Пратэст у час сталінізму: як беларус кінуў вершаваны выклік таталітарнай сістэме

Гісторык-архівіст Зміцер Дрозд на сайце Беларускага дакументацыйнага цэнтра распавядае пра лёс маладога беларускага селяніна Івана Каваленкі, які кінуў выклік сталінскай сістэме і знік у лагерах праз апазіцыйныя вершы.
Ілюстрацыйна выява. 1-ы Усебеларускі з

Ілюстрацыйна выява. 1-ы Усебеларускі з'езд калгаснікаў-ударнікаў у памяшканні мінскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра (будынак былой сінагогі) 15-19 красавіка 1933 г. Падчас 2-га з'езду (10-12 ліпеня 1933 г.) у Наркамзем звярнулася група калгаснікаў вёскі Прыгаўка Крычаўскага раёна з просьбай «аказаць нам садзейнічанне, не дапусціць нас памерці галоднай смерцю, даць існаваць да паспявання ўраджаю і ўборкі». Пасля праведзенага расследавання ініцыятары звароту на чале з Мікітам Паньковым былі арыштаваныя. Калгас прызнаны «моцным», скаргі на голад — антысавецкай агітацыяй.

Нават пасля самых маштабных рэпрэсій, якія ўвайшлі ў нашу гісторыю як «Вялікі тэрор», сталінскім катам не ўдалося задушыць усе пратэсты ў Беларусі. Праўда, ведаем мы пра іх цяпер зусім няшмат, толькі зрэдку ўдаецца даведацца новыя імёны іх ахвяр.

У фондзе ЦК КП(б) Беларусі захаваўся цікавы дакумент — сведчанне барацьбы беларусаў супраць сталінскай акупацыі. Дакумент унікальны і тым, што тычыцца лёсу зусім маладога: 15-16-гадовага змагара з бальшавізмам. І тым, што сваю барацьбу ён вёў як Паэт — адпраўляючы ў розныя ўстановы свае хай абсалютна недасканалыя юнацкія вершы, у якіх не проста апісваў цяжкае жыццё беларускага селяніна ў гады «калектывізацыі», але і адкрыта заклікаў да паўстання супраць бальшавікоў. І тым, што яго вершы напісаны на беларускай мове.

У зусім сакрэтным паведамленні сакратару ЦК КП(б)Б Панамарэнку ад наркама ўнутраных спраў БССР Цанавы 24 жніўня 1940 года напісана наступнае:

«У сакавіку 1940 г. у адрас Беларускага камітэта радыёвяшчання паступіў ананімны ліст контррэвалюцыйнага зместу, напісаны ў вершаванай форме на беларускай мове, які выходзіць з Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці.

У лісце аўтар усяляк дыскрэдытаваў калгасны лад, апісваў паклёпніцкія выдумкі пра жыццё калгаснікаў, адначасова заклікаючы насельніцтва да паўстання супраць савецкай улады. Копію ліста прыкладаю.

Пры праверцы было выяўлена, што ў лютым месяцы 1940 года паступіў аналагічнага зместу ліст на адрас дырэктара Аляксандраўскай школы, Гарадоцкага раёна.

Прынятымі агентурна-аператыўнымі мерапрыемствамі ўстаноўлена, што аўтарам іх з'яўляецца КАВАЛЕНКА Іван Мікалаевіч, 1924 года жыхар калгасу ім. Молатава Гарадоцкага раёна, выхадзец з сялян-сераднякоў, у 1939-1940 двойчы выключаўся са школы за хуліганства.

Намі дадзены ўказанні УНКУС Віцебскай вобласці КАВАЛЕНКУ І.М. арыштаваць і правесці следства.

Вынікі паведамлю».


Да спецспаведамленняў былі прыкладзены і аддрукаваныя на машынцы два вершы Івана Каваленкі. Зміцер Дрозд мяркуе, што арыгіналы былі напісаныя ад рукі, бо наўрад ці ў глухой вёсцы знайшлася б друкаваная машынка, даступная простаму хлопцу. Гэтым выкліканыя і некаторыя памылкі, зробленыя чэкістам-перапісчыкам.

Гісторык адзначае, што вершы не прэтэндуюць на літаратурны шэдэўр, хоць сам Іван і называе сябе Паэтам (нават прыдумаў сабе творчы псеўданім Іван Зацяты). Але ён звяртае ўвагу на юнацкую дзёрзкасць чалавека, які вырас ужо пры злачыннай савецкай уладзе, не ведаў нічога іншага, але быў здольны нават пасля ўсяго абалваньвання ў савецкай школе і камуністычнай прапаганды адрозніць дабро і ад зла. І не прамаўчаць, а назваць зло — злом. І не толькі назваць, але і заклікаць з ім змагацца. Пры гэтым Іван не сумняваецца: скажы праўду — гніць у турме!

Цяпер мы нават не ведаем, як і калі скончылася жыццё юнага беларускага паэта. Спроба Змітра Дразда атрымаць інфармацыю з крымінальнай справы Івана Каваленкі, якая захавалася ў архіве КДБ па Віцебскай вобласці, скончылася прадказальна: спасылкай на зручны для ўсіх захавальнікаў чэкісцкіх таямніц закон аб рэабілітацыі, а не на закон аб архіўнай справе, які абмяжоўвае доступ да несакрэтных дакументаў на 75 гадоў.

Ніжэй — вершы Івана Каваленкі:



Далейшы лёс маладога паэта быў прадказальны:

Каваленка Іван Мікалаевіч, нарадзіўся ў 1924 г. у в. Лабуны Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.; беларус; адукацыя пачатковая. Пражываў: Віцебская вобл., Гарадоцкі р-н, в. Лосвіда. Арыштаваны 16 жніўня 1940 г. Прыгавораны: Асобай нарадай 14 чэрвеня 1941 г., абвінавачаны.: 72 КК БССР — антысавецкая агітацыя. Прысуд: 5 гадоў ППЛ. Рэабілітаваны 7 чэрвеня 1989 Пракуратура Віцебскай вобл.

Пакуль не ўдалося прабіць сцяну, пабудаваную чэкістамі ў архівах КДБ. На запыт ва Упраўленне КДБ па Віцебскай вобласці Зміцер Дрозд атрымаў адказ аб тым, што сапраўды там захоўваецца спыненая справа рэабілітаванага Івана Каваленкі. Але азнаёміцца з дакументамі можа толькі ён сам (што ўжо немагчыма) альбо яго сваякі. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: