«Нам гэто усё кажацца сном»

Хто раскажа праўду пра трагічны лёс нашых землякоў з Заходняй Беларусі, якія сталі ахвярамі дэпартацыяў 1940 года на поўнач СССР, у «лядовае пекла»? Пісьменнікі, рэжысёры, гісторыкі?.. Хай кожны распавядзе сваю гісторыю, чым больш згадак — тым лепей. Мы ж звернемся толькі да аднаго ліста звычайнай малапісьменнай сялянкі з-пад Падароску, датаванага 17 красавіка 1940 года.

Фрагмент карты Анежскага раёна часоў Сталіна

Ліст захоўваецца ў прыватным архіве аднаго з гродзенскіх краязнаўцаў. Нават канверту не засталося — адно аркушык паперы, спісаны дробным почыркам на беларуска-польскай трасянцы. Адрасаваны ён землякам і кумам аўтаркі — Сямёну Міхайлавічу Глебіку (у лісце — «кум», «кумок») ды яго жонцы. Імя «кумушкі», на жаль, нам не вядомае.

Звернемся найперш да абставінаў, у якіх ліст быў напісаны. У 1940 годзе былі праведзеныя тры аперацыі па высяленні розных групаў насельніцтва з новадалучаных да СССР тэрыторыяў Заходняй Беларусі ды Украіны: 10 лютага, 13 красавіка ды 29 чэрвеня. Высяленне праходзіла за адзін дзень — «па-стаханаўску». Пагрузка людзей у чыгуначныя вагоны і сам шлях займалі больш часу: у дарозе эшалоны знаходзіліся каля 2–4 тыдняў, а пасля ахвяраў часцяком чакаў яшчэ пераезд да месцаў рассялення. За тры этапы дэпартацыяў першай паловы 1940 года было выселена прыкладна 275 тысяч былых польскіх грамадзян.

Ліст Стэфаніды Аляксандраўны Бакач. Старонка 1.


«Усе прыяцелі сталі ворагамі. За што — то і самі не знаем»

Дамо ж слова аўтарцы ліста Стэфанідзе Аляксандраўне Бакач (арыгінальную арфаграфію мы пастараліся захаваць):

«Міленька і Дараженка Кумушка! Шмат часу прайшло са дня нашаго пабачанья, і здаецца ня месяцы, а цэлыя гады ужо мінулі на чужой старане. Часта сядавілася Вам пісаць, але голас душы кажа не, дык і сьонья пішу і баюся, каб ня памяшаць Вашаму счастліваму жыцю, калі і так, то шчаранька прашу выбачцье, бо мы сені ні свабодныя граждане Савецкаго Саюза, а безправныя, нам здаецца усе нашы шчырыя прыяцелі сталі ворагамі. І за што — то і самі не знаем. Той дзень Вялікага сьвята 17-га, калі наша любімая Чырвоная армія перайшла нашу усходнюю граніцу і нясла нам усім працоўным вызвалене ад польскіх паноў і капіталістаў, наша счасьце, наша быццё, наша сьветлае будучыня, наша радасць у сьветлае і шчаслівае жыццё..

Мы ўжо наўрад ці даведаемся, наколькі шчырыя словы Стэфаніды Аляксандраўны (1895 года нараджэння) пра «радасць і шчасце» з нагоды «вызваленчага» паходу Чырвонай Арміі ў 1939 годзе. Разам з мужам яна была высланая з вёскі Нізяны (сёння ў Падароскім сельсавеце Ваўкавыскага раёна) у першую хвалю дэпартацыі, 10 лютага 1940 года, калі ахвярамі сталі «асаднікі і леснікі».

Муж пані Стэфаніды, Аляксандр Іосіфавіч Бакач (1885 года нараджэння), мясцовы ўраджэнец, мог быць да 1939 года акурат лесніком, бо асаднікаў дасылалі зазвычай з Цэнтральнай Польшчы. У любым выпадку, «радасці і шчасця», але выключна ў савецкім разуменні, дэпартаваным давялося зведаць ужо ў паўночных раёнах неабсяжнай імперыі.

Ліст Стэфаніды Аляксандраўны Бакач. Старонка 2.


«Старшый лейтенант, такі харошы чалавек»

«Кумушка мілая, — ідзецца далей у лісце. — Я калі выбіралася з дому дык цешылася і сьмеялася і хуценка усё складала бо мала часу дано было на гэты выбар, усяго 2 гадзіны, я рада была што мы едзем у другую област, і думала, можа гэта усіх пераселюць, чулася вельмі добра, нас атправляу старшый лейтенант, такі харошы чалавек. Тош ён са мною так няньчыуся як здзіцём малым, памагау мне усё скла­даць і тое вазміце і тое палажыце я можа і шмат чаго не узялаб каб ня такой харошый чалавек. Савецкія людзі усе очень і очэнь харошыя, толькі адно недобра — сала ні кусочка, хлеба ні крошкі, ні крупы, ні мукі, нічога с сабой не узялі, кабан у хляве застауся. Нічога не шкадую, ні кутка сваго ні жывого, нічога. Няхай было бы так хлеб і вада абы быць свабодным гражданінам».

Зімнія краявіды каля колішняга пасёлку Тушылава (фота kozhozero.ru)

Куды ж дапамагаў збірацца сям’і лесніка таварыш лейтэнант, такі «харошы чалавек»? Пасёлак Тушылава, пазначаны ў лісце, знаходзіцца ў Анежскім раёне Архангельскай вобласці. Даўным-даўно там жылі лапары, а з XVI стагоддзя — манахі з мужчынскага Багаяўленскага Кажазерскага манастыра ды сяляне з навакольных вёсак, што належалі манастыру. Увосень 1918-га манастыр быў разрабаваны, іераманах забіты, манахі разбеглася. На месцы моцнай гаспадаркі спачатку была створаная камуна, але ў хуткім часе ў руках новых гаспадароў яна канчаткова збяднела. Тады «мудрае кіраўніцтва» ў Маскве і вырашыла падымаць бедныя раёны з невыносным кліматам за кошт дэпартаваных сялянаў.


Тушылава — пасёлак выжыўшых

На пачатку 1940 года ў Архангельскую вобласць пачалі прыбываць першыя партыі дэпартаваных. Іх планавалася выкарыстаць у сістэме нарыхтоўкі лесу прадпрыемстваў НарКамЛеса СССР, з якім была адмысловая дамова ў НКУС. Чэкісты фактычна здавалі ў рабства людзей лесанарыхтоўшчыкам за 10% ад прыбытку. Грошы на пабудову элементарнага жытла на «краі свету» Масквой былі выдаткаваныя, аднак будаваць ніхто нічога не спяшаўся: НарКамЛеса наўпрост заткнуў імі дзіркі ў бюджэце альбо раскраў. Таму ссыльных прывозілі на вузлавыя станцыі, дзе людзі чакалі невядома чаго: ані баракаў, ані фронту працаў падрыхтавана не было.

Рашэнне знайшлося ў адпаведнасці з логікай часу. Кантынгент падзялілі на групы па 20 сем’яў. На групу выдаваліся 4 двуручныя пілы, 8 сякераў і 2 напільнікі для заточкі. Маўляў, працуйце, і паралельна будуйцеся! Чаму так мала інструменту? Разлік быў дакладным: з улікам доўгай суровай зімы і смяротнасці ссыльных. Чэкісты згружалі ў снег буржуйкі, па два камплекты працоўных робаў на сям’ю, ежу па нормах утрымання зняволеных, падпісвалі акт аб перадачы «спецкантынгету» з трэстам, ды абяцалі вярнуцца праз месяц. Калі праз месяц кантынгент быў жывы — добра. Як не — завозіўся новы.

Смерць каталіцкай манахіні на спецпасяленні (фота Antique Photos Forum)

Прыкладна так і ўзнік пасёлак Тушылава на Кожвозеры. Гэта — пасёлак выжыўшых, да якіх дадалося мясцовае насельніцтва — з сялянаў, што некалі жылі на манастырскіх землях, ды з такіх самых раскулачаных, але ранейшых хваляў, з розных куткоў СССР. Сляды пасёлку ў выглядзе закінутых баракаў ды рэштак мясцовых могілак можна было адшукаць яшчэ ў 1987 годзе.

 

«Грахоу мы за сабою нечуям»

«Я усётакі думаю некалі угледзімсья, — працягвае аўтарка ліста, — Ня ужош такі ніколі прауды не дачакаямся і будзем зауша насіць на сабе маральную цяжасьць — не я моцна веру што разбяруцца і наша шчырая любов да усяго Савецкаго народа да Партіы і да Нашаго Мудраго і любімаго, Вялікаго Сталіна, нас аправдая. Даражэнькі Кумок! Калі у Вас хоць адна іскра той пашаны да нас яшчэ тлее як раней, і Вы нас добра ведалі і ведаеце якія мы ворагі Савецкай власьці дык пагаварыце скім знаяце і прашлеце нам што трэба зрабіць. Мы тут на сваём месцы сто процентово выконваем чэстно сваі абавязкі як і дома заўсёды выконвалі. А можа […] што калі сказаў дык плёткі только — а грахоу мы за сабою нечуям через нас ніхто ніколі не пастрадаў. Нам гэто усё кажецца сном што сталося з намі…»

Панарама Кожвозера, вясна 2017 (фота drive2.ru)


На жаль, не вядома, чым займаўся ў 1940 годзе «кумок» — Сямён Міхайлавіч Глебік, адзін з адрасатаў ліста. Вядома, што да 1939-га яго сям’я пражывала ў маёнтку Кабылякі — сёння гэта аграгарадок Матвееўцы Ізабелінскага сельсавету, непадалёк ад Нізянаў. Аўтарка ліста, імаверна, была хроснай маці дзяцей Глебікаў Яўгеніі і Мікалая, якія таксама згадваюцца ў лісце. Магчыма, бацька сямейства Глебікаў з прыходам Саветаў займеў нейкую пасаду, таму кума і звяртаецца да яго па дапамогу: каб з кім трэба паразмаўляў і напісаў, што рабіць.

Адсюль жа, магчыма, і шчымлівая, ледзьве не псіхапатычная дваістасць думкі ў лісце. З аднаго боку, пра добрых савецкіх людзей і асабіста таварыша лейтэнанта, з іншага — пра тое, што нават кавалку хлеба з сабой узяць не далі. З аднаго боку — прызнанні ў любові да ўсяго савецкага ды асабіста да таварыша Сталіна, з іншага — «Нам гэто усё кажацца сном, што сталося з намі». Дзве рэальнасці: што можна пісаць, і што нельга, як павінна быць, і як ёсць.

Баракі сасланых (фота Antique Photos Forum)


«Ціхо сьнег ляжыць ночью марозы птушачок не чутно»

Згадваюцца ў лісце паміж словам і іншыя сасланыя. Напрыклад, Іосіф Галамбеўскі, які жыў з сям’ёй Бакачаў у адным пакоі. Вядома, што Іосіф Галамбеўскі (1902 года нараджэння) жыў у Міхайлаве пад Ізабелінам і быў сасланы разам з двума сынамі 14 ды 16 гадоў (Здзі­слаў і Чэслаў). У Тушылава Галамбеўскія прыбылі разам з Бакачамі.

Заканчваецца ліст Стэфаніды Аляксандраўны наіўна-лірычнымі і адначасна страшнымі замалёўкамі прыроды:

«У Вас вясна птушачкі ужо сьпеваюць, а [тут] ціхо сьнег ляжыць ночью марозы птушачок не чутно жаваранкі кажуць беленькія я то не бачыла дамашней птіцы не увідіш, суровы север. Нам цяжко будзе прывыкаць кругом лес глухой дзікій і баракі нашыя с одной стараны озеро велікае. Бывайце здаровенькія цалуем вас моцна моцна. Правет знаёмым. Адрас наш: Архангельская область Онежскій район Кожо. Озазерское Поч.отделенія посёлок Тушилово. Цалую Кольку наймацней. С.А. Бакач».

Стэфаніда Аляксандраўна Бакач, як і сусед па пакоі Іосіф Галамбеўскі з сынамі, была вызваленая са спецпасялення па амністыі 10.09.1941 года. Пашчасціла. Яе муж, Аляксандр Бакач, не дажыў да амністыі — памёр 8 ліпеня 1940 года.

Кожвозера (фота russian-travels.ru)


Канец пасёлка і Паклонны Крыж

Паводле статыстыкі, у 1940 годзе ў Архангельскую вобласць чэкісты прывезлі 40000 «палякаў» — выхадцаў з Заходняй Беларусі і Украіны. З 1946 па 1953 год, атрымаўшы права выезду ў Польскую Народную Рэспубліку, ім скарысталіся 5800 чалавек. Раней у розныя раёны Украіны і Стаўраполля былі выселеныя яшчэ 1000 чалавек. Атрымаўшы пашпарт (без статусу ссыльных) у Архангельскай вобласці засталіся яшчэ 3000 чалавек. На пачатку 2000-х гадоў палякамі ў Архангельскай вобласці назвалі сябе 1430 чалавек. Паводле грубых разлікаў, выжыў тут адно кожны чацвёрты.

Руіны манастыра на Кожвозеры (фота sanatatur.ru)


Ужо ў 1954 годзе Кожпасёлак быў прызнаны неперспектыўным і ліквідаваны, нешматлікія яго насельнікі — пераселеныя ў больш цывілізаваныя куткі Саюза. На момант развалу СССР на яго месцы быў толькі ляснічы кардон. На Лопскай паўвыспе, дзе некалі стаяў разбураны бальшавікамі манастыр, у другой палове 1990-х гадоў зноў з’явілася абіцель манахаў. Там жа, сярод бяскрайніх лясоў ды маўклівых камянёў, з нагоды адраджэння манастыра быў усталяваны вялікі Паклонны Крыж.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: