Сакрэты СССР — не сакрэты сучаснай Украіны (фота)

У 2015 годзе ва Украіне прыняты пакет законаў, які адкрыў доступ да архіваў таталітарнага рэжыму 1917—1991 гадоў. Гэта дазволіла ўсім ахвотным азнаёміцца з архівамі Службы бяспекі Украіны, дзе сабраныя звесткі пра рэпрэсаваных у савецкія часы грамадзян.
Беларускія журналісты ў межах візіту, падрыхтаванага няўрадавым аналітычным цэнтрам «Украінская прызма» наведалі дзяржаўны архіў СБУ ў Кіеве.

Адкрыццё архіваў ва Украіне (як раней У Чэхіі, Славакіі, Польшчы) не справакавала расколу ў грамадстве альбо звядзення рахункаў паміж ахвярамі і катамі, як таго асцерагаюцца беларускія спецслужбы, якія пад фармальнымі нагодамі ўпарта адмаўляюцца рассакрэчваць дакументы часоў бальшавіцкага тэрору. Ад моманту распаду СССР прайшло 27 гадоў. Цяпер ужо гэта гісторыя, абнародаванне якой вялікага грамадскага рэзанансу не выклікае, але мае важнае значэнне для сталення грамадства.
Украінскі інстытут нацыянальнай памяці мае магчымасць больш глыбока і ўсебакова даследаваць тэму рэпрэсій, вяртаць з забыцця імёны ахвяраў і катаў. Людзі даведваюцца пра лёсы сваіх загінулых у жорнах рэпрэсій сваякоў і нарэшце могуць ушанаваць іх памяць, прыйсці на імавернае месца пахавання. Грамадства пазбаўляецца ад «шкілета ў шафе», пераасэнсоўвае трагічныя падзеі гісторыі, пазбаўляецца своеасаблівага посттраўматычнага сіндрому і, як не парадаксальна на першы погляд гучыць, кансалідуецца.

Сучасная Украіна імкнецца прадэманстраваць, што шанаванне правоў чалавека, пашырэнне даступнасці інфармацыі, асуджэнне таталітарных практык — важны кірунак для яе, які мусіць быць замацаваны. Адкрыццё ўсёй праўды пра людажэрны перыяд гісторыі, яе асэнсаванне стане засцярогай ад яго паўтарэння.
Большая частка інфармацыі архіва таталітарнага рэжыму, які перайшоў у спадчыну СБУ, унікальна. На сёння гэта самы вялікі адкрыты архіў КДБ у свеце. Большая частка дакументаў — гэта архіўна-крымінальныя справы адпаведнага фонду (там сабраныя пратаколы судовых пасяджэнняў, пастановы, акты выканання прысудаў, расстрэльныя спісы). Вылучаецца таксама фонд рэабілітаваных у савецкія часы грамадзян, фонд нерэабілітаваных (тыя, хто змагаўся супраць савецкай улады), фонд з асабістымі справамі супрацоўнікаў спецслужбаў, агентурнымі справамі. фонд загадаў, распараджэнняў, інструкцый дазваляе лепей рэканструяваць той гістарычны перыяд, зразумець, што адбывалася ў той час. Вельмі карысным для гісторыкаў з’яўляецца фонд з друкаванымі выданнямі НКУС, дзе сабраныя падручнікі, дапаможнікі, інструкцыі для супрацоўнікаў, успаміны, справаздачы, анталогіі трафейных дакументаў украінскага антыкамуністычнага супраціву. Архівісты раяць пачынаць пошук з фонду сакратарыята КДБ, які ахоплівае перыяд ад 30-х да 50-х гадоў мінулага стагоддзя. У ім апісваліся канкрэтныя падзеі, які адбываліся кожны дзень. Усяго ў архіве больш за 100 тысяч адзінак захоўвання.
Цікава, што з прычыны чыстак архіваў многія дакументы 60-х, 80-х гадоў знішчаны. Давесці, што чалавек быў у той час агентам, даволі складана. Архіў можа змяшчаць фэйкавыя дакументы, калі пратаколы апісвалі абсурд, наўмысна фальшаваліся з мэтай маніпуляцый ці асабістага ўзбагачэння. Напрыклад, часам штатныя супрацоўнікі познесавецкага перыяду запісвалі ў агенты людзей, якія насамрэч не давалі згоду на супрацу, каб атрымліваць за іх грошы. Вельмі важна, вывучаючы такія дакументы, звяртаць увагу на кантэкст і крытычна іх ацэньваць. Па аналогіі ў Польшчы, былі выпадкі, калі тыя, каго вінавацілі ў супрацы з камуністычнымі спецслужбамі, падавалі ў суд. І для суда адзіным дакументам, які прызнаваўся доказам супрацы з’яўлялася заява, дзе чалавек сам падпісваўся, што ён агент.
Ва ўкраінскія архівы, асабліва ў Чарнігаў, могуць прыязджаюць (і прыязджаюць) грамадзяне Беларусі. Для гэтага неабходна напісаць у архіў СБУ пра жаданне азнаёміцца з дакументамі па пэўнай тэматыцы, даслаць копію пашпарта і пры наяўнасці дакументаў запісацца ў чытальню пры архіве на пэўны вольны час.
Фота аўтара






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!