Памятаць кожнага! У Амбасадзе Вялікабрытаніі ўзгадалі беларусаў у Войску Польскім

Па запрашэнні амбасадара яе вялікасці каралевы Вялікабрытаніі ў Беларусі спадарыні Жаклін Перкінс беларускі гісторык Ігар Мельнікаў правёў для супрацоўнікаў дыпламатычнай установы лекцыю па гісторыі службы беларусаў і ўраджэнцаў нашай краіны ў даваенным Войску Польскім, а таксама Другім польскім корпусе і іншых фарміраваннях польскага войска на Захадзе падчас Другой сусветнай вайны.

Колькі беларусаў сустрэла пачатак вайны ў шыхтах Войска Польскага? У якіх бітвах прыйшлося паўдзельнічаць ім у верасні 1939 года? Праз якія рэпрэсіі прайшлі жыхары далучанай да БССР Заходняй Беларусі? Колькі беларусаў было ў Арміі Андэрса і што такое Бітва пад Монтэ-Касіна? На гэтыя і іншыя пытанні пачулі адказы удзельнікі лекцыі.

Значную ўвагу Ігар Мельнікаў надаў апісанню лёсаў простых беларусаў, палякаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія ў 1941 годзе папоўнілі шэрагі Арміі пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса.

Акрамя гэтага кандыдат гістарычных навук распавёў пра лёс беларускіх жаўнераў польскай Самастойнай паветрана-дэсантнай брыгады падчас аперацыі “Макет-Гадэн” у Галандыі ў 1944 годзе. Нарэшце, гісторык дэталёва асвяціў асаблівасці злачыннай дэпартацыі ветэранаў Другой сусветнай, жаўнераў польскага войска на Захадзе, якую ажыццявілі савецкія ўлады ў Беларусі ўвесну 1951 года.

Адмыслова для лекцыі Ігар Мельнікаў прынёс арыгінальныя артэфакты, здымкі, дакументы, рыштунак і ўніформу жаўнераў Другога польскага корпуса ў Беларусі.

Фрагмент выставы "Беларусы ў Другім польскім корпусе" з прыватнай калекцыі беларускага гісторыка Ігара Мельнікава

Плануецца, што ў хуткім часе Амбасада Вялікабрытаніі ў Беларусі перадасць копіі брытанскіх узнагарод чарговай групе сваякоў беларускіх “андэрсаўцаў”.

Кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў з Амбасадарам Вялікабрытаніі ў Беларусі, спадарыняй Жаклін Перкінс

Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў побач з супрацоўнікамі Амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі

За апошнія пяць гадоў брытанскае дыппрадстаўніцтва ў Беларусі вярнула сямейныя рэліквіі больш чым дваццаці сем’ям нашчадкаў жаўнераў Другога польскага корпуса з Беларусі.


«Гісторыя Побач»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: