Сузор’е слынных мастакоў

Таленты нараджаюцца і ў самыя неспрыяльныя для народа часы. ХІХ стагоддзе дало нашаму краю цэлае сузор’е мастакоў, якія здабылі славу на роднай зямлі і ў свеце. Гэтыя творцы глыбока перажывалі паняволенае становішча Айчыны, ператворанай у расейскую калонію.

Шмат хто з іх браў удзел у таемных патрыятычных таварыствах. Калі разгараліся вызвольныя паўстанні, мастакі мянялі пэндзлі і алоўкі на стрэльбы і шаблі, за што ўлады разлічваліся з імі турэмным зняволеннем і высылкамі ў Сібір. Многія майстры змушаныя былі ад’язджаць на доўгія гады ў замежжа, аднак і там натхняліся ўспамінамі пра далёкую радзіму.

Творчая спадчына гэтых мастакоў сёння ў музеях і галерэях розных краін. Але найперш дарагая яна нам, бо сваёй працаю творцы сцвярджалі: беларусы — адметны народ з уласнай гісторыяй, мовай ды традыцыямі.


Смуглевіч і Рустэм

У Віленскім універсітэце, пакуль яго не зачынілі ўлады, дзейнічаў факультэт літаратуры і прыгожых мастацтваў. Найярчэй між выкладчыкаў-мастакоў на пачатку ХІХ стагоддзя ззялі таленты прафесараў Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма.

Смуглевіч набыў мастацкую адукацыю ў Рымскай акадэміі святога Лукі, якой удзячныя многія еўрапейскія майстры. У Вільні ён заснаваў катэдру жывапісу і малюнка. Вучні захапляліся акварэлямі прафесара, дзе ён адлюстраваў архітэктурныя помнікі былой сталіцы. На ягоных размалёўках універсітэцкіх залаў ажывалі старажытныя філосафы і пісьменнікі Сакрат, Арыстоцель, Платон, Дыяген, Гамер, Эўрыпід. Карціны і фрэскі Смуглевіча аздаблялі шматлікія храмы ў Менску, Горадні, Полацку, Рэчыцы. Вялікі цыкл твораў мастака на рэлігійныя тэмы ўпрыгожвае віленскі Катэдральны сабор святых Станіслава і Уладзіслава.

Шырока вядомыя гістарычныя творы Францішка Смуглевіча, асабліва «Прысяга Касцюшкі на Кракаўскім рынку». Як выглядалі простыя ліцьвіны, можна ўявіць, разглядаючы карціны мастака, прысвечаныя народнаму жыццю.

Паслядоўнікам Смуглевіча стаў Ян Рустэм. Ён вучыўся ў Польшчы і Нямеччыне, затым быў мастаком у прыватным тэатры Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме. Пераехаўшы ў Вільню, Рустэм праектаваў дэкарацыі і касцюмы для гарадскога тэатра. Але галоўнай ягонай справаю стала кіраванне створанай пры ўніверсітэце Віленскай мастацкай школай.

Ян Рустэм праславіўся партрэтамі філамата Тамаша Зана, гісторыка Яўхіма Лялевеля, рэктара Віленскага ўніверсітэта Яна Снядэцкага… У 1820 годзе наладзіў першую ў Літве-Беларусі выставу выяўленчага мастацтва.


Аляшкевіч і Дамель

Гэтыя мастакі сталі ўдзячнымі вучнямі Смуглевіча і Рустэма.

Язэп Аляшкевіч закончыў мастацкі факультэт і дасканаліў майстэрства ў Дрэздэне і Парыжы. У французскай сталіцы ён вучыўся ў славутых жывапісцаў Давіда і Энгра. Сваім сябрам Аляшкевіча абрала Акадэмія мастацтваў у Пецярбурзе. Жывучы ў сталіцы імперыі, ён меў шмат замоваў, ды ніколі не парываў сувязі з Айчынай.

Аляшкевіч часта і надоўга выязджаў у беларускія губерні. Спыняючыся ў маёнтках прыяцеляў, ён абавязкова маляваў партрэты гаспадароў. На жаль, амаль усе тыя творы, раскіданыя па шляхецкіх сядзібах, загінулі. Да нас, на шчасце, дайшлі партрэты кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, палітыка Адама Чартарыйскага, вучонага Марціна Пачобута-Адляніцкага. У Пецярбурзе Аляшкевіч часта сустракаўся з Адамам Міцкевічам і намаляваў яго цудоўны партрэт, на якім паэт паказаны ў хвіліны творчага роздуму.

Сучаснік Аляшкевіча Ян Дамель ствараў карціны пераважна на гістарычныя тэмы: «Смерць магістра крыжакоў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам», «Павел I вызваляе Касцюшку з вязніцы», «Адступленне войскаў Напалеона праз Вільню», «Пераправа французаў праз Бярэзіну». Мастацкіх вышыняў Дамель дасягнуў і ў сваіх партрэтах — аднаго з кіраўнікоў вызвольнай барацьбы ў 1794 годзе Тамаша Ваўжэцкага, князя Дамініка Радзівіла, графа Яўхіма Храптовіча, археолага і краязнаўца Канстанціна Тышкевіча.

Мастак меў вясёлы характар, быў чалавекам дасціпным ды таварыскім і здолеў пранесці гэтыя рысы праз усе жыццёвыя выпрабаванні. А іх на долю Яна Дамеля выпала нямала. Ён непазбежна трапіў у няміласць да ўладаў: маляваў партрэты «непажаданых асобаў», выказваў «рамантычныя антырасейскія надзеі», упрыгожваў Вільню да святкавання дня нараджэння Напалеона ў 1812 годзе. Апынуўшыся не па сваёй волі ў Сібіры, Дамель і там не перапыняў творчасці: аздабляў фрэскамі храмы, рабіў замалёўкі абліччаў і побыту мясцовых жыхароў.

Адбыўшы высылку, Ян Дамель стала пасяліўся ў Менску. Мастака часта бачылі то на беразе Свіслачы, то на Залатой Горцы, то проста на вуліцах і пляцах. Паўсюль з ім былі алоўкі або алейныя фарбы. Апошні зямны прыстанак майстра — касцёл на менскіх Кальварыйскіх могілках. Над магілай Дамеля замест помніка змясцілі намаляваны ім самім абраз «Маленне Збаўцы». Мастак лічыў яго сваім найдасканалейшым творам.


Скульптар Дмахоўскі-Сандэрс

Не горш, чым у Беларусі, яго ведаюць у Злучаных Штатах Амерыкі.

Генрык Дмахоўскі спасцігаў у Віленскім універсітэце прававыя навукі, ды больш гарнуўся да мастацтва: браў урокі малявання і скульптуры. Здзяйсненне мары стаць мастаком адклалі на будучыню падзеі1831-га. Дваццацігадовы юнак далучыўся да змагароў, а затым, ратуючыся ад пераследу, апынуўся ў Францыі. Генрык падтрымаў планы свайго колішняга камандзіра Язэпа Заліўскага вярнуцца на радзіму і нанова распаліць агонь змагання.

Аднак спроба прабіцца ў родныя мясціны была няўдалай. Генрык патрапіў у аўстрыйскую турму. Сем гадоў зняволення не пайшлі намарна. Вязень-ліцьвін зноў заняўся скульптурай. Вядома, умовы былі зусім не такія, як у Вільні, але ён натхнёна ляпіў фігуркі з хлебнага мякішу. У гэтай справе Дмахоўскі дасягнуў сапраўднай дасканаласці. Яму ўдалося пераправіць свае невялікія турэмныя творы ў Англію, і яны мелі там вялікі поспех на мастацкіх выставах.

На волі Генрык не адмовіўся ад юначай мэты і прайшоў конкурс у Парыжскую школу вытанчаных мастацтваў. Выкладчыкі запрасілі таленавітага студэнта разам з імі стварыць саркафаг Напалеону Банапарту. Дмахоўскі атрымліваў новыя прэстыжныя замовы, аднак ягоная душа, апрача свабоды ў творчасці, прагнула свабоды і ў рэальным жыцці.

У рэвалюцыйным для Еўропы 1848 годзе мастак накіраваўся з Францыі бліжэй да Айчыны. Ён браў удзел у вулічных баях з аўстрыйскімі войскамі падчас Львоўскага паўстання, а потым стварыў мадэль помніка палеглым патрыётам у выглядзе аркі з вострых баявых косаў.

Праз некалькі гадоў у ЗША з’яўляецца скульптар Генры Сандэрс. Пад гэтым імем наш суайчыннік засноўвае папулярную школу-майстэрню. За акіянам ён стварае скульптуру «Гарыбальдзі з баявымі сябрамі», бюсты Тадэвуша Касцюшкі, прэзідэнтаў Джорджа Вашынгтона і Бенджаміна Франкліна, аўтара Дэкларацыі незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі Томаса Джэферсана. Гэтыя бюсты сёння ўпрыгожваюць будынак Кангрэса ЗША ў Вашынгтоне.

З Айчыны даходзілі чуткі пра падрыхтоўку новага магутнага выступу супроць расейскага прыгнёту. Яны не пакідалі Сандэрса-Дмахоўскага абыякавым, і ў 1861-м ён сеў на карабель, што выпраўляўся ў Еўропу.

У роднай Вільні Генрыку былі наканаваныя ўсяго два гады жыцця і працы ў сваім скульптурным атэлье, што месцілася насупраць Катэдральнага сабора. Для гэтага храма ён выканаў фігуру святога Уладзіслава і мадэль надмагільнага помніка Барбары Радзівіл. Мастака абралі правадзейным сябрам Віленскай археалагічнай камісіі. Агульную ўхвалу заслужыў ягоны помнік Уладзіславу Сыракомлю.

Ды тут надышоў 1863-ці… Паўстанцкае кіраўніцтва накіравала Генрыка Дмахоўскага ў родныя мясціны — камісарам Дзісенскага павета. У траўні на ягоны аддзел раптоўна напалі карнікі. «Дмахоўскі, васьмю кулямі прашыты, упаў на рукі моладзі», — напісаў у лісце адзін з падначаленых героя. Пахаваны скульптар-ваяр у лесе каля вёскі Бірулі Докшыцкага раёна.

На радзіме героя, у вёсцы Забалоцце Мёрскага раёна, захаваўся старасвецкі парк з дубамі, якія памятаюць Генрыка. Сядзібны дом Дмахоўскіх не ацалеў. На яго падмурку цяпер клуб і бібліятэка, дзе ёсць мемарыяльны куток, прысвечаны сусветна вядомаму земляку.


Найлепшы партрэтыст сталіцы

Беларускае мастацтва ХІХ стагоддзя немагчыма ўявіць без Валянціна Ваньковіча.

Ягонае дзяцінства прайшло ў бацькавым маёнтку Малая Сляпянка пад Менскам. Маляваць хлопчык пачаў надзвычай рана, яшчэ не ўмеючы чытаць і пісаць. На малюнках, што з’яўляліся ў альбомах, нататніках, а часам проста на вокладках кніг, былі дрэвы і будынкі, звяры і птушкі, фантастычныя стварэнні, падказаныя дзіцячым уяўленнем. У адзінаццаць гадоў бацькі завезлі Валянціна ў Полацкі езуіцкі калегіюм, што неўзабаве стаў Акадэміяй.

Полацак у гэты час лічыўся другім пасля Вільні мастацкім цэнтрам Беларусі. Малявальныя класы калегіюма былі па-еўрапейску абсталяваныя ўсімі неабходнымі мадэлямі, атласамі, падручнікамі. Карцінная галерэя Акадэміі з творамі еўрапейскіх майстроў так уразіла юнага шкаляра, што ён напісаў у лісце дадому: «Абавязкова буду мастаком!».

Таямніцы абранай справы юнак спасцігаў у Віленскім універсітэце. Ян Рустэм дазволіў Валянціну, як самаму здольнаму вучню, маляваць у сваёй прафесарскай майстэрні. Ваньковіч грунтоўна ведаў айчынную гісторыю, наведваў заняткі на фізічным факультэце, дзе вывучаў законы оптыкі і распаўсюджання святла.

Ваньковічу перадусім падабалася ствараць партрэты. У Вільні ён маляваў духоўна блізкіх яму людзей — філаматаў і філарэтаў Адама Міцкевіча, Францішка Малеўскага, Антона Адынца. Рада ўніверсітэта накіравала Валянціна ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Там праз некалькі месяцаў яго малюнкі адзначылі двума срэбнымі медалямі. За дыпломную працу Валянціну прысудзілі залаты медаль і права на замежную творчую стажыроўку. Ды спадзяванні ўбачыць Італію і яе найбагацейшыя карцінныя галерэі былі перакрэсленыя царскімі чыноўнікамі. Мастаку прыпомнілі сувязі з віленскімі нелегальнымі таварыствамі.

Між тым Ваньковіч неверагодна хутка заваяваў славу самага лепшага пецярбургскага партрэтыста. Напэўна, вам даводзілася бачыць адзін з ягоных самых знакамітых партрэтаў — «Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг». Пра яго пісалі: «З выявы б’е дзівоснае падабенства. Нельга ўбачыць нічога больш дасканалага». Сам Міцкевіч так упадабаў партрэт, што адразу замовіў тры копіі. Захапленне калегаў і аматараў мастацтва выклікалі і створаныя Ваньковічам партрэты піяністкі Марыі Шыманоўскай, філосафа Андрэя Тавянскага, паэта Аляксандра Пушкіна.

Мастак не стаў затрымлівацца ў імперскай сталіцы. Ягонай чулай душы нязмерна бліжэй быў родны губернскі Менск.

Тут ён жыў то ў сваім прыгарадным маёнтку, то ў брата Эдварда, дзе цяпер створаны Дом-музей Ваньковічаў. Валянцін часта сустракаўся з Янам Дамелем, Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Станіславам Манюшкам. У менскі перыяд жыцця Валянцін звярнуўся да гісторыі і стварыў цыкл карцін, прысвечаных Напалеону. А для карціны «Мадонна з дзіцем» мастаку пазіравала простая беларуская сялянка.

Рэшту жыцця Ваньковіч правёў у вандроўцы па Еўропе. Яна завяршылася ў Парыжы, дзе Валянцін пасяліўся ў доме даўняга сябра Адама Міцкевіча. Геніяльны паэт да астатніх хвілін не пакідаў хворага мастака. Яго пахавалі на парыжскіх могілках Манмартр-дэ-Сэн-Дэні.

Апошняя карціна Валянціна Ваньковіча «Маці Божая Вастрабрамская» ўпрыгожвае алтар парыжскага касцёла святога Севярына. «Мадонна з дзіцем» — у найбагацейшым музеі Францыі Луўры. Творы майстра сёння таксама ў карцінных галерэях Вільні, Варшавы, Кракава, Пецярбурга. Яны вяртаюцца і на радзіму мастака. Помнік творцу сустрэне вас каля ўваходу ў менскі Дом-музей Ваньковічаў. Мастак і тут неразлучны з палітрай і пэндзлем.


Напалеон Орда

Будучага мастака назвалі ў гонар Напалеона Банапарта, з якім патрыёты Вялікага Княства звязвалі надзеі на аднаўленне незалежнасці. Першай настаўніцай хлопчыка стала маці Юзафіна. Яна была здольнай піяністкаю і марыла, што сына чакае лёс кампазітара.

Напалеон навучаўся ў Свіслацкай гімназіі ды на фізічным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Каланіяльныя ўлады не далі атрымаць дыплом. У 1827 годзе выдатніка Орду адлічылі за сяброўства ў таемным таварыстве «Заране», у якім ён браў удзел яшчэ гімназістам. 15-месяцавае турэмнае зняволенне юнака мела працяг — адпраўку пад нагляд паліцыі ў бацькаў маёнтак Варацэвічы на Піншчыне.

А ў 1831-м Напалеон далучыўся да тых, хто кінуў выклік каланізатарам. Вызначыўшыся ў баях, стралок коннай гвардыі Напалеон Орда быў адзначаны чынам капітана і найвышэйшай вайсковай узнагародаю — ордэнам «Virtuti Militari». Пасля разгрому паўстання ён амаль чвэрць стагоддзя мусіў жыць за мяжой.

У Парыжы наш зямляк працягваў заняткі музыкай пад кіраўніцтвам польскага кампазітара Фрыдэрыка Шапэна. Орда і сам пісаў творы для фартэпіяна: рамансы, паланэзы, серэнады, мазуркі, стаў дырэктарам парыжскай Італьянскай оперы. Паспяхова займаўся ён у той час і літаратурнай творчасцю, друкуючы нарысы пра вядомых сучаснікаў. У парыжскім асяроддзі Орды былі пісьменнікі Анарэ дэ Бальзак, Стэндаль, Іван Тургенеў, кампазітары Джузэпэ Вэрдзі і Джаакіна Расіні.

Але славу Орда заслужыў перадусім як мастак. Ён быў улюбёным вучнем французскага майстра архітэктурнага краявіду П’ера Жэрара. У сваіх летуценнях Напалеон часта вяртаўся ў Літву-Беларусь і бачыў сябе мастаком-вандроўнікам. Летуценні сталіся яваю, калі на пяцідзясятым годзе жыцця ён нарэшце зноў ступіў на зямлю продкаў. У недалёкім часе Орда і распачаў свае знакамітыя падарожжы з алоўкамі, фарбамі і пэндзлем. Ён нястомна маляваў мясціны, звязаныя з жыццём выдатных асобаў, і краявіды з помнікамі беларускай старасвеччыны.

Некалькі сотняў гэтых малюнкаў і акварэляў стварылі велічны і непаўторны вобраз Айчыны ў тую эпоху. На творах Напалеона Орды адлюстраваныя Полацак і Вільня, Віцебск і Горадня, Магілёў і Менск, Пінск, Лагойск, Слуцак... Сімваламі слаўнага мінулага паўстаюць Крэўскі, Мірскі, Нясвіжскі, Наваградскі, Лідскі, Медніцкі замкі. Мастак падараваў нам на сваіх акварэлях выявы старадаўніх храмаў: полацкіх Сафійскага сабора і Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, гарадзенскай Каложы, касцёлаў у Гнезне і Ішкалдзі. Пранікнёна і з любоўю намаляваў ён родныя мясціны Тадэвуша Рэйтана, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча… Пра некаторыя страчаныя гістарычныя помнікі мы ведаем сёння адно дзякуючы творчай спадчыне Орды.

Надзвычай цікавая і загадкавая старонка жыцця Напалеона Орды –паездкі па ахопленым паўстаннем краі ў 1863-м. Магчыма, ён дапамагаў каліноўцам падтрымліваць сувязь. У жандарскіх дакументах сцвярджалася, што мастак займаецца «черчением планов городов». За гэта на яго завялі справу аб пазбаўленні шляхецкіх правоў.

Творы Напалеона Орды сёння выдадзеныя ў шматлікіх альбомах. Яго імем назвалі вуліцы ў Менску, Берасці і Горадні, Пінская дзіцячая мастацкая школа. Малюнкі Орды і ягоны партрэт змяшчаліся на манетах і папяровых грошах незалежнай Беларусі. У вёсцы Варацэвічы, дзе нарадзіўся мастак, створаны ягоны музей-галерэя. Калі апынецеся ў тых мясцінах, не прамiніце і цудоўнага помніка, усталяванага творцу ў недалёкім Янаве-Палескім (Іванаве).


Вобразы Міхала Андрыёлі

Бацька Міхала, італьянец Франчэска Андрыёлі, у 1812 годзе адважна ваяваў у Вялікай арміі Напалеона і быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна. Параненым ён патрапіў у палон і ўрэшце асталяваўся ў Вільні, стаўшы мастаком і скульптурам. Малы Міхал уважліва слухаў, калі бацька навучаў маляванню сваіх вучняў.

Хоць Андрыёлі-старэйшы ў будучым бачыў сына доктарам, той вырашыў іначай і ўпэўнена трапіў у лік студэнтаў Маскоўскай вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідства. Працягваў мастацкую адукацыю ён у Рымскай акадэміі святога Лукі. Паўднёвае сонца, насычаныя барвы прыроды, помнікі былых стагоддзяў моцна ўразілі юнака, аднак ён зразумеў, што Італія не заменіць яму Літвы-Беларусі. У сваіх нататках ён прызнаваўся: «Аглядаючы з гары святога Пятра Рым, я неспадзявана засумаваў па Вільні так моцна, што паўсталі ўваччу родныя гаі, пагоркі і пясчаныя сцежкі».

Лісты ад сяброў паведамлялі, што ў родным краі неспакойна: сялянскія бунты, хваляванні ў гарадах. У Вільні моладзь выходзіла на маніфестацыі з заклікам: «Прагонім маскалёў!». Міхал Андрыёлі вырашае вярнуцца на радзіму і ранняй вясною 1863 года прысягае на вернасць паўстанню.

Ён змагаўся за свабоду ў аддзеле аднаго з кіраўнікоў вызвольнага руху — Людвіка Нарбута. Падзяляў погляды Каліноўскага і яго паплечнікаў, якія мелі на мэце незалежную будучыню народаў былой Рэчы Паспалітай. Пазней уцёк з царскай турмы, жыў у Лондане і Парыжы.

Уражанні гераічнага 1863-га сталіся асноваю твораў Андрыёлі, што прынеслі яму першае прызнанне. Найлепшая графічная праца гэтага цыклу — «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў». Невялікі аддзел вядзе няроўны смяротны бой з шматкроць большымі сіламі ворагаў. Поплеч б’юцца шляхцічы і сяляне ў аўчынных кажушках. Цяжка параненага камандзіра падначаленыя на руках выносяць у лес. Нарбута пакідаюць апошнія сілы, іх стае́ толькі на тое, каб рука не выпусціла пісталет.

Душа мастака бунтавала супроць спакойнага жыцця ў замежжы. Ён кінуў выклік лёсу і перайшоў расейскую мяжу, але апынуўся ў руках жандараў. Андрыёлі на пяць гадоў выслалі ў паўночны горад Вятку. Няўрымслівай натуры Міхала гэтыя гады здаваліся цэлай вечнасцю. Ратавала творчасць і заняткі са здольнымі мясцовымі юнакамі Віктарам і Апалінарыем Васняцовымі. Яны стануць мастакамі і будуць з удзяснасцю згадваць першага настаўніка.

Жыць у беларускіх губернях пасля высылкі Міхалу Андрыёлі было забаронена, і ён пасяліўся ў Варшаве. У той час мастак стварыў ілюстрацыі да паэмаў Адама Міцкевіча «Конрад Валенрод» і «Пан Тадэвуш», да кніг Уладзіслава Сыракомлі, Язэпа Крашэўскага, Элізы Ажэшкі. З-пад ягонага пэндзля і алоўка выходзяць партрэты Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касцюшкі, Яна Снядэцкага, Францішка Багушэвіча, з якім Міхал у 1863-м ваяваў у адным аддзеле. Вабіла мастака і даўняя гісторыя, адлюстраваная на карцінах «Смерць князя Кейстута», «Бітва ліцьвінаў з крыжакамі», «Гусляр», «Хрышчэнне ліцьвінаў».

Да мастака прыйшла еўрапейская слава, і яго запрасілі ў Парыж ілюстраваць кнігі Віктора Гюго, Уільяма Шэкспіра, Аляксандра Дзюма, Ганса Хрысціяна Андэрсана. Усеагульнае захапленне выдаўцоў і чытачоў выклікалі 150 малюнкаў да рамана Фенімора Купера «Апошні з магіканаў». Цяжка было паверыць, што мастак зрабіў іх усяго за чатыры месяцы. Замоваў у Андрыёлі было столькі, што ён адмовіўся, напрыклад, ад ілюстравання «Трох мушкецёраў». Парыжскія газеты часта параўноўвалі нашага суайчынніка са слынным французскім мастаком-графікам Густавам Дарэ. Міхал мог бы застацца ў Парыжы, але яго неадольна цягнула бліжэй да родных лясоў і рэк.

Героямі Міхала Андрыёлі найчасцей былі асобы, надзеленыя шляхетным рыцарскім духам. Па-рыцарску прайшоў жыццёвы шлях і ён сам — італьянец, якога Беларусь зрабіла сваім мастаком.


Альхімовіч і «Пахаванне Гедзіміна»

Казік Альхімовіч вучыўся ў Віленскай гімназіі, дзе вялікую ўвагу надавалі мастацкай адукацыі. У дваццаць два гады ён стаў паўстанцам-каліноўцам і маляваць мог толькі на кароткіх прывалах і ў перапынках паміж баямі. Потым былі шэсць гадоў сібірскай высылкі і забарона жыць на радзіме. Між тым Казімір упарта ішоў да мэты стаць мастаком.

Поспех Альхімовічу падаравала першая ж варшаўская выстава, дзе ён паказаў навеяныя цяжкімі сібірскімі ўспамінамі карціны «Смерць у выгнанні» і «Хаўтуры на Урале». Затым Альхімовіч паступіў у Мюнхенскую Акадэмію мастацтваў. Там творы беларускага жывапісца адзначылі некалькімі залатымі і срэбнымі медалямі. Чатыры гады Казімір працаваў і меў адданых прыхільнікаў у тагачаснай мастацкай сталіцы свету — Парыжы.

Галоўнай тэмаю Казіміра Альхімовіча стала мінулае Літвы-Беларусі, якую ён ведаў не горш за гісторыкаў. Гэта засведчылі карціны «Вешчуны», «Смерць князя Міхала Глінскага ў вязніцы», «Пасля бітвы». Самае значнае гістарычнае палатно майстра — «Пахаванне Гедзіміна». На ім ваяры нясуць забітага крыжакамі вялікага князя. Услед у доўгім белым адзенні ідуць простыя людзі. Для іх гэта таксама велізарная страта. Здаецца, смуткуюць нават вячыстыя дубы і нізкія хмары…

Карціна выстаўлялася на шматлікіх еўрапейскіх і амерыканскіх выставах, здабыла высокія ўгнагароды ў Варшаве, Вене, Львове, Сан-Францыска. Цяпер «Пахаванне Гедзіміна» ў Нацыянальным музеі ў Кракаве.

Казімір Альхімовіч ствараў дзеля будучыні Айчыны. Варшаўскія калегі мастака ўспаміналі, што ён «усёй душой любіў сваю краіну таямнічых бароў, людзей у палатняным адзенні і гаварыў на роднай яму мове».


* * *

У ХІХ стагоддзі ў выяўленчым мастацтве плённа працавалі і многія іншыя ліцьвіны-беларусы. Батальныя карціны ствараў Януар Сухадольскі. Майстрам нацюрморта і партрэта стаў Іван Хруцкі. Цудоўна валодаў не толькі жывапісам, але і мастацтвам мазаікі Мікадзім Сілівановіч, які аздабляў Ісакіеўскі сабор у Пецярбурзе. Наведнікі мастацкіх музеяў сёння захапляюцца краявідамі Апалінара Гараўскага, Генрыка Вейсенгофа і Станіслава Жукоўскага. Адметныя творы пакінулі Канут Русецкі, Язэп Пешка, Міхал Кулеша.

«Беларускім па́нам» любіў называць сябе скульптар і мастак Міхаіл Мікешын. Ён — аўтар помнікаў1000-годдзю Русі ў Ноўгарадзе і Багдану Хмяльніцкаму ў Кіеве. Мікешыну належыць і вялікі цыкл малюнкаў з жыцця землякоў-беларусаў Рослаўскага павета Смаленскай губерні. (Цяпер родная вёска майстра — Максімаўка ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласьці.)

Насуперак каланіяльнаму ўціску мастакі Літвы-Беларусі выходзілі на новыя творчыя абсягі. Разам з вучонымі і пісьменнікамі яны набліжалі нацыянальнае адраджэнне.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: