Пакаленне, вядомае ў профіль і анфас

«Ноч расстраляных паэтаў» з пэўнага часу стала зместам не толькі навуковых манаграфій і мастацкай літаратуры, але і драматычнымі старонкамі цыкла гістарычных і літаратурных анекдотаў.

Фота Яны Трусіла 


У вар’ятні

Патрапіўшы ў турму, пісьменнікі — тое пакаленне, што сёння больш вядомае ў профіль і анфас, то-бок па турэмных фотаздымках, — вінавацілі каго заўгодна, але толькі не Сталіна. Сымон Баранавых пісаў у лісце да жонкі: «Я і цяпер не ведаю, каму гэта “трэба” было арыштоўваць чалавека, які гатовы перагрызці любому ворагу горла за маю дарагую савецкую ўладу…» Да «друга працоўных Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна» звяртаўся Андрэй Мрый: «Я ў час апошняга следства нават хацеў, каб да мяне былі ўжыты самыя рэпрэсіўныя меры ўздзеяння. Я думаў, што мне ўдалося б пераканаць і даказаць сваю непрыналежнасць да контррэвалюцыйных арганізацый. Я гатовы быў праз слёзы крычаць аб сваёй невінаватасці, клясціся вялікім ценем Леніна і Вашым вялікім імем тым, што, можа, у маіх роспачных словах адчуюць праўду». І толькі Цішка Гартны на пытанне следчага, хто ва ўсім вінаваты, казаў: «Усе. І вы, хто згубіў чалавечы воблік. А Сталін больш за ўсіх».

У выніку Гартнага аб’явілі вар’ятам і кінулі ў псіхушку, дзе ён, не дажыўшы да свайго пяцідзесяцігоддзя, пакончыў самагубствам.

Кат

Лукаш Бэндэ — адна з найбольш змрочных фігур беларускай літаратуры. Крытык-вульгарызатар, якога сучаснікі за вочы называлі «аглабельшчыкам». Яго газетныя разносы цягнулі за сабой турэмныя пакаранні, расстрэлы ці самагубствы. Як прыгадвалі старэйшыя пісьменнікі, Бэндэ, выходзячы на трыбуну Саюза пісьменнікаў, гаварыў: «А цяпер пагаворым пра птушак. Пра што спявае гэтая “птушка”? Пра буржуазны лад жыцця…» Нездарма Кандрат Крапіва прызнаваўся, што калі сядаў за пісьмовы стол, перад яго вачыма ўзнікаў Бэндэ. Рыгор Барадулін прыгадваў мімалётнае знаёмства з ім: «І здарылася так, што ў выдавецтва недзе ў шасцідзясятыя гады зайшоў нехта невысокі, невыразны, да бліскаты лысы. Падае мёртвую і ліпкую руку:

— Бэндэ.

І мне стала зябка. Была яшчэ цёмная восеньская раніца. У пакоі я быў адзін. Лямпачкі гарэлі болей чым ашчадна. Ажылі згадкі і ацалелых, і рэабілітаваных пісьменнікаў нашых.

Гэты нехта па імені Бэндэ штосьці казаў, нешта прапаноўваў выдаць. Я не чуў. Адаслаў яго да начальства. І з маладой бязлітаснасцю напісаў:

— Die stunde ist zuende,

Не ўсё зрабіў, што мог, —

Сказаў са злосцю Бэндэ

І ў дамавіну лёг.

Але Бог, як кажуць, шэльму меціць. Перакладаючы п’есу «Ветрык, вей!» класіка латышскай літаратуры Яна Райніса, Барадулін быў уражаны, сустрэўшы ў слоўніку пераклад слова «бэндэ»: у латышскай мове яно мае толькі адно значэнне — кат.


«Доказы вінаватасці»

Пісьменнік Барыс Сачанка пераказваў аповед рэпрэсаванага ў 1930-я гады літаратара:

— Помню, сеў я вячэраць. Стук у дзверы. Я адчыніў. На парозе стаяць двое. Некалькі гадзін поркаліся ў маіх рукапісах, кнігах, рэчах. Два мяшкі напакавалі «доказамі маёй вінаватасці». Ні машыны, ні падводы не было. Давялося на сабе ўсё гэта валачы. Уявіце: ідуць гэтых двое, ідзём мы з жонкаю і нясём самі на сабе «рэчавыя доказы вінаватасці», якой не было…

Выйшаўшы на волю праз гады, той літаратар пабываў на ленінградскай кватэры Бэндэ, якая ўся была застаўлена папкамі ды кнігамі. У тым ліку нявыдадзенымі кнігамі Дубоўкі, Пушчы, Гарэцкага, Жылкі — яны стаялі ў той самай чарговасці, як аўтараў арыштоўвалі. Знайшлася і нявыдадзеная кніга гэтага літаратара.

Калі рэпрэсаваныя пісьменнікі вярталіся з турмаў ды лагераў, Бэндэ прадаваў ім рукапісы іх кніг, што былі канфіскаваны пры арышце.


Па-сталінску

Рыгор Барадулін распавядаў, як некалі першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка паклікаў адданых партыі творцаў пяра і паведаміў, што ёсць магчымасць вярнуць некаторых пісьменнікаў са сталінскіх «курортаў». І тады прагучаў голас Кандрата Крапівы:

— Як сядзелі, так няхай і сядзяць.

Панамарэнка змоўк.

Зрэшты, паэт Рыгор Рэлес распавядаў, як на ўласнае вушы чуў, што з такім пытаннем да пісьменнікаў звярнуўся не Панамарэнка, а Броўка. Тады Крапіва і сказаў тое, што сказаў.


«Худая вша»

З запісаў Барыса Сачанкі:

«Андрэй Александровіч нарадзіўся ў Мінску ў рабочай сям’і і ў сваіх творах ухваляў усё, што ні рабіла савецкая ўлада — яна ж сіла рабоча-сялянская. І таму, калі пачаліся ў Беларусі рэпрэсіі, ён не падпаў пад іх. Наадварот, ім садзейнічаў, дапамагаў знаходзіць тых, хто яшчэ быццам прытаіўся ці “прымазваўся” да “пераможнага поступу сацыялізму” — “поспехаў калектывізацыі і індустрыялізацыі”, бязлітасна выкрываў іх у сваіх артыкулах, вершах, паэмах. Вядома ж, і “рос” — атрымліваў новыя і новыя пасады, званні — намесніка старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў, члена-карэспандэнта Акадэміі навук, члена ЦВК БССР, кандыдата ў члены ЦК КП(б) Беларусі…

І раптам, калі, здавалася, Андрэй Александровіч быў на самай вяршыні славы, яго арыштавалі… За што? Ды быццам за верш, які напісаў, будучы зусім маладым у пачатку дваццатых гадоў. Верш як верш, ён услаўляў Чырвоную Армію і таму перадрукоўваўся ў розных чытанках. І ніхто да пары і часу не бачыў, што гэта акраверш — першыя літары радкоў утваралі любімы выраз Андрэя Александровіча — “Худая вша”.

Сын паэта ўжо пасля смерці бацькі даводзіў не аднаму мне, што гэта не Андрэя Александровіча верш, што яго напісалі надрукавалі за прозвішчам бацькі яго непрыяцелі. Хто ведае, можа, і праўда. Бо Андрэя Александровіча многія не любілі. Апавядаюць: калі ён вярнуўся па адбыцці кары ў 1947 годзе ў Мінск і паставіў пытанне аб аднаўленні ў правах членам Саюза пісьменнікаў, Янка Маўр сказаў: “Мы ж толькі і жыць пачалі, калі цябе забралі… А цяпер ты зноў з’явіўся, зноў захочаш барацьбу з усімі весці…”

І не аднавілі Андрэя Александровіча ў правах члена Саюза пісьменнікаў… Давялося яму вяртацца зноў у “места не столь отдаленные”…».


На карысць рэвалюцыі

Двойчы рэпрэсаваны пісьменнік Ян Скрыган прыгадваў, як сустрэў у лагерным пункце Бэла Куна — таго самага некалі славутага бальшавіцкага дзеяча, які ў 1919 годзе абвясціў Венгерскую Савецкую Рэспубліку, што праіснавала крыху больш за сто дзён, а ў 1920-м, пасля ўстанаўлення ў Крыме савецкай улады і прызначэння старшынёй Крымскага рэўкама, стаў арганізатарам чырвонага тэрору на паўвостраве. Цяпер гэты самы Бэла Кун «супакойваў» без віны асуджанага на дзесяць гадоў сібірскіх лагераў Скрыгана:

— Нічога, малады чалавек, у гісторыі ўсё магчыма. Абы на карысць рэвалюцыі.

Сам Кун, абвінавачваны ў кіраўніцтве контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыяй, быў у 1938-м расстраляны. Мусіць, на карысць рэвалюцыі.


Рэабілітацыя

Практычна ўсё жыццё Ян Скрыган пражыў з даведкай аб адмене прысуду 1937 года і спыненні справы з-за недаказанасці складу злачынства. Пра тое, што ён у 1936 годзе не быў удзельнікам контррэвалюцыйнай арганізацыі і, адпаведна, адседзеў у сібірскіх лагерах незаконна, у даведцы не было ані слова.

Цалкам рэабілітаваны былы ссыльны Іван Аляксеевіч Скрыган быў толькі ў 1991 годзе, за год да смерці. Яму якраз споўнілася 85.


«Царыца Тамара»

Яе першым мужам быў славуты грузінскі рэжысёр Сандро Ахметэлі, мастацкі кіраўнік тбіліскага Тэатра імя Шата Руставелі, дзе яна была прымадоннай. Сучаснікі называлі яе царыцай Тамарай.

Але яе шчасце было нядоўгім — у 1936-м Сандро Ахметэлі арыштавалі па даносе двух народных артыстаў СССР, што служылі ў тым жа тэатры (адзін з іх пасля атрымаў тры Сталінскія прэміі запар). І тады «царыца Тамара», спадзеючыся на сустрэчу са Сталіным, паехала ў Маскву. І хоць сустрэчы з «правадыром» не дамаглася (у НКУС кармілі абяцанкамі: заўтра, заўтра), але затое абнадзеілі: «Вяртайцеся дамоў і чакайце». Яна паслухалася і вярнулася.

Чакаць нават не давялося — яе арыштавалі прама на вакзале ў Тбілісі як жонку «ворага народа». Прысуд: амаль дзесяць гадоў турмаў, лагераў і лесапавалаў. Там яна і пазнаёмілася з рэпрэсаваным беларускім пісьменнікам Алесем Пальчэўскім, ад якога, як ад «ворага народа», адцуралася жонка. Пальчэўскі стаў другім мужам Цулукідзэ.

Усёдараванне

Тым разам маскоўскі Тэатр Расійскай Арміі паказваў у Мінску спектакль з удзелам народнай артысткі СССР Ніны Сазонавай. Даведаўшыся, што Тамара Цулукідзэ не толькі ў Мінску, але і прыйшла на спектакль, Сазонава папрасіла пра сустрэчу — яна памятала маскоўскія гастролі Тэатра імя Руставелі ў 1930-я гады.

Калі Цулукідзэ прыйшла за кулісы, масквічы засыпалі яе кветкамі, а рэжысёр-пастаноўшчык Бурдонскі ўстаў перад ёй на калені. Назаўтра Тамара Грыгор’еўна распавядала журналісту Раману Ярохіну:

— Я памаладзела на дваццаць пяць гадоў! Учора была ў тэатры, падзарадзілася душой, хаджу як імянінніца! Дзякуй за свята Сазонавай! Дзякуй Бурдонскаму!

Ведаючы, што Цулукідзэ на дух не пераносіць імя Сталіна, ніхто не наважыўся казаць ёй, што Бурдонскі — унук Сталіна. Не стрымаўся назаўтра толькі журналіст Раман Ярохін:

— Царыца Тамар (ён звяртаўся да яе на грузінскі манер), а каб хтосьці казаў вам, што Бурдонскі — унук Сталіна?

Яна ўважліва паглядзела на яго:

— Па-першае, я ведаю, што Аляксандр Васільевіч — унук Сталіна. Па-другое, унук не можа і не павінен адказваць за злачынства свайго дзеда.

Пасля расстрэлу мужа і яе арышту, яе сын выхоўваўся ў сям’і брата Сандро Ахметэлі. Ёй толькі аднойчы дазволілі ўбачыцца з ім — калі лагер замянілі на ссылку.

— Прыехала ў Тбілісі, выйшла з вагона — бяжыць мой хлопчык: «Мама-а!» У мяне ногі падкасіліся. Абняла яго, цалавала, плакала. Вось тады і зразумела, што я ўсім і ўсё даравала. І Сталіну, і маім катам.

Фота Яны Трусіла з Ночы расстраляных паэтаў 29 кастрычніка 2020 года

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: