Праўда пра «дзявяты кіламетр»

Колькі іх — страшных таямніц, звязаных са злачынствамі сталінскага рэжыму? Адна з іх была раскрытая ў нашы дні пад Гомелем: стала вядома месца, дзе ў 30-я гады «спецыялісты» з НКУС распраўляліся з ахвярамі, якія трапілі ў сталінскую мясарубку. Забівалі і закопвалі ў адной вялікай яме...

На месцы масавых расстрэлаў пад Гомелем. Крыж на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы. Фота katolik-gomel.by

 Успамінае бабруйчанка Яўгенія Ігнацьеўна Маскаленка:

— У 1933 годзе я жыла ў Жлобіне, вучылася ў шостым класе. Наша школа стаяла побач з будынкам НКУС. Аднойчы падчас урока мой бацька прыадчыніў дзверы ў клас і папрасіў настаўніцу адпусціць мяне з заняткаў. Калі я выйшла ў калідор, ён сказаў мне, што яго па позве выклікаюць у НКУС, але, напэўна, не арыштуюць.

Гэта быў ужо другі выклік, і мой бацька спадзяваўся, што і на гэты раз яго адпусцяць пасля допыту...

Чакаючы яго, я стаяла каля будынка НКУС да самага вечара.

І вось яго выводзяць пад канвоем. Ён толькі паспеў сказаць мне, што яго арыштавалі, папрасіў дапамагаць маці, у якой тады было маленькае, год і два месяцы, дзіця, — мой брат.

Пасля гэтага вечара ба́цькі я больш не бачыла. Ён, машыніст лакаматыўнага дэпо станцыі Жлобін Ігнат Банькоўскі, стаў ахвярай тэрору, ад якога ў 1933 годзе пацярпелі многія мужчыны з нашай «каталіцкай» вёскі Чарцёж.

Пасля заканчэння сямі класаў я паступіла ў Бабруйскі лесатэхнікум. Не прызнаўшыся, што мой бацька рэпрэсаваны, што ён, як тады казалі, «вораг народа».

Але з тэхнікума зрабілі запыт у Чарцёжскі сельсавет і, атрымаўшы адказ, адразу й выключылі мяне.

Пазней я змагла паступіць у ФЗВ (школу фабрычна-завадскога вучнёўства), скончыла яе і была накіравана ў Навабеліцкі дрэваапрацоўчы камбінат (цяпер раён Гомеля).

Вось там і адбылася гісторыя, якая так узрушыла мяне і не перастае хваляваць да гэтага часу...

1 траўня 1936 года калектыў нашага цэха выехаў на традыцыйную маёўку. У кузаве грузавіка, побач са мной, сядзела мая сяброўка, аднавяскоўка Франя Закрэўская. Яна гэтак жа, як і я, пасля заканчэння ФЗВ была накіраваная на Навабеліцкі дрэваапрацоўчы камбінат.

Насупраць Франі размясціўся ўпакоўшчык нашага цэха Мікалай Кандрацьеў, які, думаю, быў таемна ў яе закаханы. Але мы з Франяй ставіліся да яго з асцярогай: на працы «хавалі», што нашы бацькі рэпрэсаваныя, казалі ўсім, што раней жылі на станцыі Чырвоны Бераг, якая была кіламетраў з пяць ад нашай вёскі, а Мікалай пастаянна вёў з намі нейкія дзіўныя гутаркі, распытваў аб нашым мінулым, цікавіўся нашымі думкамі... Акрамя таго, ён вылучаўся сярод працоўных добрай, дарагой вопраткай, белымі выпешчанымі рукамі...

І вось калі машына, выехаўшы за Навабеліцу, пад’язджала ўжо да дзявятага кіламетра, Кандрацьеў звяртаецца да нас і нечакана заяўляе:

— А вы мяне падманулі.

— У чым гэта?

— Родам вы не з Чырвонага Берага...

— З Чырвонага Берага, з Чырвонага Берага, — паспяшалася адказаць напалоханая Франя.

— Не, з Чарцяжа! І не трэба вам баяцца: дзеці за бацькоў не адказваюць.

Ён закурыў, павярнуўся да лесу і сказаў:

— Дарэчы, што вы ведаеце пра лёс сваіх бацькоў пасля іх арышту?

Мы, здзіўленыя і бязмерна напалоханыя, маўчалі.

— Бачыце, гэта дзявяты кіламетр. Вунь там, за ляском, яны і ляжаць, — прашаптаў ён, нахіліўшыся да нас.

Праўду ён нам сказаў пра нашых бацькоў ці не, — гэтая думка не дае мне спакою... Да гэтага часу...

А ў тую хвіліну, пасля слоў Кандрацьева, я з жахам глядзела на паказаны ім невялічкі лес, пакуль мы не праехалі тое месца...

Увосень 1936 года я звольнілася з камбіната, вярнулася ў родны Чарцёж, уладкавалася на працу рахаўніком. У 1937-м наша вёска яшчэ больш апусцела; фактычна ўсе мужчыны, нават 18–19-гадовыя хлопцы былі арыштаваныя НКУС...

А расказаная мной гісторыя на гэтым не скончылася.

У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія ўжо вызваліла Бабруйск, я прыехала да мамы, якая жыла ў свайго брата. На адной з гарадскіх вуліц я заўважыла прыгожага, падцягнутага афіцэра НКУС. Ён павярнуўся да мяне, і я са здзіўленнем пазнала ў ім Мікалая Кандрацьева!

Не пабаялася, падышла да яго. Ён не адразу мяне ўспомніў. Потым пачаў распытваць пра маё жыццё, пра Франю. Я нагадала яму пра дзявяты кіламетр...

— Не думай больш пра гэта. Я проста так тады збалбатнуў, — сказаў ён. І мы перавялі размову на іншую тэму...

…Пасля таго, як пахаванні ў Курапатах перасталі быць таямніцай, мой сын прапаноўваў мне напісаць пра «гомельскія Курапаты» ў якую-небудзь з рэспубліканскіх газет, але я тады пабаялася.

А потым, у «Советской Белорусии», з’явіўся матэрыял (на пачатку 90-х гадоў). І ў ім усё пацвердзілася...

Запісаў Анатоль Санаценка


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Ангеліна
  • 2018-03-07 07:52:34
Дзякуй за артыкул! Маленькая заўвага: тапонім "Красны бераг" не перакладаецца як "чырвоны". Назва паходзіць не ад колеру, а ад "краса", "прыўкрасны".
  • Рэдакцыя
  • 2018-03-09 11:22:37
Дзякуй за заўвагу. Перадамо аўтару.