«Паводзіны тых, хто б’е людзей, нагадваюць фашызм. Я памятаю гэта з дзяцінства»

Цяпер на беларусаў, якія жадаюць пераменаў, улады навешваюць цэтлікі «фашыстаў». Але многія з тых, хто перажыў жахі фашызму, ім бы запярэчылі. Зінаіда Міхайлаўна Мірановіч перажыла вайну і распавяла «Новаму Часу» пра трагедыю, якая адбылася ў яе родным мястэчку, а таксама пра тое, чаму лічыць фашызмам збіццё мірных пратэстоўцаў на вуліцах.
Зінаіда Мірановіч

Зінаіда Мірановіч

Калі пачалася вайна, Зінаідзе Мірановіч (у дзявоцтве — Савіцкай) было 6 гадоў. Яна нарадзілася і жыла ў мястэчку Смальяны, што на Аршаншчыне.

— Я сядзела на парозе і бачыла, як па нашай вуліцы адступалі савецкія танкі. Запытваліся: «Дзяўчынка, як праехаць на Лепель?». А ўвечары прыляцелі самалёты і пачалі бамбіць мост з цэнтра праз рэчку. Як я даведалася ўжо пасля вайны, там сядзелі трое падпольшчыкаў — Раглінскі, Падліцкі і Кудзін. Самалёт скінуў бомбу за нейкіх 3 – 5 метраў ад іх, і там яны ўсе ляглі. Бамбёжка была страшная. А раніцай прыйшлі немцы.

У Смальянах яны пачалі набіраць ахвотных у паліцыю. Некаторыя, у тым ліку лепшы сябра бацькі Зінаіды, пайшлі. Але паліцаяў было мала, да таго ж паралельна пачаўся партызанскі рух.

 На нашай вуліцы жыла сям’я Шафранскіх. Марыя — мы яе звалі цётка Муся — прыгажуня, скончыла 10 класаў, дасканала ведала нямецкую мову, і яе абавязалі быць перакладчыцай у нямецкай камендатуры. А яе родны брат Коля трапіў у партызаны да Заслонава, і ў іх была таемная сувязь. І яшчэ быў дзядзька, якога людзі лічылі паліцаем, а насамрэч ён разам з імі вёў падпольную працу. Пра ўсё гэта мы даведаліся пасля вайны.

Неяк у Смальянах з’явіўся незнаёмец, Іван Яскевіч. Ён пазнаёміўся з цёткай Зінаіды, ажаніўся з ёй. А потым… стаў выдаваць сябе за вар’ята: выпіўшы з мужчынамі, рваў на сабе кашулю, крычаў, што супраць савецкай улады і «далоў партызанаў».

— Аказалася, што такім чынам ён адцягваў увагу, а насамрэч — быў засланы з КДБ і кіраваў усёй падпольнай работай.

Зінаіда Міхайлаўна ўзгадвае: некаторыя з тых, хто служыў у паліцыі, не толькі перадавалі партызанам звесткі, але і кралі зброю для іх.

— Аднойчы мая мама пайшла па сена для каровы, пачала яго абскубваць, а там — кулямёт!

Але былі сярод паліцаяў і тыя, хто служыў акупантам аддана, ладзіў аблавы і быў нават горшы за эсэсаўцаў.

 Былі аблавы на моладзь. У нас у мястэчку заўжды былі кірмашы, іх ачэплівалі і пачыналі хапаць людзей. Гэта быў, як тады казалі, «хапун». Тых, каго схапілі, потым адпраўлялі ў Германію.

Апроч таго паліцаі дапамагалі выяўляць у мястэчку партызанскія сем’і, сем’і партыйных работнікаў. Іх катавалі ў сутарэннях смальянскага тэхнікума, дзе знаходзілася камендатура. Там жа людзей расстрэльвалі, таму неўзабаве гэтую камендатуру партызаны ўзарвалі.

Неяк акупацыйныя ўлады надумалі папоўніць у Смальянах склад паліцыі. Добраахвотна туды ісці ніхто не захацеў. Але дзякуючы працы падпольшчыкаў пад відам паліцыі ўдалося сабраць групу людзей, якіх насамрэч збіраліся накіраваць да партызанаў. У ліпені 1942 года сабралі 9 чалавек (у іх лік трапіў і родны дзядзька Зінаіды Васіль Савіцкі) і пад канвоем з трох паліцаяў пагналі на Оршу. Дайшлі да лесу, дзе атабарыліся партызаны. Там яны павінны былі сустрэць падканвойных і забраць да сябе. Але здарылася непапраўная блытаніна, якая стала ракавой. Падканвойных сустрэлі зусім іншыя, выпадковыя партызаны, з якімі ніякай дамоўленасці не было. Яны, убачыўшы паліцаяў, пазабівалі іх, а падканвойных закатавалі, як здраднікаў. Іх знайшлі толькі праз некалькі дзён.

— Я памятаю, як цяпер: мая бабуля сядзела з медным купаросам у слоічку над труной і мазала раздзьмутае цела, каб чарвякі не поўзалі па ім. Усе рыдалі, — са слязьмі распавядае Зінаіда Міхайлаўна.

У гэтым эпізодзе ёсць яшчэ адна, праўда, пакуль дакументальна не пацверджаная, дэталь. Сваяк Зінаіды Мірановіч Уладзімір Сямашка, які спрабуе даследаваць гэтую старонку гісторыі свайго мястэчка, сцвярджае, што трагедыя ў Смальянах — вынік не проста збегу абставін, а адмыслова спланаванай аперацыі. На яго думку, аб планах падпольшчыкаў даведаліся ў опергрупе Чырвонай арміі, і таму партызанаў адправілі на іншае заданне, а калону жыхароў мястэчка пад канвоем сустрэлі і расстралялі. На жаль, мы не паспелі пагутарыць з яшчэ адным відавочцам тых падзей, Фёдарам Міхайлавічам Яскевічам, — напрыканцы 2020 года яго не стала…

Забітых пахавалі. Калі скончылася вайна і вызвалілі Смальяны, тых, хто працаваў у паліцыі, арыштавалі і выслалі ў лагеры. Некаторыя, адседзеўшы 15 год, вярнуліся дадому. Але людзі не даравалі ім і чынілі самасуд. Таго самага сябра бацькі Зінаіды аднойчы так збілі на кірмашы, што ён праз тры тыдні памёр. Яго дзецьмі пагарджалі, таму, атрымаўшы адукацыю, яны прадалі бацькоўскую хату і з’ехалі са Смальянаў.

Незайздросны лёс чакаў і перакладчыцу Мусю: пасля вызвалення яе арыштавалі і таксама выслалі — бо не было каму пацвердзіць, што, працуючы ў немцаў, яна дапамагала падполлю. Праз тры гады яна памерла ў лагеры ад сухотаў. А неўзабаве пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе яе рэабілітавалі.

Жыхары Смальянаў ніколі не абмяркоўвалі тэму трагедыі. Пра тое, што ў вайну ў мястэчку дзейнічала падполле, даведаліся толькі пасля яе заканчэння. У вайну маўчалі, бо баяліся і немцаў, і партызан. Калі і ёсць дакументальныя сведчанні той трагедыі, то іх пакуль не знайшлі. А сведак амаль не засталося.

Узгадваючы падзеі амаль 80-гадовай даўніны, Зінаіда Мірановіч выйшла на паралелі з тым, што адбываецца ў сучаснай Беларусі. Суразмоўца, вучоны-аграном паводле адукацыі, перажыла таталітарызм, яго развал і новае вяртанне. І цяперашнія падзеі яна ацэньвае з вышыні пражытых гадоў.

— Я бачу, як людзей б’юць палкамі, але да такога зверства даходзіць нельга. Паводзіны тых людзей, якія нібыта намагаюцца захоўваць парадак, мне нагадваюць фашызм. Я памятаю гэта з дзяцінства, — гаворыць жанчына.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: