У Кобрыне ўшанавалі памяць абаронцаў гораду 1939-га

1 верасня ў дзень 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны жыхары Кобрына ўшанавалі памяць абаронцаў гораду ад нацыстаў у верасні 1939 года.

 Мемарыял ахвярам Другой сусветнай вайны ў Кобрыне

З ініцыятывы грамадскага дзеяча Аляксандра Меха ля касцёлу Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі сабраліся гараджане, у тым ліку мясцовыя гісторыкі і краязнаўцы, якія займаюцца вяртаннем у грамадскую свядомасць падзеяў гераічнай абароны гораду 14–18 верасня 1939-га, а таксама госці з Любліну (Польшча).

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанне высвятлення абставінаў гібелі перапахаваных каля касцёлу 62 грамадзян Рэчы Паспалітай — ахвяраў Другой сусветнай вайны, у асноўным — мясцовых жыхароў. Сярод іх — забітыя польскія дзяржаўныя службоўцы і палеглыя ў баях за горад вайскоўцы з дывізіі “Кобрынь” Войска Польскага.

Ускладанне кветак да мемарыялу


У палеміцы “Хто ж пахаваны ля касцёлу?” удзельнічалі гісторык Ірына Сіманава, краязнаўцы Алесь Мех і Эдуард Блюднік, а таксама аўтар гэтага артыкулу.

У выніку сустрэчы яе ўдзельнікі прыйшлі да наступных высноваў.

Супраць 19-га танкавага корпусу вермахту генерала Гейнца Гудэрыяна за горад змагалася дывізія “Кобрынь” пад камандаваннем палкоўніка Адама Эплера. У склад дывізіі ўваходзілі 79, 82, 83 і 84 пяхотныя палкі і народнае апалчэнне, роты выведнікаў і цяжкіх кулямётаў, роварны і кавалерыйскі ўзводы, тры конныя абозы (збройны, санітарны і транспартны), артдывізіён з чатырох 75-мм гарматаў і шасці 100-мм гаўбіц, а таксама лазарэт.

Паколькі дывізія была сфарміраваная, у асноўным, з рэзервістаў вышэй пазначаных тэрытарыяльных вайсковых частак, горад баранілі жыхары краю, сярод якіх было шмат беларусаў. Сярод афіцэраў дывізіі былі “балахоўцы”, якія ваявалі ў добраахвотніцкіх атрадах польскай арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча ў 1920 годзе.  

Хоць раён баявых дзеянняў дывізіі ахопліваў тэрыторыю ад Відамлі да Пружанаў, яе галоўнымі задачамі былі абарона Кобрына і подступаў да яго з боку Брэсцкай шашы, а таксама да Каналу каралевы Боны і чыгуначнага мосту праз раку Мухавец на ўсход ад горада.

З 15 па 18 верасня 1939-га дывізія “Кобрынь” вяла бязлітасныя баі за горад, часам пераходзіла ў контратакі, выбівала нацыстаў з іх пазіцый, нішчыла і захоплівала зброю агрэсара. У сваім дзённіку адзін з нямецкіх салдатаў, што ўдзельнічалі ў бітве за Кобрын, напісаў: “З нас, бадай што, няма ніводнага, хто б ні аддаў належнае мужнасці і адвазе праціўніка, які бараніў гэты горад”.  Выключную стойкасць яго абаронцаў засведчыў і выбітны нямецкі генерал-танкіст Гейнц Гудэрыян. У сваіх мемуарах ён узгадваў пра тое, што яго корпусу давялося весці цяжкія баі пад Кобрыням.

 Мемарыял ахвярам Другой сусветнай вайны ў Кобрыне


Сярод загінулых яго абаронцаў было шмат апалчэнцаў у цывільным — пры гальштуках і ў гарнітурах. У гарадскім парку ляжалі абгарэлыя парэшткі вайскоўцаў побач з карабінамі. Пры спробе нацыстаў увайсці ў сядзібу гаспадара маёнтку Губерня Тадэвуша Зялінскага, дзе знаходзіўся лазарэт, пан Тадэвуш пачаў адстрэльвацца з паляўнічай стрэльбы, забіў нямецкага афіцэра, але сам загінуў і быў пахаваны пад ліпай побач са сваёю сядзібай…

Адразу пасля баёў за горад кобрынскі ксёндз Ян Вольскі склаў спісы загінулых абаронцаў гораду, а мясцовая моладзь пахавала 13 сваіх землякоў на старых каталіцкіх могілках каля Петрапаўлаўскай царквы. Спіс Яна Вольскага перахавала легендарная кабрынчанка Арыядна Тэлеман, а яго копію мне перадала гісторык места Ірына Сіманава. Натуральна, у спісе шмат асобаў з беларускімі прозвішчамі…

Удзельнікі ўшанавання памяці абаронцаў гораду ад нацыстаў у верасні 1939 года

У сітуацыі, калі Чырвоная Армія ў ноч на 17 верасня перайшла савецка-польскую мяжу, абаронцы Кобрына вымушаны былі пакінуць свой родны горад.

Мясцовыя харцары збіралі параненых землякоў і пераносілі іх у гарадскі шпіталь па вуліцы Легіёнаў (зараз у будынку СШ №1 па вуліцы Савецкай) ці ў другі шпіталь па вуліцы 3 Траўня (зараз аднапавярховы шматкватэрны жылы дом па вуліцы Першамайскай, 60). Аднак пасля таго, як горад перайшоў да Саветаў, параненыя абаронцы гораду зніклі са шпіталя. Ёсць сведчанні, што яны былі закапаныя на палях…

Згодна з ўспамінамі старажыла Кобрына фатографа Леанарда Церпілоўскага, пасля баёў у верасні 1939-га мясцовыя жыхары Хмялеўскі, Бартысевіч і Гурскі на кані апошняга звозілі забітых да Петрапаўлаўскай царквы. На пачатку 1990-х гадоў сын Бартысевіча паказаў Церпілоўскаму месцы пахаванняў забітых абаронцаў гораду ў адзіночных і групавых магілах, пра што даведаўся ад свайго бацькі. Першае месца сын Бартысевіча лакалізаваў у гарадской забудове за будынкам сённяшняй СДЮШАР Кобрынскага раёна па вуліцы Дзяржынскага, другое — на паўднёвым захадзе гарадскога  парку імя Аляксандра Суворава каля грамадскіх прыбіральняў, а трэцяе — каля танцпляцоўкі ў гэтым жа парку. Пасля таго, як пра гэта ад Церпілоўскага дазнаўся месціч Віктар Панасюк, ён безвынікова звярнуўся ў Кобрынскі райваенкамат з заявай пра неабходнасць правядзення пошукавых працаў. І толькі пасля паўторнага лісту Церпілоўскага з Панасюком у РВК у 2008 годзе іхны зварот быў задаволены.

Пад кіраўніцтвам прадстаўніка Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы, прафесара археалогіі Торуньскага ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка Анджэя Колы раскопкі з эксгумацыяй парэшткаў вайскоўцаў і іх ідэнтыфікацыяй правялі вайскоўцы 52-га асобнага пошуковага батальёну Міністэрства абароны Беларусі. Прычым у сваёй працы археолагі абапіраліся на спіс Яна Вольскага і асабістыя жэтоны вайскоўцаў, якія знайшлі сярод астанкаў абаронцаў гораду.

Так, разам з парэшткамі 13 пахаваных ля Петрапаўлаўскай царквы былі знойдзеныя асабістыя жэтоны жаўнераў Станіслава Матыкі і Людвіка Ліпы, а таксама капрала Эварыста Зайкоўскага. Астанкі афіцэра запасу Тадэвуша Зялінскага знайшлі пад ліпай на месцы ягонага пахавання ля маёнтку Губерня і таксама перанеслі да мемарыялу ля касцёла.

На гэтым месцы на старых каталіцкіх могілках ля Петрапаўлаўскай царквы з 1939 па 2008 гады знаходзілася пахаванне 13 абаронцаў гораду ад нацыстаў у 1939-м

Каля рыма-каталіцкай святыні перапахавалі і знойдзеных у рове ля могілак вёскі Падзяменне Гарадзецкага сельсавету Кобрынскага раёна. Прычым у гэтым месцы сярод парэшткаў 42-х польскіх вайскоўцаў і цывільных асобаў узростам ад 20 да 55 гадоў былі выяўленыя астанкі трох жанчын. Яны сталі ахвярамі злачынных дзеянняў пад Кобрынам так званага “атрада самаабароны” Савы Дранюка, які цягам некалькіх тыдняў рабаваў і забіваў польскіх вайскоўцаў, супрацоўнікаў дзяржаўная паліцыі і мірнае насельніцтва.

Напрыканцы пошуку былі знойдзены парэшткі брыгаднага генерала Войска Польскага Станіслава Салагуба-Давойны, які пасля выхаду на пенсію з 1936 года жыў у маёнтку Зёлава (зараз вёска ў Імянінскім сельсавеце Дарагічынскага раёну Берасцейшчыны) сваёй жонкі княгіні Вольгі Даўгарукай. Па першай версіі, генерала забіў савецкі афіцэр, а па другой — мясцовыя сяляне падчас рабавання маёнтку Зёлава. Згодна з легендай, у 1941 годзе першае следства па забойству генерала правяло нямецкае гестапа, якое знайшло і расстраляла забойцаў Станіслава Салагуба-Давойны.

Апошнім у мемарыяле ля касцёлу на пачатку 2010-х гадоў быў пахаваны жаўнер Антоні Марціняк, парэшткі якога, верагодней за ўсё, былі знойдзеныя ў Жабінкаўскім раёне Брэстчыны.   

Госці Кобрына з Любліну (Польшча)



Разам з тым, археолагі так і не знайшлі парэшткі многіх палеглых у баі вайскоўцаў дывізіі  “Кобрынь”. Гаворка ідзе пра чатырох жаўнераў, якія згодна спісу Яна Вольскага пахаваныя ля шпітальнай капліцы; пра вайскоўцаў, хто, па высновах мясцовага краязнаўцы светлай памяці Ніны Марчук, дагэтуль ляжаць у брацкай магіле, арыенцірам якой з’яўляюцца тры старыя дрэвы каля танцпляцоўкі ў гарадскім парку, а таксама ў закінутых акопных магілах каля Каналу каралевы Боны і пад шашой Мінск—Брэст ля вёскі Буховічы (зараз цэнтр сельсавету Кобрынскага раёна). У апошнім выпадку вядзецца пра месца забойства каля дзесяці афіцэраў штабу 83-га пяхотнага палку імя Рамуальда Траўгута.

Паводле Алеся Меха, у 2005–2007 гадах на полі між Каналам каралевы Боны і шашой Мінск—Брэст, з усходняга боку цяперашняга будынку Кобрынскага ўпраўлення магістральных газаправодаў па завулку Газавым, мясцовыя жыхары капалі пясок — і на невялікай глыбіні знайшлі шмат чалавечых парэшткаў. Верагодней за ўсё, гэта астанкі абаронцаў Кобрына 1939-га…

Удзельнікі ўшанавання прыйшлі да згоды наконт неабходнасці даследаваць тэрыторыю Кобрынскага і прылеглых да яго раёнаў Брэстчыны — распачаць апытанне старажылаў і пошук закінутых месцаў пахавання грамадзянаў Другой Рэчы Паспалітай — ахвяраў сусветнай вайны. Варта пазначыць гэтыя дадзеныя на адмысловай мапу, а таксама стварыць сайт “Гераічная абарона Кобраня ў 1939 годзе”.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!