Самы знакаміты турыст Вялікага Княства Літоўскага: што ўразіла Радзівіла Сіротку ў далёкай Афрыцы

Для сучасных турыстаў Егіпет — папулярны напрамак для адпачынку. Прывабным для вандроўкі ён аказаўся і для Мікалая Радзівіла Сіроткі, які выправіўся за тысячы міль ад Вялікага Княства Літоўскага і распавёў аб гэтым свету.
Егіпецкія піраміды

Егіпецкія піраміды

420 гадоў таму ў прускай друкарні горада Браўнсберга выйшаў сапраўдны бестселер на бліжэйшыя некалькі стагоддзяў. Напісаная на лаціне, гэтая кніга вытрымала з дзясятак перавыданняў і перакладаў на польскую, нямецкую, рускую і беларускую мовы. Гаворка ідзе пра «Перэгрынацыю, альбо Паломніцтва ў Святую Зямлю» аўтарства літвінскага магната Мікалая Радзівіла Сіроткі. Вяльможа здзейсніў эпічнае паломніцтва і вандроўку ў далёкія ад Вялікага Княства Літоўскага землі. Свае ўражанні ён занатаваў і апублікаваў. Кніга мела поспех. Па сутнасці, Радзівіл як чалавек эпохі Рэнесансу стаў адным з пачынальнікаў айчыннай мемуарнай традыцыі. А мемуары — гэта магчымасць вачамі сучасніка зазірнуць у гістарычныя глыбіні і пабачыць сапраўднае жыццё краіны, якая даўно знікла з палітычнай карты свету. Праз успаміны і дзённікі бачна тое, што застаецца за дужкамі гістарычнай навукі: побыт, адносіны, мроі, дробязі… Мемуары адчыняюць дзверы ў жыццё цывілізацыі Вялікага Княства Літоўскага.

Ілюстрацыя да кнігі ўспамінаў Мікалая Радзівіла, 1601 год

Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіротку можна смела назваць ці ж не самым папулярным і вядомым прадстаўніком магутнага дому Радзівілаў. За першынства ў гістарычнай папулярнасці ён можа паспаборнічаць хіба што з уласным бацькам рэфарматарам Мікалаем Радзівілам Чорным і эксцэнтрычным нашчадкам Каралем Радзівілам Пане Каханку. Біяграфія Мікалая Крыштафа — насычаная: бліскучая адукацыя на радзіме і ў Еўропе, імклівая палітычная кар’ера, удзел у вайсковых кампаніях, грандыёзныя будаўнічыя праекты ў родавым гняздзе.

Радзівіл Сіротка вядомы найперш тым, што ён, сын пачынальніка айчыннай рэфармацыі, яе практычна згарнуў і падтрымаў Каталіцкую Царкву. А яшчэ ён знакаміты сваёй вандроўкай. Вандроўкі для магнатаў таго часу — справа звычайная, але Радзівіл адметны тым, што пра свой ваяж напісаў кнігу. У 1582 годзе ён выправіўся ў падарожжа, а ўжо ў 1601 годзе падарожны дзённік стаў асобным выданнем. Гэтай справай магнат імкнуўся пашырыць кругагляд землякоў, ён пісаў толькі пра тое, што бачыў на свае вочы. Пісаў пра тое, што яму было цікава, а цікавіла дапытлівага вяльможу амаль усё.  

Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549–1616). Крыніца фота: imago.by

Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549–1616). Крыніца фота: imago.by


Візавыя фармальнасці ўзору XVI стагоддзя

Вандроўка Радзівіла пачалася, калі полымя цяжкай Лівонскай вайны ўжо амаль згасла. Як не апошні чалавек у дзяржаве, Мікалай Крыштаф браў удзел у гэтай вайне, у тым ліку — у бітве за вызваленне Полацка. Там ён быў паранены ў галаву, ад чаго моцна пакутаваў фізічна. Коранем сваёй немачы пабожны Радзівіл бачыў духоўныя праблемы, а выратаванне на вайне — Божым дзеяннем. Каб падзякаваць Усявышняму, вяльможа вырашае ехаць у пілігрымку на Святую Зямлю, да Гроба Гасподняга.

На даляглядзе магната замаячылі берагі далёкай Палесціны. Але не адразу… Першая спроба трапіць у святыя мясціны была ў 1580 годзе. Сіротка ўжо дабраўся да Венецыі, порты якой былі адпраўнымі кропкамі ў падарожжы на Блізкі Усход. Там ён даведаўся, што «ў тым годзе ў Грэцыі, Сірыі, Палесціне і Егіпце надта вялікая пошасць пануе, невыказальна лютуе!» Як бы сказалі цяпер, праз складаную эпідэміялагічную сітуацыю Радзівіл не выправіўся ў падарожжа і мусіў вярнуцца дамоў. Наступная спроба, якая аказалася паспяховай, была ў 1582 годзе. Дарэчы, вандраваў Сіротка не адзін, яго суправаджала світа, вартая сапраўднага арыстакрата: у вандроўку князь узяў нават свайго кухара.  

Але трапіць у XVI стагоддзі ў Палесціну, якая знаходзілася пад уладай Асманскай імперыі, было не так проста нават для магната: трэба было выканаць шэраг фармальнасцей і атрымаць дазволы. Па-першае, трэба было ўзяць дазвол на выезд з Вялікага Княства Літоўскага ў караля. Дзеля гэта ў жніўні Радзівіл наведаў у Горадні караля Стэфана Баторыя, які, хоць і адгаворваў Радзівіла з яго слабым здароўем у такую дарогу выпраўляцца, але адпаведны дазвол магнату даў. І вось ужо ў снежні Мікалай Крыштаф гуляў па мастках і вуліцах партовай Венецыі, прыгажосцю якой мусіў захапляцца да вясны наступнага 1583 года. Бо трэба быў яшчэ адзін дазвол — Рымскага Папы. «Такі ж бо звычай ёсць і распараджэнне, што хто ў Ерусалім едзе, ад Св. Айца пісьмовы дазвол узяць мае». Пантыфік Рыгор ХІІІ выпісаў літвінскаму пілігрыму пашпарт і дабраславіў падарожжа. Цяпер можна было выпраўляцца.

Іерусалім, XV стагоддзе. Малюнак Конрада Груненберга

Іерусалім, XV стагоддзе. Малюнак Конрада Груненберга


Падарожныя шляхі нечакана прыводзяць у Егіпет

Пакуль нага літвінскага валацугі стала на гарачыя пяскі егіпецкай зямлі, Мікалай Радзівіл Сіротка паспеў здзейсніць ладнае падарожжа па ўзбярэжжы і выспах Міжземнага мора. Выспа Крыт, Ліван, Сірыя, Іерусалім, Палесціна… Радзівіл наведаў галоўныя хрысціянскія мясціны, звязаныя са знакамітымі евангельскімі сюжэтамі і зямным жыццём Ісуса Хрыста. Пілігрым здзейсніў дадзены Усявышняму запавет — наведаў Храм Гроба Гасподняга. Цяпер праз Канстанцінопаль можна было вяртацца ў родны Нясвіж.

Да сталіцы колішняй Візантыі з Іерусаліма Радзівіл накіраваўся сухапутным шляхам. Наведаўшы па дарозе яшчэ некалькі біблейскіх мясцін, Сіротка прыбыў у горад Раму, а адтуль даволі добрай дарогай — у партовую Яфу. Там вандроўнік сеў на судна і морам, мінаючы Бейрут, праз некалькі дзён дабраўся да Трыпалі. «Спаткалі мы ў Трыпалі венецыянскі карабель, якім мы ў Кіпр выпраўляліся, а разам прышлі да мяне лісты з Літвы», — пісаў Радзівіл і адзначаў, што меў у гэтым горадзе шмат знаёмых, дык падалося яму, нібы ён на адпачынак дадому прыехаў. І ў далёкіх краях наш магнат добра асвоіўся!        

Але ў Трыпалі падарожныя планы Радзівіла рэзка мяняюцца… Па ідэі, Сіротка мусіў дарогамі дабрацца да Канстанцінопаля, а адтуль трымаць курс на Вялікае Княства Літоўскае. Вось толькі сухапутны шлях аказаўся закрыты, бо на ім аб’явіўся злодзей, які рабаваў караваны, а канстанцінопальская дарога была занятая турэцкім войскам, якое з Еўропы цягнулася ў Персію. Не выпадала і марская выправа, бо венецыянскія караблі, што ў хрысціянскія краіны плылі, яшчэ не былі нагружаныя. Чакаць Сіротка не мог і знянацку задумаў здзейсніць падарожжа ў Егіпет. І вось 29 ліпеня 1583 года Радзівіл адплыў ад сірыйскіх берагоў, на шляху была Афрыка! Так пачалася Егіпецкая вандроўка, падчас якой ён наведаў Каір, Александрыю і, як сапраўдны турыст, пабываў каля егіпецкіх пірамід, аб чым падрабязна і напісаў.  

Першымі паказаліся буслы і марскія коні

Дня 8 жніўня каля 22-й гадзіны судна Радзівіла ўвайшло ў Нільскую браму. Плывучы па Ніле, з палубы свайго невялікага карабля вандроўнік пабачыў на берагах вялікае мноства буслоў. Можна толькі ўяўляць, што ў гэты час адчуваў і думаў Радзівіл, калі ў далёкім краі пабачыў тых жа самы птушак, што і ў ваколіцах яго роднага Нясвіжа. Адукаваны і кемлівы магнат дае гэтаму тлумачэнне, што сюды ад нас буслы заўсёды адлятаюць гэтай парой, гэта значыць у жніўні, калі Ніл, наплываючы, прыносіць ім з багнаў незлічоную колькасць змеяў на пажыву.

Егіпецкі жывёльны і раслінны свет для літвіна — гэта іншая планета. Нават ужо добра павандраваўшы па Блізкім Усходзе, Радзівіл дзівіўся флоры і фаўне, якую ён пабачыў у даліне Ніла. «Якое прыгожае пальмавае дрэва, не кожны ведае, — паведамляе з захапленнем Сіротка, — ідуць проста ўгору галіны, плады не каля лісця, а як у нас жывіца пры дрэве, гэтак пры галінах сваіх растуць». Акрамя пальмы вартая ўвагі Радзівіла была і смакоўніца.

Цікаўнае вока вандроўніка яшчэ ў першыя дні побыту ў Егіпце заўважыла вельмі не звычайных для нашых шырот марскіх коней! «Бачылі мы ў рацэ чатырох марскіх коней, да зуброў нашых паставаю і велічынёю вельмі падобныя, толькі што без рагоў». Дзіўны звер наганяў страх, бо калі ён чалавека ў полі заспее, кусае і заядае. Радзівіл піша, што «калі быў у Каіры, аднаго такога каня забітым бачыў, яго жахлівую і на від страшную галаву, разяўленую пашчу з дужа вялікімі зубамі». Гэтым монстрам быў звычайны бегемот.

Паляванне на бегемота

Паляванне на бегемота


Не менш літвіна здзівілі і кракадзілы, якія сустрэліся ў водах Ніла. Са шкадаваннем Радзівіл занатаваў, што «кракадзіл далёка пялёхаўся, таму не маглі мы яго добра ўгледзець: часам, аднак, хрыбет ягоны было відаць». А ў пустэльні з боку Чырвонага мора Мікалай Радзівіл сустрэўся са страусам: «ён, дапамагаючы сабе крыламі, надзвычай хутка можа бегаць, як і нашы дропы, перш чым падымуцца ўгору».

Для аматара фаўны, як смела можна назваць Радзівіла, адной з галоўных падзей вандроўкі было наведванне кірмашу ў Александрыі, дзе «разнастайных звяроў прадаюць». Тут наш магнат не паскупіўся і набыў шмат жывых сувеніраў, каб яны ўпрыгожылі нясвіжскую рэзідэнцыю. Радзівіл не без гонару пералічыў свае набыткі: два леапарды, два фараонавыя пацукі (суслікі), ката, які піжму вырабляе, дзвюх гіен, якіх Радзівіл назваў міфічнымі кінацэфаламі, дзясятак марскіх коцікаў, прыгожых папугаяў, трох казярогаў… Што праўда, горных казлоў Радзівіл ужо прывёз з сабой у Егіпет, але па дарозе назад яны на моры здохлі і да Нясвіжа не дабраліся.  

Гэта дзіўна, а гэта — яшчэ больш

Адметнасць дзённіка Сіроткі — заметкі на палях. Радзівіл занатоўваў уражанні, а на палях пазначаў тэму нататкі. Падчас афрыканскага ваяжу палі ўспамінаў зіхацяць пазнакамі «гэта дзіўна», «проста дзіўна», «надта дзіўная рэч». А здзіўляцца ў Егіпце было чаму. Найбольш Радзівіла ўразіла спёка.

Гарачыня ў Егіпце — моцная, асабліва ў жніўні. Раней Сіротка пра яе толькі чуў, а тут атрымаў магчымасць пабачыць, якая ж яна моцная, гэта дзіўная егіпецкая спёка. «Апоўдні зямля ад сонца такая гарачая бывае, што і ў чаравіках ледзь адзін пацер можна вытрываць агонь такі вялікі», — пісаў Радзівіл. А здзіўляла яго тое, што такой пякельнай спёкай тутэйшыя жыхары прызвычаіліся хадзіць босымі нагамі, ад чаго падэшвы ў іх сталі ссохлыя і скамянелыя. Але ў спёцы Радзівіл бачыў і пазітыў: тут гарачыня сунімае распаўсюджанне пошасці і розных хвароб.

Татуіроўкі, наложніцы, рынак нявольнікаў

«Сапраўды дзіўная рэч, бачыць на целе стракатасць розных прыгожых фарбаў», — кажа Радзівіл пра ўбачаныя жаночыя татуіроўкі. І тлумачыць, што дзяўчаты ў Егіпецкіх вёсках да 10 гадоў ходзяць голыя, а пасля тых гадоў носяць паркалёвыя кашулі і такім жа паркалем твар закрываюць. А да тых 10 год дзяўчаты ўжываюць нейкія рэчывы, якія выядаюць скуру, малююць кветкі і завітушкі, напускаюць фарбы, якія так моцна да цела прыстаюць, што ўжо ніяк іх пасля змыць немагчыма.

Здзіўляе Радзівіла стаўленне да замужніх жанчын, бо яны з дома на вуліцу не выходзяць, нават у мячэць, нельга ім таксама і праз вакно глядзець на вуліцу, хіба толькі праз краты. Не менш магната бянтэжыць наяўнасць наложніц. Адзін гандляр праз перакладчыка распавёў Радзівілу, што мае дванаццаць белых жанчын і васямнаццаць мурынак, кожную пад замком трымае і па чарзе да кожнай ходзіць і пастаянна асцерагаецца, каб яны разам яго не забілі. «Сіротка», пачуўшы аповед, рэзюмаваў: «кожны з гэтага пабачыць можа, у якой цемры жывуць тыя людзі».    

Наогул, тэма зняволення балюча адгукаецца ў Радзівіла. Асабліва, калі ён пабываў на рынку нявольнікаў, дзе мясцовыя прадаюць людзей. «Было ў той панядзелак мужчын на продаж 700, жанчын 600, і ўсе голыя стаялі, апроч дарослых, і тое, толькі жанчын, якія ніз цела свайго ледзь якім рыззём прыкрывалі. Ва ўсіх праколаты вушы і ноздры, з якіх шкляны шарык вісіць». На тым рынку вельмі танна тавар прадавалі, усяго за 10 залатых дукатаў можна было набыць хлопца ці дзяўчыну. З жалем Сіротка адзначыў, што хрысціянам пад пагрозай смерці тых нявольнікаў вывозіць з дзяржавы забаронена. Напэўна, каб такая магчымасць была, пабожны магнат не пашкадаваў бы грошай, каб выкупіць каго і вярнуць на радзіму. «Можна было б тут шмат напісаць, як непрыстойна ўжываюць такіх купленых нявольнікаў, але пашкадую цнатлівыя вушы», — заключае Радзівіл.

Рынак нявольнікаў

Рынак нявольнікаў


Паўсюль свае людзі

Сустрэць за мяжой земляка — радасная падзея. Якім жа было здзіўленне, калі Радзівіл сустрэў земляка ў далёкім Егіпце, хоць і пры неадназначных абставінах.

Адбылося гэта ў Каіры. Як толькі Радзівіл высадзіўся на бераг, яго са спадарожнікамі адразу схапілі двое туркаў, каб звязаць, ды пільна шукалі за пазухай і ў іншых месцах якія-небудзь тавары. Мясцовыя прынялі літвінскіх вандроўнікаў за французаў-гандляроў, якіх у Егіпце часта ашуквалі. Але туркі пабачылі, што яны нічога не маюць і адчапіліся. «Мы ж тым часам гаварылі між сабой па-польску, — піша Радзівіл, — а там яўрэй-мытнік, на загад якога туркі нас былі схапілі, мову разумеючы, казаў туркам адысці далей і па-польску да нас азваўся». Аказалася, што гэты мытнік, па міласці якога Радзівіла ледзь не абрабавалі, паходжаннем з русінскага горада Хелма. Мытнік прасіў прабачэння, што так няветліва сустрэў землякоў і, пакуль Радзівіл быў у Каіры, часта яго наведваў і дапамагаў.  

Туркі, XVI стагоддзе

Туркі, XVI стагоддзе


Харчоў дастатак, віна няма, а печ выводзіць куранят

У вандроўцы па Егіпце Радзівіл, як гурман, звяртае ўвагу на мясцовую кухню і дастатак ежы. Егіпту ён дае высокую адзнаку па забяспечанасці харчамі. «Харчамі рознымі гэта краіна поўная. Валовага мяса добрага на смак досыць, бараніны аж замнога, гусей, курэй без ліку, рысу, печыва на алеі смажанага ў дастатку». Высокая адзнака ад вандроўніка, які выправіўся ў дарогу з уласным кухарам! А вось віна ў Егіпце не аказалася. «Бо вінніцы ў полі расці не могуць, а пагоркаў або гор тут няма», — са скрухай піша Радзівіл. Падчас егіпецкага побыту ён бачыў толькі адну вінніцу ў нейкага хрысціяніна. Для мясцовых віно — неактуальны прадукт, ён быў важны толькі для хрысціян. Таму яны яго дастаўлялі ў Егіпет з Крыта альбо Італіі.

Як уладар і гаспадар вялікіх абшараў, Радзівіл звяртаў увагу на тое, як у якім краі вялася гаспадарка. У Егіпце з захапленнем Сіротка адзначыў, што тут двойчы на год з агародаў збіраюць ураджай, але палеткі ўвесь час трэба паліваць, а ралля зусім не патрабуе гною, «часткова дзеля сваёй плоднасці, часткова таму, што пасля жніва незлічоныя статкі рознай жывёлы ў тых палетках ходзяць».
       
Але больш за ўсё ў мясцовай гаспадарцы Радзівіла ўразілі печы, якія выводзілі куранят. Было тое ў адным з гарадоў, дзе магнат агледзеў «печы, у якіх людзі куранят з яек без курэй вялікай дасціпнасцю выводзяць». Днём тыя чароўныя печы награваліся сонцам, але яйкі там не закіпалі, дзякуючы адтулінам, уначы, калі надвор’е станавілася прахалодным, туды закідвалі гной, які падаграваў яйкі і яны не псаваліся. «І так значна лягчэй кураняты выводзяцца, чым калі на іх курыцы сядзяць», — дзівіўся Радзівіл мясцовай дасціпнасці, пабачыўшы печы, куды можна было да трох тысяч яек пакласці.  

«Вартае чытання апісанне пірамід»

«Праз Ніл перабраўшыся, апынуліся мы проста каля пірамід, пра якія шмат пісалася, я ж, што сам бачыў, каротка згадаю». Першымі Сіротка наведаў піраміды ў Мемфісе, для яго яны падаліся «напраўду вельмі прыгожымі». У дзённіку ён лаканічна апісаў іх, з навуковай дакладнасцю свайго часу распавёў пра іх будаўніцтва. Падводзячы рысу, Радзівіл напісаў: «Тыя піраміды я лічу сярод тых рэчаў, якія свет за нейкія дзівосы мае».

Даўні Егіпет

Даўні Егіпет


Наступны раз Радзівіл пабачыў піраміды каля Каіра. «Сеўшы на аслоў, ехалі мы добрую мілю да пірамід», але ў гэтай выправе вабілі не дзівосы будаўніцтва, а зусім іншае: падземныя пячоры. Побач з пірамідамі былі розныя пахаванні, якія засыпала пяском, адгарнуўшы які, на вяроўках можна было спусціцца ў падзямеллі. «А так і мы за прыкладам іншых і звычаем, каля адной піраміды спусціліся праз дзіру ўглыб на дзясятак локцяў». Там Радзівіл пабачыў муміі, маскі памерлых, даўнія труны… Для яго гэта была надта дзіўная рэч: «целы гэтыя тры тысячы гадоў цэлыя ляжаць, найменшай страты або змены ні ў воднай частцы не маючы».

Каб разгадаць гэтую загадку, спрытны вандроўнік купіў на рынку дзве муміі і хацеў завезці гэтае дзіва ў Нясвіж, але ж…  

Мумія — не самы лепшы сувенір на памяць

Рэшту верасня Радзівіл яшчэ правёў у Егіпце, аглядаючы вартыя ўвагі мясціны і чакаючы спрыяльнага надвор’я, каб адплыць ад берагоў Афрыкі. Толькі 9 кастрычніка на караблі «Сагіцыя» ён пакінуў дзіўны край і Міжземным морам рушыў дамоў.

Але на моры часта бывае непагадзь і штормы, якія разбіваюць ушчэнт караблі і з якімі звязана безліч марскіх забабонаў. І тут на авансцэну выходзяць муміі, якія набыў Радзівіл у Каіры. «Падалося мне неабходным дадаць, што самі маракі сцвярджалі, нібыта на якім караблі ёсць мумія, дык карабель той загубы не пазбегне». Сам Сіротка ў тыя забабоны не верыў, але гандляроў распытаў: «іншыя ж сказалі, што гэта ўсё плёткі; і так я вырашыў узяць з сабой тыя целы, каб у Еўропе паказаць, бо я зусім не бачыў, каб іх да нас калі прывозілі». Дзве муміі Радзівіл падзяліў на тры часткі, запакаваў у скрыні і пагрузіў на карабель.

У пошуках муміі

У пошуках муміі

Набыць мумію — палова справы, вывезці яе — во дзе сапраўдная задача. У Александрыі карабель праходзіў нешта накшталт мытнага кантролю: «прыйшлі туркі аглядаць мае рэчы, каб мыта ўзяць за іх, мелі з сабой яўрэя, які ў іх быў за пісара і тлумача». Туркі не дазвалялі вывозіць муміі, бо лічылі, што нібыта хрысціяне тыя паганскія целы вывозяць на чарадзейства, каб пасля праз іх чыніць шкоду туркам і іх дзяржавам. Скрынку з муміямі Сіроткі на караблі знайшоў яўрэй, але нічога не сказаў туркам-мытнікам, якіх у гэты час літвіны частавалі віном. За гэта ён атрымаў ад Радзівіла шчодры падарунак. Так егіпецкія сувеніры паспяхова пакінулі краіну.

Але ў моры пачаліся буры. Падчас першых марскіх хваляванняў ніхто з вандроўнікаў зусім не памятаў пра мумій, пра целы тыя, акрамя слуг Радзівіла ніхто не ведаў, а яны нікому нічога не казалі. Але быў на караблі святар — ксёндз Сымон Белагорскі, таксама з Рэчы Паспалітай. «У першых тых штормах і бурах, калі малітвы свае святарскія спраўляў, вялікія турботы меў ад нейкіх двух прывідаў, якія, як толькі ён на караблі апынуўся, усюды за ім хадзілі». Моцна пакутаваў святар ад тых зданяў, якія яму мроіліся… І Радзівіл падумаў, што гэта з-за тых мумій, што ён вязе. Як толькі бура крыху суцішылася, ён іх таемна ў мора і выкінуў. Марскія буры, канечне, не суцішыліся, але ксяндза прывіды больш не турбавалі…

Егіпецкія муміі

Егіпецкія муміі

Муміі ў Нясвіж не трапілі, а сам Мікалай Радзівіл Сіротка паспяхова вярнуўся ў родную рэзідэнцыю 7 ліпеня 1584 года і запісаў усе свае вандроўныя ўражанні, якія сталі бестселерам на бліжэйшыя некалькі стагоддзяў.

       


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: