Трагедыя 1939 праз людскія лёсы. Працяг

Чым больш пагружаюся ў вывучэнне гісторыі сталінскіх злачынстваў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, тым больш жахаюся таму, з якой жорсткасцю там адбывалася саветызацыя. Рабаваліся замкі, касцёлы, цэрквы, шляхецкія фальваркі. Арыштоўваліся людзі, так ці інакш звязаныя з польскай дзяржаўнай інфраструктурай. Кепска прыйшлося тым, каго бальшавіцкая ўлада адносіла да памешчыкаў і капіталістаў. У гэтым артыкуле я прывяду некалькі рэальных гісторый, якія дэманструюць трагедыю грамадзян, якія аказаліся ў руках савецкіх улад пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад СССР.

Чым больш пагружаюся ў вывучэнне гісторыі сталінскіх злачынстваў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, тым больш жахаюся таму, з якой жорсткасцю там адбывалася саветызацыя. Рабаваліся замкі, касцёлы, цэрквы, шляхецкія фальваркі. Арыштоўваліся людзі, так ці інакш звязаныя з польскай дзяржаўнай інфраструктурай. Кепска прыйшлося тым, каго бальшавіцкая ўлада адносіла да памешчыкаў і капіталістаў. У гэтым артыкуле я прывяду некалькі рэальных гісторый, якія дэманструюць трагедыю грамадзян, якія аказаліся ў руках савецкіх улад пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад СССР.

Аднымі з тых, хто стаў ахвярамі бесчалавечнай сталінскай сістэмы, былі прадстаўнікі знакамітага шляхецкага роду Гартынгаў са Снову. У 1854 годзе ўласнікам сноўскага маёнтку стаў барон Густаў Гартынг. У 1925 годзе яго сын Генрых прадаў польскай дзяржаве частку зямельнай маёмасці і стары палац Рдултоўскіх. У 1929-м там быў праведзены капітальны рамонт пад кіраўніцтвам архітэктара Тадэвуша Навакоўскага. Пасля гэтага ў будынку размясцілася сядзіба Корпусу аховы памежжа. Там знаходзіліся кватэры афіцэраў КАП, канцылярыя, афіцэрскі клуб. Каля палацу пабудавалі казармы для батальёну польскіх памежнікаў.

Сям’я Гартынгаў пераехала ў свой асабняк, які знаходзіўся недалёка ад палацу. Густаў Гартынг меў чатырох сыноў — Марцэлія, Рэнэ, Міхала і Антонія. Першы з іх нарадзіўся ў 1904 годзе ў Ніцы, атрымаў добрую адукацыю, працаваў эканамістам. Вайсковую службу праходзіў у 3-м танкавым палку Войска Польскага ў званні падпаручніка. Па ўспамінах праўнучкі Марцэлія Гартынга, якая зараз жыве ў Францыі, Рэнэ жыў у сваім маёнтку непадалёку ад Снова, Антоні — у 30-ці кіламетрах ад Нясвіжа, а Міхал памёр у дзяцінстве. На жаль, успаміны пра жыццё Гартынгаў у 1930-х гадах не захаваліся. Аднак здымкі, на якіх мы бачым легкавыя аўтамабілі, добра апранутых людзей, сведчаць пра тое, што Гартынгі не бедавалі.

 

Браты Марцэлі (у вайсковым мундыры), Рэне і Антоні Гартынгі

 

Сям'я Гартынгаў, 1937 г.
 

Дачка Марцэлiя Гартынга

 

Жонка Марцэлія Гартынга


1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Яшчэ ў сакавіку 1939-га, падчас скрытай мабілізацыі, батальён КАП «Сноў» быў перакінуты на Захад Польшчы і разам з іншымі памежнымі адзінкамі ўвайшоў у склад Арміі Кракаў. У «ўсходніх крэсах» засталіся тылавыя часткі і мабілізацыйныя цэнтры. Хутчэй за ўсё, у адной з такіх тылавых вайсковых адзінак, размешчаных у Снове, служыў і Марцэлі Гартынг. Чырвоная Армія ўвайшла ў Сноў 17 верасня 1939 года. Адразу ж пачаліся арышты польскіх паліцэйскіх і афіцэраў. У рукі НКУС трапіў і Марцэлі. Праз некалькі дзён яго жонка Станіслава разам з двума дзецьмі спешна пакінула Сноў і выехала ў акупаваную нацыстамі Варшаву. Разам з іншымі арыштаванымі польскімі афіцэрамі і паліцэйскімі Марцэлі Гартынг трапіў у Казельскі лагер для польскіх ваеннапалонных. У красавіку 1940 года ён быў расстраляны ў Катыні. Як адзначае кіраўнік польскай камісіі расійскай праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» Аляксандр Гур’янаў, прозвішча падпаручніка Марцэлія Гартынга значыцца ў адным з прадпісанняў Упраўлення НКУС па справах ваеннапалонных начальніку Казельскага лагеру аб адпраўцы чарговай групы ваеннапалонных у распараджэнне начальніка ўпраўлення НКУС па Смаленскай вобласці. Па сутнасці гэта былі расстрэльныя спісы. Вось так скончылася жыццё аднаго з уладальнікаў Сноўскага маёнтка. У сваю чаргу, Рэнэ Гартынг прапаў без вестак пасля 17 верасня 1939 года. Хутчэй за ўсё, ён быў забіты людзьмі з чырвонымі апаскамі на рукавах. Толькі Антонію пашчасціла ўратавацца і выехаць з ахопленай вайной Еўропы ў Аргенціну.

Зараз прадстаўнікі роду Гартынгаў жывуць у розных краінах. У Францыі, Польшчы, Аргенціне. Але ўсе яны ў думках вяртаюцца ў Беларусь. У маленькае мястэчка Сноў. Туды, дзе было іх радавае гняздо.

Канстанцін Рдултоўскі
 



Не менш трагічная гісторыя і ў яшчэ аднаго ўплывовага заходнебеларускага землеўласніка Канстанціна Рдултоўскага. Увогуле, гэты чалавек з’яўляецца знакавай фігурай для Заходняй Беларусі. Беларускі шляхціц нарадзіўся ў 1880 годзе ў маёнтку Чарнігаў-Горны ў Навагрудчыне. Скончыў гімназію ў Мінску і атрымаў вышэйшую адукацыю ў Варшаўскай палітэхніцы. У 1919–1920 гадах Рдултоўскі быў Баранавіцкім і Стаўбцоўскім павятовым старастам. Займаўся развіццём сельскай гаспадаркі на заходнебеларускіх землях. У 1928 годзе землеўласнік быў абраны дэпутатам Сейма ІІ Рэчы Паспалітай. З 1930 па 1938 гады быў сенатарам ад Навагрудчыны ў вышэйшай палаце польскага парламента. У гэты ж час Рдултоўскі ўзначальваў Віленскую сельскагаспадарчую палату. 4 кастрычніка 1939 года ён быў арыштаваны НКУС і змешчаны ў турму ў Баранавічах. У красавіку 1940 года, у адпаведнасці з загадам Лаўрэнція Берыі № 00350 «Аб разгрузцы турмаў НКУС УССР і БССР», землеўласніка з Навагрудчыны этапавалі ў Мінск.

Польская ваенная карта з указаннем Нясвіжа і Снова, 1934 г.



У варшаўскім «Усходнім архіве» даследчыцкага цэнтра «Карта» я знайшоў дзённік Канстанціна Рдултоўскага. Звернемся да гэтага дакумента: «1 красавіка 1940 года каля 10–11 гадзін раніцы мы прыехалі ў Мінск. Нас вывелі з вагонаў і пасадзілі ў грузавыя машыны. Праехалі міма помніка Леніну, каля касцёла Св. Сымона і Алены, пабудаванага калісьці мінскім шляхціцам Эдвардам Вайніловічам, грузавік рэзка павярнуў налева, і неўзабаве мы апынуліся каля старой турмы. Сярод тых, хто ехаў са мной, было шмат знаёмых з Гродна і Ваўкавыска. Нас правялі на апошні паверх, і 120 чалавек змясцілі ў адну камеру. Людзі думалі, што гэта на час. Аказалася, што назаўсёды. На кожнага чалавека прыходзілася прыкладна 40 см вольнага месца. Было горача, не хапала паветра. Пазней нас сталі выводзіць на шпацыры. Кармілі хлебам і вадой з нейкай травой. Наглядчыкі называлі гэта пітво «гарбатай».

Сядзіба KАП у былым палацу Гартынгаў у Снове, 1934 год



Сярод зняволеных было шмат землеўласнікаў, асаднікаў, паліцэйскіх, афіцэраў Войска Польскага. Людзі казалі, што ў суседняй камеры сядзелі некалькі польскіх генералаў. Пад нашай камерай знаходзіліся кабінеты следчых, дзе арыштаваных дапытвалі. Часта адтуль даносіліся чалавечыя крыкі. Некаторыя са зняволеных не вытрымлівалі пабояў, гублялі розум. Часта арыштантаў выклікалі з камеры «з рэчамі». Больш мы гэтых людзей не бачылі. На іх месца прыводзілі новых зняволеных.

Праз два тыдні пасля знаходжання ў мінскай турме мне зачыталі прысуд. За тое, што я быў землеўласнікам і «эксплуатаваў» 111 чалавек, мяне асудзілі на 8 гадоў папраўчых работ».

28 красавіка 1940 года Канстанцін Рдултоўскі быў асуджаны па артыкуле 74 УК БССР за контррэвалюцыйную дзейнасць і высланы ў Карагандзінскі лагер. Аднак сенатару з Заходняй Беларусі ў нейкім сэнсе пашанцавала. 30 жніўня 1941 года яго вызвалілі, і хутка разам з іншымі суайчыннікамі ён аказаўся ў Іране.


На жаль, не ўсе вераснёўскія гісторыі заканчваліся «хэпі-эндам». Часцей польскія грамадзяне, арыштаваныя ў Заходняй Беларусі, станавіліся ахвярамі сталінскай рэпрэсіўнай сістэмы. У свой час у беларускім грамадстве даволі галосна абмяркоўвалася прапанова надання даце «17 верасня» святочнага статусу. Безумоўна, у верасні 1939 года адбылася лёсавызначальная падзея аб’яднання беларускіх зямель у адну дзяржаву. Аднак пры гэтым нельга забываць, якім чынам гэтае «аб’яднанне» адбывалася і колькі жыхароў Заходняй Беларусі, у тым ліку беларускага паходжання, трапілі ў спісы «ворагаў» савецкай улады і заплацілі сваім жыццём за геапалітычныя ігры Сталіна і Гітлера.

Аўтар выказвае шчырую падзяку Віталю Бядрыцкаму (Беларусь), Манке Серакоўскай (Францыя) і даследчыцкаму цэнтру «Карта» (Польшча) за прадастаўленыя архіўныя матэрыялы.

Свае меркаванні, а таксама інфармацыю па гісторыі сталінскіх злачынстваў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939–1941 гадах можна дасылаць на электронны адрас аўтара: katyn_blr@gazeta.pl

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: