Расійскія эсэры дапамагалі беларускім зброяй

Сярод даследчыкаў гісторыі БНР мала хто звяртае ўвагу на галоўнага ўдзельніка гэтай гістарычнай драмы — шматмільённае сялянства, інтарэсы якога ў той час прадстаўлялі эсэры. 

Фракцыя Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў

Яраслаў Лявонцьеў, прафесар Маскоўскага Дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук, адзін з вядучых спецыялістаў па гісторыі эсэраў, зрабіў кароткі экскурс у гісторыю гэтай несправядліва забытай сёння партыі.

— Адкуль увогуле з’явіліся беларускія эсэры?

— Другая Устаўная грамата Беларускай Народнай Рэспублікі была рэалізацыяй праграмы Беларускай сацыялістычнай Грамады — асноўнай палітычнай сілы БНР. Яна абвяшчала знішчэнне прыватнай уласнасці на зямлю і ўвядзенне 8-гадзіннага працоўнага дня. Аднак лідары БСГ не былі прафесійнымі палітыкамі. Таму кансерватарам, такім, як Скірмунт, які меў вопыт фракцыйнай барацьбы яшчэ ў царскай Дзяржаўнай Думе, удалося навязаць Радзе БНР свае ўстаноўкі. Адказам актывістаў БСГ стаў выхад з Народнага Сакратарыята БНР. Сама БСГ хутка раскалолася на некалькі партый. На вельмі левым флангу рэшткаў БСГ размясцілася Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў. БПСР узначалілі Тамаш Грыб і Палута Бадунова.

— Якой была нацыянальная праграма беларускіх эсэраў?

— Можна сказаць, што яны выступалі за канцэпцыю будучага дзяржаўнага ўладкавання Расіі як федэратыўнай рэспублікі, з якой да 1917 года выступалі амаль усе сацыялістычныя партыі (як агульнарасійскія, так і нацыянальныя). У аснову была пакладзена менавіта народніцкага тэорыя — з яе прадстаўленнем пра сацыялізм, які будуецца знізу ў саюзе абшчын. Марксісты першапачаткова прытрымліваліся ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва больш жорсткага цэнтралізму і ўнітарызму. Пры гэтым расійскія левыя эсэры таксама выказваліся за права беларускага працоўнага народа на самавызначэнне.

— Якія былі адносіны ў БПСР з расійскімі эсэрамі?

— Вельмі блізкія, паколькі, акрамя ўласна БПСР, немалым уплывам у Беларусі карысталася агульнарасійская партыя левых эсэраў. Яе вядомымі прадстаўнікамі былі этнічныя беларусы, напрыклад, чальцы ЦК Уладзімір Карэлін (ураджэнец Смаленска) і Міхаіл Самахвалаў (ураджэнец Навазыбкава), або гамяльчанка Міна Капелуш, якая ў 1918 годзе стала чальцом Маскоўскага камітэта ПЛСР. У 1918 годзе былі створаны Беларускія секцыі Партыі левых сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Сам канфлікт паміж бальшавікамі і левымі эсэрамі з нагоды Брэсцкага міру, які прывёў да ўзброенага выступу 6 ліпеня 1918 года ў Маскве і наступнага пераследу эсэраў, быў выкліканы ў многім імкненнем ПЛСР прыйсці на дапамогу народам Беларусі і Украіны, што апынуліся пад германскай акупацыяй.

ЦК ПЛСР і яго Баявая арганізацыя аказвалі пастаянную дапамогу баевікамі і зброяй беларускаму падполлю. Ураджэнец Гродзенскай губерні балтыйскі матрос Павел Шышко каардынаваў паўстанцкую і дыверсійную працу супраць немцаў на тэрыторыі Беларусі і быў чальцом ЦК левых эсэраў і баявой арганізацыі.

Пасля вызвалення Беларусі вядомыя дзеячы ПЛСР, такія, як Аляксандра Ізмайловіч, Уладзімір Трутоўскі, Леў Кронік, прыязджалі ў Мінск і іншыя гарады, выступалі за самаарганізацыю і самавызначэнне працоўных. Аднак бальшавіцкія ўлады разгарнулі супраць іх пераслед.

— Чаму эсэры хутка сталі найбольш масавай партыяй у лагеры БНР, і ўвогуле ў Беларусі? Вядома, што колькасць сяброў БПСР у 1920 годзе была ў некалькі разоў большай, чым колькасць сяброў ВКП(Б).

— Сакрэт поспехаў БПСР, відавочна, заключаўся ва ўсё той жа эсэраўскай формуле «трыадзінага працоўнага народа». Гэта азначала, што, у адрозненне ад марксістаў, народнікі ў роўнай ступені лічылі асноўнымі сіламі рэвалюцыі не толькі пралетарыят, але і працоўнае сялянства, і працоўную інтэлігенцыю. Будучы дзяржаўны лад яны бачылі ў форме федэрацыі прафсаюзаў і кааператываў. На практыцы праграма партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў прапаноўвала сацыялізацыю зямлі — грамадскае валоданне ёю з індывідуальным карыстаннем.

— Малавядомы факт — у нейкі час перад беларускімі эсэрамі адкрылася магчымасць стаць не толькі легальнай партыяй у БССР, але нават кіруючай. Як гэта здарылася?

— Пасля таго, як у 1919 годзе польскія войскі пачалі займаць тэрыторыю Беларусі, у БНР адбыўся чарговы раскол з нагоды стаўлення да новай акупацыі. У гэтым пытанні беларускія эсэры рашуча разышліся з сацыял-дэмакратамі, якія спрабавалі беспаспяхова дамагчыся ад Пілсудскага прызнання Беларусі. БПСР жа стала вырашальнай сілай у разгортванні партызанскай барацьбы з польскімі войскамі. Якраз тады бальшавікі сутыкнуліся з такой з’явай — сяляне часцяком адмаўляліся падтрымліваць паўстанцкі рух, калі ў яго кіраўніцтве не было эсэраў або анархістаў. Гэта было звязана з тым, што пасля ўвядзення харчразвёрсткі сялянства перастала безумоўна давяраць бальшавіцкай уладзе. З прычыны папулярнасці беларускіх эсэраў сярод сялян бальшавікі былі вымушаныя лічыцца з імі як з сур’ёзнай сілай. Дэлегацыя БПСР на чале з Палутай Бадуновай выехала ў Маскву, дзе ў красавіку 1920 года вяла перамовы са Сталіным, патрабуючы прызнання ўрада БНР Ластоўскага.

— Чаму перамовы праваліліся?

— Фармальна — таму што бальшавікі не маглі пайсці на патрабаванні эсэраў: незалежнасць Беларусі ў складзе Віцебскай, Магілёўскай губерні і частак Смаленскай і Чарнігаўскай губерняў з беларускім насельніцтвам; стварэнне Беларускай Чырвонай Арміі; неадкладнае вызваленне ўсіх арыштаваных эсэраў. Не падабалася Маскве і ідэя склікання Усебеларускага працоўнага кангрэса і перадачы яму права вызначэння дзяржаўнага ладу Беларусі.

Але справа была не толькі ў разыходжанні паміж беларускімі эсэрамі і камуністамі ў падыходах да нацыянальнай незалежнасці. У левых эсэраў і БПСР быў і іншы погляд на саму сутнасць сацыялізму. Для іх «грамадства будучыні» — гэта федэрацыя тэрытарыяльных і вытворчых Саветаў, якія будуюцца знізу ўверх. Погляды бальшавікоў былі зусім іншымі — яны патрабавалі безумоўнай дыктатуры сваёй партыі.

Так ці інакш, у выніку беларускія эсэры выйшлі з ВРК Беларусі і адмовіліся падпісваць «Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці БССР». У сакавіку 1921 года ВЧК правяла масавую аперацыю па арышце чальцоў БПСР. Пад ціскам камуністаў у 1924-м былыя эсэры пастанавілі лічыць сваю партыю ліквідаванай. У хуткім часе нязгодныя былі вымушаныя альбо перайсці ў глыбокае падполле на тэрыторыі БССР, альбо эміграваць за мяжу.

— Які лёс чакаў беларускіх эсэраў у эміграцыі?

— У эміграцыі беларускія эсэры адмовіліся ад супрацоўніцтва як з Камінтэрнам, так і з Сацыялістычным Інтэрнацыяналам. БПСР удзельнічала ў спробе стварэння «трэцяй сілы» на платформе вольнага сацыялізму. У маі 1923 года ў Франкфурце адбылася нарада прадстаўнікоў БПСР, левых народнікаў Літвы, Латвіі, галіцыйскай часткі Украіны, Незалежнай сацыялістычнай партыі Германіі, Бунда з Польшчы і Заходняй Беларусі і гэтак далей. Аднак цяжкія ўмовы эміграцыі, рэпрэсіі як бальшавіцкіх, так і польскіх уладаў у выніку прывялі да поўнага абяскроўлівання партыі. У той жа час у Заходняй Беларусі чальцы БПСР прынялі ўдзел ва ўзброенай партызанскай барацьбе супраць польскіх уладаў.

Рэдакцыя выказвае падзяку гомельскаму гісторыку Юрыю Глушакову за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-04-02 00:21:04
М-да... "Сярод «левых» у БНР-1918 пераважалі дзеячы культуры, схільныя больш да сімвалічных крокаў, чым да рэальнай разбудовы дзяржаўнасці. «Правыя» (Раман Скірмунт, [Кіпрыян] Кандратовіч…) з дарэвалюцыйных часін сёе-тое ведалі пра механізмы ўлады, але слаба ўпісваліся ў рэвалюцыйную эпоху. Знайсці паразуменне ім так да канца і не ўдалося..." http://belisrael.info/?p=14495