Марсэль Альбер — француз, які змагаўся за Беларусь

Гэты чалавек стаў адным з найлепшых ваенных лётчыкаў Францыі, але сваю славу ён здабыў у беларускім небе. 100 гадоў таму, 25 лістапада 1917 года, нарадзіўся французскі ас, лётчык легендарнай эскадрыллі «Нармандыя-Нёман» Марсэль Альбер.



На неба ён захварэў яшчэ ў юнацтве — працуючы металістам на заводзе, Марсэль ільвіную долю зарплаты аддаваў на платныя курсы пілотаў. Лётаць Альбера вучыла адзіная ў Францыі жанчына-пілот Івон Журжон. У 19 гадоў юнак стаў дыпламаваным лётчыкам.
 

Усяго праз некалькі гадоў у Марсэля Альбера надарылася магчымасць праявіць сябе — з пачаткам Другой сусветнай вайны кожны лётчык стаў на вагу золата. У лютым 1940-га пілота накіравалі ў знішчальную групу, ён лётаў на найлепшым французскім знішчальніку “Dewoitine D.520″.

Прынята лічыць, што ў 1940 годзе французская армія змагалася вельмі дрэнна, і лётчыкі былі не выключэннем. Гэта не так: першы ж дзень “Бітвы за Францыю”, 10 траўня 1940 года, стаў сапраўдным чорным днём для люфтвафэ. Нямецкія ВПС страцілі 350 самалётаў — гэта найбольшыя аднадзённыя страты “ястрабаў Герынга” за ўсю вайну. Марсэль Альбер зрабіў свой уклад у спробу адбіць немцаў, атрымаўшы адну паветраную перамогу (і яшчэ адну непацверджаную).

На жаль, выратаваць Францыю ў лётчыка не атрымалася, але і здавацца ён не спяшаўся. Пасля капітуляцыі група Альбера была перакінутая ў Алжыр, а 14 кастрычніка 1941 года ён з сябрамі збег (дакладней, “зляцеў”) на сваім D.520 у англійскі Гібралтар, а потым і ў Англію. Пэўны час Марсэль служыў у “Змагарнай Францыі” Шарля дэ Голя, але актыўнаму маладому чалавеку хацелася сапраўднай вайны. І ўжо ў снежні 1942 г. у складзе першай групы добраахвотнікаў Марсэль Альбер стаў лётчыкам знішчальнай эскадрыллі “Нармандыя”. Усяму свету гэтая назва стала вядомая крыху пазней — ужо як знішчальны авіяполк «Нармандыя-Нёман».

І тут талент Марсэля Альбера раскрыўся цалкам. Пачынаючы з чэрвеня 1943-га не праходзіла і некалькі дзён, як былы французскі рабочы чарговы раз павялічваў свой баявы рахунак. Да канца года на рахунку Альбера было 14 збітых самалётаў праціўніка, а да 9 траўня 1945 года ас здзейсніў 193 вылеты і збіў 23 машыны (7 асабіста і 16 у групе). Ва ўсіх французскіх ВПС было ўсяго некалькі пілотаў, якія мелі большы вынік. Многія свае перамогі Марсэль Альбер атрымаў у беларускім небе. “Французскі сокал” удзельнічаў ва ўсіх баях за вызваленне Беларусі, разам з войскам прайшоў нашу краіну з канца ў канец.

http://aerostories.free.fr/pil_cha_fr/albert/albert01.jpg

27 лістапада 1944 г. за мужнасць, гераізм і высокую доблесць старшаму лейтэнанту Марсэлю Альберу было прысвоенае званне Героя Савецкага Саюза. Родная Францыя таксама не забылася на героя — Марсэль быў узнагароджаны некалькімі французскімі ордэнамі, а ўжо ў наш час — у красавіку 2010 года — стаў кавалерам найвышэйшай узнагароды Францыі, Вялікага крыжа ордэна Ганаровага легіёна.

Пасля вайны лётчык-ас не застаўся ў авіяцыі: Альбер перабраўся ў ЗША, дзе доўга і паспяхова кіраваў сеткай рэстаранаў. Памёр герой 23 жніўня 2010 г., на 93-м годзе жыцця.

Дзяніс Буркоўскі, budzma.by

Каментаваць