Па чырвоных законах. Як выбіралі Народны сход Заходняй Беларусі

28 кастрычніка 1939 года пачаў працу Народны сход Заходняй Беларусі. На працягу некалькі дзён ён разгледзеў і ўхваліў лёсавызначальныя для беларускага народа дакументы. Аднак з самага пачатку Народны сход быў бальшавіцкім праектам, а ягоныя выбары не мелі нічога агульнага з сапраўднай дэмакратыяй.

Група агітатараў на выбарах у Народны сход Заходняй Беларусі. victory.rusarchives.ru

17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла польскую мяжу і на працягу некалькіх дзён заняла Заходнюю Беларусь – тэрыторыю, якая адышла Варшаве яшчэ паводле Рыжскага міра 1921 года. Савецкія ўлады пафасна заяўлялі, што адбыўся акт гістарычнай справядлівасці, калі другая Рэч Паспалітая, гэтае «уродливое детище Версаля» перастала існаваць. Аднак на змену патэтычным прамовам хутка прыйшлі шэрыя будні. Перад бальшавікамі стаяла нялёгкая задача: ажыццявіць саветызацыю даволі буйнога рэгіёну з пяцімільённым насельніцтвам. Першым крокам у гэтым напрамку стаў Народных сход Заходняй Беларусі.



На сход!

Адно з першых пытанняў, якое паўстала перад Саветамі ў Заходняй Беларусі, палягала ў юрыдычным замацаванні бальшавіцкай улады, наданні ёй неабходнай легітымнасці. З гэтай мэтай новая адміністрацыя, якая ўвасобілася ў выглядзе т.зв. часовых управаў, выступіла з ініцыятывай правядзення шырокамаштабнага сходу з удзелам адпаведна абраных прадстаўнікоў Заходняй Беларусі самых розных сацыяльных слаёў, узростаў і нацыянальнасцяў.

У свядомасць жыхароў рэгіёну пачала настойліва навязвацца думка, што толькі савецкая ўлада здольная абараніць іх ад любога ворага, даць надзею на лепшую будучыню.

Вось што казаў, напрыклад, 6 кастрычніка 1939 года на сходзе працоўных у Беластоку партыйны кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка: «Конечно, были времена, когда у нас в Советском Союзе мы пояса потуже затягивали, нам было трудно, но это время мы пережили. Сейчас нет такой силы, которая могла бы взять Советский Союз. Если кто посмеет выставить против нас 100 дивизий, мы выставим 200, кто выставит 200 дивизий, мы выставим 400 дивизий, а техники хватит на всех Надо думать о мирной жизни. Надо Народное собрание, не надо выбирать тех, кто вертит хвостом туда-сюда, надо сознательных. Самостоятельно Западной Беларуси не с руки существовать: один маленький зверек и тот ее проглотит».

За плячыма ў бальшавікоў былі не толькі дывізіі і тэхніка, але і вопыт «дэмакратычных» выбараў у Вярхоўны Савет СССР (1937) і БССР (1938), калі амаль стоадсоткавую перамогу заўсёды атрымліваў «непарушны блок камуністаў і беспартыйных».

Асцярожнасць па-бальшавіцку


Саветы, аднак, разумелі, што Заходняя Беларусь для іх пакуль што – terra inkognita, таму заклікалі праяўляць гібкасць. Той жа Панамарэнка 4 кастрычніка 1939 года на сустрэчы старшыняў часовых управаў Заходняй Беларусі ў Ваўкавыску наказваў: «Предупредите товарищей от левацких загибов, которые пытаются нажать сразу, не считаясь с населением. Мы имеем случаи, когда некоторые товарищи хотели сразу сделать то, что мы сделали за двадцать лет у себя. Двадцать лет мы, конечно, не будем делать в Западной Беларуси, но какой-то срок нужен. Вот приехал товарищ и раппортовал, что уже создал колхоз, а так нельзя».

Галоўную для сябе небяспеку ў Заходняй Беларусі бальшавікі адчувалі ў асадніках – былых удзельніках савецка-польскай вайны, таму на першых парах імкнуліся не надта правакаваць іх. На сустрэчы ў Ваўкавыску 4 кастрычніка 1939 года Панамарэнка папярэджваў, што асаднікі не зменяць палітыку Саветаў, аднак «могут нам напортить». Тым не менш, па словах, Панамарэнкі, у адносінах да асаднікаў нельга зараз выкарыстоўваць надзвычайныя захады: «Если крестьяне дадут им в морду, мы возражать не будем, но произвола не допустим» (пытанне з асаднікамі будзе канчаткова вырашана ў наступным годзе, калі бальшавікі прыбегнуць да дэпартацыі).

Чырвоны мікс


Уся падрыхтоўчая праца па арганізацыі і правядзенні выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі была ўскладзена на адпаведны Камітэт. Публіка ў Камітэце сабралася разнамасная. Камітэт узначаліў старшыня Часовай управы Беластоцкай вобласці Гайсін. Сакратаром Камітэта стала простая прадзільшчыца беластоцкай фабрыкі Эйдэльмана Марыя Дзячук. У склад Камітэта ўвайшлі: настаўнік яўрэйскай народнай школы Беластока Машэвіцкі, член Часовай управы Беластока Маркееў, віленскі настаўнік Клепачка, кацельшчык баранавіцкага чыгуначнага дэпо Ермаковіч, селянін Стаўбцоўскага павета Навагрудскай вобласці Шэстак, настаўніца з Брэст-Літоўска Мікалаева, старшыня сялянскага камітэта в. Вольма Беластоцкага павета Радзішэўскі, старшыня Часовай управы Беластока Спасаў. Таксама ў Камітэт «от братской Белорусской Советской Социалистической Республики» былі дэлегаваныя старшыня Вярхоўнага Савета БССР Грэкава, старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР Наталевіч і сакратар Прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР Папкоў.

Пуга і пернік


На першым паседжанні Камітэта быў разгледжаны і ўхвалены праект Палажэння аб выбарах, якое дэмагагічна назвалі «самым демократическим в мире». Паводле Палажэння, адзін дэлегат Народнага сходу абіраўся ад 5 тыс. чалавек, кандыдатуры павінны былі быць зацверджаны не менш чым за 10 дзён да выбараў. Амаль ва ўсім Палажэнне аб выбарах у Народны сход Заходняй Беларусі капіявала палажэнні аб выбарах у Вярхоўныя Саветы СССР і БССР.

Цікавы дыялог адбыўся наконт мінімальнага ўзросту кандыдатаў. Справа ў тым, што з мэтай паказушнай дэмакратыі бальшавікі зацвердзілі цэнзавы ўзрост не меней 18 гадоў. Калі Ермаковіч спытаў, ці гэта правільна, Наталевіч адказаў наступным чынам: «В СССР 18 летнего человека мы считаем вполне зрелым даже в политическом отношении, не говоря уже о том, что он может участвовать в производстве и в сельском хозяйстве, то есть 18-летний – это не значит молокосос! У нас в Верховном Совете БССР 4 депутата такого возраста. Это государственные деятели. А ведь в Польше в Сейм – в это смехотворное профашистское учреждение избирались с 30 лет».

Па традыцыі камітэтчыкі не маглі не закрануць тэму «ворагаў» народа, якія будуць імкнуцца ўсяляк сарваць выбары. Гайсін заяўляў, што будзе «кучка людей, которая попытается нам напакостить», а таму «нужно уничтожать всякого, кто у нас на пути». Пра дыверсантаў і «скрытых врагах со своими бюллетенями» казалі Машэвіцкі і Грэкава.

Грошы, лічбы, бюлетэні


На другім паседжанні Камітэта 18 кастрычніка 1939 года ў Беластоку былі разгледжаны наступныя пытанні.
Першае тычылася выбарчых бюлетэняў. Было вырашана, што бюлетэні ў залежнасці ад нацыянальнага складу насельніцтва павінны друкавацца на беларускай, польскай, рускай і яўрэйскіх мовах з рэзервам у 10%.

Што да вынікаў галасавання, то ўводзілася жорсткая справаздачнасць: старшыні часовых управаў павінны былі інфармаваць Камітэт аб ходзе выбараў кожныя дзве гадзіны, а «по мере необходимости – немедленно». Акрамя таго, прамежкавыя вынікі выбараў павінны былі быць прадстаўлены да 12 гадзін (выбары ў Заходняй Беларусі пачыналіся ў 4 гадзіны раніцы), а канчатковыя – да 24 гадзін.

Самае цікавае, што выбары ў Заходняй Беларусі аплачвала …сама Заходняя Беларусь. Уся кампанія ацэньвалася ў 796 тыс. 400 руб. Паводле рашэння Камітэта, да 22 кастрычніка 1939 года Беластоцкая вобласць (так зараз у бальшавіцкіх дакументах называліся былыя ваяводствы) павінна была пералічыць 240 тыс. 500 руб., Віленская – 160 тыс. 650, Навагрудская – 192 тыс. 950, Палеская – 202 тыс. 300.

Ліст беларускіх сялянаў Сталіну ў сувязі з выбарамі ў Народны сход Заходняй Беларусі. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Ліст беларускіх сялянаў Сталіну ў сувязі з выбарамі ў Народны сход Заходняй Беларусі. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Спачатку было слова


У будучай кампаніі важнае месца, канешне, займала камуністычная прапаганда. 12 кастрычніка 1939 года на паседжанні Мінскага гарадскога партыйнага актыва Панамарэнка прапанаваў, каб вобласці БССР «взяли шефство на бывшими воеводствами и двинули туда агитаторов дней на 10-15». Планавалася, што Мінская вобласць будзе «апякаць» Беласточчыну і Наваградчыну, Віцебская – Віленшчыну, а Магілёўская – палескі рэгіён.

Архіўныя дакументы сведчаць, што ў Заходнюю Беларусь было накіравана каля 40 тыс. агітатараў, «беседчиков». Напрыклад, агітатар па прозвішчы Юшпе правёў у Валожынскім рэгіёне пяць сустрэч з выбаршчыкамі і расказваў ім пра жыццё моладзі ў СССР, раўнапраўе жанчынаў пры сацыялізме і інш. Калі начальнік чыгуначнай станцыі Валожына спытаў Юшпе, ці мае ён такія ж прыгожыя гузікі, Юшпе адказаў, што не мае, аднак у Саветаў ёсць танкі і самалёты.

Улічваючы, што Заходняя Беларусь знаходзілася на адпаведнай адлегласці, яшчэ адной формай сталі агітмашыны. Напрыклад, грамадзянін БССР Ісаковіч 26 верасня 1939 года атрымаў пасведчанне, што ён з’яўляецца начальнікам агітмашыны па маршруце Мінск-Стоўбцы-Нясвіж-Івацэвічы-Кобрын, Брэст, Высокае-Бельск-Беласток-Гродна-Ліда-Маладзечна.

Як сведчыць справаздача інструктара ЦК КП(б)Б Курава ад 22 лістапада 1939 года, у Заходнюю Беларусь з 24 верасня па 1 кастрычніка 1939 года было накіравана 12 агітмашынаў.

Вялікую ролю ў агітацыйна-прапагандысцкай працы адыгралі байцы, камандзіры і палітработнікі 10-й арміі. 9 снежня 1939 года намеснік начальніка палітычнага ўпраўлення Беларускай ваеннай акругі Юданаў накіраваў Панамарэнку спіс лепшых агітатараў 10-й арміі ў колькасці 409 чалавек.

Побач з жывым словам бальшавіцкія заправілы шырока выкарыстоўвалі і друкаванае. У Заходнюю Беларусь было накіравана звыш 20 тыс. асобнікаў Палажэння аб выбарах, звыш 40 тыс. асобнікаў Канстытуцыі БССР і СССР, звыш 40 тыс. партрэтаў «руководителей партии и правительства» і звыш 43 тыс. «разных плакатов». Акрамя таго, Беластоцкая вобласць атрымала 250 тыс. выбарчых паштовак, а астатнія вобласці – па 185 тыс.
Неад’емным элементам сталі лозунгі. Вось некаторыя з іх: «Няхай жыве наша выратавальніца – Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія і яе правадыр, маршал Савецкага Саюза Клімент Яфрэмавіч Варашылаў!», «Грамадзяне! Будзем пільнымі, строга падбірайце і правярайце людзей, якім хочаце аказаць высокі давер, выбіраючы іх сваімі дэпутатамі ў Народны Сход!».

Агітацыйны плакат на выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Агітацыйны плакат на выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

«Непарушны блок»


У ходзе выбараў трэба было дэлегаваць 929 кандыдатаў. Беластоцкая вобласць вылучыла 283 кандыдата, Віленская – 182, Навагрудская – 226, Палеская – 138, г.зн. усяго 929. Сярод іх было125 жанчын.

Не ўсё так гладка


Бальшавікі выдатна разумелі, што ў ходзе выбараў будуць складанасці і не памыліліся. Мясцовыя ўлады рэгулярна фіксавалі «вражеские вылазки» і праявы антысаветчыны.

Напрыклад, агітатар Якельчык дакладваў, што ў Лідскім рэгіёне на ўчастку №6 быў выяўлены бюлетэнь, на якім выкраслілі прозвішча кандыдата і напісалі «Рыдз-Сміглы». У Пінску на ўчастку №74 у будынак чыгуначнага клуба кінулі бомбу, але яна не ўзарвалася. У в. Чэпелевічы Высокалітоўскага павета ў дзень выбараў была затрымана «группа провокаторов» на чале з былым солтысам Кандратам Андрасюком. Яны запэўнівалі выбаршчыкаў, што Савецкая ўлада пратрымаецца нядоўга, што «Англия и Франция покончат с Германией, а потом примутся за СССР».

Больш таго, у Мазавецкім павеце Беластоцкай вобласці выбары апынуліся праваленымі па дзвюх выбарчых акругах: №227 (Саколы) і №239 (Стэльмахаў).

Запрашэнне на выбары. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Запрашэнне на выбары. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Вынік прадказальны


Нягледзячы на ўсе хібы і перыпетыі, бальшавікам удалося дамагчыся мэты: выбары адбыліся. Пры гэтым самая высокая яўка – 99.02% – зафіксавана ў Палеская вобласці, сама нізкая – 93,9 – у Беластоцкай. У сваю чаргу Беласточчына была ў лідарах па колькасці бюлетэняў з выкрасленым прозвішчам кандыдата – 15%, між іншым як у Віленскай вобласці такім паказчык сягаў 13,26%, у Навагрудскай – 7,9%, у Палескай – 1,43%.

А што далей? Як трапна заўважыў старшыня Пінскай павятовай партыйнай арганізацыі Дружынін 25 кастрычніка 1939 года, «выборы в Народное собрание прошли хорошо, а нам далее надлежит провести советизацию Западной Беларуси».

Заходнюю Беларусь чакалі новыя выклікі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!