Панскія кілеры, «легіён смерці» і стрыжка святароў

Як у Заходняй Беларусі ўпершыню выбіралі мясцовыя органы савецкай улады.
Перадвыбарчы сталінскі плакат на беларускай мове. Крыніца: Звязда, снежань 1940 года.

Перадвыбарчы сталінскі плакат на беларускай мове. Крыніца: Звязда, снежань 1940 года.

Комплекс надзвычайных палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных захадаў бальшавіцкай улады ў Заходняй Беларусі пасля ўключэння яе ў склад Савецкага Саюза і далучэння да Беларускай ССР гісторыкі і публіцысты правамерна называюць «саветызацыяй». Адной з яе неад’емных частак стала правядзенне выбарчых кампаній, якія мусілі засведчыць перамогу «непарушнага блока камуністаў і беспартыйных». Гэта павінна было пераканаць заходнебеларускае шматмільённае насельніцтва, якое звыш паўтара дзясятка гадоў жыло ў цалкам адрозных ад бальшавізму палітычных і сацыяльна-эканамічных умовах, у перавазе прынцыпова іншай грамадскай мадэлі на сацыялістычных пачатках, а таксама істотна павысіць легітымнасць савецкай улады


Замацаваць савецкую ўладу

12 кастрычніка 1940 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР выдаў указ аб правядзенні выбараў у абласныя, раённыя, гарадскія, сельскія і пасялковыя Саветы працоўных у пяці заходніх абласцях рэспублікі: Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай. Паводле ўказа, выбарчая кампанія павінна была стартаваць 15 кастрычніка 1940 года.

У выбарчую кампанію ўключалася вялізарная колькасць кандыдатаў: у мясцовыя органы ўлады належала накіраваць каля 42 тыс. чалавек.

Аналагічная кампанія была праведзена ва ўсходніх абласцях БССР у канцы снежня 1939 года. Гэты вопыт трэба было выкарыстаць і ў Заходняй Беларусі.

У заходнім рэгіёне савецкая ўлада адносна добра валодала грамадска-палітычнай сітуацыяй: тут былі праведзены дзве буйныя палітычныя кампаніі: выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі ў кастрычніку 1939 года і выбары ў Вярхоўны Савет СССР і БССР у сакавіку 1940 года.

Выбары 15 снежня 1940 года павінны былі прайсці паводле адпаведнага Палажэння, якое было зацверджана яшчэ 27 ліпеня 1939 года

У сувязі з уключэннем Заходняй Беларусі ў склад СССР і далучэннем яе да БССР чацвёртая сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 27 красавіка 1940 года ўнесла ў Палажэнне змены і дапаўненні. У прыватнасці, для заходніх абласцей былі вызначаны нормы па выбарах дэпутатаў у абласны Савета. Так, дэпутат ад Баранавіцкай і Беластоцкай абласцей абіраўся не менш чым ад 15 тыс. чалавек, за Вілейшчынай і Брэстчынай была замацавана норма не менш 12 тыс. чалавек. А вось у Пінскай вобласці дэпутат аблсавета абіраўся не менш як 10 тыс. грамадзянамі.

Само Палажэнне знешне выглядала даволі дэмакратычна. Адсутнічалі ўсялякія перашкоды па сацыяльных, рэлігійных, нацыянальных і іншых прыкметах. Галасаванне абвяшчалася роўным і на таемнай аснове. У двухтыднёвы тэрмін прадугледжваўся другі тур галасавання. У дзень выбараў на выбарчым участку забаранялася агітацыя за кандыдата. Існавала і крымінальная — да трох год турмы — адказнасць за фальсіфікацыю выбараў.

1 лістапада 1940 года наконт артыкула 69 Палажэння (там прапісвалася працэдура выстаўлення кандыдатаў) быў прыняты спецыяльны ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета. Паводле яго, у сельскіх раёнах Заходняй Беларусі (калектывізацыя шмат у якіх раёнах «буксавала») права выстаўлення кандыдатаў атрымлівалі агульныя сходы сялян па вёсках (у адрозненні ад мясцовых выбараў ва ўсходніх абласцях, дзе кандыдатуры вылучаліся сходамі сялян выключна па калгасах).

Бальшавікамі быў выдадзены прыкладны план вывучэння Палажэння аб выбарах. Ён уключаў сем гутарак: 1) Выбарчую кампанію ў мясцовыя Саветы працоўных Заходняй Беларусі здзейснім на высокім ідэйна-палітычным узроўні. 2) Міжнароднае становішча СССР. 3) СССР — краіна перамогшага сацыялізму. 4) БССР — неад’емная частка вялікага Савецкага Саюза. 5) Выбарчае права, выбарчая сістэма. 6) Як ствараюцца выбарчыя акругі і выбарчыя ўчасткі.7) Выбарчыя камісіі, спісы выбаршчыкаў, парадак выстаўлення кандыдатаў, парадак галасавання, вызначэнне вынікаў выбараў.

План уяўляў сабой банальныя камуністычныя сентэнцыі: БССР — несакрушальны фарпост сацыялізму на заходніх рубяжах, панская Польшча — турма народаў і г.д.

Небывалы цэлы комплекс арганізацыйных захадаў

Гэта, перш за ўсё, стварэнне выбарчых акруг, камісій і ўчасткаў. У кожнай вобласці ў складзе 11 чалавек (старшыня, намеснік, сакратар і 8 членаў) былі створаны камісіі па выбарах у абласныя Саветы.

У Валожынскім раёне Баранавіцкай вобласці, напрыклад, былі створаны 4 акругі па выбарах у абласны Савет, 60 акруг — па выбарах у раённы Савет і 477 — па выбарах у сельскія і пасялковыя Саветы.

Прэзідыум Вярхоўнага Савета зацвердзіў і формы выбарчых бюлетэняў, якія адрозніваліся колерамі. Бюлетэні па выбарах у гарадскія, сельскія і пасялковыя Саветы мелі белы колер, у раённыя Саветы — светла-блакітны, у абласныя — светла-зялёны.

Бадай, адным з самых вялікіх арганізацыйных захадаў бальшавікоў стала складанне спіса выбаршчыкаў. На гэтую справу кідаліся салідныя людскія і адміністрацыйныя рэсурсы.

Напрыклад, у Беластоку спіс выбаршчыкаў складалі ажно 500 чалавек. Як правіла, гэта былі адукаваныя людзі: настаўнікі, лекары і інш. Складанне спісу ўяўляла сабой вельмі працаёмкую працэдуру. Трэба было правяраць дамавую кнігу, гутарыць з упраўдомам і самому абыходзіць кватэры. Таму не дзіўна, што са спісам выбаршчыкаў узнікалі праблемы: у шэрагу месцаў спісы не былі складзены ў належны тэрмін (іх мусілі вывесіць за 35 дзён да выбараў, 12 лістапада), самі спісы ствараліся неахайна, прапускаліся дамы і вуліцы, самі грамадзяне часта не ўносіліся ў спісы. Камічная гісторыя здарылася з жыхаром Брэста Фанабэрыяй Носхам Шлёмавічам. У спісе выбаршчыкаў ягоны год нараджэння значыўся пад лічбай 1992. У Баранавічах па 9-м выбарчым участку былі прапушчаны прозвішчы ажно 43-х выбаршчыкаў.

Прапагандысцкая істэрыя


Цэнтральныя газеты «Советская Белоруссия» і «Звязда» стварылі спецыяльную рубрыку «Выбары ў заходніх абласцях БССР» і раз-пораз «выстрэльвалі» перадавіцамі кшталту «Па-баявому завершыць падрыхтоўку да дня выбараў». Адпаведна павінны былі дзейнічаць і мясцовыя газеты. У барацьбу ўключыліся польскамоўныя выданні «Штандар вольнасці» і «Вольна праца».
Перадвыбарчы сталінскі плакат на польскай мове. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Перадвыбарчы сталінскі плакат на польскай мове. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.


У шэрагу населеных пунктах пракацілася хваля мерапрыемстваў. У Брэсцкай вобласці з 15 па 20 кастрычніка адбылося 895 мітынгаў і 1974 сходы, на якіх прысутнічала 353 974 чалавек, а выступіла звыш 4 тыс. чалавек. Па-за законам абвяшчаліся патэнцыяльныя ворагі народа. Працоўны Брэсцкага спіртагарэлачнага завода Карпук заявіў, што класавая пільнасць падчас выбараў павінна быць у дзесяць разоў мацней.

Прадпрыемствы бралі на сябе абавязацельствы па павелічэнні выпуску прадукцыі. Напрыклад, калектыў тытунёвай фабрыкі ў Гродне абавязаўся даць звыш плана 105 т. прадукцыі і пры гэтым зэканоміць 15% паліва.
13 лістапада 1940 года сакратар ЦК ЛКСМБ Ефройкін дакладваў у ЦК КП(б)Б аб тым, што з моманту абвяшчэння даты выбараў камсамольска-маладзёвы цэх Гродзенскага піваварнага завода перавыконвае план на 132% штодня.

Ударым аўтапрабегам!


На падтрымку выбараў савецкія ўлады адкамандзіравалі тысячы сталінскіх «хунвейбінаў».

Усяго па пяці абласцях было задзейнічана 66 967 агітатараў. Камуністы стварылі 41 493 кружка па вывучэнні сталінскай Канстытуцыі 1936 года і Палажэння аб выбарах, у якіх прынялі ўдзел 1 248 505 выбаршчыкаў.
Актыўна дзейнічалі т.зв. агітбрыгады. У перыяд кампаніі, напрыклад, толькі ў Вілейскай вобласці 59 такіх брыгадаў здзейснілі каля 200 выездаў. У Пінскай вобласці палітыку партыі і ўрада падчас перадвыбарчай кампаніі ажыццяўлялі 267 агіткалектываў і 6 тыс. агітатараў.
Перадвыбарчы сталінскі плакат на яўрэйскай мове. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Перадвыбарчы сталінскі плакат на яўрэйскай мове. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.



У некаторых выпадках улады выкарыстоўвалі крэатыў, праяўлялі вынаходлівасць, арганізоўвалі вела-і аўтамотапрабегі (Столін-Беражное, Пінск-Драгічын). На маршруце Пінск-Драгічын удзел бралі 19 аўтамабіляў.
У Століне 560 чалавек удзельнічалі ў ваенізіраванай гульне з выкарыстаннем процівагазаў.

Пінскі абкам камсамола з 25 кастрычніка па 5 лістапада 1940 года ажыццявіў праверку стану бібліятэк і ізбаў-чытальняў. У выніку з ліку вучняў былі адобраны т.зв. «кніганошы» для распаўсюду літаратуры сярод выбаршчыкаў.

Бальшавікі апрацоўвалі не толькі моладзь, але і старых. Так, сакратар Пінскага абкама Улазаў 11 снежня 1940 года дакладваў сакратару ЦК КП(б)Б Панамарэнку, што ў вобласці рэгулярна адбываюцца сходы старых (не менш як 100 чалавек), на якіх удзельнікі просяць растлумачыць ім палітыку партыі і ўрада.

«И если враг с ухваткой вора зайдет в советские моря»!


Для дасягнення патрэбнага выніку камуністы літаральна завалілі Заходнюю Беларусь адпаведнай літаратурай і іншым агітацыйна-прапагандысцкім матэрыялам

Для заходніх абласцей БССР было выдадзена 900 тыс. экз. выбарчых выданняў: Канстытуцыя СССР 1936 года, Канстытуцыя БССР 1937 года, Палажэнне аб выбарах, а таксама «працы» савецкіх кіраўнікоў: Сталін («Прамова 11 снежня 1937 года на сходзе выбаршчыкаў Сталінскай выбарчай акругі горада Масквы»), Калініна («Што дала савецкая ўлада працоўным»), Панамарэнка («Год новага жыцця») і інш.

Пры гэтым літаратура выдавалася на чатырох мовах. Так, 18 тыс. асобнікаў Канстытуцыі БССР 1937 года былі надрукаваны на беларускай мове, 17 тыс. — на рускай, 12 тыс. — на польскай і 3000 — на яўрэйскай.

Канешне, не абышлося без партрэтаў «дарагіх» правадыроў. Напрыклад, кнігагандлёвае аддзяленне Дзяржаўнага выдавецтва (КОГИЗ) дакладвала, што на 1 снежня 1940 года ў Беластокскую вобласць былі адгружаны наступныя партрэты: Сталін — 14380 асобнікаў, Ленін — 4520, Берыя — 380, Варашылаў — 1110, Швернік, Хрушчоў і Мікаян — 50.
Перадвыбарчы сталінскі плакат на рускай мове. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Перадвыбарчы сталінскі плакат на рускай мове. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.


Пачэснае месца займалі лозунгі. Іх налічвалася ажно шаснаццаць відаў. Акрамя традыцыйных («Да здравствует внешняя политика Советского правительства, политика мира между народами и обеспечения безопасности нашей Родины!», «Борьба с прогульщиками и дезорганизаторами производства есть борьба за укрепление мощи нашей Родины и её Красной Армии». Да здравствует трудовая дисциплина и образцовый порядок на предприятиях нашей Родины!», «Колхозники и колхозницы! Боритесь за высокие урожаи и подъём общественного животноводства. Укрепляйте хозяйство колхозов! Да здравствует зажиточная и культурная жизнь колхозов!»), меліся і экзатычныя («И если враг с ухваткой вора зайдет в советские моря!», «Трудна и почётна работа героев морской глубины!»).

«Выбары без выбару»


Нягледзячы на моц прапагандысцкай машыны, бальшавікам не ўдалося пазбегнуць непрыемных пытанняў

Адно з іх было зададзена 18 лістапада 1940 года на сходзе выбаршчыкаў шостага выбарчага ўчастка Беластока і ставіла пад сумнеў справядлівы прынцып савецкіх выбараў: «Почему в бюллетень вносится одна кандидатура и нет, кого вычёркивать?». Таксама на гэтым сходзе камуністы пачулі пытанне, «почему в СССР нет разных партий».

Падчас перадвыбарчай кампаніі людзі задавалі і простыя пабытовыя пытанні: чаму ў горадзе няма дроў, чаму ў нас такая дрэнная кааператыўная сетка, чым выкліканы перабоі ў забеспячэнні прамысловымі таварамі.
У Беластоку цікавіліся: «Правда ли, что в Советском Союзе у женщин без боли проходят роды?».

Людзей непакоіла знешнепалітычная сітуацыя, небяспека вайны. Адсюль і пытанні наконт таго, ці дапамагае СССР Кітаю, якія вынікі вайны паміж Грэцыяй і Італіяй, навошта Молатаў ездзіў у Берлін, чаму ў нашых газетах мы папулярызуем паветраную абарону Лондана, ці не выклікае гэта незадаволенасці Германіі.

Небяспечныя вернікі

Уладаў найбольш непакоілі вернікі: на момант выбараў у Заходняй Беларусі існавала 446 касцёлаў, 542 царквы, 387 сінагогаў, 14 манастыроў, 617 ксяндзоў, 606 папоў і 293 рабіны. Таксама існавалі і секты, напрыклад, т.зв. «братишечки» (яны не павінны былі мець і ведаць жанчын).

У справаздачах НКУС адзначалася, што вернікі «проводят обработку молодёжи с целью отказа от голосования»). Асаблівую ўвагу спецслужбы раілі звярнуць на «настоящий очаг мракобесия» — Жыровіцкі манастыр (10 кіламетраў ад Слоніма) і на ягонага паслушніка Рыгора Кундарэнку, які «рассказывает всякие небылицы в контрреволюционном направлении». А спадар Кундарэнка казаў вось што: «Советские люди — это безбожники. Я сам был в России и видел, как народ там страдает от голода, хлеба там очень мало. Они строят только оружие и машины».

Улады БССР і асабіста Панамарэнка разумелі ўплыў вернікаў і напярэдадні выбараў не жадалі псаваць з імі адносіны. Пра гэта сведчыць красамоўны факт. У пачатку снежня 1940 года ў Клецку (Баранавіцкая вобласць) быў арыштаваны мясцовы праваслаўны святар па прозвішчы Бойка, які актыўна выступаў супраць выбараў. Але фармальнай зачэпкаю для ягонага затрымання паслужыла тое, што ён не заплаціў падатак у суме 4700 руб. Пры пераводзе з Клецка ў Нясвіж Бойка «был подвергнут санитарной обработке: его обрили наголо, а также сбрили голову и усы». Гэта выклікала абурэнне вернікаў і яны хутка сабралі грошы: ажно 16 тыс. руб. Кіраўнік НКУС БССР Лаўрэнцій Цанава паведамляў, што некаторыя жыхары аддавалі па 100 руб. Цанава дакладваў, што ажыццяўляецца пошук ініцыятараў збора грошаў «с целью последующей активной агентурной разработки».

Інцыдэнт з Бойкам дайшоў да Панамарэнкі. У архіве захаваўся гнеўны ліст кіраўніка БССР (па ўласнай традыцыі Панамарэнкі напісаны чырвоным алоўкам) да сакратара Баранавіцкага абкама партыі Тура, які пачынаўся такімі словамі: «Товариш Тур! Что это за дураки, которые попов стричь начали?».

Пэўная частка працоўных і сялян Заходняй Беларусі таксама выступіла супраць савецкай улады. Вось што казаў жыхар Пінску, тэхнік мясцовай нафтабазы Гілер: «При Польше народу крутили голову паны, занимались глупостями, теперь большевики дурят голову своими выборами». Селянін Ганчарык з вёскі Велясніца Жабчыцкага раёна Пінскай вобласці абураўся: «Кому такие собрания нужны, когда выдвижение кандидатов происходит по-фашистски, кого хотят, того и намечают, а нам говорят голосуйте. Кандидатов должен выбирать народ».

Аднак тыя, хто быў настроены супраць камуністычнай улады, не абмяжоўваліся толькі словамі. Бальшавікі ледзь паспявалі фіксаваць «контреволюционые вылазки». Звычайна гэта былі антысавецкія надпісы на выбарчых бюлетэнях альбо запіскі, кінутыя ў выбарчыя ўрны.

Так, на Новакрукоўскім выбарчым участку Міёрскага раёна былі знойдзены 23 запіскі контррэвалюцыйнага характару, а таксама фота польскага маршала Эдварда Рыдз-Сміглы з надпісам: «Я не доволен этим правом, а вы босяки убирайтесь». У в. Гардзяняты Смаргонскага раёна ў адной з урнаў была знойдзена запіска: «Прочитай и разумей, еще Польша не сгинела, пока Бог над нами. Ещё настанет смерть коммунистам, которые будут висеть вверх ногами».

18 снежня 1940 года сакратар Маладзечанскага ЦК КП(б)Б даносіў у ЦК: «В деревне Кононовичи Засковичского сельсовета рисовались контрреволюционные рисунки, на которых изображались активисты с поломанными телегами, возле могил». Той жа сакратар пісаў, што ў Маладзечанскім раёне выяўлены тры выпадкі, калі прозвішчы кандыдатаў на бюлетэнях былі «вырваны зубами», а на бюлетэні кандыдата Завадскага быў намаляваны нож.

Па звестках органаў унутраных спраў, 14 снежня 1940 года ў Брэсце па вуліцах Савецкая і Студэнцкая былі раскіданы 27 улётак «фашистского характера», якія «были писаны карандашом от руки».

Кілерства па-заходнебеларуску


3 снежня 1940 года Цанава накіраваў Панамарэнку цікавую дакладную запіску: «31 октября 1940 года агент «Горелов» донес, что житель деревни Снядово Снядовского района Белостокской области Бер Шаевич Шрум обратился к нему с просьбой подыскать человека или самому согласиться убить уполномоченного РИК кандидата в депутаты сельсовета, жителя деревени Залесье Хелстовского». Па словах Цанавы, неўзабаве Шрума арыштавалі. Ён прызнаўся, што забойства замовіў жыхар в. Залессе Адам Сцяпноўскі, «враждебно настроенный к советской власти». 6 лістапада 1940 года быў арыштаваны і Сцяпноўскі, які сваю віну не прызнаў.

Пытанне, ці сапраўды вышэйапісанае мела месца і не было фэйкам НКУС, патрабуе дадатковага вывучэння. Аднак забойствы прасавецкіх актывістаў адбываліся. Напрыклад, у кастрычніку 1940 года быў забіты жыхар вёскі Кізелякі Беластоцкага раёна Левандоўскі.

Імя ім — легіён!

Канешне, органы НКУС нагняталі ў рэгіёне атмасферу страху і падазронасці. 26 снежня 1940 года Цанава дакладваў Панамарэнку, што ў сярэдняй школе №1 г. Аўгустова нібыта выкрыта варожая група «Легіён смерці» пад кіраўніцтвам братоў-школьнікаў Прычкатаў — Юзэфа і Рышарда. Паводле Цанавы, члены групы (юнакі і дзяўчаты ад 14 да 19 гадоў) «систематически устраивали сборища, проводили контрреволюционную агитацию, читку националистической литературы, высказывали пораженческие настроения, проявляли стремление уйти в Германию, периодически разбрасывали контрреволюционные листовки». Цанава таксама сцвярджаў, што члены групы планавалі разграміць выбарчы ўчастак у Аўгустове, здзейсніць тэракт на чыгунцы і забіць бальшавіцкага вылучэнца Яна Станкевіча.

Пасля выкрыцця групы Юзэф і Рышард атрымалі працяглыя турэмныя тэрміны.

У выніку 15 снежня 1940 года былі абраны 367 дэпутатаў абласных Саветаў, 2519 дэпутатаў раённых і гарадскіх Саветаў і 32 945 дэпутатаў сельскіх і пасялковых Саветаў. Усе яны былі камуністамі і беспартыйнымі. Пэўную частку з іх складалі жанчыны.

Савецкай уладзе з дапамогай прапаганды і рэпрэсіяў удалося дабіцца мэты. Аднак не варта забывацца і пра тое, што частка «заходнікаў» паверыла бальшавікам і пайшла за імі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!