Сто гадоў таму пачаўся Слуцкі збройны чын (відэа)

14 лістапада 1920 года пачаў працу З'езд Случчыны. У яго складзе былі 107 дэлегатаў з наваколля Слуцка. На з'ездзе была абраная Рада Случчыны, яе задачамі была арганізацыя грамадзянскага кіравання на Случчыне, а таксама абароны краю. Таксама З'езд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і наваколлі, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі.
Рэзалюцыя З'езда дэкларавала:

«Першы Беларускі З'езд Случчыны, скліканы ў лічбе 107 дэлегатаў, вітае Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і сведчыць, што ўсе свае сілы аддасць на адбудову Сваёй Бацькаўшчыны.

З'езд катэгарычна пратэстуе проці акупацыі родных зямель чужацкімі наездамі і проці самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі. Бацькаўшчына наша зруйнавана чужынцамі, якія нішчаць яе і да гэтуль, і мы, аддаючы справе адбудовання нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыцця, звяртаемся да ўсяго свету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэнні нашай вайсковай сілы…
Няхай жыве вольная, незалежная, дэмакратычная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных граніцах!»

Вайсковае камандаванне было перададзенае тройцы на чале з Паўлам Жаўрыдам. Рада абвясціла агульную мабілізацыю і працягнула стварэнне вайсковых аддзелаў. Было сфармавана два палкі: Першы Слуцкі полк пад кіраваннем падпалкоўніка Паўла Чайкі і Другі Грозаўскі полк на чале з капітанам Лукашам Семенюком. Гэтыя два палкі ўтварылі Слуцкую брыгаду пад камандаваннем Антона Сокала-Кутылоўскага. Камандаванне войскамі было размешчанае ў Семежаве.

Баі паміж беларускімі і савецкімі войскамі пачаліся 26 лістапада. Каля месяца беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў наступаўшым савецкім войскам.

Але ў канцы снежня стала ясна, што Беларускае войска больш не можа супрацьстаяць чырвонай навале. На нарадзе ў Баранавічах было прынятае рашэнне аб спыненні ваенных дзеянняў і адводзе беларускіх аддзелаў на тэрыторыю, занятую палякамі. 28—31 снежня 1920 года больш за 1500 беларускіх жаўнераў і афіцэраў перайшлі польска-савецкую мяжу, былі раззброены польскімі ўладамі.

Да стагоддзя Слуцкага паўстання Аліна Нагорная распавяла 20 цікавых фактаў пра яго.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: