Кобрынскія замалёўкі: па слядох Рамульда Траўгута. Частка 4

Напрыканцы верасня адбылася чарговая вандроўка па слядох нашага выбітнага земляка Рамуальда Траўгута. На гэты раз скіраваўся ў ягонае спадчыннае гняздо — Астроўе — невялікую вёску на паўночным усходзе Маларыцкага раёну Берасцейшчыны.
Былы маёнтак Рамуальда Траўгута — у кіламетры на захад ад шашы Кобрын-Маларыта

Былы маёнтак Рамуальда Траўгута — у кіламетры на захад ад шашы Кобрын-Маларыта


Пачатак вандроўкі тут, тут і тут.

У часы нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў Астроўе ўваходзіла ў Кобрынскі павет Горадзенскай губерні. У гэтым маёнтку адстаўны падпалкоўнік расійскай арміі Рамуальд Траўгут жыў з сям’ёй каля году, у Астроўі ён даў згоду ўзначаліць Кобрынскі паўстанцкі атрад, адсюль пайшоў у змаганне за волю і незалежнасць краю, пайшоў у неўміручасць…

Астроўе


Паміж Кобрынам і Астроўем — 25 кіламетраў, што за паўгадзіны праёхаў ранішнім рэйсавым аўтобусам Кобрын-Маларыта. Мне пашанцавала, бо наперадзе сядзела ветлівая кабета — ураджэнка Астроўя, спадарыня Марыя. На прыпынку яна пазнаёміла з мужам — спадаром Анатолем, які згадзіўся паказаць сляды мемарыяльнай сядзібы Рамуальда Траўгута.
Мой памочнік Анатоль Буклага

Мой памочнік Анатоль Буклага

Ягоныя продкі мелі саксонскае паходжанне і пасяліліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у першай палове XVIII стагоддзя. Дзед нашага героя Якуб быў паплечнікам Тадэвуша Касьцюшкі пад час нацыянальна-вызвольнага паўстання 1794 году. Бацька — Людвік — арандаваў маёнтак Шастакова на Камянеччыне, дзе 16 студзеня 1826 году і нарадзіўся Рамуальд. У 1861-м ад дзеда па маці Траўгут атрымаў у спадчыну маёнтак Востраў, куды і пераехаў у 1862-м.
Каля ўказальніка стаіць мемарыяльны знак у гонар нашага выбітнага земляка

Спачатку маёнтак так і называўся, бо стаяў на сухім узгорку сярод забалочанай прасторы. З кіламетр на паўднёвы захад ад Вострава месціўся аднайменны хутар. Пасля таго, як кіраўнік Нацыянальнага ўраду ў Варшаве генерал Рамуальд Траўгут 5 жніўня 1864 году быў пакараны смерцю, канфіскавалі і распрадалі ягоны маёнтак Востраў, а на гэтым месцы ўтварылася вёска Астроўе, забудаваная сялянскімі сядзібамі.
Месца былога сядзібнага дому Рамуальда Траўгута

У другой палове 1920-х гадоў у Астроўі адбылася вялікая ўрачыстасць у гонар 100-годдзя з дня народзінаў Траўгута і адкрыцця мемарыяльнага камяня з дубовым крыжом (стаяў крыху на захад ад цяперашняга, узведзенага ля шашы Кобрын-Маларыта ў 2003 годзе). Гэтыя ўрачыстасці ў раннім дзяцінстве бачыў старажыл суседняга хутару Паўлаполь Мацвей Гузюк. Паводле яго, сярод ганаровых гасцей свята быў вайсковец вельмі сталага веку, мажліва, адзін з паплечнікаў Рамуальда Траўгута па паўстанню 1863 года.

Сядзібна-паркавы ансамбль Астроўя плошчай каля 10 гектараў фарміраваўся з сярэдзіны XVIII стагоддзя на ўзвышшы. Цэнтрам маёнтку быў драўляны сядзібны дом, ахутаны старым пейзажным паркам з дрэваў лісцёвых парод (дуб, ліпа, клён і ясень). Парк упрыгожвала вялікая водная сістэма —два ставы і п-падобны ў плане шырокі канал, сляды якіх засталіся і па сёння.
Сляды старадаўніх сажалак і каналаў

Кожную вясну ўся сядзіба квітнела бэзам, чаромхай і акацыяй, водар якіх напаўняў наваколле…
Адзін з каналаў упадаў у маляўнічую рэчку Асіпаўку — прыток Мухаўца

Адзін з каналаў упадаў у маляўнічую рэчку Асіпаўку — прыток Мухаўца

А ля сажалкі на высокім дубовым пастаменце стаяла разная драўляная фігура святога Яна пад шатровым дахам на чатырох драўляных слупах.
Куточкі паселішча напрыканцы верасня

Непаўторны краявід месцу надаюць бухматыя кароны велічных дубоў. Гэтыя шматлікія асілкі стаяць уздоўж каналаў, ствараюць алею ў парку, паасобку вылучаюцца сваімі магутнымі постацямі сярод самой вёскі.
Пра трасы былых каналаў сведчаць прысады з магутных дубоў

Дарэчы, Маларыччына знакамітая сваімі дубамі — гэтымі валадарамі беларускага лесу. Так, у Пажэжынскім лясніцтве здзіўляе сваім векам і памерамі Цар-дуб — самае старое ў Беларусі дрэва дубу звычайнага ўзростам каля 800 гадоў, вышынёю 46 метраў і дыяметрам ствалу 2,14 метры.

Алея старасвецкіх дубоў у былым пейзажным парку Астроўя

Алея старасвецкіх дубоў у былым пейзажным парку Астроўя

Валадары беларускага лесу вельмі ўпадабалі вёску і яе ваколіцы…

Валадары беларускага лесу вельмі ўпадабалі вёску і яе ваколіцы…


На вялікі жаль, сядзібна-паркавы ансамбль у Астроўі дагэтуль не ўзяты пад ахову дзяржавы і не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Прыкра і балюча, але гэта так…

Ці ёсць будучыня ў вёскі?


Астроўе вымірае. Разам з тымі, хто мае ў вёсцы лецішчы, насельніцтва месца не перавышае 10 чалавек. Патрабуе дагляду заняпалы парк. Летам 2013 году жыхары Астроўя яшчэ цешылі сябе надзеяй на адраджэнне вёскі, бо пайшла пагалоска — палякі прыдбалі 15 гектараў былой тэрыторыі маёнтку Рамуальда Траўгута, каб на старых падмурках аднавіць ягоны сядзібны дом, адкрыць у ім музей нацыянальнага героя Польшчы, добраўпарадкаваць старасвеці парк, вярнуць жыццё былой воднай сістэме з ставамі і каналамі.
Былы сядзібна-паркавы ансамбль Рамуальда Траўгута патрабуе клопату грамадскасці і дзяржавы

Гаворкі ішла пра будаўніцтва матэлю, газаправоду і асфальтавай шашы, каб стварыць у Астроўі сучасны цэнтр міжнароднага турызму. Палякі нават правялі адпаведныя археалагічныя даследаванні на падмурках былога сядзібнага дому, сляды якіх захаваліся і цяпер. Аднак з цягам часу гэтая справа неяк запаволілся, а потым і зусім заглохла. Можна толькі спадзявацца на лепшыя часы ў добрасуседскіх беларуска-польскіх адносінах, якія і дазволяць здзейсніць гэты цікавы і неабходны праект…  

Гэта трэба нам

На развітанне мой дабрадзей спадар Анатоль усё ж такі задаў пытанне, якое яго непакоіла: «А навошта вам гэта трэба?».

Як навошта? Рамуальд Траўгут нарадзіўся і жыў на гэтай зямлі, загінуў за яе Свабоду ад хлусні, галечы, цемрашальства, бяспраўя і гвалту, за Волю і Незалежнасць нашага краю. Дарэчы, пра гэта ён сказаў на допыце: «Будучы перакананы, што незалежнасць з’яўляецца неабходнай умовай сапраўднага шчасця кожнага народа, я заўсёды марыў аб ёй для сваёй радзімы...».
Межавы знак тэрыторыі былога маёнтку Траўгутаў

Межавы знак тэрыторыі былога маёнтку Траўгутаў

У цыкле навэлаў «Gloria victis» («Слава пераможаным») пісьменніца Эліза Ажэшка так напісала пра сваіх паплечнікаў-паўстанцаў: «Не зняволеныя гэта былі, на аркане перавагі цягнутыя да бою, а добраахвотныя ахвярнікі высокіх алтароў. Са святлом ідэі ў галовах, з агнём любові ў сэрцах, галовы і сэрца неслі высока. Былі моцныя, смелыя, актыўныя і, ці паверыш прыткі вецер? — былі шчаслівыя (…) Правадыром іх быў чалавек з святым імем, якое гучала: Рамуальд Tраўгут. Ты пытаешся, чаму святое гэта імя? Бо па запаведзі Госпада ён пакінуў жонку і дзяцей, раскошу і спакой, усё, што лашчыць, усё, што радуе, і жыццёвыя спакусы з шыкам, скарбам, шчасцем, і, узяўшы на плечы крыж народу свайго, пайшоў за вогненным слупам, які плыў па гэтай зямлі, і ў ім згарэў».
 
Рамуальд Траўгут. Здымак з Вікіпедыі

Рамуальд Траўгут. Здымак з Вікіпедыі

Ідучы на эшафот, Траўгут з гонарам нёс у руках невя­лікае ўкрыжаванне Хрыста, якое за хвіліну да смерці перадаў родным. Пазней гэта сакральная рэліквія праз унука трапіла ў Гістарычны музей Варшавы, дзе захоўваецца ў мемарыяльным пакоі 1863 году. Апошні ліст, які напісаў Траўгут сваёй жонцы Антаніне Касцюшка і дзецям, знаходзіўся ў сямейным архіве ўнука Баляслава, але згарэў пад час пажару. На тым лісце мелася прыпіска ксяндза, які спавядаў Рамуальда перад пакараннем. Святар пазначыў, што Траўгут, перадаўшы блаславенне жонцы і дзецям, «з хрысціянскай адвагай аддаўся Волі Божай. Ніколі не бачылі людзі, з якім незямным спакоем ён ішоў да Брамы Гасподняй».
Схема маёнтку Траўгутаў у Астроўі  

Схема маёнтку Траўгутаў у Астроўі  

Выказваю шчырую падзяку жыхарам Астроўя Марыі і Анатолю Буклагам, усім тым, хто рупліва збірае сведчанні пра нашых славутых продкаў у тым ліку пра Рамуальда Траўгута і ягоных паплечнікаў. Асаблівая падзяка Леаніду Несцярчуку — аўтару кнігі «Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X-XX стагоддзяў». Выдадзеная ў Мінску ў 2002 годзе гэтая своеасаблівая энцыклапедыя старасвеччыны беларускага заходняга Палесся дае шмат грунтоўнай і важнай інфармацыі для тых, хто цікавіцца айчыннай мінуўшчынай.
Вяртаўся дахаты з надзеяй пра адраджэнне Астроўя…

Вяртаўся дахаты з надзеяй пра адраджэнне Астроўя…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць