На будоўлі ў Брэсце знайшлі парэшткі ўжо 600 чалавек, пошукі будуць працягвацца

Сёння ў Брэсцкім гарвыканкаме прайшла сустрэча па пытанні эксгумацыі і перапахавання ахвяраў яўрэйскага гета. Нагадаем, астанкі знойдзены ў межах цяперашніх вуліц Савецкай, Дзяржынскага, Куйбышава і праспекта Машэрава. Там пачала весці работы будаўнічая кампанія «Прыбужскі квартал».
На сустрэчу запрасілі кіраўнікоў яўрэйскіх суполак Брэста, прадстаўнікоў інвестара. Па словах cтаршага інспектара аддзела культуры гарвыканкама Алы Кандак, у цяперашні час паднятыя парэшткі шасцісот расстраляных яўрэяў падчас фашысцкай акупацыі. І пошукавы батальён працягвае працы. Не выключаецца, што могуць быць знойдзеныя да тысячы чалавек.
Кіраўнік іудзейскай суполкі «Эмуна» Барыс Брук, равін Брэсцкай іудзейскай рэлігійнай абшчыны «Хабат» Хаім Рабіновіч і іншыя адназначна выказаліся за перапахаванне парэшткаў. Гэта будзе на Паўночных могілках.

Будаўніцтва «Прыбужскага квартала» ў месцы выяўлення чалавечых парэштак прыпынена, далейшы лёс будоўлі пакуль невызначаны.

vb.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!