Паўстанцкі блазен Дамінік Бейда

Дамінік Бейда быў дастаўлены ў Бельскую турму напрыканцы верасня 1863 года. Нягледзячы на тое, што яму было толькі 54 гады, мужчына выглядаў за старога, да таго ж быў сляпы на левае вока і кульгавы на адну нагу.


Бейда чакаў, калі ваенна-судовая камісія дабярэцца да яго справы і вызваліць з турмы, як і большасць іншых сялян, на ранейшае месца жыхарства пад нагляд паліцыі.

14 кастрычніка Дамінік Бейда быў выкліканы на допыт. Яго гісторыя амаль нічым не адрознівалася ад шматлікіх іншых, ужо не раз чутых прадстаўнікамі камісіі. Бейда, незаконнанароджаны, неадукаваны, каталік, спакойным голасам паведаміў пра прычыну сваёй двухмесячнай адсутнасці ў роднай вёсцы: «Ішоў я да свайго сына ў вёску Корыца, на дарозе мяне запынілі 4 конніка і двое пешых, узброеныя, і забралі мяне ў партыю Баранцэвіча, дзе мяне вартавалі тры дні, а пасля на працягу двух тыдняў я быў у шайцы без асаблівага нагляду. Зброі ніякай не меў, а выбраўшы зручны час, збег з шайкі дахаты, дзе і быў увесь час да арышту. Усе паказанні па існай праўдзе, у чым і прашу распісацца. Дамінік Бейда, а за яго па просьбе падпісаўся шараговы Грыгор Кудакоў» .

На падставе падобных гісторый па ўсім Краі на волю была вызвалена не адна сотня сялян, што прымалі ўдзел у паўстанні. Гэта рабілася па рашэнні віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва з мэтаю разгрузіць ваенна-судовыя камісіі ад другасных спраў і сканцэнтравацца на вызначэнні ступені віны палітычных злачынцаў, у першую чаргу з ліку шляхты. Селяніну дастаткова было добраахвотна з’явіцца ў следчую камісію, заявіць пра прымусовы ўдзел у паўстанцкім атрадзе, дзе ён не меў нават зброі, не прымаў удзел у сутычках з рэгулярнай арміяй і збег пры першай жа магчымасці. Таму Дамінік Бейда і не сумняваўся, што зрабіў усё правільна, каб хутчэй апынуцца на волі. Але ён не ведаў таго, што яго выклікалі мэтанакіравана, па даносе трох нядаўна арыштаваных сялян, якія паведамілі: Бейда ўдзельнічаў у павешаннях!

Ранкам 14 кастрычніка ў Бельскую ваенна-судовую камісію прыйшлі былыя паўстанцы — Сідар Андранёк, Пётр Жэра і Тодар Мальшэвіч, якія абвясцілі, што ў турэмным замку знаходзіцца пад арыштам чалавек, які займаўся вешаннем, выкопваннем ямаў для павешаных, а таксама выконваў ролю паўстанцкага блазна. Указаная імі асоба выклікала ў камісіі здзіўленне. Яны назвалі імя Дамініка Бейды, якога ў выніку і выклікалі на допыт.

Пасля таго, як Бейда даў паказанні, у пакой да яго ўвайшлі Сідар Андранёк і Пётр Жэра. Пачалася вочная стаўка.

Высветлілася, што Дамінік Бейда ў атрадзе Баранцэвіча, у якім знаходзіўся каля двух месяцаў, быў добраахвотнікам. Ён часта пакідаў лагер і адпраўляўся за харчаваннем. Калі ж паблізу размяшчэння паўстанцаў праходзілі расійскія войскі, Дамінік сыходзіў з атрада і прадстаўляўся жабраком, выкарыстоўваючы ўласныя калецтвы ў якасці прыкрыцця, каб разведаць іх перамяшчэнні і ў выпадку небяспекі, накіраваць іх па фальшывым шляху. Бейда заўсёды выклікаўся прыводзіць у выкананне цялесныя пакаранні, на што пагаджаўся і паўстанцкі стралок Гермуль, былы півавар з вёскі Вількаў.

Сяляне ўзгадвалі: «Вешалі яны заўсёды разам, мы вельмі добра памятаем, як па просьбе памешчыцы Ушынскай, са згоды Баранцэвіча, яны павесілі аднаго хлопчыка гадоў 18-ці за тое, што ён паказваў дарогу казакам, якія ішлі з Цеханаўца; за сухой Гроніцай у Царстве Польскім яны павесілі двух маладых салдат, якіх злавілі паўстанцы ў вёсцы Рудка ў карчме, аднаго штацкага, выдатна адзетага і пастрыжанага па-казацку. За тое, што казацкая фрэзура навяла падазрэнне, што ён пераапрануты казак» .

Акрамя іх у тым самым месцы павесілі яшчэ некалькі чалавек. Андранёк назваў лічбу «не менш васьмі», а Пётр Жэра ўвогуле прыпісаў Дамініку ўдзел у павешанні «не менш 25 чалавек». Сярод іх аднаго з жыхароў Бельскага ўезда, якога «блазен» прывёў у атрад разам з паручнікам Садоўскім, дзяўчыны і пастушка з вёскі Верчыкі — за тое, што яны далі ведаць расійскім войскам, размешчаным у Сямятычах, пра падыход да мястэчка паўстанцаў. Акрамя таго Андранёк і Жэра абвінавацілі Бейду ў здзекаванні са схопленых за здраду супраць паўстанцаў, чым ён рабіў вялікае задавальненне кіраўнікам атрада. Дамінік зброі не насіў, заўсёды хадзіў з венікам, якім падмятаў дарогу, каб не заставалася слядоў таго, што праходзіў атрад. Ён быў першым любімцам Баранцэвіча, разам з ім піў гарбату і еў за адным сталом. Пры гэтым яго часта напойвалі, каб ён танцаваў і смяшыў атрад.

Абвінавачанні ў адносінах «блазна і правадніка» Бейды пацвердзіў удзельнік атрада Эйтміновіча шляхціц Тодар Мальшэвіч. Ён засведчыў, што аднойчы, калі быў у пікеце, то бачыў, як Дамінік капаў яму ў пятнаццаці кроках ад паўстанцкага паста. Калі выкапаў, то, вяртаючыся ў атрад, мовіў: «Гэта яма для павешанага». Калі ж Мальшэвіч пацікавіўся, каго будуць вешаць, то пачуў, што Бейда не ведае, і што гэта прыходзіцца рабіць яму не першы раз. На наступны дзень Мальшэвіч бачыў, як Дамінік Бейда разам з чатырма іншымі незнаёмымі павесіў аднаго з тутэйшых жыхароў, падазраваных у шпіёнстве. Таго злавілі ў лесе, куды ён прыехаў па дровы разам з 12-гадовым сынам, якога пасля павешання бацькі яшчэ тры дні трымалі пры атрадзе, пакуль не аддалі паліцыянтам. Акрамя таго, Мальшэвіч адзначыў, што Бейда перавёў іх атрад праз Буг, а затым знік невядома куды.

Першапачаткова Дамінік Бейда не згаджаўся з гэтымі абвінавачаннямі, але збіваемы словамі Сідара Адранька і Пятра Жэры прызнаўся, што ён сапраўды ўваходзіў у атрад Баранцэвіча. Быў вельмі шанаваны і выконваў усе загады кіраўніка, а менавіта: паказваў дарогу атраду, пасля яго адыходу замятаў сляды, выкопваў ямы для пахавання павешаных, але ў самых павешаннях ніколі не ўдзельнічаў. Ямы ж выкапаў для больш чым дванаццаці чалавек, і быў прызначаны на гэтую пасаду супраць уласнай волі. Пасля адыходу атрада Баранцэвіча з Бельскага ўезда, Бейда атрымаў дазвол на кароткі час адправіцца дахаты, але праз некалькі дзён павінен быў далучыцца да атрада Эйтміновіча, дзе прабыў толькі два дні. Пасля таго, як перавёў атрад за Буг, быў адпраўлены ў родную вёску, дзе быў схоплены і дастаўлены ў Бельск.

Наконт сваёй ролі як блазна Дамінік патлумачыў вельмі адкрыта: «Весяліў у атрадзе ўсіх, таму што мяне добра кармілі і паілі гарбатаю і водкаю кіраўнікі атрада».

Праз некалькі дзён пасля першага допыту і вочнай стаўкі, 18 кастрычніка 1863 года Дамінік Бейда чарговы раз быў апытаны ў Бельскай ваенна-судовай камісіі і прызнаўся ў павешанні трох невядомых яму чалавек. Пасля гэтага ваенны начальнік Бельска 26 кастрычніка атрымаў прапанову стварыць ваенна-судовую камісію над Дамінікам Бейдам з ліку афіцэраў Сафійскага пяхотнага палка. Доказы віны паўстанцкага блазна былі відавочнымі, асабліва пасля яго прызнанняў. Таму 13 лістапада 1863 года Міхаіл Мураўёў адправіў гродзенскаму ваеннаму кіраўніку загад накіраваць у Бельск гарадскога ката для выканання смяротнага загада праз павешанне.

20 лістапада (2 снежня) 1863 года ў 9.30 раніцы ў Бельску за Бранскаю заставаю быў павешаны Дамінік Бейда, паўстанцкі блазен і вешальнік, удзельнік атрадаў Эйтміновіча і Баранцэвіча.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!