выступе ў новапапінскім маёнтку Жукоў Рамуальд зазначыў: «Калі мы выйграем, наша перамога будзе выратаваннем для народа, а калі прайграем, дык ракою пралітай намі крыві да Свабоды даплывуць іншыя…»

Прысягу на адданасць справе барацьбы за волю Бацькаўшчыны Траўгут прымаў на патаемным сходзе павятовай шляхты ў маёнтку Божы Дар паўстанцкага начальніка горада Кобрына Яна Мітрашэўскага. З гэтага моманту Рамуальд дзейнічаў пад мянушкай Кракаўскі, каб праціўнік лічыў, што на чале мясцовых інсургентаў стаіць эмісар, які прыбыў з Кракаву.

Сярод паплечнікаў Траўгута ў сходзе бралі ўдзел будучы лекар касінераў Фларэнці Ажэшка, а таксама будучая сувязная паўстанцаў і вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка. Дарэчы, маёнткі абшарнікаў Ажэшкаў Людвінова і Оўзічы (зараз вёскі ў, адпаведна, Драгічынскім і Іванаўскім раёнах Берасцейшчыны) паўстанцы скарыстоўвалі як базы захавання зброі і харчоў.
Так зараз выглядае сядзібны дом Мітрашэўскіх у вёсцы Яромічы Буховіцкага сельсавету Кобрынскага раёну (2001)

Так зараз выглядае сядзібны дом Мітрашэўскіх у вёсцы Яромічы Буховіцкага сельсавету Кобрынскага раёну (2001)

Пра свае першыя ўражанні ад знаёмства з Траўгутам у Божым Дары Эліза Ажэшка пазней напіша так: «Гадоў яму было трыццаць шэсць і на гэты ўзрост ён выглядаў, сярэдні рост, целасклад больш пругкі і зграбны, чым моцны, і ў рухах лёгкіх, упэўненых у сабе, у постаці выпрастанай штосьці нагадвала вайсковы тып. З першага погляду кідалася ў вочы глыбокая чарната яго валасоў настолькі густых, што дзве іх хвалі, адна над адной, уздымаліся над ілбом смуглым, стройным, прарэзаным ад броваў амаль да валасоў вертыкальнай лініяй глыбокай маршчынкі. Вочы цяжка было разглядзець, таму што накрывала іх шкло акуляраў, але сярод авала смуглага твару ўвагу звярталі вусны без усмешкі, спакойныя і паважныя. Можа, гэтая сур'ёзнасць вуснаў, і гэтая заўчасная зморшчынка на ілбе спрыялі таму, што ў поглядзе гэтым дзівіў, перш за ўсё, выраз думкі строгай, засяроджанай, маларазмоўнай. Нічога мяккага, гнуткага, паслухмянага, нічога вонкава лёгкага. Толькі думка нейкая пануючая, велізарная, увесь час моўчкі, засяроджана працуючая і пад яе покрывам нейкая патаемная спякота пачуццяў, якая на ілбе выпаліла заўчасную маршчынку і гарачым каларытам абклала маўклівы твар».

Пасля таго, як касінеры без ксяндза прысягнулі на месцы збору ў глухім лесе Цемра Кобрынскай пушчы (зараз на мяжы Кобрынскага і Драгічынскага раёнаў), пачаўся баявы шлях Кобрынскага паўстанцкага атраду на чале з Рамуальдам Траўгутам.

Ёсць меркаванне, што прысяга ў Кобрынскай пушчы адбывалася перад друкаванай выявай абразу Маці Божай Вострабрамскай, якая ўвесь час апякавалася атрадам і захавалася ў Кобрыне да гэтай пары…

З гісторыі маёнтку


У 1845 годзе маёнтак Божы Дар належыў Вікенцію Вальтэру. У яго гаспадарцы, дзе было 32 десяціны зямлі, 15 галоў жывёлы і 2 кані, працавалі 12 селянаў. Неўзабаве маёнтак перайшоў Дзіянісію і Тэрэзе Мітрашэўскім, якія павялічылі свае ўгоддзі да 344 дзесяцінаў і працягвалі займацца жывёлагодоўляй. Пасля задушэння паўстання 1863-1864 гадоў Божы Дар быў канфіскаваны і распрададзены па частках. Але сядзіба і 77 дзесяцінаў зямлі засталіся ва ўласнасці Мітрашэўскіх, якія ў асноўным займаліся сыраробствам.
Пра былы партэр перад сядзібным домам Мітрашэўскіх нагадавае гэты стары пенсільванскі ясень (на першым здымку ў цэнтры)

Сядзіба з паркам была закладзена на пачатку XIX стагоддзя ў палескай глушы і амаль цалкам адрэзана ад бліжэйшых паселішчаў — цяперашніх вёсак Малышы і Бяроза, што, адпаведна, знаходзяцца ў 2,5 км на захад і ў 2 км на ўсход ад Божага Дару. Нават і сёння гэтае месца, закінутае сярод лугоў, палёў, лясоў і балотаў, звязвае з іншымі паселішчамі краю адзіная дарога, што праз Бярозу ідзе на Ляскова і Кобрын. Вось чаму ў Божым Дары і да гэтай пары патыхае адлучанасцю ад акаляючага свету, што так дзіўна на пачатку XXI стагоддзя ў цэнтры Еўропы…

 Паміж гэтымі дрэвамі некалі праходзіла дарога з Божага Дару на Бярозу

 Паміж гэтымі дрэвамі некалі праходзіла дарога з Божага Дару на Бярозу

Невялікі пабелены драўляны аднапавярховы дом з класічным крытым ганкам (на слупах са шчытом) на галоўным фасадзе і высокім чатырохсхільным гонтавым дахам стаяў бліжэй да паўднёва-заходняга куту сядзібы. Дом на невялікім узвышшы атачалі пладовы сад і пейзажны парк з даволі складанай воднай сістэмай, якая не толькі ўпрыгожвала месца, але і адводзіла лішак вады ў навакольныя балоты.

Гэтая сажалка амаль перасохла і зарастае рагозам

Гэтая сажалка амаль перасохла і зарастае рагозам

З пяці сажалак воднай сістэмы адноўлена адна — самая вялікая памерам 120х12 метраў у выглядзе доўгага і шырокага каналу з паўночна-усходняга боку сядзібы. Дзве сажалкі засыпаныя і дзве зарастаюць рагозам — шматгадовай травяністай балотнай раслінай — коп’епадобным трыснёгам. Перад сядзібным домам быў прыгожы партэр дыяметрам каля 25 метраў з пенсільванскім ясенем і кустоўем белага снежнаягадніку, што захаваліся і па сёння.
 Адноўлены канал воднай сістэмы парку

 Адноўлены канал воднай сістэмы парку

Парк у плане меў форму амаль квадрата на параўнальна нізкай роўнядзі. Па перыферыі парку цягнуліся таполевая, грабавая і ліпавая алеі. Добра захавалася ліпавая з 16 буйна і 13 дробналістых дрэваў. Ад дому і партэра адкрываліся далёкія чароўныя краявіды ў паўночна-заходнім і паўднёва-усходнім кірунках. Ад сядзібы захаваліся невялікія фрагменты, што знаходзяцца ў прыватнай уласнасці некалькіх гаспадароў. 25 траўня 2003 года ў Божым Дары адкрылі мемарыяльны камень у гонар Рамуальда Траўгута. У цырымоніі бралі ўдзел яго нашчадак палкоўнік Войска Польскага Анджэй Юшкевіч і Станіслаў — нашчадак Яна Мітрашэўскага.  
З пяці былых сажалак парку аднавілі самую большую памерам 120х12 метраў

З пяці былых сажалак парку аднавілі самую большую памерам 120х12 метраў

Як сядзібны дом Мітрашэўскіх перавезлі ў Яромічы


Пра жыццё ў Божым Дары ўзгадвае старажыл месца, а зараз жыхарка вёскі Магдалін Кобрынскага раёну Ала Гапанюк:

«Я нарадзілася ў вёсцы Божы Дар Буховіцкага сельсавету пасля Другой сусветнай вайны ў сям’і Сцяпана (1928-2003) і Марыі (1928-2018) Кашуткаў. Бацька — былы партызан і інвалід вайны нейкі час працаваў міліцыянтам, а потым разам з маці ў мясцовым калгасе «Перамога»: ён — заатэхнікам, яна — паляводам.  

Усё маё дзяцінства прайшло ў гэтай невялічкай вёсцы, насельніцтва якой складала 45 чалавек у дзевяці сем’ях. У памяці засталіся асобныя прозвішчы родаў аднавяскоўцаў — Грэні, Амельянюкі, Кашуткі, Іванушкі і Зайцы. Шэсць сем’яў — больш за палову ўсіх вяскоўцаў, і нашая сям’я ў тым ліку, жылі ў былым сядзібным доме Мітрашэўскіх.

Мая бабуля па маці Ганна Захараўна (1908-1985) вельмі цёпла ўзгадвала Гэлену Мітрашэўскую, якая ў міжваенныя гады часцяком прыязджала ў вёску з Варшавы сама і з мужам, каб наведаць сваю гаспадарку ў Божым Дары, дзе ў Мітрашэўскіх апроч радавога сядзібнага дому быў шэраг гаспадарчых пабудоваў, у тым ліку сыраварня, стайня і свінарнік.  

 Ганна Захараўна Сацук (Іванушка) — маці Марыі Кашуткі і бабуля Алы Гапанюк. Па вайне яна выпадкова атрымала прозвішча Іванушка з-за таго, што ў Берасцейскім абласным аддзеле ЗАГС згубіліся дакументы, якія б маглі пацвердзіць сапраўднае паходжанне спадарыні Ганны з роду Сацукоў.  

 Ганна Захараўна Сацук (Іванушка) — маці Марыі Кашуткі і бабуля Алы Гапанюк. Па вайне яна выпадкова атрымала прозвішча Іванушка з-за таго, што ў Берасцейскім абласным аддзеле ЗАГС згубіліся дакументы, якія б маглі пацвердзіць сапраўднае паходжанне спадарыні Ганны з роду Сацукоў.  

Гэтыя сустрэчы былі сапраўдным святам для нашай сям’і, бо Гэлена Мітрашэўская была хроснай маёй маці, заўжды клапацілася пра яе і адорвала цукеркамі, вопраткай і абуткам. Нездарма ў нашай сям’і ўсе вельмі любілі пані Гэлену — прыгожую, прыязную да людзей, вясёлую і добрую жанчыну.

Бацькі шмат працавалі ў калгасе і на сваёй немалой гаспадарцы з каровай, свіннямі, авечкамі, гусямі і курамі, агародам і пладовым садам. Таму мы з братам з маленства былі прывучаныя да цяжкай і бясконцай вясковай працы. Калі ж летам выдаваўся вольны, час ішлі ў лес па грыбы і арэхі, купаліся ў самай вялікай сажалцы, гулялі ў класікі і даганялкі (аднойчы так даганялася, што нават ключыцу зламала…), гойдаліся на самаробных арэлях, узводзілі буданы, а зімою каталіся на самаробных лыжах і на балоце палкай глушылі рыбу, якая плавала пад самым лёдам…    
Жыхары вёскі Божы Дар (канец 1940-х гадоў)

Жыхары вёскі Божы Дар (канец 1940-х гадоў)

Потым была вучоба ў школах Бярозы і Кобрына, набажэнствы ў Бярозаўскай Свята-Крыжаўзвіжанскай царкве. Але ніхто і ніколі не апавядаў нам — дзецям пра тое, што Божы Дар мае непасрэднае дачыненне да падзеяў паўстання 1863 года. Толькі пасля таго, як у 2003 годзе ў Божым Дары адкрылі мемарыяльны камень у гонар Рамуальда Траўгута, я стала разумець, чаму «чорныя капальнікі» перарылі нашае паселішча ўздоўж і ўпоперак.

Мемарыяльны камень у гонар Рамуальда Траўгута



У сядзібным доме Мітрашэўскіх мы жылі да лета 1951 году. Помню, як нечакана прыехалі рабочыя, загадалі ўсім жыльцам выселіцца, хутка разабралі дом і вывезлі яго ў вёску Яромічы нашага сельсавету на патрэбы мясцовай машына-трактарнай станцыі. Праз 10 гадоў на базе гэтай МТС пачало дзейнічаць меліярацыйнае прадпрыемства, якое зараз завецца Яроміцкай ПМК-52. Былы сядзібны дом Мітрашэўскіх стаў трохкватэрным жылым пасля таго, як яго абклалі цэглай, перабудавалі і забяспечылі сучаснымі інжынернымі камунікацыямі.


А мы — былыя жыльцы гэтай старадаўняй сядзібы вымушаны былі шукаць прытулку ў сваякоў, пакуль не збудавалі сабе новае жытло. Дарэчы, нашая сям’я ўзводзіла свой новы дом каля падмуркаў былой сядзібы Мітрашэўскіх, бо вельмі зраднілася з гэтым месцам….

. Сцяпан і Марыя Кашуткі (канец 1940-х гадоў)

. Сцяпан і Марыя Кашуткі (канец 1940-х гадоў)

Напрыканцы ўзгадаю даволі незвычайны і смешны выпадак, які таксама звязаны з гісторыяй былога сядзібнага дому Мітрашэўскіх. Аднойчы мой бацька капаў яміну пад бульбу і адкапаў былы драўляны вінны склеп з скрыняй старасвецкага віна ў высокіх цёмнага колеру бутэльках. На жаль, пад час раскопак адна бутэлька разбілася. Усё ж астатняе пітво добра захавалася. Вестка пра цудоўную знаходку хутка сабрала вакол бацькі мужчынаў-суседзяў. Аднак ніхто апроч бацькі не адважыўся паспрабаваць невядомы напой. А тата выпіў і пайшоў спаць. Суседзі ж чакалі да вечара, пакуль Сцяпан Кашутка не праспіцца. А калі ўбачылі, што ён не памёр ад пітва, хутка пабеглі куляць яго бутэльку за бутэлькай, а потым пахваляліся, што віно было дужа смачнае і духмянае, ды яшчэ і дармавое…»

Ала Гапанюк (злева) з бацькамі — Сцяпанам і Марыяй Кашутка (1972)

Ала Гапанюк (злева) з бацькамі — Сцяпанам і Марыяй Кашутка (1972)


Легенды Божага Дару


Пра гэтае месца з такой незвычайнай назвай, казачнымі краявідамі і слаўнай гісторыяй ходзяць розныя легенды. Узгадаю некаторыя з іх.

Кобрынскія краязнаўцы пераказваюць сведчанні былых жыхароў вёскі Божы Дар пра тое, што дзесьці на тэрыторыі паселішча да гэтай пары захоўваецца выкшталцоны сталовы сервіз блакітнай парцэляны з сядзібы Мітрашэўскіх…
Добра захавалася старадаўняя ліпавая алея

Добра захавалася старадаўняя ліпавая алея

Паводле Леаніда Несцярчука, існуе прыгожае паданне пра тое, што дакументы гістарычнай сустрэчы кобрынскай шляхты ў Божым Дары 25 красавіка 1863 года разам з узнагародамі яе ўдельнікаў былі схаваныя ў невялікім металічным куфэрку. Напрыканцы 1970-х гадоў пад час земляных працаў гэты куфэрак быў падняты трактарам на паверхню пры такіх абставінах. З сведчанняў мясцовых жыхароў, каб засыпаць яміну каля хлява, што стаяў побач з падмуркам былога сядзібнага дому Мітрашэўскіх, запрасілі трактарыста. І калі той бульдозерам зрэзаў пагорак, што быў ля самай яміны, паказаўся металічны куфэрак з паперамі і ўзнагародамі. Трактарыст куфэрак з паперамі выкінуў, а ўзнагароды забраў сабе. Іх далейшы лёс невядомы. На жаль, за больш як 40 гадоў пасля гэтага выпадку сляды ўнікальнай знаходкі відавочна страчаныя назаўжды...

Паводле Анатоля Федарука, улічваючы месцазнаходжанне Божага Дару, па загаду Рамуальда Траўгута ў маёнтку Яна Мітрашэўскага быў арганізаваны шпіталь для параненых інсургентаў Кобрынскага паўстанцкага атраду. Перажываючы гаркату задушэння паўстання, магілу загінулых суайчыннікаў на Гарэцкім канале наведала Эліза Ажэшка разам з сваёю сяброўкай з Новай Папіны Стэфаніяй Жук. Пісьменніца не проста ўсклала вялікі букет палявых красак па магілу герояў збройнага чыну 1863-1864 гадоў, але і дала сабе слова «…ніколі не здраджваць ідэалам дабра, справядлівасці і свабоды…». На меркаванне Анатоля Федарука, у сувязі з меліярацыяй наваколля Божага Дару месца пахавання касінераў страчанае назаўжды. Але мне падаецца, што ў гэтым вельмі важным для беларусаў пытанні кропку ставіць яшчэ зарана…

Асаблівасці паўстання 1863-1864 гадоў


Нацыянальна-вызвольнае паўстанне супраць расійскага самаўладдзя ў Польшчы, Беларусі і Літве рыхтавалі мясцовыя нелегальныя арганізацыі «чырвоных». Яны выступалі за ўзброеную барацьбу з царызмам і вялі перамовы з расійскімі рэвалюцыянерамі-дэмакратамі «Зямлі і волі». Аднак яе праграму падзялялі не ўсе «чырвоныя». Большасць іх — адважныя шляхцічы — марылі пра аднаўленне Рэчы Паспалітай з уключэннем Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў склад Польшчы.

У дасягненні гэтай мэты шляхта адводзіла сабе вядучую ролю, абяцала абшарнікам захаваць іхнае землеўладанне і коштам дзяржавы аплаціць зямлю пад сялянскія надзелы. А земляробам шляхта абяцала перадаць ва ўласнасць, без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, што сяляне атрымалі па рэформе 19 лютага 1861 года. Нагадаем, што часоваабавязаныя адносіны тычыліся былых прыватнаўласніцкіх сялян, якія пасля адмены прыгонніцтва пераводзіліся на чынш ці паншчыну на перыяд, які адвольна вызначаў сам памешчык.
Куточак старасвецкага парку

Куточак старасвецкага парку

Варшаўская праграма «чырвоных» прадугледжвала роўнасць грамадзянскіх правоў шляхты і сялянаў, замену падушнага падатку падымным і 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайсковай службай у сваім краі, а таксама аднаўленне ўніяцкай царквы. У «Маніфэсце» і аграрных дакументах, апублікаваных 22 студзеня 1863 года кіраўніцтвам паўстання з яго абвяшчэннем, ранейшая праграма была дапоўнена абяцаннем выдзеліць па 3 маргі (каля дзвюх дзесяцінаў) зямлі беззямельным сялянам, якія ўзброена падтрымаюць інсургентаў.  

Ад варшаўскай адрознівалася віленская праграма «чырвоных», што распрацаваў Кастусь Каліноўскі. Ён быў за самастойнасць і раўнапраўе цэнтраў паўстання ў Варшаве і Вільні, за перадачу ўсёй зямлі земляробам і разгортванне сялянскай рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты, як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і Беларусі права на самавызначэнне. Нягледзячы на прынцыповыя разыходжанні, віленскае кіраўніцтва паўстання ўрэшце падтрымала сваіх варшаўскіх паплечнікаў і іх праграму дзеянняў.
Гэтая старая чарэшня, мабуць, памятае падзеі вясны 1863 года

Гэтая старая чарэшня, мабуць, памятае падзеі вясны 1863 года

У гэтай сітуацыі да паўстання далучылася частка абшарнікаў, што стаялі на пазіцыі «белых». Напалоханыя спробай «чырвоных» абаперціся на сялян, «белыя» вырашылі ўзначаліць узброены чын дзеля аднаўлення дзяржаўнасці Польшчы пры падтрымцы Англіі і Францыі. Аднак уся хада паўстання вызначалася барацьбой у яго кіраўніцтве «белых» з «чырвонымі», што скарысталі царскія ўлады.

Так, прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна ўспрыняла большасць беларускіх сялян, якія лічылі польскіх абшарнікаў ворагамі «цара-вызваліцеля» ад прыгону. Менавіта гэтая ацэнка паўстання шырока скарыстоўвалася самаўладдзем і праваслаўнай царквою. Былі прынятыя і пэўныя эканамічныя меры — спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялянаў з памешчыкамі, земляробы пераводзіліся на абавязковы выкуп з скарачэннем на 20% плацяжу за яго, абеззямеленых у 1846-1856 гадах, надзялялі пляцам у 3 дзесяціны, а пазбаўленым зямлі ў пазнейшыя годы поўнасцю вярталі былыя надзелы.
Інжынер Яроміцкай ПМК-52 Алег Дзюба распавядае пра гісторыю свайго дому кабрынчанам Георгію Дзмітруку і Віктару Корабаву

Інжынер Яроміцкай ПМК-52 Алег Дзюба распавядае пра гісторыю свайго дому кабрынчанам Георгію Дзмітруку і Віктару Корабаву

Паколькі ідэя аднаўлення польскай дзяржаўнасці была зусім чужой для беларускіх сялянаў, у першую чаргу Віцебскай і Магілёўскай губерняў, яны грамілі маёнткі польскіх абшарнікаў, дапамагалі лавіць паўстанцаў, затрымлівалі іх і перадавалі ўладам, за што атрымлівалі ўзнагароды. Сярод расійскай грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, паўстанне выклікала небывалы ўздым шавінізму, якому супрацьстаяў толькі лонданскі «Колокол» Аляксандра Герцэна і Мікалая Агарова. Таму лёс паўстання быў прадвызначаны. Але сам гераічны чын нашых продкаў натхніў новыя пакаленні змагароў за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны.
Гэтыя рэчы — цагліна і чарніліца з пяром будуць нагадваць пра вандроўку ў Божы Дар

Гэтыя рэчы — цагліна і чарніліца з пяром будуць нагадваць пра вандроўку ў Божы Дар

Як звычайна дзейнічалі паўстанцы? Улічваючы несувымернасць сваіх сілаў з рэгулярным царскім войскам, інсургенты змагаліся па-партызанску, пазбягаючы сутычак з значнымі сіламі карнікаў. Заходзячы ў вёску ці мястэчка, паўстанцы склікалі сходы жыхароў, абвяшчалі маніфэст і аграрныя дэкрэты, складалі акты аб перадачы зямлі ва ўласнасць сялян, прымалі ад іх прысягу на вернасць Народнаму ўраду, знішчалі дакументы валасных канцылярый, забіралі казённыя грошы, а сабраныя з земляробаў падаткі вярталі ім, часам праводзілі публічныя суды і пакаранні тых, хто дапамагаў уладам у барацьбе з інсургентамі. Матэрыяльнае забеспячэнне сваіх узброеных дзеянняў яны ўсклалі на абшарнікаў.
 Схема парку ў сядзібе Божы Дар. Малюнак аўтара з яго ўдакладненнямі паводле даследаванняў гісторыка Леаніда Несцярчука, сведчанняў Алы Гапанюк і Віктара Корабава  

 Схема парку ў сядзібе Божы Дар. Малюнак аўтара з яго ўдакладненнямі паводле даследаванняў гісторыка Леаніда Несцярчука, сведчанняў Алы Гапанюк і Віктара Корабава  

 


Пры напісанні матэрыяла скарыстаўся даследаваннямі Юрася Барысюка, Міхася Біча, Аляксандра Ільіна, Алега Карповіча, Леаніда Несцярчука і Анатоля Федарука. За дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула выказваю шчырую падзяку спадарам Але Гапанюк, Георгію Дзмітруку, Алегу Дзюбе, Віктару Корабаву, Алесю Меху і Сяргею Янюку.  
                                                   

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!