Самы галоўны дакумент. Канстытуцыі 25 год

Вярхоўны Савет 12 склікання 15 сакавіка 1994 года зацвердзіў новую Канстытуцыю Рэспублікі Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на складанасці і супярэчнасці канстытуцыйнага працэсу, з’яўленне Канстытуцыі стала важкім крокам на шляху афармлення сапраўднай незалежнасці краіны.
У гісторыі Беларусі мелі месца некалькі канстытуцый, якія змянілі адна адну, пачынаючы з 1919 года. Аднак казаць аб паўнавартаснай распрацоўцы, сапраўдным абмеркаванні і, нарэшце, дэмакратычным зацвярджэнні Асноўнага Закона ў перыяд БССР немагчыма. Прыняццё канстытуцый ў Беларускай ССР па большай частцы насіла рытуальны характар у адпаведнасці з распрацаванымі разнарадкамі, планамі і пад строгім кантролем партыйных, дзяржаўных і сілавых органаў. Любая крытыка канстытуцыйных праектаў строга перарывалася, кваліфікавалася як «варожая вылазка» супраць савецкай улады.

З пачаткам гарбачоўскай перабудовы хутка высветлілася, што і агульнасаюзны Асноўны Закон 1977 года, і канстытуцыі саюзных рэспублік не адпавядаюць рэчаіснасці і з’яўляюцца, па сутнасці, архаічнымі. Гэта абумовіла новы тагачасны трэнд — канстытуцыйны бум, які пачаўся з 1990 года. Гэта было абумоўлена тым, што сёлета скончыліся паўнамоцтвы саюзных парламентаў, на змену «непарушнага блоку» камуністаў і беспартыйных прыйшлі дэпутаты розных палітычных поглядаў, выбраныя на альтэрнатыўнай аснове. У кожным Вярхоўным Савеце саюзнай рэспублікі з’явіўся спецыяльны орган па распрацоўцы канстытуцыйнага праекта — Канстытуцыйная камісія.

Дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання ўзяліся за канстытуцыйную справу энергічна. Яны былі ўпэўненыя, што ў кароткі тэрмін дадуць рады стварыць якасны Асноўны Закон, які дазволіць рэспубліцы вырашыць шматлікія пытанні і зрабіць кардынальны крок наперад. «Было бы неправильно полагать, что подготовка Конституции сводится к выработке глав и разделов, а затем сведению их в единый документ. В работе над Конституцией мы стремимся к тому, чтобы в ней была воплощена целостная концепция, согласованы самые различные аспекты развития», — казаў 30 кастрычніка 1990 года на адным з паседжанняў нечарговай другой сесіі Вярхоўнага Савета 12 склікання яго старшыня Мікалай Дземянцей.

Чытайце таксама: «Чёток в мыслях, чёток в действиях...». Памяці Мікалая Дземянцея

Рэальнасць, аднак, апракінула гэтыя разлікі.

Высокая камісія


У Беларусі Канстытуцыйная камісія была створана 22 чэрвеня 1990 года спецыяльнай пастановай Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання. Дэпутат Рыгор Вячэрскі прапаноўваў крыху іншую назву: часовая камісія па падрыхтоўцы Канстытуцыі Беларускай ССР. Аднак большасць дэпутатаў падтрымала Уладзіміра Кавалёнка, які настойваў на тым, каб выкарыстоўваць традыцыйны яшчэ ў сталінска-брэжнеўскія часы варыянт — Канстытуцйная камісія.

Узнікла пытанне наконт старшыні Канстытуцыйнай камісіі. Шмат дэпутатаў хацелі бачыць на гэтай пасадзе старшыню камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве Дзмітрыя Булахава, альбо народнага дэпутата Віктара Ганчара (апошняга прапанаваў дэпутат Уладзімір Станкевіч). Булахаў і Ганчар мелі сур’ёзную падставу — вышэйшую юрыдычную адукацыю. Віктар Ганчар, больш таго, быў кандыдатам юрыдычных навук.

Чытайце таксама: Рэферэндум — 1996: трыумф і трагедыя Віктара Ганчара

Урэшце, па прапанове Івана Бамбізы, Канстытуцыйную камісію ўзначаліў Мікалай Дземянцей. Па даручэнні Вярхоўнага Савета Дзмітрый Булахаў на працягу месяца павінен быў унесці прапановы па колькасным і персанальным складзе камісіі.

Першапачатковы персанальны склад камісіі быў зацверджаны 20 ліпеня 1990 года. Камісія налічвала 74 чалавекі: 61 дэпутат і 13 экспертаў-юрыстаў (Сцяпан Сокал, Сцяпан Драбязга, Іосіф Юхо і інш.) і высокапастаўленых чыноўнікаў (Пракурор БССР Георгій Тарнаўскі, міністр юстыцыі Валерый Ціхіня, старшыня Беларускага савета прафесійых саюзаў Уладзімір Ганчарык і інш.). Дэпутаты самі запісваліся ў склад камісіі, альбо прапаноўваліся звонку. Адзіны дэпутат — Генадзь Карпенка — адмовіўся ад працы ў Канстытуцыйнай камісіі.



Унутры Канстытуцыйнай камісіі для большай аператыўнасці працы былі створаны больш вузкія органы — рабочыя групы колькасцю ад 12 да 15 чалавек. Адну групу ўзначаліў намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Васіль Шаладонаў, другую — Віктар Ганчар. У ліпені 1991 года рашэннем Канстытуцыйнай камісіі была сфармавана адна працоўная група пад кіраўніцтвам Васіля Шаладонава. Аж да прыняцця Канстытуцыі ў яе склад пастаянна ўваходзілі Рыгор Васілевіч, Яўген Глушкевіч, Валянцін Голубеў, Сцяпан Драбязга, Міхаіл Чудакоў, Віктар Шабайлаў, Іосіф Юхо і інш.
Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 склікання Вольга Галубовіч, 1991 год. vytoki.net

Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 склікання Вольга Галубовіч, 1991 год. vytoki.net

Пры распрацоўцы праекта Канстытуцыі ўзнікала шмат пытанняў. Яны тычыліся будучай назвы рэспублікі, увядзення інстытута прэзідэнцтва, прававога статусу і арганізацыйнай структуры парламента, мясцовага кіравання і самакіравання і іншага.

Праекты


Праект новай Канстытуцыі Беларусі быў падрыхтаваны восенню 1991 года. 11 лістапада 1991 года ў парламенце адбылося абмеркаванне праекта. Нягледзячы на крытыку, у большасці сваёй дэпутацкі корпус станоўча ўспрыняў праект.

Неўзабаве пасля абмеркавання праект 3 снежня 1991 года быў апублікаваны ў перыядычным выданні Вярхоўнага Савета — «Народнай газеце». Праект складаўся з прэамбулы, 9 раздзелаў і 170 артыкулаў. Акрамя традыцыйных для папярэдніх Канстытуцый БССР палажэнняў новы праект меў шэраг навэл: інстытут прэзыдэнцтва, Канстытуцыйны Суд, рэферэндум…

Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 склікання Яўген Глушкевіч (злева) разам са сваім калегам, аглядальнікам «Народнай газеты» Іванам Герасюком, 1991 год. vytoki.net

Пасля публікацыі праекта на адрас Канстытуцыйнай камісіі паступіла 3534 прапановаў і заўваг, 1989 з іх мелі рэдакцыйны характар. Па прэамбуле паступіла 35 прапаноў.

22 жніўня 22 жніўня 1992 года у «Народнай газеце» быў апублікаваны другі праект Канстытуцыі. Ён складаўся з прэамбулы, 10 раздзелаў і 173 артыкулаў: быў скасаваны раздзел па арганізацыі юрыдычнай дапамогі, выдзелены асобны раздзел па мясцовым самакіраванні і дададзены раздзел па абароне і нацыянальнай бяспецы.

Па другім праекце паступіла некалькі тысяч заўваг і прапаноў. Усяго за 1991-1992 гады на адрас Канстытуцыйнай камісіі паступіла каля 11 тысяч асабістых і 1 млн калектыўных заўваг і прапаноў.


Паскарэнне


Новы этап у канстытуцыйным працэсе пачаўся з 29 кастрычніка 1992 года. У гэты дзень Вярхоўны Савет прыняў пастанову аб паскарэнні канстытуцыйных пераўтварэнняў у краіне. Яно прадугледжвала прыняцце Канстытуцыі не пазней 1993 года.

5 лютага 1993 года парламент зацвердзіў пастанову «Аб праекце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». Гэты нарматыўна-прававы акт прадугледжваў паартыкульнае абмеркаванне праекта Канстытуцыі ў 1993 года.

Паартыкульнае абмеркаванне ўяўляла сабой працэдуру, якая прадугледжвала абмеркаванне назвы, зместу асноўных палажэнняў (раздзелаў, глаў, артыкулаў) праекта, уключаючы прэамбулу. Кворум, неабходны для сцвярджэння, быў досыць высокі: не менш за дзве траціны галасоў дэпутатаў.

Вынікі майскага паартыкульнага абмеркавання 1993 года былі сціплыя: парламентарыі разгледзелі 109 артыкулаў і зацвердзілі ўсяго 62. Прычыны хаваліся ў глыбокіх супярэчнасцях, што панавалі у парламенце, свядомым блакаванні з боку асобных дэпутацкіх груповак канстытуцыйнага працэсу.

Сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што абноўлены праект Асноўнага Закона, падрыхтаваны для майскага паартыкульнага абмеркавання, не быў апублікаваны ў друку. Гэта выклікала абурэнне грамадскасці.

Супраць праекту выказвалася парламенцкая апазіцыя БНФ. На думку апазіцыі, для Беларусі былі больш прымальныя парламенцкая рэспубліка, прафесійны парламент, муніцыпальная сістэма мясцовага кіравання. Апазіцыя таксама настойвала на ўключэнні ў канстытуцыйны праект абавязковых палажэнняў аб дзяржаўным статусе толькі беларускай мовы, прыватнай уласнасці на зямлю, нацыянальнай валюце, гістарычнай назве сталіцы (Менск).

Складаная сітуацыя з канстытуцыйным працэсам прымушала старшыню Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча шукаць новыя спосабы сцвярджэння Асноўнага Закона. 10 верасня 1993 года ён разаслаў кожнаму дэпутату ліст, у якім гаварылася аб магчымасці прыняцця Канстытуцыі Канстытуцыйнай Асамблеяй. На думку Шушкевіча, гэты орган павінен быў складацца з 310 членаў, якія выбіраюцца ўсенародна. Для абрання члена Канстытуцыйнай Асамблеі дастаткова, меркаваў Шушкевіч, яўкі 25% выбаршчыкаў. Пры гэтым дэпутат парламента не мог быць членам Асамблеі. Прапанова Шушкевіча была адкінута дэпутатамі Вярхоўнага Савета.

Другі этап паартыкульнага абмеркавання канстытуцыйнага праекта прайшоў у Вярхоўным Савеце з 30 лістапада па 2 снежня 1993 года. Другому паартыкульнаму абмеркаванню папярэднічала трэцяя і апошняя публікацыя канстытуцыйнага праекта ў газеце «Савецкая Беларусь» у верасні 1993 года. Праект налічваў 10 раздзелаў і 175 артыкулаў. Найбольш істотныя змены, якія мелі месца ў праекце, тычыліся выбарчай сістэмы.
Вынікі гэтага паартыкульнага абмеркавання праекта былі яшчэ больш сціплымі, чым у маі: дэпутаты зацвердзілі толькі 26 артыкулаў. Акрамя таго, былі зацверджаны назвы ўсіх раздзелаў і главаў праекта за выключэннем главы «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь».

Для ўрэгулявання рознагалоссяў па асноўных палажэннях праекта 2 снежня 1993 года была створана Пагаджальная камісія. Аднак ужо ў студзені 1994 года дэпутаты прызналі фактычны правал працы камісіі, калі, па словах Віктара Ганчара, «максімум калектыўнай дэмагогіі і мінімум індывідуальнай адказнасці задавальняе кіраўніцтва». Аднак парламенцкая большасць усведамляла неабходнасць больш хуткага прыняцця Канстытуцыі: паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета 12 склікання заканчваліся вясной 1995 года.

Непазбежная Канстытуцыя


19 студзеня 1994 года Генадзь Казлоў — кіраўнік пракебічаўскай дэпутацкай групы «Беларусь» — прапанаваў правесці галасаванне па найбольш спрэчных палажэннях канстытуцыйнага праекта. Аднак гэта галасаванне павінна было быць не электронным, а імянным: кожнаму дэпутату пад подпіс выдаваўся бюлетэнь, які парламентарый павінен здаць у камісію праз пэўны час.

Імянны бюлетэнь прадстаўніцы апазіцыі БНФ Вольгі Галубовіч. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

У лютым 1994 года была выдадзена адпаведная пастанова Вярхоўнага Савета аб імянным галасаванні і сфармавалася Падліковая камісія на чале з Віктарам Ганчаром.


Чытайце таксама: Непазбежнае прэзідэнцтва


У імянны бюлетэнь для галасавання было ўключана наступнае пытанне 1) «Ці прымаеце Вы главу 3 «Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь»?, главу 4 «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь»?, раздзел V «Мясцовае кіраванне і самакіраванне»?
Імянны бюлэтэнь з «аўтографам» дэпутата Рамана Плоцкага. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Само імянное галасаванне павінна было прайсці з 24 лютага па 1 сакавіка 1994 года.

Супраць імяннога галасавання рашуча выступіла парламенцкая апазіцыя БНФ. БНФ меў рацыю часткова. Сапраўды, на хвалі імяннога галасавання ўрад на чале з Кебічам хацеў вырашыць пытанне пра прэзідэнцтва. Аднак Ганчар пераканаў большасць дэпутатаў у тым, што з фармальнага пункту гледжання парушэння Часовага Рэгламэнта не было, таму што артыкул 37 гэтага дакумента прадугледжваў галасаванне шляхам падачы імянных бюлетэняў, прычым не гаварылася пра тое, што гэта абавязкова павінен быць бесперапынны працэс. Акрамя таго, артыкул 97 дзейнай на той час Канстытуцыі БССР 1978 года даваў Вярхоўнаму Савету права прымаць да свайго ведама і вырашаць любое пытанне ў кампетэнцыі Рэспублікі Беларусь.
Імянны бюлетэнь Зянона Пазьняка. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Імянны бюлетэнь Зянона Пазьняка. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Імянное галасаванне адбылося 24, 25 лютага і 1 сакавіка. У Нацыянальным архіве захаваліся ўнікальныя дакументы: спісы дэпутатаў, якім выдалі бюлетэні. У гэтых спісах пазначаны час выдачы і здачы бюлетэняў. Напрыклад, будучы беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка прагаласаваў 24 лютага 1994 года на працягу 5 хвілін.

Вынікі імяннога галасавання былі такія: з 296 выдадзеных бюлетэняў у скрыні аказаліся 288: 266 — «за», 16 — «супраць». Шэсць бюлетэняў аказаліся несапраўднымі. Некаторыя дэпутаты, у тым ліку і Станіслаў Шушкевіч, так і не вярнулі бюлетэнь. У гадасаванні не ўдзельнчалі парламенцкая апазіцыя БНФ і дэпутаты-камуністы на чале з Міхаілам Качаном.

Чытайце таксама: Чырвоныя рэаніматары


Пасля паспяховага імяннога галасавання прыняцце Канстытуцыі ў цэлым было справай часу. Аднак зацверджаныя палажэнні ўтойвалі ў сабе шмат супярэчнасцяў. Вялікімі паўнамоцтвамі быў надзелены Вярхоўны Савет: практычна ён фармаваў дзяржаўныя і судовыя органы, зацвярджаў прэм’ер-міністра, ягоных намеснікаў і інш. З першага погляду прэзідэнт валодаў меншымі паўнамоцтвамі, але, згодна з пунктам 1 артыкула 100 праекта, ён мог рабіць захады па захаванні нацыянальнай бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці, стабільнасці і г.д. На працягу свайго кіравання Лукашэнка не раз ужываў гэты пункт супраць сваіх палітычных праціўнікаў.
«Віншаванне» графа Аляксандра Прушынскага з нагоды ўвядзення ў Беларусі прэзідэнцкай пасады. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

«Віншаванне» графа Аляксандра Прушынскага з нагоды ўвядзення ў Беларусі прэзідэнцкай пасады. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

З 2 па 15 сакавіка 1994 года дэпутаты абмяркоўвалі астатнія спрэчныя палажэнні канстытуцыйнага праекта. Яны тычыліся статусу беларускай мовы, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу рэспублікі, рэферэндуму і г.д.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была зацверджана 15 сакавіка 1994 г. З 250 прагаласаваўшых дэпутатаў 236 выказаліся «за», 6 — супраць, 8 устрымаліся. Не прынялі ўдзел у галасаванні 57 чалавек.
Дыскусіі пра будучыню Канстытуцыі разгарэліся ў парламенце адразу ж пасля яе прыняцця. Старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб заявіў, што зацверджаная Канстытуцыя — агульная перамога «ўсіх нас».

Чытайце таксама: Мечыслаў Грыб: бацька няўдалай беларускай дэмакратыі



Супрацьлеглае меркаванне выказвалі праціўнікі Канстытуцыі, у прыватнасці, парламенцкая апазіцыя БНФ. Яе актыўны член Сяргей Навумчык, паказваючы на супярэчнасці ў Канстытуцыі, назваў Асноўны Закон бомбай, «якая падарве грамадства».

Такім чынам, канстытуцыйны працэс у Беларусі, які доўжыўся амаль чатыры гады, з юрыдычнага і тэхнічнага пункту гледжання быў спланаваны лагічна. Была створана Канстытуцыйная камісія і яе рабочыя групы, канстытуцыйны праект прайшоў усе неабходныя стадыі абмеркавання, у тым ліку і з удзелам шырокай грамадскасці.

Аднак канстытуцыйны працэс істотна тармазіўся па прычыне неэфектыўнай працы парламента, асабістых амбіцый і прыхільнасцяў тых ці іншых палітычных сілаў. Калі праца над канстытуцыйным праектам і паскорылася, то толькі таму, што кіруючыя колы вырашалі свае канкрэтныя палітычныя задачы, як, напрыклад, увядзенне прэзідэнцкай пасады пад канкрэтную асобу.

Гістарычную рацыю мела парламенцкая апазіцыя БНФ. Супярэчнасці, закладзеныя ў Канстытуцыі, выявіліся ў супрацьстаянні выканаўчай і заканадаўчай улады праз два месяцы пасля абрання Лукашэнкі кіраўніком дзяржавы і абумовілі сумнавядомы рэферэндум 24 лістапада 1996 года.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!