«Пакт Манклаа» па-беларуску і «14 пунктаў» Алега Трусава

Нечарговая 11-я сесія вышэйшага заканадаўчага і прадстаўнічага органа ўлады — Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 склікання распачала працу 23 сакавіка 1993 года. А ўжо 25 сакавіка (у піку 75-гадоваму юбілею абвяшчэння БНР) дэпутат Міхаіл Качан заявіў пра стварэнне дэпутацкай групы камуністаў.

Беларускае згуртаванне вайскоўцаў на мітынгу ў Мінску, 21 сакавіка 1993 года. Крыніца: http://vytoki.net.

Гэта сесія адметная не толькі сваёй працягласцю (з 23 сакавіка па 9 красавіка), але і пытаннямі, якія на ёй абмяркоўваліся. Некаторыя з іх з’яўляюцца актуальнымі і сёння.

Усе шляхі вядуць у Мадрыд

Ухваляючы пачатак працы сесіі, старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч у сваёй прамове канстатаваў тэндэнцыю, якая, па сутнасці, існуе ў краіне на працягу чвэрці стагоддзя: супрацьстаянне двух падыходаў да ацэнкі рэчаіснасці і да шляхоў выхаду з крытычнага стану. Кожны з бакоў, казаў старшыня, адмоўна ацэньвае ўсе фрагменты гісторыі і ўчынкі, якія ўхваляе іншы бок. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да знявагі і незаслужанага звужэння цэлага шэрагу гістарычных падзей мінулага, якімі могуць ганарыцца любая дзяржава, любая нацыя.

Станіслаў Шушкевіч, канешне меў на ўвазе і абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) 25 сакавіка 1918 года, супраць чаго выступалі многія кансерватыўныя айчынныя гісторыкі і палітыкі (25 сакавіка 1993 года, пасля таго, як дэпутат Анатоль Вярцінскі пад апладысменты калегаў павіншаваў іх з 75-мі ўгодкамі гэтай падзеі, Шушкевіч заклікаў ганарыцца тым добрым, што было ў беларускім мінулым; кіраўнік парламента таксама выказаў надзею, што праціўнікі БНР з цягам часу зразумеюць яе ролю ў беларускай гісторыі).

Якое ж было выйсце з крытычнага стану? Шушкевіч прывёў прыклад Іспаніі другой паловы 1970-х гадоў, калі пасля смерці Франка розныя палітычныя сілы здолелі знайсці кансенсус, суіснаваць і супрацоўнічаць. Таму, быў упэўнены Шушкевіч, Беларусі быў патрэбен свой «пакт Манклаа» (умоўная назва шэрагу дакументаў, падпісаных у рэзідэнцыі іспанскага прэм’ер-міністра), які забяспечыць ёй сапраўдную дэмакратыю і трывалую эканоміку. Калі эканамічную частку такога пакта павінен забяспечыць урад, то палітычную — Вярхоўны Савет шляхам прыняцця новай Канстытуцыі, якая, па словах Шушкевіча, павінна была стаць агульным помнікам ахвярам таталітарных, антычалавечых і антыбеларускіх рэжымаў.

Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч на пасяджэнні нечарговай адзінаццатай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання. Крыніца: Народная газета, сакавік, 1993. Справа ад яго — Мечыслаў Грыб.



І праз дваццаць пяць гадоў зноў паўстае пытанне з Канстытуцыяй. Аляксандр Лукашэнка чарговы раз 15 сакавіка 2018 года казаў пра неабходнасць рэформы Асноўнага Закона, але так і не наважыўся раскрыць сутнасць будучых зменаў і дапаўненняў.

 

Пытанні, пытанні…

На разгляд сесіі былі прапанаваны законапраекты, якія закраналі кожнага жыхара краіны. Большасцю галасоў дэпутаты ўнеслі ў павестку дня, а потым, на працягу 23–25 сакавіка зацвердзілі ў першым чытанні праекты Грамадзянскага, Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальнага кодэксаў, праектаў законаў аб Канстытуцыйным судзе, аб адвакатуры, аб судовым ладзе і статусе суддзяў.

Па словах пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве Дзмітрыя Булахава, з прыняццем гэтых законапраектаў парламентарыі падышлі да пэўнага этапу ў сваёй дзейнасці і выйшлі на чарговую фазу прававой рэформы.

Адзіны законапраект, які быў адхілены дэпутацкай большасцю, тычыўся Следчага камітэта. Парламентарыі палічылі немэтазгодным стварэнне гэтага органа, які можа разбурыць усю структуру папярэдняга следства ў краіне.

Па прапанове старшыні пастаяннай камісіі па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі Леаніда Козіка, таксама ў павестку дня былі ўнесена пытанне аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, стане і развіцці эканамічных адносінаў з краінамі СНД.

Аднак некаторыя пытанні, прапанаваныя дэпутатамі, не былі ўнесеныя ў павестку дня. Напрыклад, не прайшла прапанова Генадзя Карпенкі пра тое, каб разгледзець у другім пытанні праект закона аб дзяржаўнай службе. Такі ж лёс чакаў прапанову Івана Герасюка пра ўключэнне ў павестку дня праекта пастановы аб адказнасці дзяржаўных служачых за разгляд заяў і скаргаў насельніцтва.

 

Народны дэпутат Яўген Новікаў (побач з Зянонам Пазьняком) заўсёды выглядаў элегантна. Аднак ці адпавядаў будучы Лукашэнкаўскі прапагандыст і вядучы адыёзнай праграмы «Права чалавека. Взгляд в мир» чэхаўскаму ўяўленню пра тое, што ў чалавеку павінна ўсё быць прыгожа: і душа, і думкі, і адзенне? Крыніца: http://vytoki.net.

І атака на Шушкевіча

Дэпутат Віктар Ганчар раскрытыкаваў павестку дня і прапанаваў зрабіць галоўным наступнае пытанне: даклад старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб становішчы рэспублікі і важнейшых пытаннях яе ўнутрыпалітычнай і знешнепалітычнай дзейнасці. На думку Ганчара, у краіне не існуе выключна эканамічнага крызісу, а маецца хутчэй крызіс палітычны. У такім выпадку, лічыў Віктар Ганчар, трэба казаць пра персанальную адказнасць. Ганчар абвінаваціў Шушкевіча ў тым, што кіраўнік парламента нібыта не мае дакладна выразнай палітычнай пазіцыі, у тым ліку і па развіцці краіны.

Пытанне Віктара Ганчара было ўключана з мінімальнай перавагай: «за» прагаласавалі 178 дэпутатаў (з 224) пры кворуме ў 173 чалавекі.

Такі даклад Шушкевіч зрабіў 31 сакавіка 1993 года ў адпаведнасці са 108 пунктам Канстытуцыі.

Даклад Шушкевіча быў структураваны наступным чынам:

1) Пабудова прававой дзяржавы.

2) Эканоміка і сацыяльная палітыка.

3) Ахова здароўя.

4) Навука, адукацыя, культура, рэлігія; 5) Нацыянальная бяспека, барацьба са злачыннасцю.

6) Знешнепалітычная дзейнасць; 7) Шлях выхаду з крызісу — нацыянальная і грамадзянская згода.

Шушкевіч канстатаваў цяжкае становішча амаль ва ўсіх сферах жыцця, аднак выказаў упэўненасць, што няма абсалютнай ідэі, але ёсць кампрамісны ўлік інтарэсаў усіх бакоў.

 

Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кебіч на паседжанні нечарговай адзінаццатай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання. Крыніца: Народная газета, сакавік, 1993.

Без апазіцыі нікуды

Як і заўсёды, свае пытанні падрыхтавала і парламенцкая апазіцыя Беларускага Народнага Фронту (БНФ). Дэпутат Сяргей Навумчык прапанаваў унесці ў павестку дня пытанне аб стварэнні часовай камісіі па выкарыстанні валютных сродкаў. Парламентарый быў упэўнены, што ў краіне ёсць злоўжыванне пры размеркаванні і выкарыстанні дзяржаўных валютных сродкаў. Навумчык заявіў, што ў камісіі будуць працаваць і «нейтральныя» дэпутаты, каб пазбегнуць абвінавачанняў у палітыканстве. Аднак такая прапанова набрала ўсяго 56 галасоў (пад ціскам Валянціна Голубева і Зянона Пазьняка, які заявіў, што замест аспірыну ва ўрадзе набылі на 3 мільёны долараў апраў акуляраў, Станіслаў Шушкевіч паставіў прапанову на паўторнае галасаванне, аднак і ў другі раз за яе прагаласавала яўная меншасць — 68 дэпутатаў).

Прапанова Лявонція Зданевіча аб неадкладным прадастаўленні ўсім ахвотным зямельных надзелаў набрала 73 галасы.

Прапанова Мікалая Маркевіча паставіць першасным пытанне аб мінімальнай заработнай плаце набрала 116 галасоў.

Прапанову Яўгена Новікава аб уключэнні ў павестку дня праекта закона аб барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю падтрымалі 98 дэпутатаў.

Зянон Пазьняк прапанаваў разгледзіць пытанне аб даверы старшыні Савета Міністраў Вячаславу Кебічу. Лідар БНФ тлумачыў сваю ініцыятыву тым, што яшчэ 18 сакавіка 1993 года Кебіч выступіў на семінары старшыняў выканкамаў гарадскіх і раённых Саветаў народных дэпутатаў з дакладам «Аб некаторых пытаннях сацыяльна-эканамічнай і палітычнай абстаноўкі ў рэспубліцы». На думку Пазьняка, у дакладзе Кебіча былі выкладзены думкі, якія «супярэчаць Канстытуцыі, супярэчаць палітыцы парламента, супярэчаць нашай дзяржаве і суверэнітэту». Прапанову Пазьняка падтрымалі толькі 33 народных дэпутата.

Цікавае пытанне прапанаваў разгледзіць Віталь Малашка: што будзе з Расійскай Федэрацыяй на бліжэйшую перспектыву, улічваючы імклівае супрацьстаянне паміж прэзідэнтам Барысам Ельцыным і Вярхоўным Саветам Расіі на чале з Русланам Хасбулатавым (апошні наведаў Беларусь 18 сакавіка 1993 года). Малашка прапанаваў даць даручэнне аналітыкам з КДБ зрабіць адпаведную справаздачу. Прапанова Малашкі была сустрэтая са смехам і набрала толькі 27 галасоў. Але ж рэзкае абвастрэнне палітычнай сітуацыі ў Расіі восенню і крывавыя падзеі ў Маскве 3–5 кастрычніка 1993 года сведчылі пра тое, што Малашка меў рацыю.

 

І зноў камуністы

На нечарговай адзінаццатай сесіі не абышлося без добрых сяброў-камуністаў. Як вядома, на пасяджэнні дзясятай сесіі Вярхоўнага Савета 3 лютага 1993 года была скасавана пастанова ад 25 жніўня 1991 года аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС-КПБ на тэрыторыі Беларусі. Для камуністаў гэта мела моцнае пазітыўнае псіхалагічнае значэнне і, тэарэтычна, давала магчымасць для далейшага росту.

Пракамуністычная карыкатура наконт пытання калектыўнай бяспекі. Крыніца: “Мы и время”, сакавік, 1993.



25 сакавіка 1993 года (у піку 75-гадоваму юбілею абвяшчэння БНР) дэпутат Міхаіл Качан заявіў пра стварэнне дэпутацкай групы камуністаў у Вярхоўным Савеце. У сваёй прамове Качан абвясціў галоўную мэту камуністычнай дэпутацкай фракцыі і партыі камуністаў Беларусі ўвогуле: «Разъяснять белорусскому народу авантюризм и пагубность навязываемого ему курса на реставрацию капитализма; противодействовать любым попыткам ликвидации Советов как формы народовластия; добиваться сохранения в Конституции Республики Беларусь всех прав, свобод и гарантий, завоёванных народом за годы советской власти». Выступ галоўнага парламенцкага камуніста скончыўся не менш пафасна: «Предлагая свой путь, коммунисты не навязывают его никому, но и не позволят силам внутренней и внешней реакции обманом превратить нашу Родину в полигон для сомнительных социальных экспериментов. Наследуя лучшие традиции коммунистического движения, критически оценивая опыт своих предшественников, мы извлекаем уроки из ошибок, черпаем мудрость из богатой истории своего народа».

 

«Чыстка» арміі

Кебічаўскае кіраўніцтва пільна сачыла за працэсамі ва Узброеных Сілах краіны і было незадаволенае дзейнасцю шэрагу ваенных патрыятычных структураў кшталту Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ) на чале з падпалкоўнікам Мікалаем Статкевічам. Выступаючы ў Вярхоўным Савеце 25 сакавіка 1993 года, міністр абароны Павел Казлоўскі абвінаваціў БЗВ у тым, што яно нібыта не карыстаецца папулярнасцю і адначасова «своими действиями дискредитирует государственную концепцию военного строительства». Казлоўскі прапанаваў канкрэтнае вырашэнне гэтага пытання. Справа ў тым, што ў частцы 2 артыкула 6 закона аб статусе ваеннаслужачых ад 13 лістапада 1992 года ішла гаворка пра тое, што ваеннаслужачыя не могуць займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю ў службовы час. Міністэрства абароны настойвала на тым, каб словы «ў службовы час» былі ўвогуле выкраслены з закона — і тады, запэўніваў Казлоўскі, «все эти вопросы в армии будут сняты».

Казлоўскі гарантаваў, што гэта закране чальцоў любых грамадска-палітычных арганізацый, у тым ліку і Славянскага Сабора «Белая Русь» і іншых.

У выніку галасавання змены ў законы былі ўнесеныя: гэта патрымалі 226 дэпутатаў (галасавалі ўсяго 232) пры кворуме ў 173 чалавекі. А ўжо 7 мая 1993 года Статкевіч быў звольнены з Узброеных Сілаў з ганебнай фармулёўкай: дыскрэдытацыя высокага звання афіцэра.

 


Шаноўнае трыа

26 сакавіка 1993 года па пытанні аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, стане і развіцці эканамічных адносін з краінамі СНД з дакладамі выступілі Станіслаў Шушкевіч, Вячаслаў Кебіч і старшыня праўлення Нацбанка Станіслаў Багданкевіч.

Шушкевіч у цэлым выказаўся на карысць СНД, аднак паставіў пад сумнеў мэтазгоднасць уваходжання Беларусі ў ваенна-палітычныя саюзы, г.зн. у сістэму калектыўнай бяспекі. Лейтматывам у прамове Кебіча было ўмацаванне эканамічных адносінаў не з Захадам, а з рэспублікамі былога СССР. Багданкевіч выказаўся за лібералізацыю цэнаў, за лібералізацыю гандлю — перш за ўсё з Расіяй.

Аднак гэтыя даклады выклікалі жорсткую крытыку многіх дэпутатаў (удзельнічаць у спрэчках выказаў жаданне ажно 51 дэпутат), якія заявілі, што пасля дакладаў пытанняў узнікла яшчэ больш, чым было. Ганчар назваў гэтыя даклады «политической несостоятельностью», а Лукашэнка заклікаў прызнаць працу Шушкевіча і Кебіча па стабілізацыі эканамічнай сітуацыі ў краіне нездавальняючай.

Зянона Пазьняк, насупраць, ва ўсіх грахах абвінаваціў Кебіча і нежаданне яго ўрада праводзіць рэформы. Па словах Пазьняка, Кебіч вычарпаў усе свае ідэі і магчымасць паправіць становішча ў рэспубліцы. Таму, лічыў Пазьняк, трэба вызваліць Кебіча з пасады і такім чынам сысці з мёртвай кропцы.

 

«Чатырнаццаць пунктаў» Алега Трусава

Народны дэпутат Алег Трусаў на пасяджэнні нечарговай адзінаццатай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання. Злева ад яго — Валянцін Голубеў, далей — Міхаіл Марыніч. Крыніца: Народная газета, сакавік, 1993.



30 сакавіка 1993 года народны дэпутат Алег Трусаў прапанаваў абраць новага старшыню Савета Міністраў, каб той тэрмінова ажыццявіў 14 захадаў, якія дапамаглі б стабілізаваць становішча ў краіне:

1) змена цэнаў на прадукты харчавання ў Беларусі ў бок павышэння ў параўнанні з Расіяй;

2) прадастаўленне да 18 мая 1993 года Вярхоўнаму Савету з боку Савета Міністраў канкрэтных прапаноў па інтэнсіўным назапашванні капіталу, нацыянальных і замежных інвестыцый;

3) увядзенне закона аб дэкларацыі даходаў для тых, хто ўдзельнічае ў прыватызацыі, набыцці дарагіх машын і інш.;

4) увядзенне ўласнай валюты;

5) увядзенне льготных ліцэнзій для ўсіх фірм краін СНД, якія ўвозяць у Беларусь сыравіну;

6) увядзенне поўнай галоснасці ў выдатках замежнай валюты;

7) выдзяленне кожнаму жадаючаму грамадзяніну да 1 мая 1993 года 10 сотак зямлі;

8) увядзенне на два гады мараторыя на будаўніцтва лецішчаў і катэджаў для тых, хто мае дзяржаўныя кватэры;

9) зніжэнне на 30% падаткаў для тых прадпрыемстваў, якія вырабляюць канкурэнтаздольную прадукцыю і могуць яе экспартаваць;

10) тэрміновае адкрыццё беларускіх абмасадаў у Прыбалтыцы, Кіеве, Браціславе, Сафіі, Празе і Будапешце;

11) увядзенне візавага рэжыму для ўсіх грамадзян Расіі — выхадцаў з Каўказа і Закаўказзя;

12) вывад да канца 1993 года з Беларусі расійскіх войскаў;

13) узмацненне эканамічных адносінаў Беларусі з асобнымі рэгіёнамі Расіі: Карэліяй, Татарстанам, Башкірыяй, Якуціяй, Санкт-Пецярбургам і «Ніжагародскай губерняй»;

14) перамовы з Украінай і Латвіяй аб будаўніцтве Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара і інш.

 

Калектыўная небяспека

Бадай, адным з самых дыскусійных на нечарговай адзінаццатай сесіі стала пытанне аб так званай калектыўнай бяспецы, а менавіта: далучэнне Беларусі да адпаведнага Дагавора, які быў падпісаны 15 мая 1992 года ў Ташкенце. Далучэнне для Беларусі было больш фармальным: на самай справе, гэта азначала ваенны саюз з Расіяй і павышала рызыку ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у «гарачых кропках».

Мітынгі ў Мінску 8 красавіка 1993 года за і супраць далучэння Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Крыніца: Народная газета, красавік, 1993.

Пачынаючы з 6 красавіка 1993 года пракамуністычная большасць Вярхоўнага Савета пачала актыўнае лабіяванне гэтага пытання. Адзін за адным у падтрымку калектыўнай бяспекі выступалі праўладныя дэпутаты Вярхоўнага Савета (Леанід Прывалаў, Валерый Паўлаў, Генадзь Казлоў і інш.), так і высокія дзяржаўныя чыноўнікі (міністр абароны Павел Казлоўскі, міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі і інш.).

У адказ Станіслаў Шушкевіч, які абвясціў сябе праціўнікам калектыўнай бяспекі, заявіў 9 красавіка 1993 года пра магчымасць правядзення ў маі 1993 года рэферэндуму па пытанні: «Ці падтрымліваеце Вы дзяржаўны нейтралітэт Беларусі, які прадугледжвае адмову ад ваенна-палітычных саюзаў з іншымі краінамі і іх аб’яднаннямі?». Шушкевіч тут жа заявіў, калі на рэферэндуме народ скажа «так», то ён падасць у адстаўку.

9 красавіка 1993 года большасцю галасоў («за» — 192, «супраць» — 35) Вярхоўны Савет прыняў пастанову «Аб дакладзе старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Шушкевіча С.С. аб становішчы рэспублікі і аб важных пытаннях яе ўнутрыпалітычнай і знешнепалітычнай дзейнасці», якая складалася з шасці пунктаў. Пункт чацвёрты пастановы ўскладаў на Станіслава Шушкевіча абавязак пацвердзіць далучэнне Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Ён, праўда, змяшчаў агаворку пры далучэнні Беларусі да Ташкенцкага дагавора: выкарыстанне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, размяшчэнне і прымяненне Узброеных Сілаў іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі былі магчымы толькі з дазволу Вярхоўнага Савета Беларусі.

У пункце пятым пастановы ішла гаворка пра тое, што пытанне аб рэферэндуме па калектыўнай бяспецы будзе ўключана ў парадак дня чарговай наступнай сесіі.

Праўрадавым дэпутатам у Вярхоўным Савеце ўдалося дамагчыся, каб пастанова прымалася не двума трацінамі галасоў, а простай большасцю, што істотна палегчыла яе зацвярджэнне. На гэты конт мелася адпаведнае заключэнне камісіі па заканадаўстве. Пазняк абвінаваціў Шушкевіча ў тым, што ён дазваляе змяненне сутнасці Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ад 27 ліпеня 1990 года. Сяргей Папкоў заявіў, што апазіцыя ў такім выпадку мае права на скліканне альтэрнатыўнага ўстаноўчага сходу Беларусі.

Нечарговая адзінаццатая cесія Вярхоўнага Савета стала паказальнай у многіх адносінах. Яна засведчыла здольнасць тагачасных беларускіх парламентарыяў эфектыўна абмяркоўваць важныя дзяржаўныя пытанні ў фармаце сапраўдных дыскусій. Сённяшнім народным абраннікам варта гэтаму павучыцца. У той жа час сесія сведчыла пра наяўнасць палітычных праблемаў, якія ўносілі напружанасць у грамадства і патрабавалі хутчэйшага вырашэння.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-03-23 18:36:10
(1) 27 ліпеня 1990г. фракцыя БНФ выйшла з залы ВС 12 склікання і не галасавала за абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту БССР. Тым самым змагары-дэпутаты БНФ-аўцы на векі вечныя выключылі Беларускі Народны Фронт з ліку палітычных сілаў, якія абвясцілі суверэнітэт / сінонім незалежнасць Беларусі. Бо другі раз у гісторыі нацыі суверэнітэт не абвяшчаецца. Незалежнасць сёння ёсць, а заўтра яе можа не стаць, але потым ізноў можна вярнуць незалежнасць. А вось абвяшчаць суверэнітэт ДРУГІ РАЗ у гісторыі нельга.
(2) 25 жніўня 1991г. у ВС было шоў-незалежнасці, ў якім прыняла ўдзел тая фракцыя БНФ. Шоў было, а незалежнасці не стала.
(3) 8 снежня 1991г. у Белавежжы мы беларусы і таксама ўкраінцы атрымалі незалежнасць з рук Расеі, калі падпісалі паперу аб канчыне СССР. То бок незалежнасць Беларусі ёсць канчатковы вынік палітыкі КПСС у гарбачоўскія часы падчас скону СССР.

Каментаваць