Другі крок беларускай дзяржаўнасці

Беларускае грамадства вясной гэтага года адсвяткавала важны юбілей — 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Ва ўрачыстых прамовах справядліва вызначалася, што гэта быў першы трагічны крок у стварэнні сучаснай беларускай дзяржаўнасці.


Не менш трагічным, малавядомым і скажоным, на мой погляд, з’яўляецца і другі крок — абвяшчэнне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, якая праіснавала менш за тры месяцы, была прызнаная толькі РСФСР і ёй жа скасаваная, але дала энергію для важнага працэсу ў гісторыі савецкай Беларусі — працэсу беларусізацыі. ССРБ таксама спаўняецца 100 гадоў.

У першыя дзясяцігоддзі мінулага стагоддзя дакладна вызначыліся чатыры асноўныя напрамкі развіцця, як тады казалі, «беларускай справы». Гэтыя напрамкі фармаваліся ў складаных сацыяльна-палітычных умовах, звязаных як з падзеямі Першай сусветнай вайны, так і з разваламі магутных еўрапейскіх імперый.

Для тагачаснага існавання народаў Расіі найбольш важнымі пытаннямі былі два: тэрыторыя, на якой будзе жыць і якой будзе валодаць народ, і форма ўлады, якая будзе на гэтых тэрыторыях. Беларусы больш за іншых паспыталі ваеннага безуладдзя, таму пытанне стабільнай і моцнай улады было тут надзвычай актуальным.

Розныя расійскія палітычныя сілы на пачатку 1918 года прапаноўвалі розныя мадэлі будучага ўладкавання Расіі. Найбольш папулярнымі і распаўсюджанымі былі тры мадэлі магчымай формы ўлады: рэстаўрацыя манархіі і дзве новыя дэмакратычныя формы — Саветаў і Устаноўчага сходу, выбары якога прайшлі ў студзені. Савецкую форму лабіявалі бальшавікі, парламенцкую (дакладную яе форму павінен быў вызначыць Устаноўчы сход) падтрымлівала астатняя большасць палітычных партый Расіі. На выбарах ва Устаноўчы сход па Віцебскай, Мінскай і Заходне-франтавой акругах перамаглі бальшавікі, па Магілёўскай — эсэры. Але большасць выбаршчыкаў па Беларусі (58%) аддала свае галасы за эсэраўскі спіс. І эсэры, і бальшавікі, і меней папулярныя падчас вайны меншавікі, і дастаткова ўплывовая ў Беларусі яўрэйская партыя БУНД былі партыямі сацыялістычнымі.

Для Беларусі ў сувязі з вайной таксама было важным пытанне міжнародных сувязяў і падтрымкі. Кожнаму, хто думаў у тыя часы пра лёс краіны, было відавочна, што адбудаваць парушанае вайной без дапамогі іншых краін будзе цяжка ці наогул немагчыма. Розныя беларускія палітычныя сілы прапаноўвалі для Беларусі саюзы: з Польшчай, Расіяй, Германіяй і падуладнымі апошняй новымі дзяржавамі Літувай і Украінай — у розных формах, якія абмяркоўваліся даволі інтэнсіўна.

Розныя накірункі развіцця «беларускай справы» мелі розных вытворцаў: адны ўзнікалі ў асяроддзі беларускай грамадскасці, другія — як вынік працы тых ці іншых структур замежнай дзяржавы.

Напрамак першы: Беларусь — аўтаномія ў складзе дэмакратычнай Расіі

Скасаванне самаўладдзя ў Расіі ў лютым 1917 года, абвяшчэнне рэспублікі, ідэя Усерасійскага Устаноўчага сходу як вызначальніка лёсу краіны пашырылі ўплыў на грамадскую і палітычную думку Беларусі тых арганізацый і іх лідараў, што выступалі за стварэнне дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі. Межы самастойнасці Беларусі кожны бачыў па-свойму, але да так званай Кастрычніцкай рэвалюцыі, заключэння Брэсцкага міру ідэя аўтаноміі была найбольш папулярнай. Гэта стала асабліва відавочна на Усебеларускім з’ездзе (снежань 1917 года, прысутнічалі 1872 дэлегаты), але з-за яго разгону агульнае меркаванне па гэтым пытанні не было выпрацаванае.

Напрамак другі: Беларусь у складзе Расіі ў якасці вобласці

Кастрычніцкая рэвалюцыя рэзка змяніла сітуацыю. На тэрыторыі Беларусі, занятай расійскімі войскамі, усталёўвалася ўлада, якая разглядала гэтыя тэрыторыі як частку Расіі, яе Заходнюю вобласць, мела вышэйшы кіруючы орган са складанай назвай — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах) і мясцовы орган расійскага СНК — Савет народных камісараў Заходняй вобласці і фронту. Першы орган меў колькасць 187 чалавек, яго ўзначальваў Рагазінскі, другі ўзначаліў Ландэр — адзін з галоўных удзельнікаў разгону Усебеларускага з’езду. Спачатку паўнамоцтвы СНК распаўсюджваліся не на ўсю свабодную ад акупацыі Беларусь, а толькі на Мінскую і частку Віленскай губерняў, а таксама на Заходні фронт. Саветы Віцебскай і Магілёўскай губерняў не падтрымалі ўладу маскоўскага СНК. У хуткім часе яны былі распушчаныя і напрыканцы зімы 1917–1918 года зноў абраныя, але ўжо з перавагай там бальшавікоў-франтавікоў, у большасці паходжаннем не з Беларусі. Камісія УЦВК РСФСР прапанавала ўсталяваць межы Заходняй вобласці (Заходняй камуны) у складзе Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Чарнігаўскай, Мінскай, Віленскай і Ковенскай губерняў з абласным цэнтрам у Мінску. Да 1919 года «абласных» поглядаў прытрымліваліся таксама кіраўнікі Паўночна-Заходняга абкама РКП(б). Дзеянні ўсіх арганізацый, што падтрымлівалі другі напрамак, карэктаваліся і прадумваліся кіруючымі органамі РСФСР.

Напрамак трэці: незалежная нацыянальна-дэмакратычная краіна

Падпісанне 3 сакавіка 1918 года Брэсцкага міру, згодна з якім значная частка Беларусі (4/5) заставалася пад нямецкай уладай, актывізавала частку беларусаў, якія вызначалі неабходнасць стварэння самастойнай беларускай дзяржавы. 25 сакавіка 1918 года было абвешчана аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі — на тэрыторыях, дзе пражывала большасць этнічных беларусаў (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская, Смаленская губерні). Вышэйшым органам БНР была Рада. Яна ўзяла на сябе абавязкі ўладкавання мірнага палітычнага і гаспадарчага жыцця ва ўмовах нямецкай акупацыі. Быў час, калі гісторыкі называлі БНР «германскай марыянеткай», маючы на ўвазе, што быццам бы БНР стваралі нямецкія ўлады. На самай справе кіраўніцтва Германіі БНР не прызнала.

Рэвалюцыя ў Германіі і скасаванне савецкім урадам 13 лістапада 1918 года Брэсцкага міру ўскладнілі становішча БНР. Кіраўніцтва ўрада БНР паспрабавала дамовіцца з ленінскім СНК адносна незалежнасці рэспублікі, але безвынікова. Перад пагрозай заняцця Беларусі Чырвонай Арміяй у апублікаваных чацвёртай (9 лістапада) і пятай (3 снежня) Устаўных граматах Рада БНР заклікала беларускі народ да стварэння ўласных Саветаў і абароны рэспублікі. Але гэтага не адбылося — Чырвоная Армія заняла Беларусь, урад БНР эміграваў.


Напрамак чацвёрты: нацыянальная незалежная краіна на падмурку бальшавізму і савецкай улады

Своеасаблівую пазіцыю адносна «беларускай справы» сярод дзяржструктур савецкай Расіі заняў Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам), створаны 31 студзеня 1918 года пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцяў РСФСР (праіснаваў да сакавіка 1919 года). Белнацкам разгарнуў шырокую працу па стварэнні падмуркаў нацыянальнай дзяржаўнасці: арганізаваў у Маскве два з’езды бежанцаў-беларусаў, склікаў у Маскве нараду беларускіх настаўнікаў, арганізаваў у Маскве Беларускі народны ўніверсітэт, садзейнічаў стварэнню Беларускага навукова-культурнага таварыства, сумесна з беларускай секцыяй РКП(б) у Маскве адкрыў клуб «Беларус», меў друкаваны орган — газету «Дзянніца».

Кіраўнікі Белнацкама Аляксандр Чарвякоў, а потым Зміцер Жылуновіч лічылі магчымым стварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі ў згодзе з бальшавікамі. Гэтую пазіцыю падтрымалі і беларускія секцыі РКП(б), арганізаваныя з ліку бежанцаў-беларусаў у Петрагра­дзе, Маскве, Саратаве і іншых гарадах. 21–23 снежня 1918 года Канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б) у Маскве прыняла рашэнне пра стварэнне на тэрыторыі Заходняй вобласці Беларускай Савецкай Рэспублікі. 25 снежня адбылося экстранае пасяджэнне калегіі Белнацкама, прадстаўнікоў Маскоўскага камітэта Беларускіх секцый, на якім Жылуновіч паведаміў пра вынікі перамоў са Сталіным і перадаў яго даручэнне аб фармаванні Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі. У выніку тайных выбараў старшынёй урада стаў Жылуновіч.

Тэрыторыя будучай рэспублікі была вызначаная 27 снежня на нарадзе Сталіна з Мясніковым і Калмановічам. У склад яе першапачаткова ўключаліся Гродзенская, Мінская, Магілёўская, Віцебская і Смаленская губерні. Віленская губерня адыходзіла да Літвы.

Права абвяшчэння Беларускай рэспублікі перадавалася VІ Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б), якая распачала працу 30 снежня 1918 года ў Смаленску. Яе ўдзельнікі абвясцілі сябе І з’ездам Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі.

Пытання пра ўтварэнне Беларускай Рэспублікі ў парадку дня канферэнцыі не было. У адпаведнасці з дырэктывай ЦК РКП(б), у даклад старшыні прэзідыума Мяснікова «Бягучы момант» быў уключаны пункт «Беларуская Савецкая Рэспубліка» з прапановай абвяшчэння Заходняй вобласці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай Беларусь.

Яўхім Кіпель, які быў сведкам абвяшчэння ССРБ, наступным чынам апісваў свае ўражанні: «Мала каму ведама‚ як праходзіў смаленскі з’езд‚ на якім была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). Гэты з’езд камуністы выстаўляюць як голас беларускага народу‚ а прадстаўнікоў беларускага народу на гэтым з’ездзе толькі і было 60–70 чалавек вайскоўцаў-чырвонаармейцаў ды каля 10 чалавек беларускіх эсэраў. Праўда‚ людзей у залі з’езду было шмат: тры‚ а мо і чатыры сотні‚ толькі невядома было‚ хто з іх дэлегаты‚ а хто госці.

Я тады вучыўся ў Смаленскай Вайсковай Школе Штабной Службы… Аднойчы камісар школы прыйшоў са спісам і выклікаў усіх тых‚ хто ў фармуляры быў запісаны беларусам. Такіх знайшлося чалавек дваццаць. Ён сказаў‚ што пойдзем абвяшчаць Беларускую Рэспубліку‚ і загадаў пагаліцца‚ наглянцаваць боты і надзець новыя гімнасцёркі. Калі ўсе былі гатовыя‚ нас маршам павялі ў Дом Культуры. Тут нас сустрэў Вільгельм Кнорын. Ён нас рассадзіў на прыстаўных крэслах. Як толькі мы селі‚ зараз жа прыйшла і другая група чырвонаармейцаў; іх таксама парассаджвалі на прыстаўных крэслах. У Смаленску тады‚ апрача школы штабной службы‚ былі яшчэ і вайсковыя курсы‚ на якіх вучылася 250 чалавек; з іх каля 70 былі беларусы; вось гэтых беларусаў і прывялі на з’езд.

Хутка адчынілі пасяджэнне з’езду. Прэзідыуму не выбіралі‚ а прынялі цэлым спісам. За старшыню прэзідыуму быў нехта з Народнага Камісарыяту Замежных Спраў. Зараз жа пасля адчынення з’езду пачаліся прывітанні. Ад беларускіх камуністаў з’езд вітаў латыш Кнорын‚ ад беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў дазволілі выступіць эсэрцы Палуце Бадуновай. У сваім выступленні яна запатрабавала безадкладнага зачынення з’езду як неправамоцнага.

— Беларуская Рэспубліка ўжо абвешчаная законнымі прадстаўнікамі беларускага народу. Усё‚ што вы тут робіце‚ — гэта фальш. Ніхто нас не выбіраў! — крычала Бадунова і настойвала на зачыненні.

Бадунову супакоілі: старшыня прэзідыуму прыстрашыў вывесці яе з залі‚ калі яна не сціхне. Найбольш спрачаўся з Бадуновай Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны). Быў момант‚ калі ён ледзь не падскочыў біцца да яе. Бадунова сціхла і пакінула залю.

Пасля Бадуновай з’езд вітаў паляк Юзэф Уншліхт. За ім выступаў летувіскі камуніст Смілга. Ён у сваёй прамове дзякаваў Кампартыі‚ што яна аднаўляе дзяржаву старажытнай Літвы‚ якая многа зрабіла для Маскоўскага Княства. Пасля Смілгі выступіў латышскі камуніст Бэрзін. Ён гаварыў доўга і раіў аднавіць на тэрыторыі Беларусі Крывію‚ бо‚ як ён казаў‚ крывічы далі пачатак не толькі беларускаму народу‚ а нават Маскоўскай Русі.

У часе з’езду былі перапынкі. На перапынках частавалі чаем з цукрам і бутэрбродамі. А 5-й гадзіне ўвечары прыступілі да галасавання той рэзалюцыі‚ якую прапанаваў прэзідыум. Галасавалі ўсе прысутныя‚ у тым ліку і вайскоўцы. Супраць рэзалюцыі галасавалі эсэры. На гэтым з’езд і скончыўся.

На другі ж дзень пасля з’езду ўсяму гораду стала ведама‚ што абвешчана Беларуская Рэспубліка і што Смаленск — беларускі горад. Так выглядала і з тых картаў ды прапагандавых плакатаў‚ што былі парасклейваныя ўсюды на сценах. На этнаграфічных картах гарады Ярцава‚ Вязьма‚ Бранск і нават Арол уваходзілі ў склад Беларусі. На паўднёвым усходзе беларуская граніца падыходзіла да самага Мцэнску. На поўдні‚ на мяжы з Украінай‚ граніца заставалася непарушнай‚ а на поўначы — уся Пскоўшчына да самага мора таксама была пазначаная як беларуская тэрыторыя. Карты былі зробленыя добра‚ шмат у якіх месцах давалася тлумачэнне‚ што гэта — гістарычныя межы Літвы‚ а Беларусь — тая самая Літва…

Частка насельніцтва была незадаволеная з такіх зменаў‚ але бальшыня была вельмі радая аддзяліцца ад Расіі‚ бо‚ як яны казалі‚ ад Расіі ніколі дабра не мелі.

У горадзе была моцная групоўка расійскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якая арганізоўвала мітынгі пратэсту супраць абвяшчэння Беларускай Рэспублікі. На гэтыя мітынгі пайшлі і беларускія эсэры‚ тыя‚ што былі на з’ездзе пры абвяшчэнні Савецкай Беларусі. Там‚ на камуністычным з’ездзе‚ яны былі супраць Савецкай Беларусі і стаялі за БНР‚ абвешчаную на Першым Усебеларускім З’ездзе.

Паслухаўшы прамовы расійскіх эсэраў‚ якія ніякіх беларусаў не прызнавалі‚ беларускія эсэры (апазіцыйныя камуністам) пачалі разам з камуністамі выступаць супраць расійскіх эсэраў. Добра прамаўлялі супраць расійскіх эсэраў У. Фальскі‚ Я. Дыла‚ М. Маркевіч ды іншыя‚ толькі ім часамі не давалі гаварыць па-беларуску. Тую ж самую Бадунову‚ што выступала супроць камуністаў у Доме Культуры‚ на мітынгу на пляцы перад поштай расійцы сцягнулі з трыбуны ды яшчэ і пабілі за тое‚ што агітавала за Беларусь. Беларуская Рэспубліка — ці то Народная, ці то Савецкая — была для расійцаў проста крамолаю…» 

Першы з’езд Кампартыі Беларусі абраў кіруючы орган: Цэнтральнае Бюро (пераважна з праціўнікаў беларускай незалежнасці), вызначыў тэрыторыю Беларусі ў межах Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай губерняў цалкам, Віцебскай губерні без частак трох паветаў, пяці паветаў Смаленскай губерні і па адным павеце з Віленскай і Сувалкаўскай губерняў.

Старшынёй Часовага работніцка-сялянскага ўрада быў зацверджаны Жылуновіч. Ва ўрад увайшлі 7 прадстаўнікоў Белнацкама і Беларускіх секцый, а таксама 9 прадстаўнікоў Паўночна-Заходняга абкама і Аблвыкамзаха — праціўнікаў беларускага руху. У ноч з 1 на 2 студзеня 1919 года быў надрукаваны «Маніхвэст Часовага работніча-селянскаго Савецкага правіцяльства Беларусі», які абвяшчаў аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь у складзе РСФСР. Распараджэнні Рады БНР, як было зазначана ў Маніфесце, скасоўваліся. 

У вызначаных на Першым з’едзе КП(б)Б межах новаўтвораная беларуская дзяржава праіснавала зусім нядоўга. 16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб перадачы РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў. Дэлегацыі беларускіх бальшавікоў у Маскве заявілі, што паколькі гэтыя губерні не маюць агульных межаў з суседнімі краінамі, то іх можна выключыць са складу БССР і далучыць да РСФСР. У адказ на такое рашэнне Я. Дыла, У. Фальскі, Ф. Шантыр і яшчэ двое ўрадаўцаў выйшлі са складу ўрада.

У Нацыянальным архіве Беларусі захаваліся некаторыя пратаколы пасяджэнняў Цэнтральнага Бюро Кампартыі Беларусі за студзень 1919 года. З кароткіх запісаў бачна, што прыхільнікаў «беларускай ідэі» тут няма. Так, 10 студзеня па дакладзе Мяснікова, які «выказваецца супраць выдання газеты на беларускай мове», прымаецца рашэнне — Белнацкам распусціць. Газету не выдаваць.

Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што, нягледзячы на інтрыгі ворагаў беларускай дзяржаўнасці, кіраўнікі ССРБ працягвалі яе юрыдычнае афармленне. Распрацоўвалася свая схема арганізацыі вышэйшай улады — урада. Галоўны орган — Савет сацыялістычных дэпутатаў Беларусі, выканаўчы орган — Савет камісараў. Абодва Саветы мелі агульны прэзідыум. У літаратуры ёсць звесткі, што 31 студзеня 1919 года ССРБ была перайменаваная ў Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Беларусь і выйшла са складу РСФСР. Падаецца, што вызначэнне на першым месцы ў назве краіны яе сацыялістычнага, а не савецкага характару закладала магчымасць для будучага супрацоўніцтва беларускіх бальшавікоў з прадстаўнікамі іншых сацыялістычных партый, папулярных у Беларусі, у першую чаргу, эсэраў і бундаўцаў.

У той жа дзень, 31 студзеня, была выдадзеная Пастанова Прэзідыума Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі», якая быццам бы не толькі канчаткова зацвердзіла стварэнне савецкай беларускай дзяржавы, але стала першым актам яе міжнароднага прызнання.

Разам з тым, тэкст пастановы сведчыць пра тое, што кіраўнікі РСФСР зусім не разглядалі магчымасці самастойнай дзейнасці беларускага ўрада, нават пры ўзгадненні гэтых дзеянняў з Масквой. Узгадаем гэтую пастанову:


«ПАСТАНОВА Прэзідыума Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта

Прэзідыум Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта вітае працоўныя масы Беларусі, вызваленне якой ад заняцця ўзброенымі сіламі імперыялістычных заваёўнікаў ужо амаль завершанае. Зыходзячы з прынцыпу поўнага і сапраўднага самавызначэння працоўных мас усіх краін, Прэзідыум Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта прызнае незалежнасць Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.

Прэзідыум Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта яшчэ раз пацвярджае, што факт прыналежнасці Беларусі, як і іншых краін, якія знаходзяцца ў тым жа становішчы, да старой царскай імперыі, не патрабуе ад яе ніякіх абавязацельстваў, выказвае пры гэтым цвёрдую ўпэўненасць, што толькі цяпер, на глебе прызнання поўнай свабоды самавызначэння і пераходу ўлады ў рукі працоўнага класа, ствараецца добраахвотны і непарушны саюз усіх нацый, якія насяляюць тэрыторыю былой Расійскай імперыі.

Прэзідыум Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта вітае намячаемае аб’яднанне працоўных мас Беларусі з працоўным народам Літвы, цесна звязаным з імі сваім мінулым і эканамічнымі ўмовамі свайго існавання.

Прэзідыум Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта заяўляе пра гатоўнасць Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі аказаць усялякую дапамогу і падтрымку працоўным масам Беларусі ў іх барацьбе супраць панавання эксплуатацыі і прыгнёту і ў абароне іх свабоды і незалежнасці ад спробаў замежных заваёў.

Старшыня Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Я. Свярдлоў.

Сакратар Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта А. Енукідзэ».

Звяртаю ўвагу на два моманты. Першы — назва беларускай дзяржавы пададзена тут зусім не так, як яна была зацверджаная на канферэнцыі-з’ездзе і ўрадам: БССР замест ССРБ. Другі — з пастановы вынікала, што незалежнасць Беларусі будзе нядоўгай, яе ў хуткім часе чакае аб’яднанне з Літвой. Да сёння даследчыкі губляюцца ў здагадках, што павінна была выказаць гэтая пастанова: схаваную іронію да выказвання волі камуністычных беларускіх дзеячаў ці адкрытую непавагу да гэтага выказвання. Далейшы ход падзей пацвердзіў, што магчымы абедзве версіі.

Нават ва ўмовах «рэвалюцыйнай законнасці», абвяшчэнне незалежнасці дзяржавы на партыйным сходзе выглядала, мякка кажучы, недарэчна.


Таму 2–3 лютага 1919 года ў Мінску быў скліканы Першы Усебеларускі з’езд Саветаў з удзелам 230 дэлегатаў, які павінен быў узаконіць ССРБ. З’езд прыняў Канстытуцыю ССРБ, зацвердзіў герб і сцяг. У адпаведнасці з Асноўным законам адбыліся выбары вышэйшых органаў улады. У склад ЦВК (старшыня Мяснікоў) увайшлі 50 чалавек. У Вялікі прэзідыум ЦВК, на які ўскладаліся функцыі ўрада, не трапіла ніводнага з прыхільнікаў ідэй беларускай дзяржаўнасці.

Ад імя Усерасійскага ЦВК удзельнікаў з’езда вітаў Якаў Свярдлоў, які агучыў вышэй прыведзеную пастанову і адразу выказаў прапанову аб зліцці Беларусі і Літвы ў адну рэспубліку. У дакументах зазначана форма, у якой прапанова была агучаная, — матывам стварэння ЛітБел «з’яўляецца імкненне ЦВК засцерагчы гэтыя рэспублікі ад магчымасці праявы ў іх нацыянальна-шавіністычных памкненняў. Лічачы, што прынцыповаму абмеркаванню гэтае пытанне ў сілу сваёй яснасці падвяргаецца не можа, тав. Свярдлоў пераходзіць да разгляду тэхнікі злучэння Рэспублік».


27 лютага ў Вільні на сумесным пасяджэнні ЦВК Літоўскай і Беларускай рэспублік было пастаноўлена аб’яднаць іх у Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел ССР) са сталіцай у Вільні. Аб’яднаны ЦВК ЛітБел узначаліў К. Цыхоўскі, а Савет народных камісараў — В. Міцкявічус-Капсукас, які ўзначаліў і аб’яднанне беларускіх і літоўскіх бальшавікоў. Характэрна, што сярод партыйнага і савецкага кіраўніцтва ЛітБел не было ніводнага беларуса.

Спроба пабудовы нацыянальна-камуністычнай дзяржавы ў выглядзе ССРБ аказалася няўдалай. Як і спроба пабудаваць сапраўдную нацыянальна-дэмакратычную дзяржаву БНР. Разам з тым, гэтыя першыя крокі былі вельмі важныя для далейшага развіцця як беларускай нацыі, так і сучаснай беларускай дзяржаўнасці.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!