Сталі вядомыя сапраўдныя месца і дата нараджэння маршала Ракасоўскага

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адшуканы запіс аб нараджэнні маршала Савецкага Саюза і маршала Польшчы Канстанціна Ракасоўскага, паведамляе niab.by. Як высветлілася, камандуючы войскамі 1-га Беларускага фронту і камандуючы Парадам Перамогі 1945 года нарадзіўся на беларускай зямлі і быў на некалькі гадоў старэйшы, чым гэта адзначалася ў пазнейшых дакументах.

Запіс аб нараджэнні Канстанціна Ракасоўскага быў адшуканы ураджэнцам вёскі Соміна Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Уладзімірам Міхайлавічам Абрамчуком падчас яго працы ў чытальнай зале НДА Беларусі пры даследаванні ўласнага радаводу.

Як сведчаць новаадшуканыя архіўныя дакументы, знакаміты вайсковы і палітычны дзеяч ХХ стагоддзя маршал Канстанцін Канстанцінавіч (Ксавер'евіч) Ракасоўскі нарадзіўся на беларускай зямлі — у мястэчку Целяханы Пінскага павета Мінскай губерні (сёння Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці)!

Сам Канстанцін Канстанцінавіч у розныя часы падаваў розныя месцы і нават даты свайго нараджэння. Згодна з аднымі данымі, ён нарадзіўся 9 (21) снежня 1894 г., згодна з іншымі — 9 (21) снежня 1896 г. Месцамі нараджэння значацца то Варшава, то г. Вялікія Лукі Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Паколькі біёграфам маршала ніяк не ўдавалася знайсці запіс у метрычных кнігах, пытанне пра дакладныя месца і час нараджэння героя заставалася адкрытым.

Фота niab.by

Згодна са знойдзеным запісам, хлопчык Канстанцін, сын двараніна Ксаверыя Вікенцьевіча Ракасоўскага, рымска-каталіцкага веравызнання, і яго жонкі Антаніны Іванаўны, праваслаўнага веравызнання, нарадзіўся 3 (15) верасня 1889 г., а 4 (16) 1889 г. быў ахрышчаны ў Свята-Троіцкай Целяханскай царкве. Атрымліваецца, Канстанцін Ракасоўскі быў на пяць ці нават на сем гадоў старэйшы, чым гэта было занатавана ў яго пазнейшых дакументах.

Даследчыкам было вядома, што маці будучага маршала Антаніна Аўсянікава, якая памерла ў 1911 г., была родам з Целяханаў. Аднак ніхто не мог падумаць, што ў гэтым жа мястэчку нарадзіўся і сам Канстанцін.

Архівісты правялі далейшыя пошукі і высветлілі, што носьбіты прозвішча Аўсянікаў з’явіліся ў Целяханах даволі позна. Такое прозвішча, напрыклад, не зафіксавана ў рэвізскіх сказках за 1850 і 1858 гг. па маёнтку Целяханы Пінскага павета, які ў той час належаў вядомаму роду Пуслоўскіх. У метрычных кнігах Целяханскай царквы за 1860–1870-я гг. запісу аб нараджэнні Антаніны Іванаўны Аўсянікавай мы таксама не знаходзім. Аўсянікавы (альбо Аўсянікі) пачалі сустракацца тут толькі з 1880-х гг.

Далей было высветлена, што ў 1850 і 1858 гг. на тэрыторыі Пінскага павета прозвішча Аўсянік зафіксавана толькі сярод жыхароў в. Франапаль, якая адносілася да маёнтка Кужылічын, што належаў тым самым Пуслоўскім. Аднак, ні Антаніны, ні яе бацькі Івана ў спісах 1850 і 1858 гг. няма. Як высветлілася далей, Аўсянікі не з’яўляліся карэннымі жыхарамі Франапаля. Усё франапальскія Аўсянікі былі пераведзены сюды Пуслоўскімі ў 1845 г. з маёнтка Туляцічы суседняга Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (сёння Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці). Найверагодней, менавіта адтуль і паходзіла маці будучага маршала. Для генеалогаў і ўсіх аматараў гісторыі радавод Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага абяцае яшчэ шмат адкрыццяў. Тым не менш, вельмі важным з’яўляецца факт таго, што адзін з маршалаў Перамогі, камандуючы войскамі 1-га Беларускага фронту, камандуючы Парадам Перамогі 1945 г. нарадзіўся на беларускай зямлі і меў беларускія карані.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: