Польскі часопіс: «Беларусы прысабечваюць нашага Касцюшку»

Уплывовы польскі лева-ліберальны часопіс «Polityka» назваў спрэчку наконт Тадэвуша Касцюшкі ў Беларусі «геапалітычнай справай», піша Радыё Свабода.
У артыкуле пад назвай «Беларусы прысабечваюць нашага Касцюшку» распавядаецца пра сутнасць канфлікту, які на мінулым тыдні распаліў сацыяльныя сеткі ў Беларусі. Прычынай стала заява супрацоўнікаў Акадэміі навук аб тым, што Касцюшка не можа лічыцца нацыянальным героем Беларусі.

Чытайце таксама: Каму аддаць Русь (Літоўскую)?


Стаўленне да Касцюшкі ў Беларусі журналіст Енджэй Вінецкі лічыць парадаксальным. Ён нагадаў, што ў Брэсцкай вобласці ёсць помнікі як Касцюшку, гэтак і Аляксандру Сувораву, які падавіў ягонае паўстанне. З аднаго боку, піша аўтар, Акадэмія навук Беларусі кажа, што Касцюшка не герой Беларусі, а з іншага, беларускі пасол у Швейцарыі адкрываў ягоны помнік у горадзе Салюра.

Вінецкі нагадаў, як напярэдадні адкрыцця беларусамі Швейцарыі помніка Тэдэвушу Касцюшку ў Салюры, польскае пасольства запатрабавала змяніць надпіс на шыльдзе, дзе лідара паўстання называлі «сынам Беларусі». МЗС Польшчы заявіла, што «Касцюшка — гэта ўніверсальны герой», а не выключна «сын Беларусі» або «польскі генерал».

«Дзеля справядлівасці варта зазначыць, што на шэрагу помніках на свеце, напрыклад у ЗША, Касцюшка падпісаны як „сын Польшчы“», — піша Вінецкі.

Паводле журналіста, канфлікт пра нацыянальнасць Касцюшкі, які для яго самога быў бы зусім абстрактным, дапамог папулярызаваць імя Касцюшкі на Беларусі, бо афіцыйны Мінск, які хоцькі-няхоцькі бараніў яго за мяжой, мусіў прызнаць яго сваім. Узгадаў аўтар і пра помнік Касцюшку ў Марачоўшчыне, які ўсталявалі дзякуючы краўдфандынгу.

Патлумачыць сутнасць гэтага парадоксу «Polityka» папрасіла аналітыка з Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміля Клысінскага. На думку эксперта ў беларускіх справах, беларуская гістарычная палітыка, таксама як і замежная, шукае бяспечную нішу паміж Усходам і Захадам.

«Адсюль і сінкрэтызм наратыву. Еўрапейскага, звязанага з Вялікім Княствам Літоўскім, і расійскай спадчынай, царскай Расіяй і СССР. Сувораў — яго частка. Яго не лічаць выбітным сынам Беларусі, але калі б Аляксандр Лукашэнка нападаў на яго так радыкальна, як апазіцыя, то ён бы перакрэсліў гэтым сувязь з расійскай культурай, блізкай яму і многім беларусам».

Енджэй Вінецкі піша, што ў Беларусі з'яўляецца ўсё больш помнікаў і шыльдаў, якія нагадваюць пра вялікіх або лакальных герояў, а паволі знікаюць помнікі Леніну. Ён нагадаў, што ў Лідзе ў верасні адкрыюць конны помнік вялікаму князю літоўскаму Гедыміну, а каля замку ў Гродна ўжо ўсталявалі помнік Давыду Гарадзенскаму.

«Вялікае Княства Літоўскае, таксама як і Полацкае княства, якое згадваецца ў хроніках IX ст., лічыцца фундаментам беларускай ідэнтычнасці. Чым бліжэй да сённяшняга дня, тым гісторыя робіцца ўсё больш заблытанай. З гэтай перспектывы Гедымін больш бяспечны, чым неспакойны дух Касцюшкі», — піша Енджэй Вінецкі.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!