Ленд-ліз: дапамога, якая замоўчваецца

Можа, і не варта перабольшваць унёсак саюзнікаў у перамогу, але навошта яго замоўчваць, а тым болей — зводзіць на нішто? Маленькая магнітная міна, падкладзеная пад ложак Кубэ, была англійскай вытворчасці — зручная тым, што не цікала.

Закон пра ленд-ліз быў зацверджаны Кангрэсам ЗША ў сакавіку 1941 года і дазваляў аказваць эканамічную дапамогу любой краіне. Падчас Другой сусветнай вайны паняцце «ленд-ліз» перанеслі на ўсе саюзніцкія пастаўкі ў савецкую краіну.

У маленькай вёсцы Аксаміты, што на Капыльшчыне, нашым суседам быў удзельнік вайны дзядзька Коля Вадап’ян (1914–1999). Ён дайшоў да Берліна, ваяваў у Маньчжурыі і ўсе вайсковыя перасоўванні і падзеі занатоўваў у блакноце (дзеці, на жаль, яго не захавалі). Меў высокія ўзнагароды і тры цяжкія раненні, насіў у спіне восем аскепкаў. Падчас медправеркі ў ветэрана заўважылі пацямнеласці ў лёгкіх. Абласныя ўрачы ўнеслі яснасць: гэта астаткавая з’ява ад ранення, раскладаецца жалеза.

Тым не менш, у франтавіка адабралі трэцюю групу інваліднасці. Ён пачаў пісаць, скардзіцца, дапісаўся да Масквы. Тады сам старшыня Савета міністраў Казлоў з экскортам на дзвюх «Волгах» і двух «Уазіках» завітаў у вёску. У выніку праверкі старшыню калгаса знялі з працы, а Вадап’яну далі другую групу. На час яго смерці ваенкамат не знайшоў сродкаў, каб дастойна, па чыну, пахаваць ветэрана.

Дзядзька Коля быў лепшым у акрузе сталяром. Пад паветкай размяшчалася майстэрня, заўсёды поўная духмяных стружак. Многае з інструменту было самаробным. У сына захавалася дзевяць акуратненькіх, лёгкіх лучковых піл і некалькі нажовак. Палотны наразаліся з дапамогай амерыканскага станка. Усё астатняе ў гаспадарцы было нямецкае: плуг, сошка, сячкарня, кацялок, лічыльнік і нават нажнічкі.

Цяжка сказаць, як да чалавека прыйшлі ўсе гэтыя рэчы. Шмат дабра навезлі з Германіі франтавікі і вывезеныя на прымусовую працу беларусы, нешта прывёз сам гаспадар. Безумоўна, без амерыканскай дапамогі тут не абышлося. Без таго самага ленд-лізу, пра які так неахвотна ўспамінаюць сёння.

Пра паліто, боты і яркія кітайскія сукеначкі прыгадвалі знаёмыя дзетдомаўкі з Мінска — Надзея Іюльская і Вольга Далгачова. Прадуктовыя пайкі атрымлівалі інваліды вайны. Прыходзілі пасылкі на сельсаветы і па чарзе размяркоўваліся паміж маламаёмаснымі. Да 1970-х гадоў беларускія кабеты насілі «плюшаўкі» з саюзніцкіх паставак. У паэме «Лодачкі» Ніл Гілевіч распавёў пра туфлі сястры, атрыманыя з такой пасылкі. Яна не магла дачакацца, пакуль дарасце да абноўкі, аднак туфлікі давялося прадаць, каб старэйшаму брату было што апрануць у вучылішча.

Лагайчанка Вольга Васюковіч, калі выкладала ў пачатковых класах на Бягомельшчыне, прыгадвае слоікі з канфіцюрам, якія выдаваліся вучням. «Нам дапамагалі амерыканцы», — пацвярджае яна. Лідзія Курто запомніла «імпартныя» паўзункі, у якіх жанчыны адразалі ступачкі. Перш я падумала: па няведанні. Пасля скеміла: тады не хапала дзіцячага абутку. Лягчэй адмыць ножкі, чым светлыя паўзункі…


Для таго, каб амерыканцы здолелі здзейсніць пастаўкі па ленд-лізу, на Поўначы будавалі спецыяльны аэрадром. Адтуль у яснае надвор’е бачылі Аляску. Бабруйчанін Яўген Квяткоўскі пасля мабілізацыі ўзводзіў абарончыя збудаванні ад японцаў пад Уладзівастокам. Адтуль і трапіў на Чукотку.

Два месяцы плылі два ваенныя караблі, абагнуўшы Сахалін. Адзін вёз вялікую брыгаду, другі — правізію, тэхніку (бульдозеры, трактары) і мноства скрыначак. Што ў іх — ніхто не ведаў. Аказалася — дошчачкі, дарагі паркет! Ім высцілалі ўзлётна-пасадачную паласу.

Пакуль не збудавалі баракі, жылі ў палатках. Прадуктаў хапіла на паўгода. Людзі мерлі ад холаду і голаду, страўнікавых інфекцый, цынгі і сіфілісу (хвароба карэннага этнасу). Ежу здабывалі хто як мог. Беларус адкрыў для сябе вітамінную чарамшу, еў сырую рыбу і птушыныя яйкі. Каго ад такой ежы выварочвала — тыя не мелі шанцаў на жыццё. Трохі палягчэла, як ва ўмовах вечнай мерзлаты паўстала ўзлётная паласа і пачалі завозіць прадукты па дагавору. Да таго ж старшага механіка ўзяў сабе за памочніка камандзір аэрадрома — так што тое-сёе перападала.

Туды ж, у адзіны буйны адміністрацыйны пункт Чукоткі, прыбывалі амерыканскія караблі. Але яны не маглі прышвартавацца — не было прыстані. Грузы з караблёў перавозілі баржамі.

Аднойчы здарылася бяда: баржа збілася з курсу, бо матросы папілі спірту з кампасаў. Баржу панесла цячэннем на скалы. Рабочыя вырашылі скакаць у ваду са снегам у сваіх мехавых камбінезонах. Адзін, на хаду зрываючы адзенне, выскачыў, за ім яшчэ трое… З хваляў пачулі, як застрэліўся старэйшы па ўзросце. Жэня выбраўся на бераг і страціў свядомасць. Яму пашчасціла — яго падабралі і выхадзілі чукчы. Вынікам «няштатнай сітуацыі» сталі толькі абмарожаныя на нагах пальцы...

Небяспека падсцерагала на кожным кроку. Заснуць на варце азначала верную смерць. Часам ратаваў пякучы глыток спірту. Ды здзейснена было галоўнае: прымалі і перапраўлялі на Вялікую Зямлю саюзніцкую дапамогу. Але подзвіг гэтых самаахвярных будаўнікоў застаўся невядомым — ім не далі ніводнага медаліку. Яўген Фларыянавіч усё жыццё крыўдаваў за такую «ўвагу» з боку савецкага камандавання. (З аповедаў Ядвісі Квяткоўскай).

Не ўяўляецца, як Чырвоная Армія магла перамагчы нацыстаў без славутых «Студэбекараў». Карыстацца імі карысталіся, але за пахвалу на адрас амерыканскай тэхнікі можна было трапіць туды, куды Макар цяля не ганяў.

«У нашу вайсковую частку (у той час я служыў у Расіі) пасля вайны прыгналі грузавыя аўтамабілі амерыканскай вытворчасці, называлі іх «Студэбекеры». Стаяць армейцы ля замежных аўтамабіляў, аглядаюць. Далучыўся капітан, пагладзіў радыятар, падышоў да кузава і захоплена пляснуў па ім далонню: «Вось гэта тэхніка!» Той жа ноччу яго і схапілі. Галоўнакамандуючы Савецкай арміі, генералісімус, бацька ўсіх плямён і народаў, вялікі таварыш Сталін узяў яго пад сваю апеку ажно на пятнаццаць гадоў», — распавёў адзін адстаўнік на рыбалцы. (Паводле Рычарда Жураўскага).

Тое-сёе перападала не толькі фронту, але і партызанам. «Перед “Карпатским рейдом” из Москвы доставили очень добротные комбинезоны зеленого цвета, говорили, что они “американские”. Те, кто прибыл в отряд из “московских” десантных групп, ходили в кожаных куртках», — піша Барыс Цырлін на сайце «Я помню».

Моладзь можа не ведаць гэтага слова — ленд-ліз. Адкрываю інтэрнэт і знаходжу там поўныя жоўці выпады сучасных расійскіх імперцаў супраць «дзядзькі Сэма», які хацеў нажыцца на чужой бядзе. Падумаць толькі: калі вайна скончылася, яны запатрабавалі назад свае «Вілісы» — з поўным камплектам і ключамі, а пасля пусцілі ўсё гэта на пераплаўку.

Мне стала цікава. Адкрываю тэкст за тэкстам, знаёмлюся. Віды паставак, шляхі паставак, небяспека самага кароткага Паўночнага шляху — марскога… Ага, і па сушы, праз Іран адпраўлялі — вось адкуль «Іранскі дзённік» Пімена Панчанкі…

Лічбы ваенна-прамысловай дапамогі знаходзяцца ў вольным доступе. Савецкія ўзброеныя сілы да мая 1945-га атрымалі 450 тысяч грузавых машын і 21 тысячу баявых самалётаў, 1900 лакаматываў з вагонамі і рэйкамі, тысячы ваенных караблёў і кацераў. ЗША і Злучанае Каралеўства паставілі Савецкаму Саюзу звыш 45 тысяч радыёстанцый, 2 тысячы радыёлакатараў, 8,5 тысяч зенітных гармат. На амерыканскай цязе дзейнічала ўся артылерыя. З Вялікабрытаніі, Канады і ЗША было атрымана звыш аднаго мільёна тон авіябензіну, які з мэтай эканоміі змешвалі з менш якасным савецкім палівам.

Ад саюзнікаў атрымлівалі стралковую зброю, танкі, бронетранспарцёры, алюміній, медзь і сталь, порах і снарады. Да таго ж прадукты: зерне, мясныя кансервы, тлушч, масла, цукар. У адным з заказаў 1946 года Савецкі Саюз папрасіў у амерыканцаў найноўшы бамбардзіроўшчык, якому не было аналагаў у свеце. Самалёта, зразумела, не далі. Тады выдатныя савецкія авіяканструктары разабралі і скапіравалі борт, што быў разбіты на Далёкім Усходзе.

Згодна ленд-лізу, усё, што знішчана, страчана і выкарыстана падчас вайны, не падлягала аплаце. Што не разбурана і захавана — належала вярнуць або кампенсаваць кошт. Гэта, лічу, справядліва. Даўгі «дзядзьку Сэму» вярталіся са скрыпам. (А колькі марыянетачных урадаў кармілі, каму толькі ні пастаўлялі зброю!)

У 1972 годзе выплаты ЗША былі зусім перапыненыя, а пасля распаду СССР аформленыя на правапераемніцу — Расію. У Расійскай Федэрацыі з-за падзей ва Украіне і Сірыі «фінансы заспявалі рамансы», так што капіталісты могуць не дачакацца «выгады» ад сваіх даўніх паставак.

У юбілейных прамовах не любяць згадваць ні пра саюзнікаў, ні пра дапамогу. У савецкіх фільмах усе «Кацюшы» ўстаноўленыя на айчынных «ЗІСах», што не адпавядае сапраўднасці. Маленькая магнітная міна, падкладзеная пад ложак Кубэ, была англійскай вытворчасці — зручная тым, што не цікала.

Можа, і не варта перабольшваць унёсак саюзнікаў у перамогу, але навошта яго замоўчваць, а тым болей — зводзіць на нішто? А былі ж яшчэ і людскія страты. Можа, і несувымерныя са стратамі краіны-пераможцы, але адчувальныя для кожнага народа.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Саша
  • 2018-07-18 09:41:46
Никто не "замалчивает" лендлиз. Даже Путин на параде победы много про это говорил. На самом верху в России всегда отдавали дань помощи союзников. И Ельцин это делал, и Путин, и другие политики РФ.
В учебниках школьных в РФ об этом есть сообщения.
В программах на российском ТВ это часто обсуждают.
Так где замалчивается?
По некоторым видам продукции лендлиз очень помогал. Например, тушенка и прочее.
Все равно в целом это было не более 15-20%.
СССР сумел сам создать мощную промышленную машину, которая и сломала хребет немцам.
Так в чем замалчивается, кто замалчивает?
Возможно, в СССР замалчивали. Но в либеральной России об этом трубили на всех программах ТВ в 90-е годы, и этот тренд никуда не делся.
Это одна из самых популярных тем, которые обсуждаются в рамках разговоров про ВОВ.
Любой, кто начинает говорить о ВОВ, всегда затрагивает тему ленлиза.
Врете вы опять.

  • Маша
  • 2018-09-21 14:21:37
А ничего что это была не "помощь в войне" - а посильная поддержка союзника против ОБЩЕГО врага?
То есть это не помощь, а участие союзников в войне - участие на уровне поставок необходимых вещей для войны на восточном фронте. Это не помощь, а общее участие в общей войне.
Так почему вы называете Ленд-лиз помощью? Это спекуляция.

Каментаваць