Прафесійны паўстанец Ільдэфонс Анцыпа

Сярод удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў была вялікая колькасць тых, хто ўсё жыццё прысвяціў барацьбе ў імя ідэалаў. Да іх ліку належаў ураджэнец вёскі Мілавань Ільдэфонс Анцыпа, удзельнік паўстання 1830 года і «Вясны народаў» 1848 года.

Бой паўстанцаў з царскімі карнікамі. Тагачасны малюнак.

У змаганні за волю

Ільдэфонс Анцыпа нарадзіўся на Гродзеншчыне каля 1815 года, атрымліваў адукацыю ў Слонімскай павятовай вучэльні, але ў сувязі з удзелам у паўстанні 1830–1831 гадоў быў вымушаны выправіцца ў эміграцыю ў Францыю і зарабляць кавалак хлеба рознымі падпрацоўкамі. У выніку пасля доўгіх пошукаў, ён стаў пісаць артыкулы на паўстанцкую тэматыку, закранаючы як гісторыю, так і тактыку партызанскай барацьбы. Таму, калі ў 1848 годзе Еўропа скаланулася «Вясною народаў», 33-гадовы Ільдэфонс перабраўся ў Прусію, дзе на землях колішняга Каралеўства Польскага намагаўся скарыстацца сваім досведам як у тэарэтычных, так і ў практычных пытаннях.

У выніку ён узначаліў атрад з ліку сялян на Познаньшчыне, што ставіў на мэце вырашэнне праблем, узнятых у свой час Міхалам Валовічам, Францам Савічам і Шымонам Канарскім, якія выступалі ў падтрымку правоў прыгнечанага вясковага насельніцтва. Але Анцыпа чарговы раз стаў сведкам паразы паўстанцкіх атрадаў у змаганні з рэгулярнымі войскамі і вымушаны быў зноў выправіцца ў Францыю.

Э. Андрыёлі. 1863 год

Вяртанне на Радзіму

Пасля ўзыходжання на расійскі трон імператара Аляксандра ІІ для былых паўстанцаў была абвешчана амністыя і дазвол вярнуцца на радзіму, чым і скарыстаўся Ільдэфонс Анцыпа. У 1859 годзе ён знайшоў прытулак у фальварку Вялікія Бяловічы Быхаўскага павета, якім валодаў яго брат Іясафат.

За былымі паўстанцамі ўсталёўваўся паліцэйскі нагляд, які, аднак, не перашкодзіў Ільдэфонсу здзяйсняць падарожжы па Магілёўскай губерні і стаць адным з актыўнейшых дзеячаў таемнай рэвалюцыйнай арганізацыі, якая рыхтавала чарговае паўстанне на землях былой Рэчы Паспалітай. Гэтым разам яго збіраліся пашырыць да Волгі: праз Смаленскую губерню ахапіць усю Цэнтральную Расію.

Для ўцягвання сялян у барацьбу меркавалася павесіць некалькі землеўладальнікаў, якія найбольш прыгняталі сялян, а таксама выказаць павагу праваслаўнаму духавенству, як адбывалася падчас захопу атрадам Звяждоўскага мястэчка Горкі. Менавіта на гэтыя пункты была звернута пільная ўвага кіраўнікоў атрадаў Магілёўшчыны, якія сабраліся 12 красавіка 1863 года ў фальварку Здзіслава Міткевіча Ліцвінава Горацкага павета.

Паўстанне ад Віслы да Волгі

Выступленне пачалося ў ноч на 24 красавіка. На чале паўстанцаў стаяў капітан Людвік Звяждоўскі, які меў намер аб’яднаць шэсць ініцыятыўных групаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў у адзін кулак, што павінен быў за кошт мясцовых сялян вырасці да 15 тысяч чалавек і затым накіравацца ў цэнтральныя раёны Імперыі. Удзельнік атрада Здзіслаў Міткевіч у сваіх паказаннях адзначаў, што паўстанцы збіраліся пры пашырэнні барацьбы «сбросить все носящее на себе даже тень польского происхождения» і не абмяжоўвацца нацыянальным і сацыяльным становішчам удзельнікаў.

Амаль ва ўсіх паветах Магілёўскай губерні, за выключэннем Чавускага, Гомельскага і Клімавіцкага, былі арганізаваныя паўстанцкія атрады: у Горацкім — Звяждоўскага, у Мсціслаўскім — памешчыка Ігната Цеханавецкага, у Магілёўскім — памешчыка Міхала Макавецкага, у Аршанскім — падпаручніка Ігната Будзіловіча, у Рагачоўскім — Тамаша Грыневіча, у Сенненскім — падпаручніка артылерыі Канстанціна Жаброўскага, у Крычаўскім — падпаручніка артылерыі Яна Алаізія Жукоўскага, а ў Быхаўскім — Ільдэфонса Анцыпы. Ваенным кіраўніком падраздзялення Анцыпы быў Ян Манцэвіч, прапаршчык 3-й зводнай артылерыйскай брыгады, які пайшоў у паўстанцы разам з братам.

Людвік Звяждоўскі

Аснову атраду склалі 12 чалавек з маёнтка Закупленне памешчыка Антонія Манкевіча, адзін са сваякоў якога — Іван Восіпавіч Манкевіч, быў арыштаваны незадоўга да выступлення, 20 красавіка, як «агент Літоўска-Беларускага цэнтральнага камітэта», прыкрыццём для якога стала было, што «Господин же Киркор обязал меня ездить в Могил. губ. именно потому, что здесь находятся мои родственники и что Белоруссия моя родина». Яшчэ ў 1860 го­дзе Манкевіч, які актыўна займаўся перакладамі на «белорусское наречие» басняў Крылова, быў сасланы ў Сібір.

Правакацыі і «інфармацыйная вайна»

Вялікай праблемай паўстанцаў стала неўлічванне становішча, якое было ў Магілёўскай губерні, і адносінаў сялян да паўстанцаў. З першага ж дня выступлення сярод вяскоўцаў распаўсюджваліся плёткі і чуткі пра жахі, якія нібыта чынілі ўдзельнікі антыцарскага выступу з мясцовым насельніцтвам. Моцна паўплывала на магілёўскіх сялян вестка пра тое, што паўстанцы выразалі жыхароў і спалілі вёску Цёплае — што было суцэльнай выдумкай. Аднак яна актыўна распаўсюджвалася праваслаўнымі святарамі, кшталту святара Даўгамохаўскай царквы Быхаўскага павета Паўла Крупскага. Да таго ж сяляне адразу зразумелі магчымасць атрымання грошай за злоўленых паўстанцаў, чым актыўна скарысталіся.

У Магілёўскай і Віцебскай губернях пачаліся падпалы і знішчэнні шляхецкіх маёнткаў. У Дзінабургскім павеце была спалена сядзіба памешчыка Станіслава Моля, а жаночая частка яго сям’і была згвалтаваная. Пазней у расійскіх афіцыйных выданнях гэтае здарэнне выкарыстоўвалі ў прапагандысцкіх мэтах, каб паказаць стаўленне мясцовых жыхароў, у першую чаргу сялян, да ўдзельнікаў паўстання і спачуваючых ім. Але насамрэч сярод дзевяці арыштаваных па той справе сялянамі былі толькі тры чалавекі. І ўсе яны былі вызваленыя генералам Длатоўскім з-пад адказнасці.

Ні абвешчанае вызваленне сялян ад павіннасцяў, ні бясплатнае карыстанне памешчыцкай зямлёй не атрымалі падтрымкі сярод сялян Усходняй Беларусі.

Супраць атрада Анцыпы, які не перавысіў колькасць у 24 чалавекі, 27 красавіка па наводцы быхаўскага павятовага спраўніка ў фальварак Балонаў-Сялец прыбыла 15-я рота 4-га рэзервовага батальёна Смаленскага пяхотнага палка штабс-капітана Кусонскага. Тут ён даведаўся, што ў ваколіцах вёскі Сялец знаходзяцца два атрады паўстанцаў: адзін у накірунку маёнтка памешчыкаў Славінскіх у лесе паблізу вёскі Залатва, а другі непадалёк фальварка, дзе знаходзілася станавая канцылярыя, якую паўстанцы мелі намер падпа­ліць. У 11 гадзін ночы Кусаноўскі з 35 салдатамі накіраваўся пераследаваць паўстанцкі атрад да Залатвы, другую ж частку свайго падраздзялення ў колькасці 36 чалавек пакінуў у фальварку пад камандай падпаручніка Ліпінскага.

Бой каля фальварка Неапалітанскі

Пераадолеўшы каля 60 вёрстаў, 28 красавіка аддзел Кусонскага нарэшце напаткаў у лесе каля вёскі Язвы, паблізу фальварка Неапалітанскі памешчыкаў Славінскіх атрад Анцыпы. Завязаўся бой, але паўстанцы былі дрэнна ўзброеныя і не мелі магчымасці супрацьстаяць арганізаванай баявой адзінцы. Адступленне ператварылася ў бегства, па выніках якога паўстанцы пакінулі на полі бою 11 ружжаў і 2 кані.

Пры гэтай перастрэлцы быў паранены рускі Гаўрыла Нечытайлаў «дробиною в нос против левого глаза», а адзін з сялянаў вёскі Залатва Восіп Іваноў, які выступіў на баку расійскіх войскаў, быў смяротна паранены шляхціцам з Троцкага павета Блажэем Мацкевічам у жывот.

Пазней Мацкевіч быў пазбаўлены дваранства з канфіскацыяй маёмасці і сасланы на 12 гадоў катаргі. А расійскія ўлады выплацілі жонцы Восіпа Іванова 160 рублёў срэбрам.

Кусаноўскі адмовіўся ад пераследу паўстанцаў па моцна забалочанай мясцовасці і лесе, маючы пагрозу з боку іншага паўстанцкага атрада. Сяляне ваколічных вёсак актыўна адлоўлівалі паўстанцаў, сярод якіх апынуўся і Ільдэфонс Анцыпа.

Падчас допытаў ён прызнаўся, што дзейнічаў ад імя паўстанцкага Цэнтральнага камітэта. Яму інкрымінавалася спаленне ўрадавых дакументаў і папер, пашкоджанне тэлеграфа. Трэцяга чэрвеня ён быў аддадзены ў Магілёве пад ваенны суд, які ўжо 5 чэрвеня вынес смяротны прысуд, падпісаны камандуючым войскамі Магілёўскай губерні, генерал-маёрам Яшвілям.

На наступны дзень, 6 чэрвеня 1863 года, Ільдэфонс Анцыпа быў расстраляны ў Магілёве, разам з трыма іншымі паўстанцамі. Усе яны спрабавалі ўзняць паўстанне ў рэгіёне, дзе адным з таемных пароляў было: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Так узаемна!».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць