Як беларускія сяляне з польскай уладай змагаліся

Найбольш гучным было выступленне нарачанскіх рыбакоў у 1935 годзе. Справа была ў тым, што яшчэ ў 1932 годзе польскія ўлады прынялі так званы «рыбны закон», паводле якога ўсе рэкі і азёры на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай нацыяналізаваліся. Зразумела, што такія захады не задавальнялі жыхароў Заходняй Беларусі...

В. Цвірко. Паўстанне Нарачанскіх рыбакоў

У міжваеннае дваццацігоддзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі адбыўся шэраг выступленняў супраць польскай улады. Яны былі выкліканы як цяжкасцямі жыцця беларускага насельніцтва, так і дзейнасцю прасавецкіх элементаў. Разам з тым варта адзначыць, што памылкі міжваенных польскіх уладаў спрыялі эскалацыі сітуацыі на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай.

Абараніць «Грамаду»

У адпаведнасці з Рыжскай мірнай дамовай, заключанай 18 сакавіка 1921 года, польскія ўлады бралі на сябе абавязальніцтвы даваць беларусам свабоду веравызнання, развіцця нацыянальнай культуры і мовы. Аднак у 1920–1930-я гады з выкананнем гэтых умоваў былі вялікія праблемы. Пасля «травеньскага перавароту» 1926 года афіцыйная Варшава ўзяла накірунак на правядзенне жорсткай асіміляцыйнай палітыкі на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў. Эканамічныя рэформы, на жаль, не давалі пазітыўных вынікаў. Усё гэта правакавала напружанасць на тэрыторыі Заходняй Беларусі, што часам пераходзіла ў адкрытае супрацьстаянне паміж беларускімі сялянамі і польскай паліцыяй і адміністрацыяй.

У 1927 годзе Варшава забараніла дзейнасць самай масавай беларускай арганізацыі — «Беларускай сялянска-работніцкай грамады». Нягледзячы на тое, што бальшавікі ўплывалі на дзейнасць БСРГ, менавіта яна актыўна абараняла нацыянальна-культурныя правы беларускіх грамадзян Другой Рэчы Паспалітай. Напрыклад, арганізацыя змагалася за вызваленне сялян ад падаткаў, выступала за 8-гадзінны працоўны дзень, імкнулася дапамагчы беспрацоўным. Пра папулярнасць «Грамады» сведчаць білеты чальцоў БСРГ з шасцізначнымі парадкавымі нумарамі.

Косава, 1930-я гады

У адказ на забарону арганізацыі 3 лютага 1927 года ў Косава адбылася антыўрадавая дэманстрацыя. Людзі з навакольных вёсак сабраліся на рынкавай плошчы і патрабавалі адмяніць рашэнне аб забароне БСРГ. Хутка на мітынгу з’явіліся чырвоныя сцягі і камуністычныя лозунгі «Прэч вайну з СССР» і «Няхай жыве Кампартыя Заходняй Беларусі». Паводле падлікаў польскіх уладаў, на сходзе было каля 1,5 тысячы чалавек.

Польскія паліцыянты, пабачыўшы, што сітуацыя выходзіць з-пад кантролю, пачалі страляць у натоўп. У выніку, шэсць чалавек загінулі, а некалькі дзясяткаў сялян былі параненыя. Сярод забітых былі жыхары вёскі Альба Мікола Таптала, Сяргей Верабей, а таксама жыхары іншых вёсак Косаўскага павета Міхаіл Еўтух, Пётр Гаўрус, Іван Кучук, І. Ракевіч.

Помнік у Косава

Пахаванне гэтых людзей ператварылася ў чарговую акцыю пратэсту супраць польскіх уладаў. Пры Саветах магілы сялян, якія загінулі ў лютым 1927 года, зрабілі «сімвалам барацьбы супраць панскай улады», а ў 1966 годзе ў Косаве з’явіўся абеліск у памяць «Косаўскага расстрэлу 1927 года».

Магіла ахвяр Косаўскага расстрэла

Супраць некарысных рэформаў

Вялікую ролю ў арганізацыі антыўрадавых выступленняў у Заходняй Беларусі мела КПЗБ. Яе актывісты, у большасці, былі агентамі савецкай выведкі. У іх задачу ўваходзіла стварэнне «рэвалюцыйнай сітуацыі» на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай. І тут на руку бальшавікам гралі эканамічныя цяжкасці ва ўсходніх польскіх ваяводствах, а таксама жорсткая палітыка «санацыйных» уладаў, якія, замест таго, каб дамаўляцца з нацыянальнымі меншасцямі, імкнуліся іх паланізаваць.

У 1931 годзе ў вёсцы Баранава Гарадзенскага павета выступілі супраць рэалізацыі польскай зямельнай рэформы, якая праяўлялася ў распаўсюджванні хутароў. Землямер, які прыехаў у населены пункт, так і не змог прыступіць да працы. У выніку польскія ўлады вымушаныя былі адправіць у населены пункт атрады рэзерву польскай паліцыі, які «супакоіў» сялян і ўзяў сітуацыю пад кантроль.

У сакавіку 1932 года ў вёсцы Асташына Навагрудскага павета беларускія сяляне выступілі супраць польскай улады. «Бунт» быў звязаны з тым, што мясцовы асаднік і памешчык набывалі сялянскія зямельныя надзелы, канфіскаваныя за нявыплату падаткаў. У вёску прыехалі супрацоўнікі польскай паліцыі, якія арыштавалі арганізатараў выступлення. Аднак сяляне ўзялі ў рукі зброю і адбілі сваіх людзей.

Праўда, сілы былі не роўнымі. Хутка польскім паліцэйскім удалося ліквідаваць супраціў і арыштаваць «паўстанцаў». Адбыўся надзвычайны суд — і 5 ліпеня 1932 года беларусы Іван Бахар, Аляксандр Гаўрош, Аляксандр Малец, Уладзімір Стасевіч былі прысуджаныя да смерці ды праз два дні павешаныя. Пазней целы няшчасных пахавалі на могілках у Навагрудку. Яшчэ пяць удзельнікаў «Асташынскага паўстання» атрымалі пажыццёвае турэмнае зняволенне, а некалькі дзясяткаў беларускіх сялян накіраваліся ў турму на 5 гадоў.

Магіла ў Навагрудку


У ліпені 1933 года ў вёску Ляплёўка на Кобрыншчыне прыбыў сяквестр, якога ахоўвала некалькі паліцэйскіх. З пэўнага моманту прадстаўнікі польскай улады вымушаныя былі з’яўляцца ў некаторых беларускіх вёсках «з аховай». Мясцовыя жыхары пабілі паліцыянтаў, але тыя забілі камуніста Лявона Баганьскага.

Пазней у вёску прыбыў узмоцнены атрад паліцыі (каля 30 супрацоўнікаў). Аднак гэта не дапамагло. Жыхары некалькіх вёсак Кобрыншчыны сабраліся і разграмілі пасяленні польскіх асаднікаў. Там «паўстанцы» захапілі зброю і напалі на паліцэйскі ўчастак у вёсцы Навасёлкі. У адказ польскія ўлады вымушаныя былі накіраваць узмоцненыя падраздзяленні паліцыі з Брэста-на-Бугу, якія разбілі «паўстанцаў». На судзе, які праходзіў у Кобрыне, чальцы КПЗБ, што ўдзельнічалі ў «паўстанні», атрымалі жорсткія прысуды. Пры гэтым была арыштаваная сакратар Брэсцкага акружнога камітэта КПЗБ Рэгіна Каплан. Яна атрымала 15 гадоў турэмнага зняволення. У 1967 годзе ў Навасёлках савецкія ўлады паставілі памятны знак.

У жніўні таго ж 1933 года супраць польскіх уладаў выступілі жыхары вёскі Вялікія Радванічы. «Паўстанцамі» кіравалі добра падрыхтаваныя людзі. Сяляне не толькі абрабавалі сядзібы асаднікаў, але і знішчылі тэлеграфную лінію. У выніку ўладам прыйшлося перавесці Кобрынскі павет на асаднае палажэнне, і толькі пасля гэтага ўдалося супакоіць «паўстанцаў».

Беларускія сяляне, 1930-я гады

«Волю нарачанскім рыбакам»

Аднак найбольш гучным было выступленне нарачанскіх рыбакоў у 1935 годзе. Справа была ў тым, што яшчэ ў 1932 годзе польскія ўлады прынялі так званы «рыбны закон», паводле якога ўсе рэкі і азёры на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай нацыяналізаваліся. Зразумела, што такія захады не задавальнялі жыхароў Заходняй Беларусі.

Возера ў Нарачы было перададзена пад упраўленне дырэкцыі Дзяржаўных лясоў. Пазней мясцовых жыхароў паставілі перад фактам: Нарач здаецца ў арэнду землеўласніку Яблонскаму. Пры гэтым сялянам з навакольных вёсак прапанавалі ісці на працу да пана. Пік супраціву прыйшоўся на лета 1935 года, калі нарачанцы адмовіліся ад супрацы з панам Яблонскім і сталі лавіць рыбу, як раней. Новы гаспадар возера выклікаў паліцыю, якая пачала канфіскоўваць лодкі і рыбу. Аднак жонкі рыбакоў напалі на «служкаў парадку» і перакулілі іх лодку.

Нарач, 1930-я гады

У рэгіён прыехалі віленскі ваявода і павятовы стараста, якія агітавалі беларускіх сялян ісці на працу да Яблонскага. Аднак гэта не дапамагло: у агульнай забастоўцы ў пачатку 1936 года ўдзельнічалі жыхары вёсак Наносы, Падрэзы, Купа і іншых. Сяляне захапілі базу Яблонскага, якая знаходзілася паміж вёскамі Мікольцы і Пасынкі. Паліцыя затрымала некалькіх «паўстанцаў», аднак улады вымушаныя былі пайсці на саступкі. Яны пагадзіліся на тое, што мясцовыя жыхары ловяць рыбу сваімі невадамі, а пазней прадаюць яе дырэкцыі Дзяржаўных лясоў па 50 грошаў за кілаграм. Нарачане таксама атрымалі права прадаваць улоў і ў іншых месцах. «Леснікі» заплацілі сялянам за канфіскаваную рыбу.

У жніўні 1938 года Крэмль вырашыў ліквідаваць Кампартыю Польшчы і яе структурнае падраздзяленне — КПЗБ. Пачынаючы з 1937 года на тэрыторыі БССР савецкія ўлады актыўна знішчалі сваіх памагатых з ліку «кэпэзэбоўцаў», абвінаваціўшы іх у супрацоўніцтве з польскай выведкай. Праўда, непасрэдна перад 17 верасня 1939 года шматлікія савецкія дыверсанты з ліку былых «заходнебеларускіх камуністаў» перайшлі «рыжскую мяжу» з мэтай «дапамагчы ўз’яднанню Заходняй Беларусі з дружнай сям’ёй савецкіх народаў».

На вялікі жаль, улады міжваеннай Польшчы так і не змаглі выпрацаваць эфектыўную нацыянальную палітыку ва ўсходніх, не польскіх рэгіёнах Другой Рэчы Паспалітай. Да таго ж эканамічныя рэформы ў гэтым рэгіёне праводзіліся без уліку яго асаблівасцяў, а супраціў часцей за ўсё падаўляўся сілай. Пры гэтым спробаў дамовіцца амаль не рабілася. Гэтыя супярэчнасці актыўна выкарыстоўваліся чальцамі КПЗБ і агентамі савецкай выведкі, якія вербавалі незадаволеных «панскай уладай» і выкарыстоўвалі іх у сваіх мэтах як у міжваенны час, так і ў верасні 1939 года.

Фота з архіва аўтара



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!