Паэзія з дзіркай у галаве: 20 фактаў пра Гіёма Апалінэра

Французскі паэт Гіём Апалінэр – флагман еўрапейскага авангарду, продкі якога паходзілі з Беларусі, нарадзіўся 26 жніўня 1880 года. З гэтай нагоды мы вырашылі сабраць для вас пару дзясяткаў цікавых фактаў, датычных жыцця і творчасці паэта.
Гэткі фармат – пранумараваныя цікавосткі з жыцця айчынных класікаў – быў прыдуманы спецыяльна для таго, каб ажывіць для сучаснага чытача лёсы беларускіх літаратараў. Бо часам усё, што могуць згадаць пра іх суайчыннікі – гэта пара радкоў з праграмных вершаў ды вуліца, названая іх іменем. Дык, калі Вільгельм Апалінарый Кастравіцкі, нашчадак роду шляхціцаў былога Вялікага Княства Літоўскага – таксама наш, беларускі, то што замінае прадставіць такім чынам і яго лёс і спадчыну? Штопраўда, праз неардынарнасць самога паэтычнага генія, складаючы гэты спіс, мы зусім не расквечвалі фарбамі факты яго біяграфіі, як часам трэба рабіць, каб зацікавіць сучасную публіку беларускімі савецкімі пісьменнікамі, а наадварот, сёе-тое рэтушавалі. Каб не надта шакаваць тую самую публіку.

1. Містыфікаваў сваё паходжанне

І таму біёграфам каштавала шмат высілкаў, каб адшукаць больш-менш праўдзівыя звесткі пра Гіёма Апалінэра. Яго поўным іменем было Вільгельм-Альберт-Уладзімір-Аляксандр-Апалінарый Кастравіцкі, і ён прыйшоў на свет у Рыме. Гэткае віціеватае імя будучы паэт атрымаў не адразу. Ён быў сынам незамужняй беларускай шляхцянкі Анжалікі Кастравіцкай, якая адразу пасля родаў пакінула дзіця італьянскай карміліцы. Праўда, праз два месяцы вярнулася і запатрабавала немаўля назад. Праз два гады яна нарадзіла яшчэ аднаго сына, якога назвала Альбертам.

Апалінэр і ягоны брат ніколі не ведалі свайго бацькі. Апалінэр часта сцвярджаў, што па бацькоўскай лініі ён унук Напалеона І і наагул, множыў гісторыі свайго паходжання, прычым у кожнай з версій фігуравала нейкая высокапастаўленая асоба: папскі кардынал або рускі генерал. Але пазней было выяўлена, што ягоны бацька – Франчэска Флюджы Д’Аспэрмонт, італа-швейцарскі арыстакрат. Сувязь Д’Аспэрмонта з маці Вільгельма і Альберта прыпыніла ягоная сям’я, Кастравіцкая з дзецьмі пакінула Італію, пераехаўшы ў Манака. Апалінэр атрымліваў адукацыю ў школах Монтэ-Карла, Канаў і Ніцы, пакуль у 1899 годзе разам з маці і ейным грамадзянскім мужам не перабраўся ў Парыж.

2. Меў беларускія карані

Анжаліка Кастравіцкая не ведала польскай мовы, бо з маленства трапіла на чужыну. Яна была дачкой шляхціца Міхала Апалінара Кастравіцкага. У Расійскай Імперыі той быў афіцэрам царскага войска, але пасля паўстання 1863 года змушана выехаў з краіны і асеў у Італіі. Улады канфіскавалі ў яго маёнтак, да нядаўняга часу было няясна, які, але цяпер лічыцца, што гэта сядзіба Дарошкавічы пад Мёрамі. Пра тое, як паэт паважаў дзеда, сведчыць тое, што свой французскі псеўданім ён сканструяваў з свайго першага імя (Вільгельм-Гіём) і таго, якое атрымаў у гонар ваяўнічага продка. Але, найверагодней, беларусы сёння значна больш носяцца з беларускасцю Апалінэра, чым насіўся з нечым такім ён сам. У сэнсе, ён лічыў сябе нашчадкам палякаў і нават ганарыўся прыналежнасцю да гэткага мужнага народа, але не надта шмат ім цікавіўся, адно апраўдваў свае буйныя і часам асацыяльныя паводзіны славянскім тэмпераментам. Манументальная фігура і міжземнаморская знешнасць дасталіся яму ад бацькі.

Маці Гіёма Апалінэра Анжаліка Кастравіцкая

Маці Гіёма Апалінэра Анжаліка Кастравіцкая

3. Быў сынам Анжалікі


— якая магла быць калі не прататыпкай, то прынамсі духоўнай сястрой той самай Анжалікі з мілосных раманаў нашага дзяцінства. Маладзенькая Анжаліка Кастравіцкая была «цяжкім падлеткам», а ў далейшым жыцці праславілася як свабодалюбівая жанчына, мала залежная ад стэрэатыпаў грамадства. Яна была знакамітай у Еўропе авантурысткай і зарабляла на жыццё, бавячы час у казіно. Можна меркаваць, што яна нават была прывязаная да дзяцей, але праз асаблівасці жыццяладу магла надоўга пакідаць іх, што не магло не адбіцца на натуры ўразлівага Вільгельма. Хлопец пачуваўся бязмежна самотным і адрынутым, што знайшло выяўленне ў яго творчасці. Біёграфы сцвярджаюць, што Кастравіцкая была капрызнай і дэспатычнай маці і да канца жыцця дапякала Апалінэра рэўнасцю і прыхамацямі. Разам з тым Кастравіцкая праўдамі і няпраўдамі парупілася пра добрую адукацыю для сыноў. Яе малодшы сын Альберт зрабіўся банкірам. У Вільгельме рана прачынаецца літаратурны талент, у выніку ён вырашае прысвяціць жыццё пісьменству, а ліберальнае выхаванне робіць яго адкрытым усяму новаму. Першыя свае вершы ён піша ў 17 гадоў пад уплывам сімвалістаў.


4. Сябраваў з Пабла Пікаса

ды іншымі мастакамі, якія ўваходзлі ў аб’яднанне «Монпарнас». Дачыненне з авангардыстамі ад жывапісу моцна паўплывала на ягоныя эстэтычныя ўпадабанні. Першая паэтычная кніга Апалінэра «Бестыярый, або Арфееў картэж» напісаная пад уплывам Пікаса, які ў 1906 годзе працаваў над драўлянымі скульптуркамі жывёл. З пачатку 1900-х да самай смерці Апалінэр з’яўляўся ва ўсіх сэнсах заўважнай фігурай парыжскай багемы.

5. Папулярызаваў кубізм і прыдумаў сюрэалізм

У журналістыцы, якой паэт зарабляў на жыццё, ён працаваў у амплуа крытыка мастацтва. У газетах «Мэркюр-дэ-Франс» і часопісах «Пары-журналь» ды «Суарэ-дэ-Пары» ён змяшчаў рэцэнзіі на выставы сваіх сяброў-кубістаў, такім чынам займаючыся асветай масавага чытача. У 1917 годзе вакол яго складаецца кола літаратараў, якіх ён назваў сюрэалістамі: гэта Андрэ Брэтон, Філіп Супо, Луі Арагон, Жан Както, якія пасля смерці Апалінэра развілі метад сюрэалізму, зрабіўшы яго адным з самых знакавых праяваў авангарднага мастацтва.

6. Прыдумаў не ставіць у вершах знакі прыпынку

увёўшы гэта ў моду і паўплываўшы на пакаленні і пакаленні паэтаў. Калі вам не падабаецца вось гэтае ўсё сучаснае вершаванне з няроўнымі слупкамі, без косак і кропак, вы ведаеце, хто вінаваты.

7. Ніводнае яго каханне не было ўзаемным

А яго найвялікшая Муза — англійская гувернантка Анна Плэйдэн, якая нават уцякла ад бурлівага пачуцця паэта на іншы кантынент, у Амерыку, так і сказала: калі б я не адмовіла яму, не было б усіх гэтых геніяльных вершаў. Многія культавыя цяпер творы Апалінэра аб’явіліся толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя — жанчыны адрыналі ягонае каханне, але рупліва захоўваі лісты і паштоўкі з паэтычнымі прызнаннямі. Цалкам магчыма, паэту і не патрабавалася ўземнасці — проста ягоным вершам былі неабходныя адрасаткі. Самым паказальным выпадкам былі пачуцці да юнай жыхаркі Алжыра Мадлен Пажэс, якую ён на кароткае імгненне пабачыў у цягніку і якой адрасаваў лісты наўпрост з фронта, апісваючы цяжар вайны і пераконваючы самога сябе, што ён закаханы ў Мадлен.

У 1907 — 1912 гадах паэт сустракаўся з мастачкай Мары Ларансэн, з якой яго пазнаёміў Пікаса. Гэта былі няпростыя, поўныя драматызму стасункі. Развітанню з Мары прысвечаны найзнакаміцейшы верш Апалінэра «Мост Мірабо». У 1917-м, вярнуўшыся з фронту, ён, здаецца знайшоў шчасце ў шлюбе з Жаклін Кольб, але неўзабаве яго смерць іх разлучыла.

МОСТ МІРАБО
(LE PONT MIRABEAU)

Пад мостам Мірабо сплывае Сена
Й каханне наша
Памятай на змену
Тузе прыходзіць радасць несумненна

Прабіў гадзіннік ноч імкне
Дні прамінаюць паўз мяне

Рука ў руцэ стаім мы ў хваляванні
Пакуль пад мостам
Нашых рук дазвання
Мінулага знікае люстраванне

Прабіў гадзіннік ноч імкне
Дні прамінаюць паўз мяне

Мілосць мінае хуткаю вадою
Жыццё ідзе
Маруднаю хадою
Адно надзеям дужацца з бядою

Прабіў гадзіннік ноч імкне
Дні прамінаюць паўз мяне

Гады і дні сыходзяць вокамгненна
Мілосці не вярнуць
Адно нязменна
Пад мостам Мірабо сплывае Сена

Прабіў гадзіннік ноч імкне
Дні прамінаюць паўз мяне

Пераклад з французскай – Андрэй Хадановіч


8. Быў намінаваны на Ганкураўскую прэмію

але так яе і не атрымаў. У 1910 годзе выйшлі друкам апавяданні Апалінэра «Ерэсіярх і К». Апалінэр славіўся ў Францыі таксама як празаік, які тонка адчувае дух часу.

9. Ствараў фігурныя вершы

Шукаючы сувязі паміж паэзіяй і выяўленчым мастацтвам, Апалінэр ажыўляе такі жанр як каліграма, калі верш прымае абрысы прадмета, пра які ў ім распавядаецца. Візуальная паэзія прыходзіць у літаратуру ўва ўсе часы, калі яна зазнае трансфармацыю — так, напрыклад, здарылася ў эпоху барока, калі вершамі-каліграмамі бавіўся іншы выхадзец з Беларусі Сімяон Полацкі. Кніга «Каліграмы» пабачыла свет у 1918 годзе. Увогуле, Апалінэр эксперыментаваў з большасцю класічных формаў, добра ведаў класічную традыцыю. І менавіта гэта дапамагло яму зрабіцца флагманам авангарднай літаратуры. 

Фігурныя вершы Гіёма Апалінэра

Фігурныя вершы Гіёма Апалінэра

10. Спрабаваў пісаць на валонскай мове

калі ў 19 гадоў прабавіў з братам лета ў пансіянаце ў бельгійскіх Ардонах.

11. Пісаў парнаграфічныя раманы, каб пракарміцца

Біёграфы вызначылі ягонае аўтарства прынамсі ў двух творах 1907 года — «Подзвігі маладога Дон Жуана» і «Адзінаццаць тысяч розгаў, або Каханне аднаго гаспадара». Кажуць, у Францыі гэтыя творы доўга захоўваліся ў спецыяльным фондзе, доступ да іх мелі толькі спецыялісты, але сёння прынамсі адзін з іх можна лёгка купіць на «Амазоне».



12. Цікавіўся так званай абсцэннай французскай літаратурай


У 1913 годзе ён нават склаў каталог забароненых цэнзурай кніг, назваўшы яго «Апраметная Нацыянальнай бібліятэкі».

13. Пісаў пад жаночым псеўданімам


У 1909 годзе Апалінэр забаўляўся, друкуючы вершы і крытычныя артыкулы пра жаночую літаратуру ад імені Луізы Лалан. Загадкавая таленавітая аўтарка моцна заінтрыгавала парыжскую публіку, але даволі хутка містыфікацыя надакучыла самому яе стваральніку.

14. Адным з першых стаў ужываць у вершах словы тэлеграф, тэлефон, аэраплан, цэпелін, субмарына, трамвай і г.д.


І разам з тым Апалінэр спалучаў у творчасці згадкі рэалій і тапонімаў з усіх эпох і цывілізацый — тут і ўзнёслая біблійная гісторыя, і вульгарызмы, падслуханыя блізу вакзала Сэн-Лазар. Такая мяшанка эпох і эстэтык моцна раздражняла прыхільнікаў традыцыйнай літаратуры.
 Гіём Апалінэр чытае "Мост МІрабо". Аўдыёзапіс 1913 года.


15. Напісаў паэтычны варыянт адказу запарожскіх казакаў турэцкаму султану


Здзейсніўшы гэта, верагодна, на скрыжаванні свайго зацікаўлення славянамі і нецэнзурнай літаратурай. На беларускую мову гэты верш пакуль не перакладаўся.

16. Трапіў пад арышт за крадзёж «Моны Лізы»


Здарылася гэта ў 1911 годзе, калі пасля тэхнічных прац у Луўры 21 жнііўня «Джаконда» Да Вінчы адтуль знікла. Падазраваным па гэтай справе таксама праходзіў Пікаса, які сапраўды меў дома статуэткі з Луўра, але не ведаў, што яго памочнік вынес іх з музея. Гіём Апалінэр прабавіў у турме чатыры дні. Паэта вызвалілі дзякуючы сябрам і праўдзівым паказанням сведкаў, а з цягам часу паліцыя выявіла сапраўднага злодзея — службоўца Луўра італьянца Вінчэнца Перуджыа. Уся гэтая гісторыя прынесла Апалінэру шмат перажыванняў, бо пасля арышту пачаліся ксенафобныя нападкі на яго ў тагачаснай прэсе. Як нашчадак эмігрантаў ён амаль усё жыццё заставаўся чалавекам без грамадзянства і вельмі баяўся, што яго вышлюць з Францыі.

Дарэчы, гэтая гісторыя і зрабіла шэдэўр Леанарда сусветна знакамітым: каб адшукаць карціну, пра лёс якой не было нічога вядома амаль два гады, паліцыя пашырала рэпрадукцыі праз газеты і часопісы, а журналісты ўсемагчымымі фарбамі распісвалі гісторыю яе стварэння. Перуджыа адседзеў у турме ўсяго год: суддзяў крануў той факт, што мэтай злодзея было вярнуць палатно на гістарычную радзіму.


17. Пайшоў дабравольцам на вайну, каб здабыць французскае грамадзянства


І здабыў яго — у 1916 годзе, правёўшы год на перадавой. Нагадаю, што Францыя моцна пацярпела падчас вайны 1914 — 1918 гадоў, страціўшы каля мільёну мужчынскага насельніцтва, так што тое, што паэт выжыў на вайне, само па сабе было цудам. Праз тыдзень па атрыманні пашпарта, у сакаівку 1916 года, Апалінэр быў паранены ў скронь кавалкам снараду і дэмабілізаваны. Раненне наблізіла яго скон. Яго фота з павязкай пасля дэмабілізацыі — адна з найзнакаміцейшых яго выяваў. Яе і мае на ўвазе ў верш «Парыжскае пахмелле» Рыгор Барадулін:

Насцярожанасць настаўляе каўнер.
Страх у турму ідзе без канвою.
На стале бутэлька шампанскага,
Як Апалінэр
З забінтаванаю галавою…

18. Быў стрыечным пляменнікам Каруся Каганца



Казімір Кастравіцкі нарадзіўся ў 1868 годзе ў Табольску, куды быў сасланы яго бацька Караль, брат Міхала Апалінара, за ўдзел у паўстанні 1863 года. Калі хлопчыку было 6 гадоў, сям’я атрымала дазвол вярнуцца ў Беларусь, але маёнтак у Мінскай губерніі быў у іх канфіскаваны, што паставіла Кастравіцкіх на мяжу жабрацтва. Да 11 гадоў будучы паэт служыў пастушком. Пасля смерці бацькі ў 1874 годзе яго маці заручылася з селянінам.

Як і французскі сваяк, Казімір меў схільнасць да выяўленчага мастатцва, адвучыўшыся ў 1890-х у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Як і той, меў ген бунтарства. Браў удзел у рэвалюцыйным руху і ў 1902 — 1903 годзе спрычыніўся да стварэння БСГ, адседзеў 5 месяцаў у турме пасля рэвалюцыі 1905 года. Пісаў па-беларуску, супрацоўнічаў з «Нашай нівай». Памёр у веку 50 гадоў і пахаваны ў родавай сядзібе Навасёлкі каля Койданава (цяпер Дзяржынскі раён).

Сваякі-паэты мелі розныя лёсы і ўмовы для раскрыцця таленту. Яны жылі ў адну эпоху і нават памерлі ў адзін год (1918), але належалі да розных сусветаў. Падрабязнейшае супастаўленне іх біяграфій і паэтыкі магло б стаць цікавым паказнікам таго, як грамадска-палітычныя ўмовы, адукацыя, асяроддзе могуць уплываць на творчы шлях літаратара.

19. Памёр ад «іспанкі»


як і мільёны еўрапейцаў у 1918 годзе. Яго лёс і творчасць, такім чынам, увасобілі лёс самой Еўропы, якая акурат у той час развітвалася са старым і драматычна паварочвалася да новага. У дзень пахавання Апалінэра 13 лістапада, калі сябры і прыхільнікі праводзілі яго ў апошні шлях на могілкі Пэр-Лашэз, у Парыжы адбываліся маніфестацыі з нагоды заканчэння Першай Сусветнай вайны. Парыжане крычалі «Далоў Гіёма», маючы на ўвазе нямецкага імператара Вільгельма. Сябры паэта палічылі гэта сімвалічным: адрынаны Францыяй пры жыцці, паэт аказаўся адрынутым суайчыннікамі і ў час смерці.
Магіла Апалінэра на могілках Пэр-Лашэз

Магіла Апалінэра на могілках Пэр-Лашэз

20. Зрабіўся адным з «Паэтаў планеты»


Кніга выбраных вершаў Гіёма Апалінэра пабачыла свет у 2016 годзе ў выдавецтве Змітра Коласа. Яе аснову склалі згаданы вышэй 1911 года «Бестыярый…», а таксама самая знакавая кніга паэта — зборнік 1913 года «Алкаголі». На сайце онлайн-часопіса «Прайдзісвет» можна пазнаёміцца з самымі хрэстаматыйнымі (калі тут дарэчы такое слова) вершамі паэта, якія пазней увайшлі ў беларускае выданне.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: