Распачаты збор сродкаў на новую кнігу Ігара Мельнікава «Верасень 1939-га. Магілы «неаб’яўленай» вайны»

Кніга асвятляе гісторыю падзей верасня 1939 года на тэрыторыі Беларусі, а таксама сталінскіх рэпрэсій супраць жыхароў заходніх абласцей БССР у 1940-1941 гг.
Вокладка кнігі

Вокладка кнігі

На краўдфандынгавай платформе Ulej.by аўтар «Новага Часу» гісторык Ігар Мельнікаў распачаў збор на сваю новую кнігу да 80-годдзя з моманту пачатку Другой сусветнай вайны.

Трагедыя, пра якую варта памятаць

1 верасня 1939 года Другая сусветная вайна прыйшла не толькі на тэрыторыю Польшчы, але і ў Беларусь. Гэты факт мусіць быць зразумелы кожнаму жыхару нашай краіны. Тады ў шыхтах Войска Польскага апынуліся тысячы беларусаў і ўраджэнцаў нашай краіны. Усе гэтыя людзі з першага дня вайны мужна змагаліся супраць нацыстаў.


Праз 17 дзён пасля нападу Трэцяга Рэйха на Польшчу ў Другую сусветную вайну ўступіў і Савецкі Саюз.

Так, СССР не абвяшчаў вайну Польшчы, але раніцай 17 верасня 1939 года часці Чырвонай Арміі не проста перайшлі даваенную савецка-польскую мяжу, але атакавалі польскіх памежнікаў, якія ахоўвалі той кардон.

Расказаць праўду

Падзеі верасня 1939 года ўвогуле і падзеі, звязаныя з так званым «вызвольным паходам Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь», у савецкі час разглядаліся дастаткова аднабока і прадстаўляліся як мірны ўваход савецкіх падраздзяленняў на тэрыторыю ўсходніх польскіх ваяводстваў, які суправаджаўся радаснымі сустрэчамі з прадстаўнікамі мясцовага насельніцтва.

Паводле савецкіх гісторыкаў і ідэолагаў, на той час на тэрыторыі Заходняй Беларусі не было актыўных баявых дзеянняў, а страты насілі выпадковы характар.

Пасля распаду Сасвецкага Саюза свет убачылі шматлікія архіўныя дакументы, якія сведчылі, што вайсковая аперацыя, праведзеная РСЧА ў паўночна-ўсходніх ваяводствах Другой Рэчы Паспалітай, была цяжкім выпрабаваннем для войска «першай дзяржавы працоўных і сялян», а баі супраць аслабленых падраздзяленняў Войска Польскага на гэтых тэрыторыях насілі жорсткі і кровапралітны характар.

Памятны знак на гарнізонных могілках у Брэсцкай крэпасці

Забытыя пахаванні

Пра гэта сведчаць шматлікія магілы польскіх і савецкіх вайскоўцаў, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі да нашых дзён. На вялікі жаль, агульнай сістэматызацыяй гэтых вайсковых пахаванняў ніхто не займаўся. З аднаго боку, у Польшчы збольшага вядомыя месцы, дзе знайшлі свой апошні прытулак жаўнеры польскага войска, паліцыянты, супрацоўнікі дзяржаўнага апарата і звычайныя грамадзяне, якія сталі ахвярамі Другой сусветнай вайны ў самым яе пачатку. З іншага – у Беларусі польскія пахаванні застаюцца па-за ўвагай беларускага грамадства.

Пахаванне польскіх вайсковых маракоў у Макранах

Пра іх памятаюць прадстаўнікі польскай меншасці, якая жыве ў нашай краіне, дыпламаты, але беларускае грамадства, у сваёй большасці, не цікавіцца гэтымі жаўнерскімі магіламі. Між тым, гэта неад’емная частка беларускай вайсковай гісторыі, якую варта ведаць і шанаваць.

У сваю чаргу, савецкія пахаванні верасня 1939 года адышлі ў цень брацкіх магіл перыяда 1941-1945 гадоў, калі Савецкаму Саюзу давялося весці вайну супраць нацысцкай Германіі.

Парэшткі польскіх жаўнераў, знойдзеныя ў Кобрыне ў 2008 г.

Памятаць кожнага!

У кнізе, якую чытач трымае ў руках, змешчаная інфармацыя пра польскія і савецкія вайсковыя пахаванні верасня 1939 года. Адразу адзначым – гэта не каталог. У дадзеным выданні ўзгаданыя найбольш знакавыя вайсковыя і грамадзянскія пахаванні (а таксама абставіны гібелі людзей) пачатковага перыяду Другой сусветнай вайны ў Беларусі.

Нямецкія бомбы ўпалі на заходнебеларускія гарады ўжо ў самым пачатку вайны, а ў другой дэкадзе верасня на тэрыторыю паўночна-ўсходніх ваяводстваў прыйшла жорсткая і кровапралітная вайна.

Пасля 17 верасня 1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі з’явіліся пахаванні жаўнераў РСЧА. У кнізе змешчаныя ўнікальныя здымкі з архіва аўтара, замежных і айчынных архіваў, а таксама фатаграфіі, якія паказваюць сучасны стан польскіх і савецкіх пахаванняў верасня 1939 года.

Ахвяры сталінскай сістэмы

Асаблівая ўвага ў кнізе нададзеная аналізу сталінскіх рэпрэсій супраць так званага «польскага кантынгента» – грамадзян даваеннай Польшчы, якія пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР апынуліся на тэрыторыі Савецкага Саюза.

Што такое «Беларускі катынскі спіс» і чые прозвішчы могуць апынуцца ў гэтым дакуменце? Каго дэпартавалі з заходніх абласцей БССР у 1940-1941 гадах? Хто стаў ахвярай жудаснай эвакуацыі турмаў з тэрыторыі савецкай Беларусі ў чэрвені 1941 года?

Адказы на гэтыя пытанні чытачы таксама знойдуць у нашай кнізе. Толькі гістарычная праўда і памяць дазволяць зразумець тыя няпростыя падзеі.






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!