«Першае ж пахаванне, што мы знайшлі, належыць дачцэ равіна…»

У Ізабеліне на Гарадзеншчыне гэтымі выходнымі прайшла талака па прыборцы яўрэйскіх могілак, ініцыяваная Таварыствам аховы помнікаў.
Валанцёр і мастачка Дар

Валанцёр і мастачка Дар'я Бурло падчас расчысткі надмагільнага каменю


Мястэчка Ізабелін знаходзіцца непадалёк ад Падароску, што на Ваўкавышчыне. Гэта той рэдкі выпадак, калі на роўнай адлегласці ад мястэчка знаходзяцца каталіцкія, праваслаўныя, пратэстанцкія ды яўрэйскія могілкі. Чым не наглядная ілюстрацыя  поліканфесійнай гісторыі Беларусі?

Калі на праваслаўных ды каталіцкіх могілках сітуацыя яшчэ больш-менш прыстойная, дык яўрэйскія наўпрост пераўтварыліся ў гаёк, шчыльна зарослы дрэвамі ды травой ў чалавечы рост. З ініцыятывы Таварыства аховы помнікаў гэтымі выходнымі на могілках прайшла талака: хлопцы і дзяўчаты секлі ды касілі зарасці, а таксама чысцілі ды апісвалі мацэйвы — традыцыйныя яўрэйскія надмагільныя камяні.

Для чалавека, не абазнанага ў тэме, мацэйва выглядае наўпрост груба апрацаваным каменем з незразумелымі «чарвячкамі»-літарамі… Незразумела, ані хто пахаваны, ані калі. Таму і варта звяртацца да спецыялістаў — такім апынуўся Давід Лісоўскі, што зараз жыве ў Дрэздэне. Ён па фотаздымку і расчытаў надпіс на першым камені, расчышчаным валанцёрамі:
Знак для душы
Т(ут) П(ахаваная)
Жанчына
Сціплая п(ані) Хайя
Дачка н(астаўніка нашага і) р(авіна) Йосафа, памерла
12 адара 5660 года
Надмагілле дачкі равіна Хайі, якая памерла 118 гадоў таму

Надмагілле дачкі равіна Хайі, якая памерла 118 гадоў таму

І гэта сапраўдная нечаканасць ды ўдача — першае ж пахаванне належыць дачцы кіраўніка тагачаснай яўрэйскай супольнасці Ізабеліна! Калі ж перавесці летазлічэнне ў наш традыцыйны фармат, то атрымаем люты-сакавік 1900 году.

Падобная праца надзвычай важная, бо вяртае памяць і канкрэтнаму рэгіёну і Беларусі агулам, — тлумачыць кіраўнік выезду Юрась Меляшкевіч, — Напрыклад, першае ж пахаванне, што мы знайшлі, належыць дачцы равіна — гэта вельмі цікава. Адначасна варта памятаць, што на могілках кожны не можа рабіць тое, што яму схочацца. Таму варта звяртацца да прафесійных некрапалістаў і археолагаў, то бок да структураў Таварыста аховы помнікаў, арганізацыі «Гісторыка» ці Інстытуту гісторыі.

Базай для валанцёраў сёлета паслужыла аграсядзіба «Зялёны Дуб», якая працуе пры палацы ў Падароску. Працы на тэрыторыі палацу і парку яшчэ трываюць, нагадаем, што яго выкупіў бізнэсовец і мецэнат Павел Бераговіч, каб зрабіць там музей шляхецкай культуры, а таксама рэстаран з хостэлам у будынках побач.

Варта згадаць таксама пра пратэстанцкія могілкі, што месцяцца за 200-300 метраў ад яўрэйскіх у тым жа Ізабеліне. Іх стан таксама скрушны, больш за тое, некаторыя крыпты маюць сляды падкопаў — верагодна праца «чорных капальнікаў», што варварскімі метадамі шукаюць каштоўнасці на парэштках памерлых. У планах Таварыства таксама заняцца і гэтымі пахаваннямі, але ўжо ў наступным годзе.


Фота Алеся Кіркевіча і Дар’і Бурло



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!