У Гродна знайшлі пячатку Уладзіміра Манамаха

Некалькі дзён таму мінскі археолаг Іван Спірын падчас работ на Новым замку ў Гродна знайшоў віслую пячатку, якую смела можна аднесці да першых гадоў існавання горада.
Такія свінцовыя пячаткі заціскаліся на шнурках прымацаваных да дакументаў, напрыклад лістоў. З пячаткай будуць працаваць спецыялісты, але ўжо можна меркаваць, што яна належыць князю Уладзіміру Манамаху, бацьку гродзенскай князёўны Агаф’і. На адным баку выява Васілія Кесарыйскага (нябеснага апекуна Манамаха, які таксама меў імя Васілій) а з другога богу надпіс на старажытнарускай мове з просьбай аб Божай дапамозе. Такія пячаткі адносяцца да позняга перыяду ўлады Уладзіміра Манамаха (пасля 1113 г.).



У 1116 годзе вялікі кіеўскі князь Уладзімір Манамах выдаў сваю дачку Агаф’ю за князя Усеваладку Давыдавіча. Князь Усевалад (Усеваладка) і згадваецца як гродзенскі князь у 1127 годзе — годзе першага летапіснага ўспаміну пра Гродна.

Паводле museum-grodno.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!