
Па гэтай лясной дарозе “чорныя варанкі” везлі ахвяраў на забойства. І ніхто не згададваўся, што на трасу гэтай дарогі паказвала пабудаваная пазней уздоўж яе ЛЭП, якая зараз не існуе, але зафіксавана на старых мапах
Чарговы этап даследавання ляснога масіву стаў мажлівым толькі пасля таго, як валанцёры з грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” распачалі, а супрацоўнікі Бараўлянскага спецлясгасу завяршылі санітарную ачыстку 19 га лесу на той частцы гістарычна культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”, што знаходзіцца на тэрыторыі Мінскага раёна на паўночны ўсход ад Мінскай кальцавой аўтадарогі.

Агляд тэрыторыі Курапатаў (на пярэднім плане географ Аляксей Галіч)
Падчас даследавання былі выкарыстаныя мапы мясцовасці розных гадоў, напрацоўкі айчынных археолагаў з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — навуковых экспертаў следчай групы Пракуратуры БССР, а таксама матэрыялы апытанняў сведкаў, што выкладзеныя ў зборніку “Курапаты” (Зянон Пазьняк, Яўген Шмыгалёў, Мікола Крывальцэвіч, Алег Іоў, Мінск, Тэхналогія, 1994), у кнізе Яўгена Гарэліка “Куропаты: следствие продолжается” (Москва, Юридическая литература, 1990) і ў зборніку матэрыялаў “Курапаты” (Архіў найноўшай гісторыі пры грамадскім аб’яднанні “Дыярыуш”, Мінск, 2002). Апроч таго, былі выкарыстаныя вынікі візуальнага агляду і вывучэння асаблівасцяў рэльефу ўрочышча, яго глебы і расліннасці.

Вольга Бароўская (у дзявоцтве Мацкевіч) — кадр з дакументальна-публіцыстычнай стужкі Міхася Жданоўскага “Дарога на Курапаты”
Жанчына, нягледзячы на свай паважаны ўзрост, добра памятае трагічныя падзеі 1930–1940-х гадоў у Курапатах. Яна пацвердзіла вызначанае грамадскімі актывістамі прыблізнае месцазнаходжанне трасы лясной дарогі, па якой бязвінных ахвяраў у “чорных варанках” вазілі праз урочышча на забойства. Разам з тым, Вольга Цімафееўна паказала на плане мясцовасці месца, дзе “чорныя варанкі” з ахвярамі і легкавікі з катамі з гравійкі Заслаўе—Калодзішчы рабілі левы паварот і з’язджалі на лясную дарогу. Жанчына распавяла, што тэрыторыя ўрочышча Брод (мясцовая назва ляснога масіву. — М.Г.), дзе праводзіліся масавыя расстрэлы, прыкладна ў 1937 годзе была агароджана плотам са шчыльна падагнаных усутыч дошак вышынёй 3 метры. Прычым гэтая агароджа стаяла на самым краю лесу, а перад ёю расло толькі кустоўе і малады падлесак. Плот быў суцэльны, не меў калючага дроту наверсе і назіральных вышак, а ахову агароджы здзяйснялі супрацоўнікі НКВД без службовых сабак. Праехаць за плот можна было выключна праз двухстворкавую драўляную браму вышынёй тры метры, якая па сваёй канструкцыі нічым не адрознівалася ад астатняй агароджы.
Абмеркаванне:
Уладзь Рымша
Марат Гаравы
З цягам часу будзе і на мапе.
З павагай, посьпехаў,
Марат Гаравы.