Уз'яднанне ці інкарпарацыя? Пакт Молатава — Рыбентропа: наступствы для Беларусі

Звычайна, калі гаворка заходзіць пра наступствы Пакта Молатава — Рыбентропа для Беларусі, у першую чаргу як вельмі станоўчая з’ява адзначаецца «ўз’яднанне Заходняй і Усходняй частак Беларусі». Але якім коштам гэта было зроблена, як правіла, не згадваецца. Колькі ж беларусам каштавала ўз’яднанне?


Падрыхтоўка

У пачатку кастрычніка 1936 года мяцежны іспанскі генерал Эміліа Мола выступіў па радыё і сказаў знакамітую фразу: мы наступаем на Мадрыд чатырма калонамі, але наступленне пачне пятая — у самім Мадрыдзе. Праз тыдзень пра «пятую калону» ведалі ва ўсім свеце. Рэспубліканскі іспанскі ўрад пачаў масавыя арышты і расстрэлы на месцы ўсіх падазроных у дачыненні да «пятай калоны».

На савецкае кіраўніцтва магчымасці «пятай калоны» зрабілі вялікае ўражанне. Рыхтуючыся да вайны (яна ў тыя часы называлася «сусветная рэвалюцыя»), НКУС СССР пачаў выяўляць тых, хто, на думку спецслужб, мог бы не падтрымаць савецкую ўладу падчас ваенных падзей. Для БССР былі вызначаныя наступныя «варожыя» групы: антысавецкія і проста «ненадзейныя» элементы памежнай зоны; перабежчыкі з Польшчы і іншых краін, асабліва сябры КПЗБ; нацыянальныя меншасці БССР, якія з’яўляюцца тытульнай нацыяй у будучых «зонах уплыву» — латышы, палякі, немцы; беларускія нацыяналісты-шавіністы (незалежна ад іх палітычных перакананняў); былыя сябры палітычных партый, прадстаўнікі «варожых класаў» — святары, кулакі, царскія афіцэры і іншыя; хутаране.

Гэтыя групы павінны былі знішчацца. Юрыдычнай і афіцыйнай была назва «меры сацыяльнай абароны».

Акрамя таго, было змененае кіраўніцтва БССР. Яно было «ўмацаванае» новымі кадрамі — праверанымі і, галоўнае, не маючымі дачынення да былой барацьбы ў партыі бальшавікоў і да беларусаў. Кадрамі, якія падтрымалі б паход СССР на Захад для распальвання сусветнай рэвалюцыі.

У сярэдзіне 1938 года ў Беларусь накіравалі нікому не вядомага інструктара ЦК УсеКП(б), які паўгода да гэтага працаваў кіраўніком групы па электрыфікацыі чыгункі Усесаюзнага навукова-даследчага электратэхнічнага інстытута, выхадца з Кубані Панцеляймона Панамарэнку, у якасці сакратара ЦК КПБ. Першы свой выступ 8 ліпеня 1938 года ў Гомелі Панамарэнка прысвяціў задачы «выкарчоўкі» ворагаў. Вядомая яго шыфроўка Сталіну з просьбай павялічыць для БССР нормы колькасці рэпрэсаваных па першай катэгорыі (расстрэл) на дзве тысячы чалавек, а па другой (турма ці лагер) — на тры тысячы.

Механізм прыняцця рашэння пра рэпрэсаванне таго ці іншага чалавека быў судовы і пазасудовы. Частку грамадзян СССР — БССР асудзіла Ваенная Калегія Вярхоўнага Суда. Перад тым, як пытанне разглядалася судом, яно праходзіла зацвярджэнне. НКУС накіроўваў Сталіну так званыя «расстрэльныя спісы» (захавалася 383 спісы на 44,5 тысячы імёнаў), якія Сталін, Молатаў, Кагановіч, Варашылаў і іншыя праглядалі, падпісвалі і такім чынам прадвызначалі рашэнне суда. Менавіта праз «расстрэльныя спісы» праходзілі партыйныя дзеячы, у тым ліку і большасць чальцоў ЦК УсеКП(б), военачальнікі, вядомыя асобы інтэлігенцыі, пісьменнікі і культурныя дзеячы.

Значна больш грамадзян СССР — БССР было рэпрэсавана ў пазасудовым парадку — «тройкамі» і двойкамі. Як ужо згадвалася, людзі былі разбітыя на дзве катэгорыі: першая катэгорыя падлягала расстрэлу, другая павінна была правесці 10 гадоў у зняволенні (ізаляцыі). Рашэнне, каго рэпрэсаваць і па якой катэгорыі, належала «тройцы» — яна ўключала кіраўніка НКУС рэгіёну, прадстаўніка партыйнага кіраўніцтва і пракуратуры.

«Двойкай» называлася камісія з кіраўнікоў НКУС і пракуратуры. «Двойка» не мела права самастойна асудзіць зняволенага (гэтым яна адрознівалася ад «тройкі»). Спісы арыштаваных накіроўваліся ў цэнтр, дзе рашэнне прымала камісія НКУС СССР (кіраўнік Яжоў) і Пракуратуры СССР (кіраўнік Вышынскі).

У нашы часы пры рэабілітацыі ўлічвалася, кім былі асуджаныя рэпрэсаваныя. Шмат хто з асуджаных «судовымі органамі» не рэабілітаваны.

Кіраўніцтва кожнага рэгіёну атрымлівала «ліміт» на рэпрэсіі, аднак, як правіла, рэгулярна звярталася ў Цэнтр з просьбай пра перагляд лімітаў у бок павелічэння — як Панамарэнка.

Як пачыналіся рэпрэсіі

У свядомасці людзей знешнія сусветныя падзеі і падзеі іх асабістага жыцця звычайна не звязваюцца. Не вельмі заўважныя гэтыя сувязі і ў гістарычных дакументах. Чыстка БССР ад «пятай калоны» адбывалася прыкладна наступным чынам.

У снежні 1938 года ў НКУС СССР на імя Берыі паступіла заява ад 2-х камсамольцаў Мсціслава Магілёўскай вобласці — Ратчанкі і Цітова, якія працавалі ў раённай газеце. Яны паведамлялі, што пад заступніцтвам сакратара райкама КП(б)Б, рэдактара раённай газеты і начальніка раённага аддзялення НКУС у раёне «ў многіх галінах гаспадаркі дзеюцца варожыя справы». Ліст быў дасланы ў НКУС БССР, які накіраваў у Мсціслаў праверку.

Два (!) аператыўных супрацоўнікі НКУС выявілі «развал» раённай камсамольскай арганізацыі, «засмечанасць» выкладчыцкага складу школ, наяўнасць сярод школьнікаў «зладзейскіх груп» (былі «ўстаноўленыя выпадкі» малявання дзецьмі фашысцкіх значкоў). Канстатавалі «выключную засмечанасць раёна сацыяльна чуждымі і варожымі элементамі».

Было ўстаноўлена і шкодніцтва — на конезаводзе №120 за 1938 год загінулі 5 жарабіц, 18 жарабят, 31 цяля і 35 парасят. У шкодніцтве былі абвінавачаныя ветурач завода і дырэктар. Апошняга абвінавацілі і ў здзеку з рабочых, бо ён штрафаваў тых, хто ў працоўны час, пасланы для нарыхтоўкі драўніны для завода, нарыхтоўваў дровы для сябе. На заводзе працавалі дзеці і падлеткі без згоды інспекцыі аховы працы.

У калгасах былі знойдзеныя парушэнні статуту сельгасарцелі, «безгаспадарлівасць, якая даходзіць да шкодніцтва», — павялічаныя звыш нормы (па 1–1,5 га) прысядзібныя ўчасткі ў 490 калгаснікаў, 74 калгаснікі «мелі прадуктыўнае быдла звыш нормы». Былі выкрытыя факты страты збожжа пры ўборцы, падмярзанне выкапанай, але не складаванай бульбы...

Спецорганы вызначылі вінаватасць службовых асоб — сакратара райкама КП(б)Б, упаўнаважанага Камітэта нарыхтовак па Мсціслаўскім раёне, намесніка старшыні райвыканкаму, старшыні райсаюза. Усе яны былі абвінавачаныя ў сваяцтве або кантактах з ужо асуджанымі «ворагамі народа».

Віна рэдактара раённай газеты («Калгасная газета») заключалася ў тым, што ён «займае “угодническую” пазіцыю ў адносінах да кіраўнікоў раёна, не ставіць прынцыпова пытанне перад імі па сігналах, якія паступаюць у рэдакцыю».

Усе «выяўленыя» падчас праверкі «варожыя элементы» былі ізаляваныя (арыштаваныя, асуджаныя, сасланыя, расстраляныя).

У сакавіку 1939 года адбыўся 18 з’езд УсеКП(б), які разгледзеў трэці план развіцця народнай гаспадаркі СССР. Быў уведзены абавязковы мінімум выпрацоўкі працадзён для сялян, працоўны не мог самавольна сысці з прадпрыемства, уведзеная крымінальная адказнасць за выпуск няякаснай прадукцыі. Галіны гаспадаркі, што былі адказныя за ваенную прамысловасць, атрымалі прыярытэтнае развіццё. Краіна пачала ўсур’ёз і тэрмінова рыхтавацца да вайны. Коратка разгледзім памеры і характар ахвяр гэтай падрыхтоўкі ў БССР.


Ачыстка памежнай зоны

Поўная колькасць высланых не выяўленая, але ёсць дакладныя звесткі, што ўжо ў 1936 годзе былі высланыя 1779 сем’яў. У 1937 годзе да 20 кастрычніка, паводле дадзеных НКУС, былі рэпрэсаваныя: па 1 катэгорыі 1210 сем’яў з колькасцю членаў 4483, з якіх 2498 — дзеці да 15 гадоў; і па другой катэгорыі — 2066 сем’яў з колькасцю членаў 7623 (4212 чалавек — дзеці). Вядома, што былі расстраляныя 1210 чалавек, і 2066 чалавек адпраўленыя ў лагеры. Акрамя таго, з памежнай паласы дадаткова высланыя: у 1937 годзе — 856 асобаў (дадзеныя няпоўныя), у 1938-м — 3100 асобаў.

Ізаляцыя перабежчыкаў з Польшчы і іншых краін

Як сведчыць даведка Упраўлення дзяржбяспекі НКУС БССР, складзеная 12 снежня 1938 года, са жніўня 1937-га да верасня 1938-га былі арыштаваныя: перабежчыкі з Польшчы — 3088, польскія легіянеры — 894, палітэмігранты — 468, былыя кантрабандысты, асабліва тыя, хто хадзіў у Польшчу, — 1024.

Вынішчэнне кулакоў

Маштабы раскулачвання па БССР на ліпень 1934 года даклаў у Маскву сакратар ЦК КП(б)Б Гікала — 35 тысяч сем’яў. 1 жніўня 1937 года на падставе загаду 00447 зноў пачалася так званая «кулацкая аперацыя», па якой рэпрэсавалі «антысавецкі настроеных» былых кулакоў, былых чальцоў любых партый, святароў і крымінальнікаў. У выніку «кулацкай аперацыі» ў СССР былі рэпрэсаваныя амаль 387 тысяч чалавек па 1-й катэгорыі і 389 тысяч — па 2-й. Дакладнай лічбы вынішчаных кулакоў у БССР пасля 1936 года няма — у справаздачнасці іх далучалі да іншых «контррэвалюцыйных» груп.

Вынішчэнне нацыянальных меншасцяў

Улетку 1937 года ў СССР пачаліся і «нацыянальныя аперацыі»: польская (загад 00485), нямецкая (загад 00439), харбінская (загад 00593), латышская (загад 49990). Афіцыйна рашэнне пра рэпрэсіі ў час нацыянальных аперацый прымала «двойка».

Падчас іх у СССР былі знішчаныя сотні тысяч чалавек: у выніку польскай аперацыі — больш за 104 тысячы, нямецкай — 31 тысяча, латышскай — больш за 17 тысяч. Па трох аперацыях — польскай, латышскай і нямецкай — у БССР з верасня 1937-га па снежань 1938-га былі асуджаныя, адпаведна, 20940, 1459 і 563 чалавек. У БССР у гэты перыяд «расстрэльныя» прысуды складалі: па прыгаворы судоў і трыбуналаў — 19%, «троек» — 87–88%. Па «польскай аперацыі» былі расстраляныя 14034, па астатніх — больш за 1500 чалавек.

Паколькі дакладная колькасць забітых не вядомая, сталінізм апраўдваюць, што забітых, быццам бы, не мільёны, а толькі сотні тысяч! Каб адчуць цынізм гэтых апраўданняў, адзін прыклад. Падчас латышскай аперацыі ў Магілёўскай вобласці ў Быхаўскім раёне ў калгасе «Гайсма» з 70 латышскіх сем’яў былі арыштаваныя 69 «галоваў сем’яў». Усе яны ў сем’і не вярнуліся — расстраляныя ці загінулі ў турме.


Вынішчэнне «беларускіх нацыяналістаў-шавіністаў»

Пад гэтае вызначэнне падпадала, найперш, творчая беларуская інтэлігенцыя. Былі арыштаваныя 159 беларускіх літаратараў, большасць з якіх загінула. Да 1940 года былі рэпрэсаваныя звыш 65% чальцоў Саюза пісьменнікаў БССР складу 1935 года. Закрыты Гомельскі драматычны тэатр, а яго кіраўніка — артыста, рэжысёра і драматурга Уладзіслава Галубка, які першым атрымаў званне народнага артыста БССР, — расстралялі. Такі ж лёс напаткаў мастацкага кіраўніка габрэйскага тэатра Міхаіла Рафальскага, кампазітара і дырыжора Уладзіміра Тэраўскага, вядомага збіральніка народных песень Антона Грыневіча.

Згодна наркама НКУС БССР Наседкіна, «са студзеня 1937 года па дадзены момант (на 25 чэрвеня 1938 года. — Аўт.) органы НКУС арыштавалі ў інстытутах акадэміі 57 агентаў замежных разведак, трацкістаў і іншых; пакуль яшчэ працуюць распрацаваныя намі 22 удзельнікі антысавецкага падполля, 80 блізкіх сваякоў рэпрэсаваных і 40 навуковых супрацоўнікаў — ураджэнцаў замежных краін».

Памерлі ў лагерах акадэмікі Буршцін (матэматык), Замоцін (літаратуразнаўца), Рывлін (гісторык). Дзесяць гадоў адбыў у лагерах акадэмік Сербента (гісторык і філосаф), восем гадоў — акадэмік Казлоў (хімік).

Тады ж былі арыштаваныя члены-карэспандэнты Бранштэйн (пакараны), Бузук, Мельнік, Агурскі, Харык (пакараны), Шпенцэр (памёр у лагеры), Шчакаціхін. У цэлым, акадэмія за два гады згубіла больш за 100 навукоўцаў. Для замены рэпрэсаваных беларускіх навукоўцаў і выкладчыкаў вышэйшай школы дасылалі выхадцаў з Расіі.


Вынішчэнне «антысавецкага падполля»

У першапачатковай версіі (лета 1937) «антысавецкае шпіёнска-шкодніцкае падполле» з 1933 года мела адзіны кіруючы цэнтр, які быў звязаны са шкоднікамі ў Маскве, а таксама з польскімі і нямецкімі органамі выведкі. Сувязь з апошнімі ажыццяўлялася праз групу габрэйскіх пісьменнікаў, якія эмігравалі ў БССР. Пазней (лета 1938-га) склад «падполля» быў пашыраны. У канчатковай версіі «падполле» складалася з 6 самастойных груп («цэнтраў»), кіраўніцтва якіх дзейнічала сумесна і было скаардынаванае «з мэтай арганізацыі шкодніцкай дыверсійнай працы ў народнай гаспадарцы на ўсіх без выключэння ўчастках». Да выведак, на якія «працавала падполле», дадаліся англійская Інтэліджэнт-Сэрвіс (агент Гікала), літоўская «Жвалгійс», проста амерыканская і японская выведкі. Да антысавецкіх шкодніцкіх шпіёнска-дыверсійных цэнтраў адносіліся арганізацыі: «правых», «бундаўска-сіянісцкая», «нацыянал-фашысцкая», «трацкісцка-тэрарыстычная», «эсэраўская» і «царкоўнікаў». У эканамічным шкодніцтве абвінавачваліся сябры ўсіх «арганiзацый», акрамя «царкоўнікаў».

Канчатковыя вынікі разгрому «антысавецкага падполля ў БССР» былі падведзеныя ў чэрвені 1938 года. Яны ўяўляюць сабою брашуру з 70 старонак. Усталяваць дакладную колькасць рэпрэсаваных па гэтых дакументах немагчыма. Следчыя ў 1937–1938 гадах не распачыналі асобных спраў, абмяжоўваліся пералікам прозвішчаў асуджаных — так званыя «альбомныя спісы», многія з якіх па розных прычынах не захаваліся. Афіцыйныя дадзеныя: «Усяго па БССР арыштавана і выкрыта ў 1937–1938 гадах 2570 удзельнікаў аб’яднанага антысавецкага падполля, з іх: трацкістаў і зіноўеўцаў — 376 чалавек, правых — 177, нацыянал-фашыстаў — 138, эсэраў — 585, бундаўцаў — 198, меншавікоў — 7, сіяністаў — 27, царкоўнікаў і сектантаў — 1015, клерыкалаў — 57» (калі падлічыць, усяго 2580, а не 2570).

Але пошукі і ізаляцыя «пятай калоны» на гэтым не скончыліся. Новых «шкодніцкіх арганізацый» раскрывалася так шмат, што паўстала нават версія аб наяўнасці яшчэ аднаго контррэвалюцыйнага цэнтра на чале з былым старшынёй СНК БССР Кавалёвым. У гэты «цэнтр» былі ўключаныя ўсе арыштаваныя работнікі НКУС, што ажыццяўлялі рэпрэсіі. Аднак яна прынятая не была.

У студзені 1939 года да ўдзельнікаў падполля прылічылі старшыню Дзяржплана БССР, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР Чорнага. Як удзельнікі падполля арыштаваныя наркам мясцовай прамысловасці Грысевіч, наркам земляробства Свінцоў і іншыя.

Усе ахвяры, якія панёс беларускі народ у гэты час, дакладна не выяўленыя і не падлічаныя.

Польскія памежнікі. Фота з архіва Ігара Мельнікава


Вынішчэнне хутароў

Пасля 18 з’езда УсеКП(б) у Мінску 14–18 сакавіка прайшоў XIII пленум ЦК КП(б)Б. На ім старшыня Саўнаркама БССР Галадзед заявіў: «Сталін казаў, што трэба разбіць гнілую тэорыю, што быццам бы той, хто можа будаваць добра, — не можа шкодзіць. Гэтая тэорыя гнілая. Вораг-шкоднік, шкодзячы нашай справе, павінен рабіць што-небудзь і добрае, інакш ворага-шкодніка, калі ён не будзе рабіць што-небудзь добрае, хутка выкрыюць. Ён павінен берагчы сябе для вырашальнага моманту... Мы яшчэ не пачалі (я прашу зямельных работнікаў гэта прыняць да ведама) шукаць шкоднікаў у сельскай гаспадарцы. Мы шукаем іх у прамысловасці, на культурным фронце, на фронце ідэалагічным, але вельмі мала звяртаем увагі на выкрыццё шкоднікаў у сельскай гаспадарцы, як быццам там усё добра. Я адмыслова звяртаю ўвагу пленума на тое, што асноўны метад шкодніцтва на дадзеным этапе часу — гэта метад выклікання незадаволенасці масаў, настройванне масаў супраць партыі, супраць нашай дзяржавы».

Галоўнымі шкоднікамі ў сельскай гаспадарцы былі прызначаныя хутаране. Пра вынішчэнне гэтай сацыяльнай групы мала вядома нават гісторыкам. Але для БССР гэта была самая масавая аперацыя, сэнс якой нельга зразумець, калі не ўлічваць падрыхтоўку да «сусветнай рэвалюцыі».

У сярэдзіне 1920-х гадоў Беларусь жыла пад лозунгамі «Багацей, селянін!» — аўтарам яго быў старшыня ЦВК і СНК БССР Аляксандр Чарвякоў. Спачатку намеснік, а потым і народны камісар земляробства Зміцер Прышчэпаў (стаў наркамам у 27 гадоў) прапанаваў свой — «Ператворым Беларусь у чырвоную Данію». Народ гэтыя лозунгі падтрымаў, але перайначыў на свой лад: «На свінні — да сацыялізму».

Да 1936 года колькасць хутароў у БССР павялічвалася. Два раёны — Лёзненскі і Суражскі — наогул былі «хутарскія». У Лёзненскім, напрыклад, з 10 018 двароў на хутарах жылі 9 416. Болей за 50% складалі хутарскія гаспадаркі ў Сіроцінскім, Мсціслаўскім, Віцебскім, Горацкім, Дрыбінскім, Мехаўскім, Сенненскім раёнах.

З 1936 года пачынаюцца кампаніі па ліквідацыі хутарскіх гаспадарак: так званае «сцягванне хутароў». Але колькасць хутароў у БССР штогод істотна не змяншалася, і ў 1938 годзе афіцыйна складала 158291 хутар.

У 1939 годзе з не вынішчаных класавых ворагаў засталіся толькі хутаране. Панамарэнка звярнуўся ў Маскву з прапановай не сцягваць хутары, а вынішчыць іх, дзяржаўныя крэдыты на пабудову новага жытла даваць толькі пры ўмове вынішчэння хутара. Масква падтрымала прапанову. Але краіна мела рэсурсы для перасялення самае большае 33 тысяч хутароў. Нягледзячы на гэта, быў прыняты план знішчыць 93 тысяч хутароў.

Кампанія па вынішчэнні пачалася вясной 1939 года. Была дадзеная устаноўка: «выселім за 2 тыдні, адбудуем за 2 месяцы» — зараз лета, пацерпяць. Так запісана ў стэнаграме нарады па абмеркаванні рабочых момантаў знішчэння хутароў, якую правёў Панамарэнка. У дзень планавалася знішчаць ад 8 да 25 хутароў. Ужо на 1 ліпеня план разбурэння быў выкананы на 111,5%, а план па забеспячэнні новым жытлом — на 19,1%. Паколькі план ужо летам быў перавыкананы, увосень яго павялічылі — спачатку ў верасні, потым у кастрычніку.

З кастрычніка 1939 года вынішчэнню падлягалі хутары і Заходняй Беларусі. Планы былі паспяхова выкананыя: у ліпені 1940 года, па зводках КПБ, былі вынішчаныя (ва Усходняй і Заходняй Беларусі) 161073 хутары. Тыя, хто не пагадзіўся з высяленнем, былі ці расстраляныя, ці высланыя ў Сібір. Калі ўлічыць, што хутарскія сем’і былі шматдзетныя, дзяржава паламала лёсы амаль 1 мільёна чалавек.

Былая жыхарка хутара Кладнікі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці Альбіна Кульніс распавядала: падчас знішчэння хутара яе бацьку так збілі, што маці падстаўляла драўляныя палачкі пад коўдру — каб тая не дакраналася да цела.

Вынішчэнне хутароў дорага каштавала не толькі людзям, якія страцілі сваё жытло, але і дзяржаве. Хутаране плацілі падаткі, здавалі бульбу, збожжа, скуры. Гэты прыбытак дзяржава страціла адразу. Яшчэ шмат грошай пайшло на крэдыты, якія даваліся тым, хто добраахвотна перасяляўся, — на вытворчасць цэглы, іншых матэрыялаў для будаўніцтва дзясяткаў тысяч новых дамоў і пасёлкаў. Вынішчэнне хутароў не мела аніякага эканамічнага абгрунтавання і было шкодным для эканамічнага развіцця БССР.


З’ядалі самі сабе

ЦК ВКП(б) і СНК СССР 17 лістапада 1938 года прынялі пастанову аб парушэннях рэвалюцыйнай законнасці органамі ўнутраных спраў («Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства»). У яе развіццё кіраўніцтва НКУС СССР выдала загад 00762 ад 26 лістапада 1938 года, які абавязваў правесці расследаванні ўсіх выпадкаў парушэнняў «рэвалюцыйнай законнасці» і прыпыніць расстрэлы. Расследаваннем злачынстваў следчых займаўся аддзел арганізацыйна-партыйнай работы (ОРПО) ЦК КП(б)Б (загадчык Прохараў). Сюды паступалі матэрыялы з партыйных арганізацый, заявы грамадзян, азнаёміўшыся з якімі кіраўнікі ОРПО выклікалі «для размовы» начальнікаў аддзелаў НКУС. Аналагічнай працай па расследаванні злачынстваў райаддзелаў НКУС займаліся ОРПО абкамаў.

У студзені 1939 года адбыўся пленум ЦК КП(б)Б, яго ўдзельнікі былі праінфармаваныя аб злачынных дзеяннях супрацоўнікаў НКУС, пра арышты ўсіх абласных начальнікаў НКУС БССР на чале з былым наркамам Наседкіным, незаконных прыёмах вядзення следства. Камуністам распавялі, што зняволеных садзілі на перавернутыя табурэткі з вострымі канцамі ножак, падманным шляхам прымушалі арыштаваных падпісваць чыстыя лісты, нібыта для высвятлення сапраўднасці асабістага подпісу ў пашпарце і гэтак далей.

У сваім выступе на 18-м з’ездзе УсеКП(б) у сакавіку 1939 года кіраўнік кампартыі Беларусі Панамарэнка заўважыў: «У Савецкай Беларусі ёсць заходні сусед», які «зарэкамендаваў сябе вядомай блізкасцю да так званай восі Берлін — Рым» і «размечтался» аб некаторых землях, якія ляжаць непадалёк ад яго. БССР рыхтавалі да вайны з Польшчай.

Усяго праз паўгода пасля гэтага выступу, 17 верасня 1939 года часткі Чырвонай Арміі перайшлі мяжу СССР, заняўшы землі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

Пазней Панамарэнка ў гутарцы з акадэмікам РАН Куманевым успамінаў: «Я не думаў, што... маглі паўстаць якія-небудзь ускладненні» пры ўсталяванні «адміністрацыйнай мяжы паміж новымі абласцямі краіны». Але «ўскладненні» ўзніклі адразу. «Пятую калону» пачалі вынішчаць на новых тэрыторыях у паскораным тэмпе.

З 1939 года да траўня 1941 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі праведзены аперацыі па «ізаляцыі» «леснікоў» і «асаднікаў». Вядома, што за гэты перыяд былі асуджаныя 56320 чалавек (расстраляныя з іх — 3903). Выслалі 101726 чалавек «плюс 1 эшалон».


Вайна

Германія не стала чакаць нападу з боку СССР — 28 чэрвеня 1941 года сталіца Беларусі была занятая нямецкімі войскамі. Беларускае кіраўніцтва не аказалася захопленым знянацку. Ужо 29 чэрвеня Панамарэнка прыняў рашэнне аб арганізацыі і правядзенні дыверсій на аэрадромах, занятых праціўнікам, і накіраваў з гэтай мэтай 28 груп агульнай колькасцю ў тысячу чалавек. Праз дзень, 30 чэрвеня, Панамарэнка падпісаў дырэктыву «Аб пераходзе на падпольную работу партарганізацый раёнаў, занятых ворагам». Адначасова пачалося перакідванне атрадаў і дыверсійных груп у тыл ворага. Толькі ў другой палове 1941 года ў розныя вобласці Беларусі былі перакінутыя 437 атрадаў і дыверсійных груп, якія налічвалі 7234 чалавека.

Сусветная рэвалюцыя не атрымалася. Замест яе СССР і БССР атрымалі Вялікую Айчынную вайну, чалавецтва — Другую сусветную.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!