«Мы ішлі ствараць незалежную Беларусь»

Іх твары прарэзаныя зморшчынамі, а валасы белыя ад сівізны — так, што іх саміх выпадае ўжо называць «дзядамі». Але гэты назоў — не абразлівы, бо на Беларусі спрадвеку шануюць дзядоў. Ужо 30 гадоў гэтыя людзі ідуць да незалежнасці, і шлях іх нязменна пралягае праз Курапаты.

Роўна 30 гадоў таму, 30 кастрычніка 1988 года, адбылася першая акцыя «Дзяды». Гэты дзень у многім стаў адпраўной кропкай нацыянальнага адраджэння. Некаторыя ўдзельнікі таго першага дня памяці продкаў працягваюць штогод праходзіць шэсцем ад гадзіннікавага завода да Курапатаў. Чаму яны вырашылі зрабіць гэта 30 гадоў назад і чаму робяць цяпер? У кожнага свой адказ на гэтае пытанне.

Быў камуністам — стаў фронтаўцам

Уладзімір Юхо, сябра Сойму КХП БНФ:


— Я быў перакананы камуняка! Я як раз атрымаў кватэру на Мірашнічэнкі, быў заслужаным турыстам СССР, і кожны дзень бегаў на зарадку ў Курапаты. Там жа ваколіцы — лес, зеляніна, ніякіх экспабэлаў. Я ўбачыў тыя яміны, заняпадзіны, і ўяўляў, што тут былі моцныя баі падчас вайны. У 1988 годзе, калі выйшаў артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці», мяне гэта моцна ўразіла, я зразумеў, што гэта зусім не тое, што я ўяўляў. І мяне гэта зацягнула: нараджэнне Беларускага Народнага Фронту, іншыя мерапрыемствы… Падчас першых «Дзядоў» мяне вельмі зачапіў разгон людзей у Курапатах. Я бачыў паўсюль міліцыю, увесь Зялёны Луг ёй поўніўся.

Для НКВД Курапаты былі страшным месцам, іх хавалі. Не проста так пасля смерці Сталіна знішчалі звесткі, якія тычыліся расстрэлаў. З 1953 па 1955 гады ў Курапатах быў каранцін, два гады туды нікога не пускалі — пра гэта казалі мне мясцовыя людзі. Цягам гэтага часу ва ўрочышчы працавалі — выкопвалі парэшткі людзей.

Але за 30 гадоў узнік Народны мемарыял, людзі ўсё зрабілі сваімі рукамі. Разам з тым пабудавалі кальцавую, праклалі газавую трубу… А цяпер, я думаю, уварванне ў Курапаты зроблена на загад нашага «цара». І аўра ўжо іншая ў Курапатах. Раней не было дарог, усё было закрыта дрэвамі — цішыня. Калі мне было цяжка, я прыходзіў туды, праходзіўся па алеі, і ўсё праходзіла.

За краіну, мову і незалежнасць

Ніна Багінская, актывістка:


— Калі я ўбачыла аўтазакі, якія кінулі на людзей, што прыйшлі адзначаць сваё нацыянальнае старажытнае свята, мяне «завяло». Я была ўзрушана, і пайшла, як запрасіў Зянон Пазьняк, у бок Курапатаў, але нам не дазволілі туды дайсці. Мы ішлі па акруговай шашы, прыпыніліся на ўзгорку і пачалі прамовы. Маладзейшыя за мяне людзі дасталі бел-чырвона-белы сцяг, і Пазняк пад ім стаў прамаўляць аб неабходнасці незалежнай дзяржавы, захаванні нашай культуры, і аб тым, што толькі незалежнымі мы будзем існаваць у гэтым свеце. Таму і цяпер я прыходжу на «Дзяды», бо я — за сваю краіну, за мову і за незалежнасць.

Але змены пасля таго пратрымаліся нядоўга. Калі Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай, сітуацыя пачала пагаршацца. Вывучэнне беларускай мовы было скарочана, «Беларуская маладзёжная» радыёстанцыя была забаронена, як і газеты. Пачаліся рэпрэсіі. Я лічу, што маскоўскі мір нас душыць і наступае. І цяперашні наступ на Курапаты — праява таго ж маскоўскага шавінізму.

У чаканні пераменаў

Сяргей Папкоў, намеснік старшыні КХП БНФ:


— Я пайшоў на «Дзяды» ў 1988 годзе таму, што чакаў пераменаў. Назіраў, як гэтыя пачвары разганялі людзей вадамётамі, выкарыстоўвалі слезацечны газ. Я адчуваў, што Савецкі Саюз разбураецца, таму быў прыхільнікам усіх акцый, якія тады былі. І перамены адбыліся, мяне нават выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета. Тады была магчымасць памяняць сітуацыю, і мы ішлі ствараць незалежную Беларусь. Да таго часу мы былі ў турме, не маглі нікуды ездзіць, нічога бачыць. Сёння мы хоць і жывем пад дыктатурай, але ж з’явіўся доступ да інфармацыі.

Але тады мы яшчэ былі беларусамі: да пачатку 1960-х 70 адсоткаў беларусаў жылі ў вёсках, людзі не былі асіміляваныя, яны абудзіліся і пайшлі дамагацца свайго. Тады лёгка было з людзьмі размаўляць, бо яны яшчэ не забыліся, адкуль яны пайшлі. А цяпер большасць не адчувае той небяспекі, якую нясе «русский мир» і руская мова. Моладзь павінна гэта асэнсаваць, аднавіць нашу памяць, абаперціся на сваё.

Нельга забыць

Эдвард Зайкоўскі, гісторык:


— Такі «прыём», якім нас сустрэлі каля Усходніх могілак, для большасці быў нечаканы, ніхто не думаў, што будзе такая колькасць міліцыі.  

Мой светапогляд быў ужо сфармаваны на той час, але тыя «Дзяды» хіба што ўмацавалі яго. Незадоўга да шэсця былі адкрытыя Курапаты, з’явіўся артыкул «Курапаты — дарога смерці»… Людзі ішлі з думкамі, што гісторыя нічому не навучыла гэтую ўладу, калі яна так адносіцца да народу і да памяці нашых нявінна расстраляных продкаў.

Хацелася б, каб цяперашнія «Дзяды» былі больш масавымі. Шкада, што гэта ўсё ў пэўнай ступені забываецца. У многіх сённяшніх мінчукоў продкі былі расстраляныя ў Курапатах і іншых месцах, таму пра іх варта ўзгадваць, нельга забываць пра сталінскія рэпрэсіі.

Чытайце таксама:

Вандэя ў дзеянні: Дзяды-1988


Калісьці шматтысячнае шэсце з нагоды шанавання памяці продкаў запачаткавалі 20-, 30-, 40-гадовыя. Сёння ж на «Дзядах» сустрэнеш няшмат моладзі. Ці не значыць гэта, што мы перастаем шанаваць сваіх дзядоў? Не бяруся сцвярджаць. Але дакладна ведаю адно: і праз 30, і праз 50, і праз 100 і 1000 год мы не павінны здрадзіць сваім караням. Каб не паўтарыліся зноў Курапаты, Хайсы, Кабыляцкая гара і іншыя месцы масавага знішчэння нашага народа. Каб Беларусь не знікла.

Фота: Аляксандр Лібертад

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-30 18:26:37
«Мы ішлі ствараць незалежную Беларусь»

У полі. Без дазволу ўлады. У часы СССР. Адвярнуўшыся ад Расеі. Пад сцягам паліцаяў, якія сумарна з сталіншчынай і нацызмам знішчылі траціну беларускага народу.
У той час, калі з 1985 рыхтаваў глебу для незалежнасці Гарбачоў, а ў 1991 дараваў Ельцын. Пры гэтым вось ужо 24 гады стварае незалежную Беларусь Лукашэнка ў сяброўстве з РФ. А яны ішлі тады і ходзяць сёння, каб ствараць сваю толькі ім вядому міфічную Беларусь. А што ў гэты час робяць астатнія 9,5 млн беларусаў? Дзе яны? Што ствараюць? Каму даюць інтэрв'ю?

Калі б нешта неверагоднае здарылася тады ў 1988 і вось такія б-ч-б змагары прыйшлі б да ўлады, то сёння не было б дзяржавы Беларусь. А так дзякуй Богу існуе.
  • З Гродна
  • 2018-11-13 09:04:17
Дзякуй Богу існуе... Насуперак такім як ты, Талян!

Каментаваць