«Пакаштаваць на зуб прэзідэнта», ці Гісторыя аднаго страйку

У Мінску ў жніўні 1995 года адбыліся падзеі, якія маглі прывесці да сапраўднай рэвалюцыі.
Суд над удзельнікамі страйка

Суд над удзельнікамі страйка

21 жніўня 1995 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пад нумарам 336 з даволі грознай назвай: «Аб некаторых захадах па забеспячэнні стабільнасці і правапарадку ў Рэспубліцы Беларусь».

Указ прадугледжваў: прыпыненне дзейнасці Свабоднага прафсаюза, а таксама пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Мінскага метрапалітэна прафесійнага саюза чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Рэспублікі Беларусь да ўнясення адпаведных зменаў у закон «Аб прафесійных саюзах»; унясенне з боку пракуратуры ў адпаведныя суды прадстаўленні аб забароне дзейнасці Свабоднага прафсаюза, а таксама пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Мінскага метрапалітэна прафесійнага саюза чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Рэспублікі Беларусь. Указ таксама прыпыняў дзейнасць частак трэцяй і пятай артыкула 37 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета», частак першай і трэцяй артыкула 37 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў» і часткі другой артыкула 110 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Вярхоўным Савеце»; узмацненне з боку Генеральнай пракуратуры і Міністэрства юстыцыі кантролю над выканнем палітычнымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі і прафесійнымі саюзамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь; прадстаўленне ў месячны тэрмін Кабінетам Міністраў разам з Федэрацыяй прафсаюзаў праектаў законаў аб унясенні зменаў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь.

Даволі жорсткія палажэнні ўказа сведчылі пра тое, што кіраўнік дзяржавы страшэнна напалоханы і гатовы на ўсё. Падстава для гэтага была даволі значная. У Мінску 17-20 жніўня 1995 года адбыліся падзеі, якія маглі прывесці да сапраўднай рэвалюцыі. 

Да апошняга

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да улады ў ліпені 1994-га. Больш як з год краіна чакала цуда ад першага маладога прэзідэнта. Аднак цуд не прыходзіў. Больш таго: сітуацыя пагаршалася з кожным месяцам, жыццёвы ўзровень падаў. Ва ўсіх бедах Лукашэнка вінаваціў апазіцыю БНФ і Захад. Але на рашучыя дзеянні супраць улады пайшлі зусім іншыя.

Першымі не вытрымалі кіроўцы сталічнага тралейбуснага дэпо №1, якое абслугоўвала галоўную транспартную артэрыю Мінска — праспект Францыска Скарыны. А пятай гадзіне раніцы на маршруты выйшлі толькі 55 тралейбусаў са 155. Прычына: затрымка на некалькі дзён заработнай платы за ліпень. Пры гэтым кіроўцы не вылучалі аніякіх палітычных лозунгаў і нават не патрабавалі падвышэння заробку. Адміністрацыя дэпо не прыслухалася да кіроўцаў, таму на 17 жніўня 1995 года яны абвясцілі страйк.

Кіроўцаў дэпо вырашылі падтрымаць машыністы метрапалітэна. Іх становішча было не лепшае. Больш таго: некалькі месяцаў таму дырэктар метрапалітэна істотна паменшыў прэміі і адмяніў некаторыя надбаўкі.
З красавіка 1995 года паміж працоўнымі метрапалітэна і яго дырэктарам пачалася сапраўдная вайна. Машыністы звярнуліся нават у суд і пракуратуру, але безвынікова.

У чацвер, 17 жніўня 1995 года ў сталіцы здарыўся сапраўдны транспартны калапс. Мінчане мусілі дабірацца на працу наземным транспартнам, у тым ліку і таксі.

Зачыненае метро падчас страйку. Крыніца: Советская Белоруссия, жнівень1995 года.

Зачыненае метро падчас страйку. Крыніца: Советская Белоруссия, жнівень1995 года.

У страйку метрапалітэнаўцаў актыўна пачаў удзельнічаць Свабодны прафсаюз на чале з Генадзем Быкавым. Таму неўзабаве з’явіліся палітычныя лозунгі, накіраваныя супраць уладаў і асабіста Лукашэнкі.

Мэр Мінска Уладзімір Ярмошын быў у метрапалітэне ўжо а сёмай гадзіне раніцы 17 жніўня. Ён прапанаваў адкласці страйк, а кіраўніка метрапалітэна Уладзіміра Набежку адправіць у адпачынак. Машыністы рашуча адмовіліся і патрабавалі звальнення Набежкі.

Беларускі кіраўнік з яго добрай палітычнай інтуіцыяй адразу зразумеў, да якіх наступстваў можа прывесці страйк. Тым больш, што напярэдадні страйку Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімірам Ганчарыкам. На сустрэчы была дасягнута прынцыповая дамоўленасць пра тое, што трэба звярнуць увагу на заробкі працаўнікоў бюджэтнай сферы.

Лукашэнку нерваваў і той факт, што да страйка далучыўся яго асабісты палітычны праціўнік — дэпутат Вярхоўнага Савета, член апазіцыі БНФ Сяргей Антончык, які 20 снежня 1994 года пры зачытванні свайго «антыкарупцыйнага даклада» прымусіў плакаць Лукашэнку. 

Рэпрэсіі

У такіх умовах Лукашэнка пачаў дзейнічаць, як дзейнічаў заўсёды раней: жорстка і рашуча. Па-першае, афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі зрабілі з метрапалітэнаўцаў сапраўдных пачвараў, называлі іх эгаістамі. Лукашэнкаўскія СМІ заяўлялі, што заробкі машыністаў метрапалітэна высокія, таму іх патрабаванні неабгрунтаваныя (хаця метрапалітэнаўцы баставалі з-за парушэння калектыўнага дагавора і выплаты прэмій).

Асаблівую актыўнасць праявілі вядучая БТ Інга Хрушчова і вядучы адыёзнай праграмы «Рэзананс» Аляксандр Зімоўскі, якія сцвярджалі, што страйк фінансуецца ЗША і Польшчай, у прыватнасці, знакамітай «Салідарнасцю» (цікава, што напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі вядомы журналіст параўноўваў Лукашэнку з Лехам Валенсам).

У суды была спушчана адмысловая пастанова, каб прызнаць страйк незаконным. У такім выпадку ва ўладаў былі б развязаныя рукі: метрапалітэнаўцаў можна было б звольніць за прагулы па артыкуле паводле працоўнага заканадаўста. Афіцыйны іск быў пададзены з боку транспартнай пракуратуры. Мэта была дасягнута: 20 жніўня 1995 года суддзя Мінскага гарадскога суда Мікалай Бабкоў вынес вердыкт аб незаконным характары забастоўкі.

Пачаліся масавыя звальненні: працу страцілі некалькі дзясяткаў вопытных метрапалітэнаўцаў.

Лукашэнка даручыў Ярмошыну тэрмінова знайсці замену страйкаўцам. І штрэйкбрэхеры (прыкладна 60 чалавек) знайшліся з Баранавіч, Оршы і з іншых буйных чыгуначных вузлоў краіны. Аднак існавала істотная праблема: машыністаў метрапалітэна нават па паскоронай праграме вучылі некалькі месяцаў, а штрэйкбрэхераў — некалькі дзён, што стварала рэальную небяспеку для пасажыраў сталічнай «падземкі».

21 жніўня наступіла драматычная развязка. Міліцыя і АМАП арыштавалі 20 страйкаўцаў, пры гэтым быў невядомы лёс лідара Свабоднага прафсаюза Генадзя Быкава, кіраўніка прафсюза метрапалітэна Мікалая Канаха і дэпутата Вярхоўнага Савета Сяргея Антончыка. Народныя дэпутаты Вярхоўнага Савета ад апазіцыі БНФ Валянцін Голубеў і Сяргей Навумчык пачалі пошукі.

Арышт Антончыка быў абумоўлены тым, што ў падпісаным 21 жніўня ўказе №336 дэпутаты Вярхоўнага Савета і мясцовыя дэпутаты страчвалі дэпутацкую недатыкальнасць.
Сяргей Антончык. Крыніца: Имя, жнівень 1995 года.

Сяргей Антончык. Крыніца: Имя, жнівень 1995 года.

Калі ж Сяргей Навумчык знайшоўся, то параўнаў Беларусь з Гаіці. 

23 жніўня 1995 г. дэпутаты апазіцыі Зянон Пазняк, Валянцін Голубеў і Сяргей Навумчык накіравалі зварот, адрасаваны прэзідэнту Расіі Барысу Ельцыну, дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расіі, прэзідэнту Злучаных Штатаў Білу Клінтану і членам Кангрэса ЗША: «Звяртаемся да вас у сувязі з пагрозай для дэмакратыі на Беларусі. Парушаюцца правы чалавека, абмежаваныя свабода слова, сходаў і мітынгаў. Сістэматычна парушаецца Канстытуцыя і законы краіны. Найбольш яскрава гэта праявілася сёлета 12 красавіка, калі ў залу парламента па распараджэнні прэзідэнта былі ўведзеныя войскі, і дэпутаты дэмакратычнай апазіцыі былі збітыя. 21 жніўня арыштаваныя лідары рабочага руху. У той жа дзень без прад’яўлення абвінавачвання быў схоплены прадстаўнікамі ўладаў аўтар даклада пра карупцыю ў Адміністрацыі прэзідэнта, дэпутат парламента Сяргей Антончык. Тры дні Антончык сілай утрымліваўся ў ізаляцыі на тэрыторыі частак Унутраных войск, і ні дэпутаты, ні сям’я не мелі звестак пра яго. Па словах першага намесніка Генеральнага пракурора, прэзідэнт Лукашэнка падпісаў указ аб ліквідацыі дэпутацкай недатыкальнасці. Гэты ўказ пярэчыць Канстытуцыі і законам краіны. Кіраўніцтва пракуратуры заявіла, што ў сваіх дзеяннях будзе кіравацца не Канстытуцыяй і законамі, а ўказамі прэзідэнта. Узнікла рэальная пагроза расправы не толькі над лідарамі дэмакратычнай апазіцыі, але і над усімі тымі грамадзянамі, якія выказваюць нязгоду з палітыкай прэзідэнта. Спадзяемся на вашу падтрымку дэмакратыі на Беларусі».

Указ-здань

Гісторыя са страйкам мела драматычны працяг. Справа ў тым, што Лукашэнка падпісаў указ №336 21 жніўня, аднак у друку («Советская Белоруссия») гэты нарматыўны прававы акт з’явіўся толькі 1 верасня. Супраць указа выступіла амль уся дэмакратычная грамадскасць краіны. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і яе кіраўнік Ганчарык заявілі, што будуць аспрэчваць указ у Канстытуцыйным Судзе.
Так выглядалі вуліцы Мінска падчас страйку метрапалітэна. Крыніца: Народная газета, жнівень 1995 года.

Так выглядалі вуліцы Мінска падчас страйку метрапалітэна. Крыніца: Народная газета, жнівень 1995 года.

Аднак былі і такія, хто не жадаў псаваць адносіны з Лукашэнкам. Так, каментаваць указ адмовіўся старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве, вядомы дэпутат Дзмітрый Булахаў.

Неўзабаве Канстытуцыйны Суд пачаў разглядаць справу аб адпаведнасці ўказа №336 Канстытуцыі, а 8 лістапада 1995 года прызнаў указ неканстытуцыйным.

Але якое гэтам мела значэнне для Аляксандра Лукашэнкі, які на ўрачыстым мерапрыемтве, прысвечаным 125-годдзю Беларускай чыгункі ў лістападзе 1996 года заявіў, што метрапалітэнаўскі страйк быў «первой попыткой попробовать на зуб президента, чего он стоит».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-08-21 15:21:16
Не ўбачыў у тэксце слоў аб тым, што тады ў мінскім метро з'явіліся маскоўскія таварышы-спецы з маскоўскага метрапалітэну і павялі нашы мінскія паязды. Так наша метро ажыла і дало час ўладзе разабрацца з тымі з бел-чырвона-белых шкоднікаў, хто замуціў гэтую правакацыю супраць беларускага народу. Маладая ўлада маладой РБ перамагла тады бел-чырвона-белую муць і болей бел-чырвона-белыя нічога сур'ёзнага не ўтваралі. Ну хіба што канцэрт у Мінску да стагоддзя БНР тамака, дзе ім дазволіла ўлада.

Так бел-чырвона-белыя змагары чарговы раз у нашае гісторыі апынуліся нікчэмнікамі і чарговы раз (на гэты раз пасля падзей у метро 1995) пабеглі ад беларускага народа на Захад. Ну а народ застаўся на Бацькаўшчыне з уладай абранага ім кіраўніка.
  • фцф
  • 2018-08-22 21:17:57
Не ўвесь нарот застаўся. Значная яго частка зьбегла яшчэ раней за апазіцыю, а яшчэ большая і пасьля. А мо то быў не нарот, а проста нейкія людзі, якія не зазіралі камусьці ў рот? А зараз сядзяць за мяжой і ня ведаюць хто ім свой, а хто чужой...
  • Anatol Starkou
  • 2018-08-23 14:15:38
Чыннікі марафонскага прабегу ад Беларусі ледзь не да канадскай мяжы ў тыя рэвалюцыйныя часы падчас і пасля так званага адраджэння ў кожнага беларускага бягуна свае. Але агульны чыннік ёсць: рэвалюцыйная сітуёвіна або час пераменаў.

Вось у тыя часы страйку-1995 я думаў пра маскоўскіх спецоў, якія павялі нашы мінскія паязды ў метро, што яны штрэйкбрэхеры (тыя хто ламае стачку), а сёння так не думаю, бо масквічы зрабілі правільна для Беларусі. Тады ж думаў, што гэта змагары-патрыёты ўчудзілі страйк у метро і гэтак далей, а сёння разумею, што яны шкоднікі ці шкоднікі-палітыканы. Апошнім уся гэтая бадзяга з так званым адраджэннем (пустым стаяннем пяць лят ля мікрафона ў ВС, якое пагубіла БНФ і адраджэнне), як апынулася, патрэбна было для таго, каб было што напісаць у прашэнні аб палітычным прытулку ў ЗША.

Я збег у ЗША ў пачатку 2003 і толькі праз шэсць гадоў зразумеў, што так званае адраджэнне было нашай вялікай пустэчай, ля якой я з 1989 упустую тусаваўся дваццаць лят свайго жыцця.

Каментаваць