Пакупніца слонімскай сінагогі расказала пра свае планы

Пакупніца адной з самых старажытных сінагог Беларусі, дзіцячая пісьменніца і педагог з Мінска, якая выступае пад псеўданімам Іяанна Рыўз, расказала ў інтэрв'ю «Свабодзе» пра стан помніка і свае планы аднаўлення будынка.
Сапраўднае імя пакупніцы сінагогі — Ілона Караваева, але яна просіць называць яе Іяаннай. Рыўз піша ангельскамоўныя казкі, з'яўляецца сябрам Еўразійскай крэатыўнай супольнасці, выкладае дзецям музыку і вакал. Да пандэміі, як сама расказвае, актыўна займалася з імі як пэдагог і крэатыўны аўтар. Праводзіла сустрэчы ў школах, бібліятэках і дзіцячых дамах. Але каронавірус прымусіў прыпыніць гэтую дзейнасць.

Коратка пра гісторыю сінагогі:

Слонімская сінагога — адна з найстарэйшых у Беларусі. Яе пабудавалі ў 1642 годзе ў стылі барока. Яна ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. У 1881 годзе будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару, але быў адбудаваны на ахвяраванні гараджан. Дзейнічала да 1940 года, а пасля ІІ сусветнай вайны камуністы зрабілі ў сінагозе склад і гандлёвыя памяшканні. Цэнтр габрэйскага мастацтва пры Габрэйскім універсітэце ў Ерусаліме ўключыў слонімскую сінагогу ў лік сямі найбольш важных гістарычных сінагог Еўропы, якім пагражае небяспека.

«Хочацца зрабіць нешта для будучых пакаленняў»

Помнік архітэктуры XVII стагоддзя прадалі на аўкцыёне з трэцяй спробы. За набыццё будынка Іяанна заплаціла 30 тысяч рублёў. Рашэнне купіць сінагогу яна называе спантанным і выпадковым. Пабачыла прапанову на аўкцыёне і «нават не думала разглядаць варыянты з іншымі будынкамі».

«Я ў нейкім сэнсе паломніца, якая з 12 гадоў пастаянна наведвае рэлігійныя культавыя святыні па ўсім свеце. І вынікам гэтага стала набыццё сінагогі. Я гэтага не планавала, усё адбылося абсалютна выпадкова, калі ўбачыла гэты помнік архітэктуры на аўкцыёне. Пэўным штуршком стала і тое, што пасля ІІ сусветнай вайны мая сям’я жыла ў Слоніме. Я служу мастацтву, і мне хацелася б унесці свой уклад у захаванне гэтага помніка, зрабіць вялікую справу для сучаснасці. Хочацца зрабіць нешта для будучых пакаленняў і для культуры», — кажа Іяанна.

Сур’ёзныя намеры адбудаваць сінагогу ў Слоніме меў Фонд габрэйскай спадчыны. Яшчэ два гады таму ён аплаціў рамонт даху, каб узімку ў сінагогу не намятала снегу. Ініцыятарам рэканструкцыі з'яўляецца брытанскі інжынер Сайман Каплінскі, бацька якога нарадзіўся ў Слоніме. Фонд габрэйскай спадчыны збіраўся купіць сінагогу, але не паспеў аформіць неабходную дакументацыю.


«Збіраюся максімальна супрацоўнічаць з фондамі іншых краінаў»

Работы для рэканструкцыі, паводле розных падлікаў, каштуюць сама меней мільёны долараў. Каб сабраць сродкі на аднаўленне сінагогі, Іяанна мае намер заснаваць уласны фонд.

«Літаральна днямі я маю намер звярнуцца ў мясцовыя органы, каб удакладніць нюансы. Збіраюся максімальна супрацоўнічаць з фондамі іншых краінаў, якія могуць дапамагчы. Вядома, у тым ліку і з габрэйскімі, паколькі гэта помнік габрэйскай культуры. Я спадзяюся на іх падтрымку. Збіраюся адпраўляць афіцыйныя лісты сваім сябрам, калегам, якія могуць застацца неабыякавамі і змогуць дапамагчы».

За апошнія 30 гадоў было некалькі спробаў аднавіць слонімскую сінагогу. У 1999 годзе дзякуючы Фонду ўсясветных помнікаў на сінагозе замянілі дах. Аднак ад таго, што будынак не мае гаспадара, ён паступова прыходзіць у заняпад. За савецкім часам, калі сінагога была складам мэблевай крамы, а ў прыбудовах месціўся малочны бар, яна была ў лепшым стане, чым цяпер.

Іяанна Рыўз

«Летам там можна было праводзіць класічныя канцэрты, як каля мінскай ратушы»

Паводле правілаў аўкцыёну, прададзены будынак павінен быць рэканструяваны менавіта ў тым выглядзе, у якім ён быў збудаваны — як сінагога.

«Там ёсць некаторыя прыбудовы, я іх разглядала як кавярню для турыстаў, з булачкамі або нейкім асаблівым хлебам. З другога боку — краму з сувенірамі, прывезенымі з Ізраіля, або паштоўкамі горада. Сінагога месціцца ў вельмі добрым месцы, там побач знаходзіцца цудоўны Свята-Праабражэнскі сабор, касцёл бернардынак. Таму я думала, што было б някепска зрабіць нейкую прылеглую тэрыторыю, каб летам там можна было праводзіць невялікія класічныя канцэрты, на ўзор тых, што адбываюцца ў Мінску каля ратушы. Гэта было б цікава не толькі турыстам, якія не так часта прыязджаюць, але і жыхарам горада».

У сінагозе захаваўся ўнікальны роспіс. Фота 2018 года

У сінагозе захаваўся ўнікальны роспіс. Фота 2018 года


«Сінагога ў крытычным стане, але стараюся быць аптымісткай»

На стварэнне праектнай дакументацыі і зацвярджэнне праекту ў Іяанны ёсць 2 гады. На рэканструкцыю будынку яшчэ 5. Але акурат надоечы пакупніца даведалася, што будынак сінагогі знаходзіцца ў аварыйным стане і што там небяспечна праводзіць нават простыя даследчыя работы.

«Я размаўляла з архітэктарамі, якія аднаўлялі Нясвіжскі замак. Яны расказалі, што ўзнікаюць некаторыя складанасці для таго, каб даследаваць яго з любога пункту гледжання: ці то з гістарычнага, ці тэхнічнага. Туды небяспечна заходзіць. Калі праводзіць нейкія даследчыя работы, то патрэбна рабіць іх у спецыяльнай вопратцы. Таму ўзнікаюць новыя пытанні. У найбліжэйшы час я буду старацца зразумець, як іх вырашыць максімальна хутка і карысна».

Іяанна плануе таксама звярнуцца па дапамогу і ў фонд UNESCO. Пакуль сур’ёзных прапановаў супрацы ёй не паступала. Былі размовы з выхадцамі са Слоніма ў Ізраілі, прадстаўнікамі габрэйскага фонду культуры ў Гродна. На гэтым тыдні плануецца віртуальная сустрэча з брытанскім фондам.

«Пакуль усім займаюся сама. Часу ў мяне шмат, паколькі сваю ІП я закрыла праз пандэмію. Пра аварыйны стан я даведалася толькі ўчора. На момант куплі гэта выглядала трошкі інакш. Стараюся быць аптымісткай. Сінагога стаіць дзясяткі гадоў, і калі яна трапіла да мяне, то, відаць, такі лёс, каб вырашыць яе будучыню. Немагчыма ж стаяць так увесь час».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: