Слуцкі збройны чын: 100-гадовая гісторыя, якая ахоўвае і натхняе

Сярод лёсавызначальных падзей адно з цэнтральных месцаў займае Слуцкі збройны чын, антыбальшавіцкі антырасійскі рух на Случчыне. Гэта падзея адразу выйшла за рамкі лакальнай гісторыі, стаўшы ў шэрагі найважнейшых нацыятворчых акцый, гістарычных сведчанняў імкнення беларусаў да незалежнасці.



Партызанскі аддзел капітана Лукаша Семенюка (Сяменіка) (стаіць у цэнтры), у 1920 годзе камандзіра другога, Грозаўскага палка Слуцкай брыгады, 1919 год

 

Лепшыя ўзоры дзейнасці на карысць дэмакратычнай і сацыяльнай краіны прадэманстравалі 100 гадоў таму арганізатары і ўдзельнікі Слуцкага збройнага чыну. Вельмі сімвалічна, што сучасны пратэставы рух выбухнуў менавіта ў гэтым годзе. Гэта пацвярджае думку, што гісторыя Слуцкага паўстання — гэта не пра мінулае, а пра будучыню.

Паўстанне (я ўжываю тэрмін, якім карысталіся самі паўстанцы) адбылося на фінішы савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў. У час, калі Чырвоная Армія імкліва кацілася ад Варшавы, а польскія войскі прасоўваліся на ўсход па беларускіх тэрыторыях, 11 кастрычніка 1920 года палякі занялі Слуцк. 12 кастрычніка ў Рызе быў падпісаны дагавор аб перамір’і і папярэдніх умовах міру. Расія, не беручы пад увагу інтарэсы беларускага боку, адмовілася ад Заходняй Беларусі на карысць Польшчы. У лістападзе 1920 года польскае ваеннае кіраўніцтва адступіла за лінію новай дзяржаўнай мяжы і перадало цывільную ўладу ў Слуцку і павеце Беларускаму нацыянальнаму камітэту (БНК).

Трэба зазначыць, што Слуцкі збройны чын дае пераканаўчы ўзор эфектыўных палітычных практык, дэманструе паспяховыя прыклады самаарганізацыі насельніцтва ў цяжкіх умовах акупацыі, досвед самакіравання, удалай дзейнасці палітычнай партыі і няўрадавых арганізацый. Я маю на ўвазе Слуцкую філію Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эпоха была такая, левыя былі ў модзе) і моладзевыя асветніцкія гурткі.

БНК на Случчыне паўстаў падчас Першай сусветнай вайны. Гэта быў яскравы прыклад арганізацыі сапраўднай народнай улады. Камітэт падчас ваеннага ліхалецця ўзяў на сябе клопат пра функцыянаванне гаспадаркі і абарону правоў мясцовага насельніцтва. Дэмакратычныя традыцыі пабудовы мясцовай улады, наяўнасць уплывовых палітычных структур прадвызначылі логіку развіцця далейшых падзей. Масавая падтрымка акцыі і шматлюдны ўдзел у паўстанні былі сведчаннем даверу да абраных органаў. З вясны 1919 года нейкі час на Случчыне панаваў чырвоны рэвалюцыйны камітэт, але нядоўга. Мясцовая ўлада аднавілася зноў намаганнямі чальцоў БНК і мясцовых эсэраў, уплывовых грамадзян Случчыны, — Паўла Жаўрыда (старшыня), Уладзіміра Пракулевіча, Уласа Дубіны (сакратар).

Пад штандары «сялянскага бацькі»

Пытанні арганізацыі жыцця ва ўмовах няспынных ваенных дзеянняў, змены акупацыйных рэжымаў, абароны павета ад Чырвонай Арміі, якая мелася хутка заняць тэрыторыю Случчыны, а таксама надання легітымнасці органам мясцовай улады былі вынесены на з’езд Случчыны. З’езд адбыўся 14–15 лістапада 1920 года ў Слуцку. У залі, паводле ўспамінаў удзельнікаў, панаваў святочны і рашучы настрой. Дэлегаты (усяго 107), якія прадстаўлялі мясцовыя супольнасці, прафесійныя і рэлігійныя колы, сур’ёзна паставіліся да працэдуры правядзення сходу. Па выніках галасавання старшынёй прэзідыума быў абраны Павел Жаўрыд.

Увесь першы дзень гучала інфармацыя з месцаў. Усё мацней выказвалася думка аб неабходнасці самастойнага гаспадарання ў сваім нацыянальным доме. Вялікае абурэнне выказвалі сяляне шматлікімі паборамі: вайсковым, конным, працоўным, харчовым і г.д. Адзін за другім, як успамінаў Пракулевіч, выступалі пакрыўджаныя сяляне, выказваліся супраць чужой улады і толькі за тую, якую самі будуць выбіраць.

У парадку другога дня з’езда стаялі даклад Нацыянальнага камітэта і пытанне сучаснага моманту. З дакладам выступіў доктар А. Паўлюкевіч, які далажыў прысутным пра ход падрыхтоўкі ваеннай акцыі. Услед за ім гарачую агітацыйную прамову трымаў адзін з арганізатараў народнай міліцыі Случчыны, паручнік Ян Мацелі. Ён заклікаў не марнаваць час, а развярнуць фронт супраць бальшавікоў.

«І ў гэты момант, — успамінаў у 1930-м годзе ўжо вязень ГПУ Пракулевіч, — …уляцелі на сцэну дэлегаты ад Балаховіча, капітаны Самусевіч і Крыжаноўскі, а з імі стрыечны брат «бацькі» Юзек. … сход пажадаў выслухаць прыбыўшых, якіх сустрэлі авацыямі, калі даведаліся, што яны ад Булак-Балаховіча».

Нягледзячы на тое, што галоўны рэй у падзеях вялі эсэры, якія дэманстравалі непрыхільнасць да генерала, упікаючы яго за службу палякам і сувязі з расійскімі антысавецкімі арганізацыямі, «сялянскі бацька» карыстаўся вялікай папулярнасцю. Шмат хто з сялян, запісваючыся ў Слуцкую Брыгаду, быў упэўнены, што ідзе пад яго штандары.

Балахоўцы пераконвалі з’езд, што Булак-Балаховіч — беларус па паходжанні і па духу. Яго армія рушыць пад сцягам незалежнай Беларусі, за зямлю і волю сялянству. Самусевіч паведаміў таксама, што «бацька» даручыў яму сфарміраваць тут, на Случчыне, вайсковую адзінку.

Потым зачыталі заклікі і дэкларацыі Булак-Балаховіча, яго палітычнага саюзніка Барыса Савінкава і Беларускага палітычнага камітэта (БПК) за подпісам старшыні Вячаслава Адамовіча і Паўла Алексюка, стваральнікаў партызанскіх антысавецкіх аддзелаў «Зялёнага Дуба».

Жаўрыд ад імя ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) растлумачыў пазіцыі Рады адносна Барыса Савінкава, абаронцы «адзінай і недзялімай» Расіі, і Паўла Алексюка, які не меў шырокай падтрымкі беларускіх колаў. Эсэры рашуча выступілі супраць хаўрусу з генералам. Аднак прапанавалі самастойна фарміраваць ваенныя аддзелы БНР, што было сустрэта моцнымі воплескамі. Такім чынам, з самага пачатку вызначыліся два падыходы да арганізацыі акцыі: самастойная эсэраўская і пазіцыя выкарыстання вонкавай падтрымкі польскіх вайскоўцаў і Булак-Балаховіча. Аднак галоўнай турботай прысутных была арганізацыя барацьбы з Саветамі, абарона тэрыторыі БНР, а з кім заключыць хаўрус — для бальшыні дэлегатаў такой праблемы не існавала. Простыя людзі не ўнікалі ў палітычныя рознагалоссі паміж палітыкамі.

З’езд прызнаў Случчыну часткай БНР, выбраў выканаўчы орган — Раду Случчыны, якой перадаў усю ўладу і даручыў арганізацыю вайсковых адзінак. У Раду Случчыны ўвайшлі 17 чалавек: П.Жаўрыд, А.Паўлюкевіч, І.Мацелі, У.Дубіна, В.Русак і іншыя актывісты, у асноўным з партыі эсэраў.

Тыдзень пасля з’езду Слуцк бурліў. Працягваліся перамовы з галоўным ваенным кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі палкоўнікам Ясінскім. Польскія ўлады чакалі запрашэнняў яшчэ пагасцяваць у павеце. Але з’езд расчараваў іх, выявіўшы свой незалежніцкі твар, нягледзячы на ўпартыя намаганні некаторых палітыкаў. 17 лістапада Прэзідыум Рады пачаў працаваць.

«Моладзь ідзе!»

Случчына на той час — заможны рэгіён Беларусі, цяжар вайны ў параўнанні з іншымі яе тэрыторыямі мала адбіўся на эканоміцы краю. Палякі пісалі пра Случчыну: «гэта беларуская Галандыя па ўзроўні аграноміі».

Намаганнямі БНК падтрымлівалася эканоміка краю, былі створаны розныя кааператыўныя саюзы, сябрамі якіх з’яўляліся жыхары Слуцка і навакольных вёсак. Шмат пытанняў камітэт выносіў на разгляд сходаў, дэманструючы дэмакратычныя падыходы ў арганізацыі ўлады. Пошукі сродкаў на развіццё адукацыі і культуры, арганізацыя войска, утварэнне нацыянальных камітэтаў, органаў улады на месцах, — гэтыя і іншыя праблемы вырашаліся, як правіла, усёй грамадою. Па прапанове Камітэта збіраліся ахвяраванні для беспрацоўных, уцекачоў, з гэтай мэтай праводзіліся спектаклі, аўкцыёны. Атрыманыя сродкі ішлі на закупку харчавання для тых, хто меў патрэбу ў дапамозе.

"Папараць-кветка"


Нацыянальны камітэт быў цэнтрам палітычнага і сацыяльнага жыцця, органам нацыянальнага дзяржаўнага кіравання. Відавочна, што развіццё нацыянальнага руху дасягнула той кропкі, калі з яго вылучаліся лідары, арганізатары. Ва ўмовах амаль няспыннай вайны, акупацыі (польскай, нямецкай, бальшавіцкай) гэтыя людзі рупіліся пра пабудову ўласнага дома, уладкаванасць сваёй малой Радзімы.

Калі ўрадавыя паўнамоцтвы былі перададзеныя Радзе Случчыны, абранай з’ездам, для кіраўніцтва рознымі галінамі гаспадаркі былі арганізаваны адмысловыя камісіі: юрыдычная, фінансавая, зямельная і харчовая. Перад пачаткам баявых дзеянняў новы ўрад паспеў нават выдаць першы загад пра нацыяналізацыю лясных багаццяў Случчыны. Гэты загад таксама забараняў вывозіць за межы павета збожжа, жывёлу і г.д. Назіраць за выкананнем загадаў Прэзідыума Рады павінны былі валасныя рады. Кароткі тэрмін функцыянавання Рады Случчыны не дазволіў засяродзіць увагу на мірнай працы. Тым не менш, у павеце хутка змянілі ўладу на месцах. Замест польскай адміністрацыі пачалі дзейнічаць нацыянальныя камітэты. У воласцях па даручэнні Рады тлумачальную працу аб неабходнасці выбараў сярод насельніцтва праводзілі яе сябры, яны ж зацвярджалі склад камітэтаў.

Случчына мела каласальны нацыянальна-культурніцкі рэсурс. Менавіта ў Слуцку ў 1919 годзе «заквітнела» «Папараць-кветка», грамадска-палітычная моладзевая арганізацыя. Гэта вельмі характэрная рыса таго часу — утварэнне культурна-асветніцкіх, прыродазнаўчых, грамадска-палітычных гурткоў. Яны з’яўляліся на высокай хвалі абуджанай нацыянальнай свядомасці. Моладзь адчула сваю нацыянальную прыналежнасць і распачала сапраўдную барацьбу за беларускасць.

Імпрэзы, што ладзіў гурток, адразу сталі вельмі папулярнымі. На вечарынах гучала беларускае слова, беларускія спевы. Сур’ёзна абмяркоўваліся літаратурныя творы. Моладзь ставіла спектаклі сама і з дапамогай артыстаў з Мінску. Неаднаразова па запрашэнні «Папараць-кветкі» прыязджала ў Слуцк знакамітая капэла Уладзіміра Тэраўскага, у складзе якой былі, як высветліцца з часам, будучыя паўстанцы і баявікі «Зялёнага Дуба».

З лекцыямі аб адметнасці і самабытнасці беларускай гісторыі перад моладдзю выступалі вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы.

Моладзь не цуралася палітыкі. На ўсіх пасяджэннях Слуцкага нацыянальнага камітэта прысутнічалі сябры праўлення «Папараць-кветкі». Варта прывесці водгук на выхад часопіса арганізацыі, які надрукавала газета «Беларусь» 15 лістапада 1919 года пад красамоўным загалоўкам «Моладзь ідзе!». «Перада мной ляжыць беларускі часопісь “Наша каляіна”, — пачаў аўтар, пазначыўшы свае імя літарамі К-а (Янка Купала. — Аўт.), — выдана яна ў Слуцку. Слуцк — павятовы гарадок — куды яму, здавалася бы лезьці ў людзі; да яшчэ з сваёй газэтай! Аднак палез. Беларуская душа, як бачым, жывучая, творчая, як яе не заганяй у казіны рог, а яна збудзіцца і затрапечацца… Адбудаваньне незалежнасці Беларуская дзяржавы бярэ ў свае рукі наша моладзь. Чэсць і слава табе, моладзь, паўстаючая з-пад беларускай саломеннай страхі!.. На бок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Усходу. Беларуская моладзь ідзе!»

Літаратурныя, краязнаўчыя гурткі былі вельмі папулярнай формай нацыянальнай працы. Яны існавалі амаль у кожнай вёсцы, дзе была школа. Так, у вёсцы Гулевічы аформіўся гурток «Селянін». Свая «Зарніца» запрацавала ў вёсцы Слабада-Кучынка. Грамадства адчула іх запатрабаванасць і ўплывовасць. Святар саборнай царквы ў Слуцку Шамяціла з амбону прамаўляў: «Як зоркі ў небе ў цёмную ноч свецяць і паказваюць дарогу зблудзіўшаму чалавеку, так для вас гэтае зоркі ёсць беларускія культурна-прасветныя арганізацыі. Прыглядайцеся да іх, і яны вам пакажуць шлях к лепшаму жыццю».

Паўсюдна на вёсках узнікалі гурткі рупліўцаў беларускай справы з аптымістычнымі назвамі: «Вясковая зорка», «Полымя», «Бацькаўшчына».

Вялікую ролю ў выхаванні пачуццяў нацыянальнай свядомасці і патрыятызму адыгралі павятовыя настаўніцкія курсы, якія падчас польскай акупацыі арганізаваў БНК. Да таго моманту, як у Слуцк з’ехалася каля 200 настаўнікаў пачатковых школ, была зроблена вялізарная падрыхтоўчая работа: падлічана колькасць ужо існаваўшых беларускіх школ у павеце, атрыманы дазвол польскай улады на адкрыццё беларускіх школ. Сярод настаўнікаў БНК здзейсніў шырокую тлумачальную працу аб неабходнасці адукацыі на роднай мове. ЦК БПС-Р прыслаў з Мінску аўтарытэтных лектараў, вядомых палітыкаў і навукоўцаў. Беларускую мову і літаратуру чытаў Янка Станкевіч, гісторыю Беларусі — Усевалад Ігнатоўскі, геаграфію — Мікалай Азбукін. Некалькі лекцый па мовазнаўстве прачытаў Браніслаў Тарашкевіч.

На курсах было ўтворана «Настаўніцкае кааператыўнае таварыства беларускай кнігі». Быў распрацаваны і зарэгістраваны Статут таварыства, сабраны сціплыя сродкі. Сябры таварыства, паводле статута, павінны былі папулярызаваць і распаўсюджваць беларускую кнігу, выхоўваць любоў да роднага слова.

Такім чынам, рыхтавалася духоўная глеба нацыянальнага ўздыму. Гэта была вялікая мэтанакіраваная праца палітыкаў і грамадскіх дзеячаў таго часу, пераканаўчы прыклад для сучасных палітыкаў.

Беларусь павінна быць вольнаю незалежнаю рэспублікай

Адначасова з рэформай мясцовага самакіравання Рада займалася мабілізацыяй моладзі ў войска і міжнароднымі справамі. За некалькі дзён на грунце народнай міліцыі і шляхам мабілізацыі сялян была створана аснова Першай Слуцкай брыгады стральцоў БНР. Брыгада сфарміравалася з 2-х палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага (па назве мястэчка Грозаў, зараз у Капыльскім раёне) і налічвала разам з рэзервам каля 15 тысяч чалавек. У складзе брыгады знаходзіліся таксама конны аддзел, палкавыя абозы і зброевыя майстэрні. Пры штабе брыгады былі ўтвораны аддзелы разведкі і контрразведкі. Доктарам Арсенем Паўлюкевічам быў разгорнуты палявы шпіталь, дзейнічаў вайсковы суд, які ўзначаліў Янка Біруковіч, гаспадарчую частку — Анупрэй Няронскі.


23 лістапада польскія ўлады паведамілі, што пакідаюць Слуцк. Рада надрукавала паведамленне аб эвакуацыі і заклік запісвацца ў добраахвотніцкія атрады. Хутка быў прыняты зварот да савецкага ўрада. Ноту ўручылі савецкім прадстаўнікам пры 11-й польскай дывізіі для перадачы па прызначэнні. У дэкларацыі гаварылася: «У момант самавызначэння ўсіх народаў і змагання за сваю самастойнасць і свабоду Беларуская Рада Случчыны выконвае волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму свету аб намаганнях, намерах беларускага сялянства, аб тым, што Беларусь павінна быць вольнаю незалежнаю рэспублікай у яе этнаграфічных межах. Абвяшчаючы аб гэтым і з’яўляючыся выразнікам волі народаў, слуцкая Рада дэкларуе цвёрда стаяць за незалежнасць роднай Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку іншаземных захопнікаў і ў выпадку патрэбы нават сілаю зброі, нягледзячы на колькасную перавагу ворага, думаючы, што наша справа — справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе». (Вельмі актуальны заклік і сёння!)

Рада Случчыны пратэставала супраць намеру савецкіх уладаў заняць Слуцк пасля адыходу польскіх войскаў, спасылаючыся на пастановы Рыжскай канферэнцыі аб прызнанні самавызначэння народаў.

Адначасова Рада звярталася да дэмакратыі ўсяго свету з пратэстам супраць падзелу незалежнай БНР. «З’езд катэгарычна пратэстуе проці акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазваннай савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія наўтвараліся на Беларусі. Бацькаўшчына наша зруйнавана чужынцамі, якія нішчаць яе і дагэтуль. Мы, аддаючы справе адбудаваньня нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыццё, звяртаемся да ўсяго свету і саюзу народаў аб дапамозе ў стварэнні нашай вайсковай сілы».

Прыняцце ўхвалы на з’ездзе суправаджалася моцнымі воплескамі і заклікамі: «Няхай жыве вольная незалежная дэмакратычная БНР у яе этнаграфічных межах!», «Няхай жыве беларускі народ!», «Няхай жыве Беларуская армія!» і г.д. Эвакуацыя Слуцка скончылася 24 лістапада. Рушылі на Семежава. Там адбыўся парад. Паўстанцы з бел-чырвона-белымі павязкамі і нашыўкамі на вопратцы пад гукі маршу прайшлі па плошчы. Паўстанцы ішлі ў бой.

 Напрыканцы лістапада 1920 года Першы Слуцкі полк займаў участак ад Семежава да Вызны працягласцю прыкладна 20 кіламетраў. Баявыя дзеянні пачаліся 27 лістапада. Аддзелы 6-й роты Слуцкага палка на чале з падпаручнікам Кернажыцкім падчас разведкі ў раёне вёсак Быстрыца, Верамейчыкі, Васільчыцы і Чарнагубава сустрэліся з бальшавіцкім разведвальным атрадам. У выніку сутычкі захапілі палонных, ад якіх даведаліся аб размяшчэнні чырвоных. Працяглы бой завязаўся каля Васільчыц, бальшавіцкія атрады адышлі. Адзін са стральцоў быў цяжка паранены. Чырвонаармейцы згубілі трох забітых, трох параненых і адзін трапіў у палон.

Вёскі Лютовічы і Дашнава занялі пасля баёў аддзелы 5-й роты на чале з падпаручнікам Клішэвічам. У палон узялі пяць чырвонаармейцаў. 7-я і 8-я роты змагаліся за вёску Мацкевічы. У напрамку Капыля паўстанцы занялі таксама вёску Цімкавічы (аддзелы Грозаўскага палка). Страты былі з абодвух бакоў.

30 лістапада паўстанцы вялі баі на ўсход ад Слуцку ў раёне вёскі Ужыца (Бабруйскі павет). Чырвоныя аддзелы ўпарта абаранялі падыходы да чыгункі, падцягнулі новыя сілы.

У Семежава тым часам усё прыбывалі ўцекачы, дэзерціры, ваеннапалонныя. Тых, хто паходзіў з беларускіх губерняў, не затрымлівалі, рэгістравалі і адпускалі. Частка з іх выконвала працу ў маёнтках, дзе ў асноўным паўстанцы бралі хлеб. Калі пачалося адступленне з Семежава, гэтыя людзі арганізавалі калону і пацягнуліся ўслед за адыходзячымі паўстанцамі.

Уцекачоў з расійскіх губерняў адпраўлялі ў польскія канцэнтрацыйныя лагеры згодна з дамовай з польскім ваенным кіраўніцтвам. Камуністаў, чырвоных камандзіраў, камісараў, як правіла, расстрэльвалі па рашэнні ваенна-палявога суда ці па загадзе камандзіра брыгады. Васіль Русак сведчыў, што ўсяго расстралялі такім чынам 18 чалавек, у тым ліку членаў Вызнянскага рэўкома.

Камандаванне 16-й чырвонай арміі вырашыла ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Раніцай 4 снежня ў яе межы былі ўведзены часці 8-й і 17-й дывізій. Кіраўніцтва барацьбой з паўстанцамі было ўскладзенае на Рэўваенсавет 16-й арміі з падначаленнем яму ўсіх атрадаў унутранай службы, губчэка, асобых аддзелаў і загарадзіцельных атрадаў. Дарэчы, у вёсцы Пагост, дзе на той момант знаходзіўся штаб чырвонаармейскай брыгады, у складзе асобых частак, скіраваных на барацьбу з паўстанцамі метадам агентурнай выведкі пачыналася кар’ера савецкага баевіка, тэрарыста Кірылы Арлоўскага. Выведка, вярбоўка агентуры сярод мясцовага насельніцтва, пранікненне ў шэрагі паўстанцаў — спосабы знішчэння паўстанцкай акцыі знутры.

Пераадолеўшы ўпартае супраціўленне паўстанцкіх аддзелаў, чырвоныя занялі Вызну. 7 снежня пацяснілі паўстанцаў з Семежава.

Стаўка і Рада перабраліся ў Подчыцы. Вёска знаходзілася ў нейтральнай зоне, у дзвюх вёрстах ад савецкай мяжы. Тым часам паўстанцы адчулі недахоп харчу. Мясцовае насельніцтва не было такім шчодрым, як у Семежаве. Папрокі ў адрас Рады, што не змагла стварыць запасаў, узмацніліся. Канфлікт паміж штабам і членамі Рады — эсэрамі — паглыбляўся, што адмоўна адбівалася на ходзе баявых дзеянняў. У Подчыцах доўга не затрымаліся, зноў пераехалі ўглыб нейтральнай зоны. Наступным прыпынкам, дзе пратрымаліся да 15 снежня, былі Грыцэвічы. Становішча ўскладнялася. Людзей касіў тыф. Брыгада стала падобная на качэўніцкі лазарэт. Пры гэтым адчуваўся вялікі недахоп харчу і лекаў.

Сутычкі з Чырвонай Арміяй адбываліся ўвесь час. Звычайна гэта былі начныя налёты. 10 снежня быў учынены напад на вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, у ноч на 12-га — на вёску Старынь. Паўстанцы паспрабавалі адцясніць часці Чырвонай Арміі. 12 снежня яны занялі Семежава, пры гэтым захапілі вялікія запасы снарадаў. Прыклад мужнасці прадэманстравалі стральцы 2-й роты Слуцкага палка, якой камандаваў паручнік А. Курыловіч. 17 снежня паўстанцы зноў былі ў Вызне, 19 адступілі, 20 снежня вымушаны былі пакінуць Семежава. Вызна і Семежава неаднаразова пераходзілі з рук у рукі ў наступныя месяцы 1921 года.

Слабым месцам паўстанцаў была нястача зброі. Усяго ў снежні Брыгада мела ўжо 2000 вінтовак і 10 кулямётаў. Гэта было непараўнальна з добрым узбраеннем рэгулярных частак Чырвонай Арміі. Нават шэсць браневікоў бралі ўдзел у наступленні на Слуцк. Удзельнік падзей успамінаў: «Без аружжа, без патронаў паўстанцы біліся як львы. Роты паўстанцаў выходзілі на пазіцыі, маючы 30–40 стрэльбаў на роту, бо больш не было... пасланцы Брыгады прывезлі (з бронецягніка “Балаховец”. — Аўт.) шмат аружжа і баявога снараджэння, але было ўжо позна».

Частка Слуцкай Брыгады (каля 400 чалавек) на чале з афіцэрамі засталася ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару. Некаторыя атрады ўвайшлі ў склад «Зялёнага Дуба», як, напрыклад, Паўла Бранавіцкага, Антона Самусевіча, Івана Мацэлі, Цімафея Хвядашчэні і іншых. Барацьба працягвалася. Змянілася толькі форма супраціву. На змену паўстанцтву прыйшла антысавецкая партызанка, тэрарыстычныя і дыверсійныя акцыі.

На беларускай нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Празе 29 верасня 1921 года была прынята рэзалюцыя «Аб Слуцкім паўстанні». Падзея характарызавалася як «нацыянальнае паўстанне за незалежнасць Беларусі», «супраць Масквы» і «супраць Варшавы».

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: