У Гомелі прэзентавалі фільм пра рэпрэсаванага архітэктара Шабунеўскага

У Гомелі на курсах «Мова нанова» прадставілі дакументальны фільм «Рэпрэсаваная архітэктура». Стужка прысвечаная таленавітаму архітэктару Станіславу Шабунеўскаму і ягонай спадчыне, паведамляе «Радыё Свабода».
Станіслаў Шабунеўскі

Станіслаў Шабунеўскі

Будынкі Шабунеўскага стварылі адметнае аблічча Гомеля ў даваенны час. Архітэктар быў рэпрэсаваны і, напэўна, расстраляны ў 1937 годзе.

Аўтары 40-хвіліннага фільму — архітэктар Сяргей Ляпін і гісторык і журналістка Марыя Булавінская. Над стужкай яны працавалі каля года. Дапамагалі ў стварэнні фільма 3D-візуалізатары, культуролагі, мастак і гісторыкі.
На прэзентацыю фільма прыйшлі каля сотні гамельчукоў

Ідэя праекту — апавесці пра лёс таленавітага творцы і яго спадчыны, стварыць у 3D і паказаць будынкі, якія спраектаваў Станіслаў Шабунеўскі. Аўтары фільму знайшлі ў віленскіх архівах планы гомельскіх будынкаў, якія спраектаваў славуты архітэктар.

«Часткова гэтыя будынкі захаваліся. Але пасля вайны яны былі змененыя ці перабудаваныя да непазнавальнасці. Паўз іх мы ходзім штодзень і не ведаем, што яны маюць дачыненне да славутага архітэктара», — зазначыла Марыя Булавінская.
Марыя Булавінская

Марыя Булавінская

Нечаканым адкрыццём падчас працы над фільмам стала тое, што бабруйскі касцёл пабудаваны па праекце Станіслава Шабунеўскага. Аўтары стужкі разглядалі альбом паплечніка архітэктара са старымі здымкамі, сярод якіх убачылі від на нейкі горад з вышыні птушынага палёту. Гэта быў Бабруйск. Здымак быў зроблены са званіцы касцёла. З' явілася здагадка, што аўтар праекту культавага будынка — Станіслаў Шабунеўскі.

У 60-х савецкія ўлады знішчылі званіцу касцёла і забудавалі яго безгустоўным 5-павярховым будынкам. У такім стане храм дагэтуль. Цяпер за аддзяленне касцёла ад будынка савецкага часу змагаюцца вернікі. Ранейшы выгляд храма адноўлены ў 3D і ўключаны ў стужку.

«Мы ведаем хіба толькі палову праўды пра лёс архітэктара. Па ранейшай інфармацыі, ён быў рэпрэсаваны ў 1931 годзе і памёр ці загінуў у 1937 годзе. Цяпер у нас ёсць інфармацыя, што Станіслаў Шабунеўскі ў сярэдзіне 30-х гадоў быў амніставаны. Але ў 1937 годзе за ім зноў прыйшлі з НКУС і расстралялі — у Гомелі ці Мінску. Пакуль мы гэтага не ведаем дакладна, бо архівы КДБ закрытыя для нас», — дадала Марыя Булавінская.Пацверджанне версіі знайшлі ў польскай газеце за 1903 год.
Сяргей Ляпін

Сяргей Ляпін

Сяргея Ляпіна падчас працы над праектам уразіла «расшыфроўка» тых аб'ектаў архітэктара, якія захаваліся часткова ці ўвогуле былі знішчаны часам і людзьмі.

«Каб пракруціць 12 секунд гэтае хараство ў 3D, трэба было два ці тры месяцы разгадваць па цаглінцы сістэму дэкору. Падчас гэтай працы можна адчуць, як сам Шабунеўскі больш за стагоддзе таму ствараў гэты праект, прадумваў прапорцыі, дэкор. Гэта вельмі цікава», — зазначыў архітэктар.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!