У Польшчы апраўдалі «Бурага», які ў 1946 годзе спаліў пяць беларускіх вёсак і забіў 79 чалавек

Польскі Інстытут нацыянальнай памяці апраўдаў Рамуальда Райса «Бурага», сцвярджаючы, што ранейшыя высновы Інстытуту аб яго ўдзеле ў генацыдзе этнічна беларускага насельніцтва на Падляшшы былі «хібнымі», піша «Радыё Свабода».
Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы ў памяць Рамуальда Райса «Бурага», люты 2018

Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы ў памяць Рамуальда Райса «Бурага», люты 2018

У 2005 годзе следчыя Інстытуту нацыянальнай памяці, які займаецца камуністычнымі і нацысцкімі злачынствамі супраць польскай нацыі, зрабілі выснову, што дзеянні камандзіра польскага антыкамуністычнага падполля Рамуальда Райса (мянушка «Буры») у студзені-лютым 1946 года «мелі прыкметы генацыду» ў адносінах да праваслаўных беларусаў.

Цяпер Інстытут нацыянальнай памяці, у якім, пасля прыходу да ўлады партыі “Права і справядлівасць” Яраслава Качыньскага, змянілася кіраўніцтва, скасаваў высновы следчых з 2005 года, называючы іх «хібнымі».

Адначасова Інстытут заявіў, што адзіным правамоцным рашэннем у справе «Бурага» з’яўляецца судовая пастанова з 1995 года, якая скасавала смяротны прысуд «Бураму» з 1949 года і рэабілітавала яго, вырашыўшы, што ён у 1946 годзе знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасці, якая прымушала яго рабіць дзеянні не заўсёды адназначныя этычна». А гэта, у святле закону, азначае, што за «Бурым» няма ніякай віны.

У выніку крывавага рэйду аддзелу «Бурага» ў студзені-лютым 1946 года згарэлі, часткова або цалкам, вёскі Залешаны, Волька, Шпакі, Зані, Канцавізна. Загінулі тады ад куль або ў полымі 79 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці ды 30 беларускіх фурманаў, якіх «Буры» перахапіў на шляху свайго крывавага рэйду.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!