На Старажоўскія могілкі вярнулі старадаўні артэфакт (фота)

Валанцёры знайшлі і вярнулі на месца старую надмагільную пліту з разбураных Старажоўскіх могілак.
Знойдзенае на беразе Свіслачы надмагілле

Знойдзенае на беразе Свіслачы надмагілле

Артэфакт — надмагільны помнік палкоўніку Васілю Сінецкаму, які памёр у 1901 годзе, — на беразе Свiслачы ў раёне вулiцы Дзянiсаўскай яшчэ ў сакавіку знайшоў знаўца гісторыі Дзмітрый Навумаў. Як пазней выявілася, помнік выконваў ролю агароджы на адным з двароў па Сакалянскiм завулку. Але два гады таму гаспадар вырашыў усё ж пазбавiцца сумнiўнага матэрыялу. I проста звез яго да рэчкi.

Помнік падпіраў плот. Фота з фэйсбука Дзмітрыя Навумава

Дзмітрый выклаў фота знаходкі ў фэйсбук, і допіс заўважыў гісторык і арганізатар абароны Вайсковых могілак Павел Каралёў. Ён не змог прайсці міма помніка і вырашыў вярнуць яго на верагоднае месца колішняга знаходжання — Старажоўскія могілкі. Раней гэта быў адзін з галоўных праваслаўных некропаляў Мінска, а цяпер ад яго засталося некалькі надмагілляў, што захоўваюцца на тэрыторыі царквы Марыі Магдаліны.

Усё, што засталося ад Старажоўскіх могілак

Усё, што засталося ад Старажоўскіх могілак

Месца верагоднае, бо ў Мінску былі яшчэ адны буйныя праваслаўныя могілкі — Вайсковыя і, тэарэтычна, надмагілле магло стаяць там. Але малаверагодна, што нехта скраў пліту з Вайсковых. Іншая справа — Старажоўскія, якія ў пасляваенныя гады зачышчалі, і помнікі проста выкідалі, вывозілі ці раскрадалі. Таму вяртаць надмагілле Васіля Сінецкага вырашылі менавіта сюды.

— Я пазваніў у аддзел культуры Ленінскага раёна, і ў нейкім сэнсе там дапамаглі — далі кантакты Ленінскага рамаўтадара, які забраў помнік на часовае захоўванне. Два месяцы ён знаходзіўся там, пакуль мы думалі, як яго перавезці, — распавядае Павел Каралёў.

Праблема заключалася ў тым, што знайшлі надмагілле на тэрыторыі Ленінскага раёна, а перавезці яго трэба было ў Цэнтральны. Супрацоўнікі рамаўтадара маглі толькі прывезці пліту, але не ўстанаўліваць. Перамовы з адміністрацыяй Цэнтральнага раёна ішлі доўга: чыноўнікі не былі супраць устаноўкі помніка, але ні тэхнікі, ні фінансавай дапамогі аказаць не змаглі. Настаяцель царквы Марыі Магдаліны, на тэрыторыю якой планавалася паставіць надгробак, таксама вітаў гэтую справу, але ж фактычна дапамагчы ніяк не мог.

Яшчэ адна складанасць была ў тым, каб перавезці пліту вагой у 600 — 700 кг і не пашкодзіць тэхнікай іншыя помнікі, а таксама дрэвы і агароджу на царкоўнай тэрыторыі. Перабіраліся ідэі з кранам, пагрузчыкам, маніпулятарам, але ўсё гэта ў выніку не падыходзіла.

— Урэшце атрымалася ледзь не ручная праца, — гаворыць Павел. — Мы прыехалі забіраць помнік на машыне з бартамі, пагрузілі яго на рохлю, прывезлі, і пры дапамозе той жа рохлі, сантыметр у сантыметр паміж бардзюрамі, выгрузілі.
Перавозка і ўстаноўка пліты. Фота з фэйсбука Паўла Каралёва

Тэхніку для перавозкі пліты і яе ўстаноўкі валанцёрам давялося шукаць і аплочваць самастойна. Пацягнула гэтая справа, ні многа ні мала, на 200 рублёў. Дзве жанчыны зрабілі ахвяраванні, астатняе — 130 рублёў — Павел Каралёў аплаціў за кошт сродкаў, сабраных з экскурсій «Мінск Хрысціянскі», якія ён перыядычна праводзіць.

Помнік заняў сваё месца на могілках

Увогуле, гісторык імкнецца арганізаваць рух, які будзе дапамагаць беларусам вырашаць розныя справы талакой, як гэта было спрадвеку. Ён нават стварыў суполку ў фэйсбуку, якая так і называецца — «Этна-рух: беларуская талака». Карані яе ідуць з часоў таварыства па ахове помнікаў «Этна», што з 2003 года дзейнічала на базе Універсітэта культуры і мастацтваў. І цяпер, калі некаму патрэбная дапамога ў сферы мовы, гісторыі, культуры, веры — яе можна знайсці (альбо прапанаваць) у «Этна-руху».

— Гэта дапамога ў рэалізацыі добрых справаў. Тут можна знайсці ці прапанаваць досвед, кантакты, транспарт, парады — і дзякуючы гэтаму можна горы звярнуць, — перакананы Павел.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!