На Старым замку ў Гродне з’явіўся партрэт Баторыя (фота)

Група мастакоў-манументалістаў з Мінску амаль скончыла аздабляць брамную вежу замка. Цяпер яе ўпрыгожваюць 12 партрэтаў, сярод якіх кароль Стэфан Баторый. Рэшта, як ні дзіўна, выявілася рымскімі імператарамі, піша Белсат.
Выявы выкананыя ў тэхніцы зграфіта, характэрнай для Рэнесансу. Наносіцца адзін пласт тынкоўкі – каляровы. Па ім зверху кладуць яшчэ адзін – белы. Ну а далей мастак зразае белы пласт у патрэбных месцах, каб атрымалася выява. У гэтым выпадку – профільныя партрэты ў медальёнах, грыфоны ды раслінныя арнаменты.

«Пэўная доля дапушчэнняў»


Як патлумачыў Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, тэхніка зграфіта характэрная і для нашых земляў. Частка помнікаў, дзе яна ўжывалася, на жаль, не захаваліся. Але ў Гродне, напрыклад, ёсць выкананая ў тэхніцы зграфіта аздоба на Брыгіцкім касцёле XVII ст., а таксама ў кутняй вежы Лідскага замку.

Аўтэнтычнае зграфіта на Брыгіцкім касцёле ў Горадні 1642 году. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Аўтэнтычнае зграфіта на Брыгіцкім касцёле ў Горадні 1642 году. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Тое, што зграфіта выкарыстоўвалася ў Гродзенскім замку – бясспрэчна. Яе фрагменты захаваліся, а некаторыя можна ўбачыць няўзброеным вокам, напрыклад, з тыльнага боку замка, куды яшчэ не дабраліся рэканструктары. Сказаць, наколькі партрэтныя выявы, зробленыя зараз, адпавядаюць гістарычным рэаліям, сп. Антон не бярэцца:

«Я стараюся наагул не каментаваць тэму Старога замку ў Гродне. Скажу толькі, што аднаўленне падобных аб’ектаў, тым больш іх мастацкае аздабленне, заўсёды дапускае пэўную долю дапушчэнняў».


Пры Баторыю партрэта Баторыя на вежы не было?

Даследчык, які займаецца гісторыяй фартыфікацыяў, Мікола Волкаў лічыць, што ў Беларусі наўпрост няма спецыялістаў, якія б кваліфікавана займаліся тэмай аздаблення замкаў той эпохі. Самі ж малюнкі – партрэты старадаўніх рымскіх манархаў, да якіх дадалі Баторыя – наўпрост запазычаная з аздаблення замку Красіцкіх у Красічыне (Польшча).

«Выглядаюць выявы прыгожа, нічога не скажаш, – тлумачыць Волкаў, – Іншая справа, што брамная вежа, паводле «Хронікі Хашкоўскага», не была дабудавана пры жыцці самога Баторыя: увесну 1586 года яе толькі пачалі ўзводзіць, а ў канцы года кароль памёр. Як вядома, трон дастаўся дынастыі Вазаў, якія шанавалі сваіх папярэднікаў – Ягелонаў. А вось ці шанавалі адпаведным чынам Баторыя і ці маглі змясціць на вежы ягоны партрэт – зусім невядома. Звестак такіх няма. Пры самім жа Баторыю ніякіх зграфіта на гэтай вежы, з ягоным партрэтам або без, наагул не паспелі зрабіць».

«Фрэскі з партрэтамі прыгожыя, але трэці паверх вежы – фантазія»

Больш за тое, Волкаў ставіць пад пытанне існаванне трэцяга паверху брамнай вежы ў прынцыпе. Маўляў, на адным з нямецкамоўных планаў XVIII ст. напісана, што яна мела «два паверхі». Польскія даследчыкі міжваеннага часу ўжо ў ХХ ст. прачыталі інвентар па-свойму, бо ў Польшчы першы паверх не лічыцца: адлік ідзе ад другога. Такім чынам, архітэктар Уладзімір Бачкоў наўпрост паўтарыў «польскую» трактоўку, дабудаваўшы на браме яшчэ адзін паверх, а зараз – яшчэ і прыкрасіўшы яго прыгожымі зграфіта.

«На другім паверсе месцілася капліца, – працягвае Волкаў, – Можна нават лагічна задумацца, ці мог над капліцай быць яшчэ нейкі паверх, зыходзячы з правілаў сакральнай архітэктуры? «У «Хроніцы Хашкоўскага» капліца названая «касцёлам», што паказвае на яе вялікае значэнне. Гэта значыць, што яе планавалі асвяціць. У такім выпадку, над сакральным будынкам не магло быць нікай іншай надбудовы, апроч даху. Што тычыцца зграфіта, паўтаруся: гэта міла і прыгожа. Але што рабіць, калі ўсё гэта выявіцца суцэльнай фантазіяй?»

АК, фота Васіль Малчанаў, паводле belsat.eu


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!