У сэрцах беларусаў перамагае Свабода. Вандроўка па Беларусі выставы «Праўда пра Курапаты»

З 6 па 23 верасня вандравала па краіне дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні», падрыхтаваная грамадзянскай ініцыятывай «Эксперты ў абарону Курапатаў» з падтрымкі 13 грамадскіх аб’яднанняў Беларусі. Разам з вядомым беларускім мастаком Генадзем Драздовым мы экспанавалі выставу ў Віцебску, Воршы, Баранавічах, Клыпаўшчыне (Дзяржынскі раён), Магілёве, Гомелі і Кобрыне, пазнаёмілі грамадскасць з кніжкай «НКВД забіваў у Курапатах».
Сярод наведнікаў выставы — моладзь, сваякі ахвяраў чырвонага тэрору, ветэраны беларускага нацыянальнага Адраджэння, удзельнікі абароны Курапатаў і амбасадар Францыі ў Беларусі Дзідз’ё Канэс.

З шаноўнымі чытачамі нашай газеты хацеў бы падзяліцца некаторымі назіраннямі ад гэтай вандроўкі і думкамі, што яна выклікала.

Мусіць, пройдзе шмат часу, пакуль беларускае грамадства даспее да ўсведамлення маштабаў і наступстваў ліхалецця, што напаткала наш народ у гады чырвонага тэрору. Бо ўсе захады па ўшанаванні памяці бязвінных ахвяраў робяцца выключна грамадскасцю. І хоць няшмат яе прадстаўнікоў займаюцца гэтай працай, паўсюль на Беларусі ёсць людзі, якія збіраюць, захоўваюць і перадаюць нашчадкам згадкі пра жудасныя падзеі мінуўшчыны. Адданасць гэтай справе сведчыць: у сэрцах беларусаў перамагае Свабода.

Пра гэта на сустрэчах гаворыць увага людзей, іх рэакцыя, пытанні і жаданне зрабіць усё належнае, каб больш ніколі і нідзе не паўтарылася забойства бязвінных грамадзянаў, якія пры жыцці так і не атрымалі адказу на сваё пытанне «За што?». Сёння, калі зацікаўленыя могуць знайсці адказ на гэтае пытанне і патлумачыць матывы злавеснай дзейнасці катаў, грамадскасць фіксуе сваю ўвагу на ўшанаванні памяці ахвяраў і лакалізацыі месцаў, што маюць дачыненне да велізарнага і ўсеабдымнага молаху чырвонага тэрору.

Выстава ў Клыпаўшчыне

Гаворка ідзе пра розныя аб’екты, у тым ліку шляхі транспартавання і месцы ўтрымання людзей, іх катавання, пакутаў і забойства, з якімі падчас вандроўкі нас пазнаёмілі мясцовыя краязнаўцы. Гэта асобныя будынкі з сутарэннямі і зонамі аховы, комплексы збудаванняў, чыгуначныя пуці і ўзлётная паласа для самалётаў на гарадской вуліцы, лясныя ўрочышчы, яры і кар’еры з расстрэльнымі палігонамі. Прычым назвы некаторых аб’ектаў гучаць даволі сімвалічна.

Так, віцебскія Курапаты — лес Хайсы месціцца на захад ад лініі чыгункі Адэса-Санкт-Пецярбург. Пры адыходзе саветаў на пачатку германа-савецкай вайны гэтая чыгуначаная лінія стала своеасаблівай «Дарогай смерці» для тых бязвінных ахвяраў, каго цягнікамі падвозілі да расстрэльнага палігону ў Хайсах. Да і сама назва чыгуначнай лініі «Адэса-Санкт-Пецярбург», што праз Беларусь звязвае Украіну з былой сталіцай Расійскай імперыі і першай сталіцай Савецкай Расіі, шмат чаго нагадвае пра трагічны лёс народаў-суседзяў…



Трагічным сімвалізмам патыхае і ад веткі чыгункі, што абрываецца каля аршанскіх Курапатаў — Кабыляцкай гары — вышэйшай кропкі Аршанскага ўзвышша. Гэтыя заржавелыя і ўтравелыя рэйкі сваім змрочным выглядам на фоне лясной зеляніны настолькі ўражваюць, што прымушаюць прыпыніцца і задумацца кожнага наведніка мемарыялу «Кабылякі». Нездарма чыгуначныя пуці ля расстрэльнага палігону ў народзе здаўна называюць «Тупік» і, такім чынам, асацыююць з смерцю пад прымусам…



Недалёка ад чыгункі ў Баранавічах, у двары пэ-падобнага двухпавярховага цаглянага будынку НКГБ-МГБ (на рагу сучасных вуліц Фралянкова і Тэльмана) захавалася месца расстрэлаў ахвяраў сталінізму (на здымку сцяна з металічнай лесвіцай). Для таго, каб кулі не рыкашэцілі, людзей забівалі перад двума радамі драўляных шпалаў, падпёртых трэцім, што быў укапаны ў зямлю. Паколькі будынак і ўвесь комплекс мясцовага НКГБ-МГБ знаходзіўся каля чыгункі, яго пільнавала і лінейная варта з аўчаркамі. Падыходы да зоны былі спавіты пяццю радамі калючага дроту, паверх якіх уздоўж паклалі прызму з чатырох радоў спіралі Бруно. Апроч таго, комплекс з асобнай веткай чыгункі, камерамі ў сутарэннях і выгарадкай для ўтрымання вязняў пад адкрытым небам з боку вуліцы Фралянкова ахутвала двухмятровая цагляная сцяна з бетонавай навіссю. З яе ва ўсе бакі тырчэлі ўмураваныя кавалкі вострага шкла. Выгарадку для ўтрымання вязняў ахоўвала другая сцяна — амаль трохмятровая з калючым дротам, што быў замест даху. Па начах тэрыторыю зоны і падыходы да яе асвятляў пражэктар з назіральнай вышкі... 
На рагу вуліцы Зашчытнай і аднайменнага завулку ў горадзе захаваўся шэраг будынкаў адміністрацыі, аховы і абслугі перасыльнага лагеру ваеннапалонных паваенных часоў з кабінетамі для кіраўніцтва (у былой Тэхнічнай школе Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі), казармамі, майстэрняй для рамонту тэхнікі і запраўкай. Для ўзлёту і пасадкі самалётаў вуліцу Зашчытную засыпалі шлакам, які вязні штодзень трамбавалі катком. На рагу вуліцы і завулку стаяў дот з калючым дротам, амбразурамі на тры бакі, акопамі і хадамі зносін. Сам лагер месціўся на адлегласці ў паўтары кіламетры на поўдзень ад будынку Тэхнічнай школы. Мясцовыя жыхары ўзгадваюць, як падчас хрушчоўскай адлігі ў другой палове 1950-х гадоў ў кар’еры ля запраўкі стаялі два савецкія танкі з скіраванымі на амбразуры доту гарматамі. Пад іх рулямі арыштаваныя спецслужбоўцы без рамянёў пад аховай салдатаў-аўтаматчыкаў разбіралі былыя ўмацаванні і скручвалі калючы дрот…
    
З 1933 па 1936 гады галоўны храм Свята-Мікалаеўскага жаночага манастыра ў Магілёве саветы скарысталі пад перасыльны астрог. У былой святыні пад аховай НКВД без ежы і пітва штодня ўтрымліваліся сотні знясіленых сялянаў Магілёўшчыны. Раз на суткі ахоўнікі выносілі адышоўшых у лепшы свет закратаваных арыштантаў, закопвалі трупы ў траншэі вакол царквы і напаўнялі яе новымі вязнямі. Вось чаму ўся тэрыторыя святыні стаіць на касцях. У памяць па бязвінна загубленых земляках насельніцы праваслаўнага манастыра разбілі ружоўнік па перыметры сабору і захоўваюць парэшткі ахвяраў у адмысловым магільным склепе…


У кожным прыпынку нашай вандроўкі зафіксавана не адно месца забойства ахвяраў сталінізму. Так, на поўдзень ад Гомеля, уздоўж Чарнігаўскай шашы, што злучае Беларусь з Украінай, лакалізаваны чатыры месцы, дзе ў міжваенны час знаходзіліся расстрэльныя палігоны. Пра адзін з іх грамадскасць выпадкова даведалася ўлетку 2007 года, калі 52 спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны Беларусі праводзіў раскопкі ў Бутылінскім лесе. Пасля таго, як пра пошукавыя працы стала вядома грамадскасці, вайскоўцы сышлі з гэтага лесу. На свой ліст у Гомельскі абласны ваенкамат прадстаўнікі грамадскасці атрымалі адказ пра тое, што ў Бутылінскім лесе знойдзены парэшткі абаронцаў Гомеля 1941 года, якія былі перапахаваныя ў брацкую магілу на тэрыторыі адпаведнага сельскага савету. Аднак, паколькі баі за горад летам 1941 года вяліся на поўночным баку Гомеля, мясцовая грамадскасць упэўненая, што ў Бутылінскім лесе ляжаць парэшткі ахвяраў чырвонага тэрору…      



Напрыканцы прапаную шэраг запісаў з Кнігі водгукаў нашай выставы, якой у лістападзе будзе чатыры гады:

Сустрэча закранула душу, прымусіла разважаць і рабіць высновы.

Самае лепшае, што ў такім коле кожны мае сваю думку і магчымасць яе выказаць. І цябе пачуюць!

Праз памяць пра забітых адбываецца Адраджэнне да новага жыцця. Але патрэбна ўсенароднае пакаянне. Жыве наша Беларусь — Радзіма і Маці розных народаў!

Выстава ў Кобрыне

Хацеў бы выказаць падзяку ўсім тым, хто дапамог нам здзейсніць вандроўку, у першую чаргу Яну Дзяржаўцаву і Андрэю Кешанюку з Віцебску, Васілю Берасневу, Ігару Станкевічу і Ігару Казьмерчаку з Воршы, Міколу Падгайскаму, Таццяне Кісель, Міхасю Бернату і Баляславу Тумашчыку з Баранавічаў, Яну Грыбу з Клыпаўшчыны, Васілю Васількову, Алегу Дз’ячкову, Алесю Паўловічу, Уладзіміру Краўчанку і Уладзіміру Таборку з Магілёва, Уладзіміру Кацоры і Васілю Палякову з Гомеля, Алесю і Наталлі Мехам з Кобрына. Дзякуючы руплівай працы гэтых людзей па захаванні нацыянальнай спадчыны мы не толькі пазнаёміліся з яе скарбамі і асобнымі старонкамі гісторыі чырвонага тэрору ў шэрагу местаў краіны, але і набылі новых сяброў.  

Нагадаю, што раней выстава «Праўда пра Курапаты» двойчы экспанавалася ў сталічным Палацы мастацтва, у Гродна, Вілейцы, Маладзечне і Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, а цяпер вандруе па Украіне.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!