SOS: Улады Горадні «наводзяць парадак»: руйнуюць гістарычную забудову

За апошнія тыдні пад удар трапіла ажно чатыры будынкі, збудаваныя паміж 1890-мі і 1930-мі. Вельмі верагодна, што гэта не канец гісторыі: будуць чарговыя руйнаванні, «ахвяры» ужо абраныя.
Зруйнаваны будынак на Падольнай, 48

Зруйнаваны будынак на Падольнай, 48


Першая камяніца, да якой едзем, знаходзілася на Падольнай, 48. Двухпавярховая, 1893 году пабудовы. Людзей адсюль выселілі яшчэ 10 год таму — будынак прызналі непрыдатным для пражывання, аварыйным. Замест таго, каб рэканструяваць — знеслі.

Пакуль здымаем руіны, да нас падыходзіць мясцовы жыхар у будаўнічай робе і пытаецца, ці можна адтуль браць цэглу. Адказваем, што журналісты і пытанне не па адрасе. Немалады чалавек ажыўляецца, пачынае хваліць старую цэглу. Маўляў, тая, дарэвалюцыйная, лепшая за сучасную. Яе шмат разоў можна выкарыстаць, але ўлады вывозяць яе як смецце. «Таму што не гаспадары!» — дадае мужчына.

Уласнік прыватнага музею: «Слова цэнзурнага не знаходжу…»


Далей едзем на Лермантава, 9а. Тут таксама яшчэ нядаўна стаяла двухпавярховая камяніца, збудаваная да 1917 году. Ад яе ўжо і следу не засталося — толькі засыпаная лісцем пляцоўка са слядамі ад тэхнікі на зямлі і асобнымі цаглінкамі. У выходныя, калі будаўнікоў няма, тут корпаюцца мясцовыя: вышукваюць метал, каб пасля здаць.
Ад будынку на Лермантава, 9а нічога не засталося


Наступны адрас — Віленскай 33 і 37. Гэта два дамкі, збудаваныя на пачатку ХХ ст.: двухпавярховы мураваны з шыкоўнай брамай і — драўляны побач. У мураваным ужо разабралі другі паверх і каваны гаўбец. У драўляным — знеслі дах. Дамы яшчэ ў працэсе зносу.
Віленская 33 і 37

Віленская 33 і 37



«Тут да вайны і падчас вайны была пякарня майго дзядзькі, — тлумачыць Януш Паруліс, краязнаўца і ўласнік прыватнага музею за 200-300 метраў ад дамкоў, — Пасля прыйшлі «вызваліцелі» і дзядзьку саслалі ў Сібір. Там ён «кукаваў» гадоў сем… А зараз ужо і дом сам разбураюць. Тыя, хто гэта робіць… слова цэнзурнага не знаходжу. Бо грошы! Можна было і фасад пакінуць, але не разбіраць. Гаўбец каваны там быў… Словаў няма».

Януш Паруліс, краязнаўца і ўласнік прыватнага музею


Гісторык: «Улады дэманстратыўна пазбягаюць дыялогу»


Мы звярнуліся да гісторыка архітэктуры і краязнаўцы Мечыслава Супрона. Паводле яго, кожны дамок, тым больш ХІХ стагоддзя, важны і мае быць захаваны:

«Улады заўсёды былі гатовыя знесці хоць увесь гістарычны цэнтр і прадаць зямлю інвестару пад пабудову нечага, накшталт гатэлю Сямашкі. Сапраўдная гістарычная і культурная вартасць спадчыны чыноўнікаў ніколі не цікавіла. Іх цікавяць толькі лічбы. Колькі прыцягнута інвестыцыяў, колькі зэканомлена сродкаў і г.д. Усё».

Паводле Супрона, вясна і восень — перыяды так званага «навядзення парадку» у горадзе. Простымі словамі — зносу старых будынкаў. Падобная тактыка існуе ўжо як мінімум 15 год.

«Раней улады заўсёды сутыкаліся з перашкодамі з боку неабыякавых жыхароў і краязнаўцаў. Цяпер, у часе прававога дэфолту, гэтай перашкоды няма. І ўвогуле, калі раней гарадская адміністрацыя (у прыватнасці кіраўнік гарвыканкаму Мечыслаў Гой) спрабавалі неяк прыслухоўвацца да грамадскасці, то цяпер яны дэманстратыўна пазбягаюць дыялогу».
Асіпенкі, 3

Асіпенкі, 3


Супрон дадае, што наступны кандыдат на знос — драўляны будынак 1930-х у стылі канструктывізму на Асіпенкі, 3. Яго набыў на аўкцыёне прыватнік за невялікія грошы. Зараз жа дом ужо два гады стаіць без даху, дэградуе. Суседзі кажуць, што хутка яго знясуць, а на месцы з’явіцца сучасны офісны будынак.


Закон: уласнік можа рабіць усё, што заўгодна…


Як усё гэта выглядае з юрыдычнага пункту гледжання? Ёсць гістарычны цэнтр гораду, які мае свае межы. Старыя будынкі ў гэтых межах могуць мець яшчэ асобны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, як, напрыклад, Фарны Касцёл. А могуць быць наўпрост ахаваныя межамі — тады статус надаецца аўтаматычна. Праўда, гэта будзе адно трэцяя катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці — самая ніжэйшая.

У сваю чаргу аб’екты, якія знаходзяцца паза межамі гістарычнага цэнтру і не маюць статусу, не абароненыя абсалютна ніякім законам. Уласнік можа рабіць з імі што заўгодна: або аднаўляць па сваім гусце, або — руйнаваць.

Будынкі на Падольнай і Лермантава не былі ў межах ахоўнай зоны, таму фармальна ніхто нічога не парушае. Камяніцы ж на Віленскай — у ахоўных межах. Але і гэта сведчыць толькі пра тое, што новы ўласнік мае аднавіць агульныя абрысы і колькасць паверхаў. Але ці будуць захаваныя каваныя элементы, старая цэгла? Або на гэтым месцы паўстане офісны цэнтр з сілікатных блокаў? Пра гэта ў законе не сказана.

Фота: Васіль Малчанаў

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: