Пад нацыянальным сцягам і гербам «Пагоня». 10 фактаў пра Першы Усебеларускі кангрэс

18 снежня (па новым стылі) 1917 года ў зале Гарадскога тэатру сабраліся 1872 дэлегаты. На гэтым з’ездзе адбылася інстытуалізацыя беларускай дзяржаўнасці.

100 гадоў таму, 18 снежня 1917 года, у Менску адкрыўся Першы Усебеларускі кангрэс, які праз некалькі дзён быў жорстка разагнаны бальшавікамі. “Радыё Свабода” сабрала 10 вядомых і малавядомых фактаў пра з’езд, які стаў падмуркам абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі як вольнай і незалежнай дзяржавы.

Першая сусветная вайна, Лютаўская рэвалюцыя прывялі да развалу Расійскай імперыі, што паспрыяла нацыянальнаму самавызначэнню народаў, у тым ліку і беларускага. У кастрычніку 1917 года ў Менску была створана Вялікая беларуская рада, якая разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай і Беларускім выканаўчым камітэтам Заходняга фронту звярнулася да беларускага народа — накіраваць дэлегатаў у Менск на Першы Усебеларускі з’езд.

У той жа час Беларускі абласны камітэт пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў у Петраградзе таксама прапанаваў правесці «надзвычайны беларускі з’езд». Беларуская народная грамада ў Маскве, распрацаваўшы сваю схему арганізацыі ўлады ў Беларусі, збіралася правесці выбары ў Беларускую краёвую думу, але пазней далучылася да працы менскага і петраградскага цэнтраў.

Паміж арганізатарамі разгарнуліся гарачыя спрэчкі, у Менску і Петраградзе ў атмасферы ўзаемнай падазронасці і недаверу сустракаліся прадстаўнікі зацікаўленых бакоў, каб выпрацаваць план падрыхтоўкі з’езду. Урэшце дамовіліся правесці з’езд у Менску.


Вялікая беларуская рада

Вялікая беларуская рада

1. Фінансавую падтрымку на правядзенне з’езду выдаткаваў Народны камісарыят РСФСР

2 снежня 1917 года Савет народных камісараў пад старшынствам Уладзімера Леніна пастанавіў выдзеліць Беларускаму абласному камітэту 50 тысяч рублёў для арганізацыі з’езду. Такі крок бальшавікоў тлумачыўся складанымі палітычнымі абставінамі. У Берасці пачыналіся мірныя перамовы па выхаду Расіі з вайны, якую бальшавікі вялі з немцамі без уліку інтарэсаў Беларусі.

Але большая частка грошай, выдаткаваных на правядзенне Ўсебеларускага з’езду Саўнаркамам Расіі, знікла.

Як расказаў “Радыё Свабода” вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Валянцін Мазец (таксама гэты факт ёсць ва ўспамінах гісторыка Віталя Скалабана), грошы трымаў агент «Аблкамзаху» (Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту) Караткевіч. Хутчэй за ўсё, Караткевіч «пад шумок», падчас гвалтоўнага разгону з’езду, гэтыя грошы прысабечыў, мяркуюць даследчыкі.

 

Герб Беларускай Народнай Рэспублікі «Пагоня»

 

2. Першы Усебеларускі з’езд праходзіў пад нацыянальным сцягам і гербам «Пагоня»

 Першае ўрачыстае паседжанне адкрыў Сымон Рак-Міхайлоўскі, завяршыў свой выступ ён воклічам: «Няхай жыве вольная Беларусь

Паводле ўспамінаў Канстанціна Езавітава, «адкрыццё Першага Усебеларускага кангрэсу было дужа ўрачыстае. Пры дзвярах будынка стаяла варта Першага Менскага беларускага палку, сцэна была ўпрыгожана нацыянальнымі сцягамі і гербам Пагоня».

Дэлегатаў з’езду вельмі ўразілі і беларускія гімны ў выкананні хору ў нацыянальных строях.

Сымон Рак-Міхайлоўскі

Магчыма, галасавалі дэлегаты мандатамі з выявай «Пагоні». Падчас рэканструкцыі Купалаўскага тэатру ў 2013 годзе знойдзены цэлы пакет старых папераў, датаваных пачаткам ХХ стагоддзя. Сярод унікальных знаходак — выява бел-чырвона-белага сцяга на шэрым кардоне. Гісторыкі не выключаюць, што такія карткі выкарыстоўвалі ў часе галасавання дэлегаты Першага Усебеларускага кангрэсу ў снежні 1917-га.

3. Знакамітыя дэлегаты Першага Усебеларускага з’езду

• Айцец Вінцэнт Гадлеўскі, адзін з лідараў беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху;

Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас), паэтка і грамадская дзяячка;

Аляксандр Уласаў, адзін з заснавальнікаў газеты «Наша Ніва», у будучыні радны БНР і сенатар Польскай Рэспублікі;

Фабіян Ярэміч, у будучыні радны БНР і дэпутат Польскага сойму;

• Будучыя старшыні Рады БНР: Ян Серада, Пётра Крачэўскі, Язэп Лёсік, Васіль Захарка;

Аркадзь Смоліч, будучы міністр БНР, потым адзін са стваральнікаў Акадэміі навук Беларусі;

Павал Жаўрыд, у будучыні адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну;

Алесь Гарун (віцэ-старшыня з’езду), паэт, пісьменнік, публіцыст, у будучыні радны БНР;

Кастусь Езавітаў, палітык, будучы радны БНР, міністр вайсковых справаў БНР;

Міхась Міцкевіч, настаўнік, малодшы брат паэта Якуба Коласа, у будучыні дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША;

Васіль Русак, у будучыні ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну, выдавец, прадпрымальнік, дзеяч беларускай дыяспары ў Чэхаславаччыне;

• Язэп Мамонька, палітычны дзеяч, публіцыст, у будучыні сябра прэзідыуму Рады БНР і палітычны вязень;

Радаслаў Астроўскі, у будучыні ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну, прэзідэнт БЦР.

4. На з’езд сабраліся 1872 дэлегаты з усіх беларускіх губерняў, а таксама са Смаленску, Вільні, Коўна

 

 18 снежня 1917 году ў зале Гарадскога тэатру (цяперашняга Беларускага нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы) сабраліся 1872 дэлегаты: 1167 з правам голасу, 705 з дарадчым голасам. Дэлегаты прадстаўлялі Менскую, Магілёўскую, Віцебскую, Смаленскую, Гарадзенскую губерні. Таксама на з’езд прыбылі прадстаўнікі беларускамоўных паветаў Ковенскай і Віленскай губэрняў.

Дэлегаты выбралі новы прэзідыум на чале з Янам Серадой. Для аператыўнага разгляду палітычных пытанняў была сфармаваная Рада з’езду ў складзе 60 чалавек.

5. «На гэтым з’ездзе адбылася інстытуалізацыя беларускай дзяржаўнасці»

Аблвыкамзах на чале з бальшавіком Рагазінскім і Саўнаркам, які ачольваў бальшавік Ландар, мелі даволі цьмянае ўяўленне аб формах будучай нацыянальнай дзяржаўнасці беларускага народу.

28–29 снежня на з’ездзе разгарнуліся вострыя спрэчкі: прадстаўнікі Вялікай беларускай рады — «радаўцы» — выступалі за абвяшчэнне Беларусі незалежнай рэспублікай, «абласнікі» — толькі ў складзе федэратыўнай Расіі. Аднак сярод дэлегатаў усё большую вагу набіралі незалежніцкія настроі.

Запрошаныя на з’езд камуністы ад удзелу ў пасяджэннях ухіліліся, але пільна сачылі за падзеямі. Паўночна-Заходні абкам РСДРП(б) на чале з Мясніковым (Мяснікянам) не прызнаваў ні права беларусаў на самавызначэнне, ні нават самога існавання беларускай нацыі. Нарэшце выпрацавалі кампрамісную формулу.

У ноч з 17 на 18 снежня з’езд паспеў прыняць першы пункт сваёй выніковай рэзалюцыі:

«Першы Усебеларускі З’езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць з свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савету сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем».

«Менавіта на гэтым з’ездзе адбылася інстытуалізацыя беларускай дзяржаўнасці. Многія з дэлегатаў з’езду потым стаялі ля вытокаў і Беларускай Народнай Рэспублікі, і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (якая першапачаткова называлася „Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь“). Гэта і Тамаш Грыб, і Язэп Варонка, і Аркадзь Смоліч, і шэраг іншых. А сярод тых, хто стаяў у вытокаў БССР, трэба згадаць найперш Змітра Жылуновіча», — кажа вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Валянцін Мазец.

 

Чальцы першага складу Народнага Сакратарыята БНР. Злева направа: сядзяць — Бурбіс, Серада, Варонка, Захарка, стаяць — Смоліч, Крачэўскі, Езавітаў, Аўсянік, Заяц. Менск, 1918 год 

6. Ордэр на брутальны разгон з’езду падпісаў Ландэр

У ноч з 30 на 31 снежня 1917 году будынак, у якім праходзіў кангрэс, атачылі бальшавіцкія атрады. У залю пасяджэння ўвайшлі народны камісар ўнутраных справаў Рэзанскі разам з кіраўніком гораду Міхаілам Крывашэіным і паведамілі пра роспуск з’езду і арышт прэзідыуму. У будынак урываліся ўзброеныя салдаты Першага менскага пяхотнага палка на чале з прапаршчыкам Рамнёвым.

У залі будавалі барыкады, адбываліся кулачныя баі. Аднак, нягледзячы на супраціў, прэзыдыюм быў арыштаваны, частка дэлегатаў з’езду разагнаныя. Ордэр на разгон з’езду падпісаў старшыня Саўнаркаму Карл Ландэр, які адмоўна ставіўся да ідэі беларускай дзяржаўнасці.

Аднак Рада, якой Першы Усебеларускі кангрэс перадаў краёвую ўладу, нелегальна сабралася на наступны дзень. Рада здолела выбраць Выканаўчы камітэт, які ўзначаліў адзін з кіраўнікоў Беларускай Сацыялістычнай Грамады Язэп Варонка. Выканаўчы камітэт з гэтага часу кіраваў нацыянальна-вызвольным рухам беларускага народу і падрыхтаваў абвяшчэнне ў сакавіку 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі і яе незалежнасці.

Падрабязна ўсе гэтыя падзеі даследаваў гісторык Станіслаў Рудовіч у кнізе «Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе» (Менск, «Тэхналёгія», 2001).

 

Плякат Усебеларускага з’езду. Крыніца: Нацыянальны архіў Беларусі 

7. Загад з Масквы: усю інфармацыю засакрэціць

У ноч з 30 на 31 снежня, яшчэ да таго, як арыштаванае кіраўніцтва з’езду было вызваленае (пасля таго, як Яўсей Канчар патэлефанаваў у Маскву), ад імя кіраўніцтва Аблкамзаху была разасланая тэлефанаграма, што забараняецца перадача любой інфармацыі палітычнага зместу, і ў першую чаргу — пра Першы Усебеларускі з’езд. Каб не было рэзанансу пра гвалтоўныя дзеянні бальшавікоў.

Жылуновіч вельмі яскрава выказаўся ў сваіх успамінах пра тое, як бальшавікі ў студзені 1918 году на ІІІ Усерасійскім з’ездзе Саветаў у Петраградзе фактычна ўхвалілі разгон Усебеларускага з’езду:

«Яны (расійскія бальшавікі) стаяць на грунце расійскай інтэрнацыянальнасці, і баста! І, стоячы на гэтым грунце, лічаць любы нацыянальны рух і буржуазным, і контрарэвалюцыйным. І нам трэба яшчэ добра навучыцца правільна выказаць сваю пазіцыю ў адносінах з расійскімі бальшавікамі», — працытаваў гісторык Валянцін Мазец.

8. «Новы год у пекле» з Глаўкаверхам і Глаўкапеклам

 

Змітрок Бядуля

Але ўжо на наступны дзень пасля разгону ў перыядычным друку з’явіўся цэлы шэраг матэрыялаў. У газеце «Вольная Беларусь» — артыкул «Свята на Беларусі».

Змітрок Бядуля апісаў падзеі, звязаныя з разгонам з’езду, у фэльетоне «Новы год у пекле». Галоўныя героі Глаўкапекл (правобразам якога стаў Мяснікоў) і Глаўкаверх збіраюць у пекле чарцей. «Ваша ўлада, якую вы ўчынілі на Беларусі, горшая за любое пекла», — скрушна заўважае адзін з герояў.

Канцоўку фельетону Змітрок Бядуля кампазіцыйна аформіў як абмен радыёграмамі паміж Глаўкаверхам і Глаўкапеклам:

Ад Глаўкаверха да Глаўкапекла: 

«На Ўкраіне льецца кроў. Разганяюць прыкладамі і штыхамі беларускія сялянскія з’езды. Мае п’яныя Крывашэіны паказваюць добрым людзям Волю ў вастрогах. Троцкі мае выдаць дэкрэт аб новых гільятынах для людскіх галоў.

Люцыпар дыктуе свайму сакратару радыёграму:

Ад Глаўкапекла — Глаўкаверху:

«Дзякую за шчырую службу. Вы, Бэкі — мае найлепшыя таварышы. Абманываеце народ не горш за быўшага самадзержца Мікалая ІІ». 

Фельетон Змітрака Бядулі быў надрукаваны ў «Вольнай Беларусі» 31 снежня 1917 году.

9. Ці быў на з’ездзе Максім Гарэцкі, дагэтуль застаецца загадкай

 

Максім Гарэцкі

1 верасня 1922 годзе ў віленскім тыднёвым часопісе «Беларускі звон» з’явілася апавяданне «Усебеларускі з’езд 1917 году», падпісанае псэўданімам «Я.С.». Толькі пасля вяртання імя і твораў рэпрэсаванага пісьменніка стала вядома, што аўтар гэтага апавядання — Максім Гарэцкі, а яно было зноў апублікавана ў кнізе «Творы» (Менск, «Мастацкая літаратура», 1990).

«У „Спісе маіх твораў“, зробленым у ліпені 1928 году, Максім Гарэцкі пазначыў „Усебеларускі з’езд 1917 году“ як адзін з пунктаў плану да аповесці „Дзве душы“. Аўтар тады меў намер перапрацаваць гэты твор», — распавядае пляменнік пісьменніка, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі.

«Максім Гарэцкі вельмі праўдзіва і дасканала асвяціў шэраг яркіх падзей і агульны настрой з’езду. Пісьменнік у той час жыў у Смаленску, і лічылася, што ён на з’ездзе не прысутнічаў. Але адкуль Максім Гарэцкі так падрабязна мог ведаць пра тыя падзеі, як быццам сам іх бачыў? Магчыма, мае рацыю Зоська Верас, якая сцвярджала, што на з’ездзе бачыла сярод прысутных Максіма Гарэцкага, аб чым у 2010 годзе паведаміў Уладзімір Содаль, які спаслаўся на адзін з лістоў Зоські Верас да яго, дзе паэтка ўзгадвала пра Усебеларускі з’езд 1917 году».

10. Важнасць з’езду, які прывёў да абвяшчэння БНР, прызнаў Лукашэнка

Доўгія гады беларускія ўлады ігнаравалі гістарычную значнасць Першага Ўсебеларускага з’езду і Беларускай Народнай Рэспублікі, што паўстала ў выніку яго правядзення.

1 снежня 2017 году першы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў зачытаў удзельнікам канферэнцыі «Падзеі 1917 году ў гістарычным лёсе Беларусі» прывітанне ад Аляксандра Лукашэнкі.

«Першы Усебеларускі з’езд 1917 году прадэманстраваў каштоўнасці, значныя для цяперашняга дня. Падзеі 1917 году спрыялі імкненню беларусаў жыць у сваім доме. Ідэя самавызначэння Беларусі, якая ішла знізу, ад ініцыятывы народных масаў, праявілася ў скліканні Першага Усебеларускага з’езду. Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасці, значныя для нас да цяперашняга дня: свая дзяржава, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідэры могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасці», — гаварылася ў звароце Лукашэнкі.

 www.svaboda.org

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць