Шляхецкая вёска Альпень, дзе ніколі не было прыгоннага права

На паўднёвым захадзе Беларусі, на Століншчыне, ёсць невялікая палеская вёсачка Альпень. Знакамітая яна тым, што некалі была амаль цалкам шляхецкая, тут не было прыгоннага права. Але гэта не адзінае, чым дасюль ганарацца мясцовыя жыхары – нашчадкі шляхецкіх родаў, піша Белсат.
Фота Івана Ляшкевіча

Фота Івана Ляшкевіча

2019 год тройчы юбілейны для шляхецкай вёсачкі: 540 гадоў вёсцы, 135 гадоў з дня адкрыцця школы пісьменнасці, дзе тады вучылася 20 хлопчыкаў, і 50 гадоў з дня пабудовы Альпеньскага сельскага клубу, на якім усталяваная памятная табліца Дуніну-Марцінкевічу. Мясцовыя жыхары ганарацца тым, што гэты знакаміты чалавек пабываў на іх радзіме.

У сярэдзіне XIX стагоддзя Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч знайшоў у ваколіцах вёскі Альпень вобразы сваіх літаратурных герояў – персанажаў несмяротнай камедыі «Пінская шляхта», распавёў belsat.eu настаўнік, краязнаўца Іван Ляшкевіч.

«У 1849 годзе аўтар быў у нашых месцах. Пацверджанне гэтаму – верш «Вясна», падпісаны «Альпень, мая 12 дня 1849 году». Другі верш, «Прыпяць», напісаны на другі дзень, мае пазнаку «На водах Прыпяці», – кажа Іван Ляшкевіч.

Першая згадка пра вёску Альпень – 1479 год. Тады княгіня Ганна, удава князя Свідрыгайлы, падарыла Альпень Ляшко-Зіновіч-Альпенскаму. Наступныя звесткі адносяцца да 1503 г. У 1513-м князь Яраслававіч падарыў Альпень Івану Цюхай-Ліпскаму. У 2017 годзе тут мясцовыя жыхары адкрылі першы і адзіны ў Беларусі Музей шляхціча.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!